Аляксей Валатоўскі
Фота  Таццяны Русаковіч, «МВ».

Мой суразмоўца — Аляксей Валатоўскі, дэкан лячэбнага факультэта БДМУ, прафесар кафедры траўматалогіі і артапедыі, доктар мед. навук. Сёння з выдатнікам адукацыі мы гутарым пра фундаментальную і прыкладную медыцынскую навуку.

 

На вашу думку, Аляксей Ігаравіч, на якіх трох слупах трымаецца беларуская медыцынская навука?

 

Такое філасофскае пытанне… З майго пункту гледжання, першы слуп — гэта адукацыя. Другі, вельмі важны, — моладзь у навуцы. І самае асноўнае, што датычыць любой сферы навуковай дзейнасці, — моцная сувязь фундаментальнай і прыкладной навукі. Гэта самая важная сувязь для існавання любой навукі, у тым ліку медыцынскай.

 

Чаму так?

 

У нас ёсць фундаментальныя дысцыпліны і вучэбныя, ёсць прыкладныя, клінічныя, дзе ўсё, што фундаментальным чынам распрацоўваецца, пасля ўкараняецца ў клінічную практыку. Таму калі ёсць базіс — ёсць дзе праяўляць сябе навуковым работнікам. Навука развіваецца, калі для яе ёсць падпітка: адукацыя, разумныя маладыя людзі, якія выходзяць з нашых універсітэтаў і ідуць у навуку.

 

А чаму вы пайшлі  ў навуку?

 

Я не магу сказаць, што пайшоў менавіта ў навуку, бо навуковы супрацоўнік вядзе перадусім навуковую дзейнасць, а ў мяне шмат функцыяналу: я адміністратар, урач-хірург, урач-артапед і адначасова навуковы работнік. Пасля ўніверстітэта я працаваў па размеркаванні траўматолагам-артапедам у паліклініцы, затым паступіў у аспірантуру. Хацеў расці, прагнуў займацца навукай, выкладаць і лячыць.

 

Канечне, пэўны ўплыў зрабіла сям’я. Напрыклад, бацька, які ўсё жыццё прысвяціў навуцы. Ён пачынаў сваю дзейнасць як аспірант, пасля быў малодшым і старэйшым навуковым супрацоўнікам, а потым — дырэктарам Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі (з 1985-га па 2010 год). Так, бацька паўплываў, але ж я дужа хацеў быць урачом і спачатку пайшоў у практычную медыцыну, абраўшы хірургічную спецыяльнасць.

 

Па якіх прычынах сённяшняя моладзь выбірае навуковую дзейнасць?

 

Складана сказаць… Тут пытанне выхавання, адукацыі, стаўлення да сваёй Бацькаўшчыны. Прычыны розныя, як і ў мяне: дапамагаць людзям, ратаваць іх, ствараць новыя метады лячэння, каб рабіць дабро і быць карысным. Дарэчы, мне падаецца, што Беларусь — адна з нямногіх постсавецкіх рэспублік, якая захавала савецкія ўстоі ў адносінах да пацыентаў ды ў стасунках унутры ўрачэбнага калектыву, — і гэта нам дапамагае.

 

У Беларусь прыязджалі студэнты з расійскага Паўночна-заходняга дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта імя І. І. Мечнікава, каб прайсці практыку ў РНПЦ «Кардыялогія». Сказалі, што нашыя ўрачы адкрытыя і ветлівыя, заўжды гатовыя дапамагчы, падказаць, адказаць  на любое пытанне па спецыяльнасці. Наш медуніверсітэт жыве традыцыямі. Сёння ў нашым грамадстве адбываецца кансалідацыя і асэнсаванне гістарычнай памяці — гэтыя тэмы нам вельмі блізкія.

 

Ці з’явіліся апошнім часам новыя традыцыі ва ўніверсітэце?

 

Змяніўся падыход да працы з абітурыентамі. У савецкія часы для навучэнцаў 10–11 класаў пры медінстытуце працавала школа «Юны медык». На ўсіх факультэтах нашага ўніверсітэта дзейнічае праект «Студэнцкі тыдзень», прапанаваны лячэбным факультэтам як своеасаблівы тыдзень адчыненых дзвярэй. Ён дазваляе старшакласнікам адчуць сябе студэнтамі розных факультэтаў, у тым ліку і лячэбнага. Школьнікі слухаюць лекцыі, наведваюць практычныя заняткі і робяць усё, што запланавана праграмай. Праўда, набіраецца няшмат ахвочых, чалавек трыццаць.

