Доктар у пару. Эдвард і Святлана Аскальдовічы.
Доктар у пару. Эдвард і Святлана Аскальдовічы.

У адной з самых невялікіх раённых бальніц Гродзеншчыны працуе некалькі сямейных дынастый і 9 сямейных пар. Біяграфія кожнай з іх знітаваная з гісторыяй медыцынскай установы.

 

З гісторыі 

 

У 1508 годзе ў Зэльве быў адкрыты шпіталь на 10 коек, адзін з першых на тэрыторыі Беларусі.

 

Да 1939 года на Зэльвеншчыне былі 3 урачэбныя ўчасткі — у Зэльве, Крамяніцы, Дзярэчыне. 20 верасня 1939-га у Зэльве пачала работу раённая бальніца, разлічаная на

15 коек.

зэльваномер29

У 1988-м быў здадзены ў эксплуатацыю новы будынак раённай бальніцы, разлічаны ўжо на 240 коек.

зельва29номер

 

З красавіка 2019 года ўзначальвае калектыў выпускнік ГрДМУ, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Валерый Клімовіч.

 

Хiрург + тэрапеўт

 

З 2012 па 2019 год Зэльвенскую ЦРБ узначальваў урач-хірург Іосіф Каспярэц. Ён і па сёння працуе тут загадчыкам хірургічнага аддзялення разам са сваёй вернай спадарожніцай жыцця — урачом-тэрапеўтам, загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Раісай Каспярэц. Раіса Міхайлаўна, дарэчы, брала непасрэдны ўдзел у стацыянарным лячэнні пацыентаў з СОVID-19.

 

— Калі пачалася пандэмія, было нялёгка, — прызнаецца Раіса Міхайлаўна. — Але нам дапамагалі спецыялісты з Гродна і са сталіцы. На тэлекансультацыях высвятлялі хвалюючыя пытанні.

 

Муж і жонка Каспярэц — спецыялісты вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Скончылі клінічную ардынатуру, Іосіф Іванавіч — па хірургіі, Раіса Міхайлаўна — па тэрапіі. Амаль 30 гадоў у гэтай медыцынскай установе. Іх дачка Дзіяна — урач–афтальмолаг, працуе ў Мінску. Сястра Раісы Міхайлаўны Наталля — намеснік галоўнага ўрача 3-й гарадской паліклінікі Брэста. Калі збіраюцца разам, размовы заўжды пераключаюцца на медыцыну.

 

— Каб адпачыць ад негатыўных эмоцый, мы з мужам выпраўляемся на рыбалку, — расказвае Раіса Міхайлаўна. — Прыемна пасядзець з вудай на беразе. Гэта супакойвае…

 

Анестэзіёлаг + псіхатэрапеўт

климовичиномер29

Галоўны ўрач Зэльвенскай ЦРБ Валерый Клімовіч працуе тут толькі 3 гады, але захапляецца сваім калектывам, якому пад сілу самыя няпростыя задачы.

 

— Насамрэч згуртаваў нас усіх няпросты час пандэміі, — разважае Валерый Ежавіч. — Выратаваць жыццё пацыента — гэта камандная работа. І ў нас тут сапраўдная каманда!

 

Валерый Ежавіч нарадзіўся ў Гродне. спачатку працаваў урачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам у Ашмянскай ЦРБ, загадыкам аддзялення рэанімацыі ў Бераставіцкай ЦРБ, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, урачом-псіхатэрапеўтам Кацярынай. У Зэльву прыехалі разам…

 

У першыя дні пандэміі, калі трэба было мабілізаваць калег на аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з невядомай інфекцыяй, да яго падыйшла жонка і сказала: «Я буду працаваць у кантактнай брыгадзе!». Агляд пацыентаў, узяцце мазкоў, аналізаў… Давялося папрацаваць і як псіхолагу.

 

— Шмат было панічных настрояў, — успамінае Кацярына Клімовіч. — Давялося неаднаразова пераконваць пацыентаў у тым, што пазітыўны настрой дапамагае хутчэй адужаць хваробу. Спакойны, адэкватны чалавек, які выконвае рэкамендацыі ўрача і верыць у свае сілы, заўсёды мае большы шанц на выздараўленне.

 

Анестэзіёлаг + неўролаг

 

Сорак гадоў таму прыехалі ў Зэльву па размеркаванні муж і жонка Аскальдовічы. Пабраліся шлюбам, калі вучыліся на шостым курсе Гродзенскага медінстытута. Маюць дзвюх дарослых дачок і ўнучку. Святлана Уладзіміраўна — урач-неўролаг. Эдвард Браніслававіч — урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг.

 

— Да 1990 года рэанімацыйнае аддзяленне было толькі ў Гродзенскай абласной бальніцы, — успамінае Эдвард Аскальдовіч. — Мы рабілі анестэзію пры аператыўных умяшальніцтвах. Цяпер ёсць класічная рэанімацыя на 6 коек. Тры апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. Праўда, цяпер наша рэанімацыя падзеленая на дзве часткі: чырвоная і звычайная, таму даводзіцца ўвесь час пераапранацца…

 

Ёсць што прыгадаць і Святлане Уладзіміраўне.

 

— Калі прыехалі сюды працаваць, насельніцтва ў раёне пражывала ўдвая больш, — кажа субяседніца. — Неўралагічнае аддзяленне было разлічана на 30 коек. Пацыентаў шмат, і лячыць іх было няпроста. Цяпер з’явіліся новыя метады дыягностыкі, дарожныя карты. Пацыента з вострым мазгавым парушэннем можна хутка даставіць у міжраённы цэнтр — у суседнюю Ваўкавыскую бальніцу… Восенню мінулага года, калі у нас было шмат кавідных пацыентаў, нямала назіралася ўскладненняў неўралагічнага профілю. Цяпер лягчэй, мы вярнуліся да звычайнага рытму работы.