 

На выпускным курсе ў нас традыцыйна працуе сістэма прафарыентацыі, якая дазваляе студэнту выбраць сабе накірунак дзейнасці, так званы фармат субардынатуры.

 

У БДМУ вельмі добры ўзровень у прадстаўленні даследаванняў на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў. 50–55 % студэнцкай навукі — гэта лячэбны факультэт.

 

Апрача таго, у нас распрацаваная сістэма пазавучэбнай дзейнасці. На факультэце займаюцца мастацкай самадзейнасцю, шмат дасягненняў у спорце.

 

Усё гэта дазваляе нам усебакова выхоўваць нашых студэнтаў, захоўваць у іх высокі ўзровень альтруізма. Бо ў аснове нашай спецыяльнасці — жаданне дапамагаць. Узгадваецца лацінская прыказка Aliis inserviendo consumоr — «Той, хто свеціць іншым, згарае сам». Мы стараемся свяціць, але не згараць.

 

Наш дэвіз такі: Primi inter optimos, optimi inter primos, што значыць «Першыя сярод лепшых, лепшыя сярод першых»! Таму мы заўжды імкнёмся быць наперадзе…

 

А ці здольныя студэнты  стварыць штосьці ўнікальнае  на мяжы медыцыны і сучасных тэхналогій?

 

Зірніце, перад вамі стаіць кубак за трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Студэнт 6-га курса зрабіў 3D-мадэль прыстасавання для харчавання пацыентаў са сківічна-тварнай паталогіяй. У нас вельмі адукаваная, інтэлектуальная моладзь, здольная на высокія дасягненні. Галоўнае — стварыць умовы для гэтага.

 

Па якіх пытаннях вы, вучоны  і практык з вялізным вопытам  і стажам, можаце параіцца з маладымі калегамі?

 

Калі ўзяць камп’ютарныя тэхналогіі, студэнт любога курса, асабліва старшакурснік, можа пракансультаваць прафесара, як найлепш паводзіцца ў інфармацыйнай прасторы. Студэнты жывуць у электронных сродках і часта пазбягаюць папяровых носьбітаў. Выкладчыкі, якія вучылі мяне і яшчэ працягваюць працаваць, турбуюцца, што сучасныя студэнты вучацца па электронных падручніках, але гэта трэнд у сістэме адукацыі ў цэлым… Зрэшты, новыя тэхналогіі дапамагаюць нам укараняць новыя метады лячэння, сучасныя падыходы да пацыента. 

 

А вы што чытаеце і якую літаратуру параіце нашым чытачам?

 

Я патрыёт, таму найперш выбіраю нашыя выданні: часопіс «Ваенная медыцына», газеты «Веснік БДМУ», «Медыцынскі веснік». Па магчымасці замежныя выданні, якія знаходжу ў інтэрнэце.

 

Еўрапейскія і амерыканскія  спецыялізаваныя часопісы па хірургіі кісці вельмі дарагія, гадавая падпіска на іх каштуе  400–500 еўра. Для сябе аднаго такі не выпішу, таму чытаю тое, што ўдаецца знайсці ў электронным фармаце. Напрыклад, расійскі часопіс «Веснік траўматалогіі і артапедыі імя М. М. Прыорава». Мае прыярытэты як хірурга — гэта верхняя канечнасць і запясце. Але калі ты выкладчык, мусіш мець розныя веды, бо студэнтам мы выкладаем усю траўматалогію і артапедыю: буйныя суставы, ніжнія і верхнія канечнасці, таз, пазваночнік — усё ў комплексе.

 

Часам, калі еду ў машыне, слухаю мастацкую літаратуру. З апошняга — Гіём Мюсо «Дзяўчына з Брукліна», пераслухаў усяго Даўлатава і Акуніна. Адна з нямногіх кніг, якую прачытаў у папяровым фармаце, таксама Мюсо — называецца «Жыццё як раман».

 

Чаму трэба чытаць і друкавацца ў замежных навуковых часопісах і ці лёгка патрапіць туды меднавукоўцам з Беларусі?