 

Муж і жонка Аскальдовічы любяць падарожнічаць. Летась ездзілі на Браслаўскія азёры. Сёлета таксама выбіраюць маршрут для вандроўкі па Беларусі.

 

Рэнтгенолаг + педыятр

слёзникиномер29

Сямейная пара Слёзнікаў з’явілася ў Зэльве 37 год таму.

 

— Распісаліся мы з Міхаілам Валянцінавічам пасля першага курса, — успамінае Лідзія Аляксандраўна. — Вяселле было ў Смаргоні, дзе мы, студэнты Гродзенскага медінстытута, працавалі ў будаўнічым атрадзе. На другім і шостым курсе нарадзіліся нашы дзеці.

 

Усе гэтыя гады Лідзія Аляксандраўна працуе ўрачом-педыятрам у Зэльвенскай ЦРБ.

 

— Мае пацыенты — гэта ўжо тры пакаленні зэльвенцаў, –– кажа субяседніца. — Раней, калі я пачынала працаваць, шмат было вірусных гепатытаў, вятранак, менінгітаў. Сёння наш клопат — алергічныя захворванні, дзеці з лішняй вагой…

 

Калі пачынаў працаваць урачом-рэнтгенолагам Міхаіл Валянцінавіч, рэнтгенапараты былі недасканалымі і небяспечнымі для здароўя. Цяпер і тут з’явіліся станоўчыя змены. Нядаўна закупілі новы сучасны рэнтгенапарат.

 

— У разы палепшыліся рэнтгенаграмы і дыягностыка ў цэлым, — не без гонару зазначае доктар Слёзнік.

 

А калі надараецца выхадны, яны разам з жонкай едуць на лецішча, на хутар Варонічы.

 

— Мы любім працаваць на зямлі, — кажа Лідзія Аляксандраўна. — А яшчэ у Варонічах ёсць цікавы музей матылькоў. Цяпер мы адрозніваем на нашым агародзе матылькоў-лімоннікаў, матылькоў-шакаладніц…

 

Хірург + урач агульнай практыкi

мирскияномер29

Сорак пяць гадоў жывуць разам муж і жонка Мірскія.

 

— Але знаёмыя мы ўжо паўвека, — удакладняе урач агульнай практыкі, загадчыца Дзярэчынскай амбулаторыі Марыя Мірская. — Лічыце, з першага курса, калі толькі паступілі ў Гродзенскі медінстытут.

 

— Працавалі тады ў старым памяшканні бальніцы, — успамінае ўрач-хірург Зэльвенскай бальніцы Васіль Іосіфавіч Мірскі. — Было не дужа камфортна, але нам не прывыкаць. І сёння, бывае, могуць выклікаць у любы час сутак. Калі хочацца адпачыць, я іду ў лес. Ён мяне лечыць…

 

— А яшчэ мы любім з Васілём Іосіфавічам адпачыць на возеры і папрацаваць на агародзе, — дапаўняе жонка. — Ходзім пешшу па 2–3 км. Мой муж кажа: «Каб быць добрым доктарам, трэба ўвесь час павышаць свой прафесійны ўзровень і жыць для людзей». І я з ім згодна.

 

Бацькi + cыны + унукi

рагоускияномер29

У Зэльве добра ведаюць дынастыю дактароў Рагоўскіх. На жаль, пайшоў з жыцця урач-рэнтгенолаг Іван Іосіфавіч Рагоўскі. Яго жонка Галіна Ігнацьеўна усё жыццё працавала урачом-афтальмолагам. Цяпер на заслужаным адпачынку. Іх сыны Віталь і Андрэй — урачы-анестэзіёлагі-рэанiматолагi ў мясцовай бальніцы.

 

— Мае бацькі пачалі тут працаваць у канцы 1960-х, калі на Зэльвеншчыне было амаль 40 тысяч жыхароў, — прыгадвае Віталь Рагоўскі. — Бацька, урач-рэнтгенолаг, рабіў за дзень тое, што робяць сёння за тыдзень. Маці была адзіным на ўвесь раён урачом-афтальмолагам…

 

У час пандэміі ў нас многія хварэлі, і мы з братам працавалі тады толькі ўдвох… Некаторых выцягвалі літаральна з таго свету. Памятаю, у якім цяжкім стане быў наш трыццацігадовы пацыент, што лячыўся ў нас больш за месяц. Змаглі ўратаваць і грамадзянку Германіі. Яна ўжо паехала на радзіму. Да гэтага часу піша нам лісты…

 

У Віталя Іванавіча дачка Ганна таксама выбрала медыцыну. Яна ўрач агульнай практыкі. У Андрэя Іванавіча сын Яўген скончыў Гродзенскі медуніверсітэт і хутка будзе праходзіць інтэрнатуру ў РНПЦ «Кардыялогія». Дынастыя Рагоўскіх прадаўжаецца…

 

Звязалі свой лёс з Зэльвенскай ЦРБ іншыя пары медыкаў: урач-інфекцыяніст Валянціна Андрэеўна і ўрач-неўролаг Сяргей Пятровіч Кніга, урач функцыянальнай дыягностыкі Ірына Трафімаўна і ўрач-хірург Міхаіл Дзмітрыевіч Куліковы, урач-дэрматавенеролаг Ванда Казіміраўна і ўрач-анколаг Аляксандр Яўгенавіч Ільяшэвічы, урач-тэрапеўт Таіса Уладзіміраўна і ўрач-уролаг Канстанцін Канстацінавіч Цюхай.

цюхайномер29

Бальнічныя клопаты для гэтых людзей набылі яшчэ адзін статус. Сямейны.