 

Я публікаваўся ў расійскіх часопісах, якія цэняцца ў траўматалогіі-артапедыі і рэканструктыўнай хірургіі. Ёсць публікацыі ў польскіх часопісах. Чым вышэйшы індэкс часопіса і яго значнасць, тым больш пільна там працуюць рэцэнзенты, тым складаней стаць яго аўтарам. Хаця, калі ўзяць, напрыклад, наш універсітэт, у нас шмат публікацый у вядомых часопісах, такіх як Nature. У нас вялікая колькасць дацэнтаў і прафесараў, якія публікуюцца ў замежных выданнях. Канечне, у ачыннай перыёдыцы нам прасцей апублікавацца, а з іншага боку — гэта таксама прызнанне для вучонага, спецыяліста, урача. Таму я вельмі рады, што ў Беларусі ёсць выданні медыцынскага профіля, дзе мы можам прадстаўляць вынікі сваёй дзейнасці. На жаль, кавід апошнія гады ўносіў свае карэктывы, але мы ездзім, расказваем пра свае напрацоўкі на міжнародных канферэнцыях. Гэта тычыцца і нашай кафедры траўматалогіі, дзе я працую як прафесар. Так, з 2006-га  мы штогод прымаем удзел у кангрэсах хірургаў кісці Расійскай Федэрацыі.

 

Чым вучоны-медык адрозніваецца ад іншых навукоўцаў?

 

З майго пункту гледжання, людзі, якія працуюць у сістэме аховы здароўя, павінны мець не проста высокі досвед, а высокі ўзровень інтэлекту, медыцынскага кругагляду. Бо мы перадаем веды нашым студэнтам, ардынатарам, аспірантам.

 

Калі я быў дзевяцікласнікам, хацеў стаць акцёрам, марыў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Але ў пэўны момант вырашыў быць урачом, як тата і мама. Зрэшты, дзейнасць выкладчыка, лектара, дакладчыка ў пэўнай ступені блізкая да акцёрскай прафесіі. Хіба што нам не трэба ні ў каго ператварацца. А вось уменне трымацца на публіцы павышае самаацэнку, упэўненасць у сабе і сваіх прафесійных навыках.

 

Нашыя студэнты вельмі актыўна ездзяць з дакладамі ў медуніверсітэты, што знаходзяцца ў іншых абласцях краіны. Студэнцкая навука ў многім трымаецца на ўніверсітэцкай навуцы і на тых дасягненнях, якія маюцца на пэўнай кафедры. Натуральна, у студэнтаў ёсць свае ідэі, яны ідуць за пэўным выкладчыкам, атрымліваюць пэўны раздзел работы, выконваюць частку навуковага даследавання.

 

Гэта дазваляе ім вучыцца працаваць з матэрыяламі, з медыцынскай дакументацыяй, фармуляваць задачы, на аснове якіх можна вызначыць мэту даследавання, выканаць работу і зрабіць высновы. Гэта тая аснова, якая дапаможа пасля ва ўрачэбнай дзейнасці. Напрыклад, сёння складана стаць загадчыкам аддзялення ў клінічнай бальніцы, калі не маеш ступені кандыдата мед. навук. Гэта той крытэрый, які дазваляе вырасці адміністрацыйна, стаць кіраўніком установы аховы здароўя.

 

Volotovskij2

 

А якія якасці павінны быць у вашага аспіранта?

 

Калі браць профіль любой клінічнай спецыяльнасці, кожны малады вучоны мусіць быць добрым урачом, хаця б патэнцыйна. Без гэтага стаць навукоўцам не атрымаецца. Гэта датычыць і тэрапеўта, і хірурга. Я не ведаю нават дзе цяжэй, бо я ўсё жыццё ў хірургіі. Але лічу, што базай медыцынскай навукі з’яўляецца тэрапія. І граматны, высокаадукаваны тэрапеўт — гэта дыямент у медыцыне.

 

Медыцынская навука — гэта калектыўная творчасць ці ўсё ж такі індывідуальная? І хто тыя нябачныя байцы навуковай каманды, якія стаяць за спінай вялікіх вучоных?

 

Мы ганарымся, што ва ўніверсітэце склаліся навуковыя школы, якія, натуральна, фарміруюцца вакол асоб — нашых вядомых вучоных. Частка з іх працуе, некаторыя, на жаль, пайшлі з жыцця, але мы іх памятаем і цэнім.

 

На прыкладзе хірургіі: нават у высокакласнага ўрача без каманды нічога не атрымаецца.

 

Медыцына — гэта калектыўная праца. Гэты ланцужок не перарываецца, мы імкнёмся, каб кожны вучыўся ў папярэдніка, бачыў наперадзе чалавека, які фармулюе задачу ў пэўным накірунку дзейнасці.

 

Пры кафедры траўматалогіі і артапедыі працуе студэнцкі навуковы гурток. Ці займаюцца вашыя гурткоўцы пасля заканчэння БДМУ навуковай работай? Колькі тых, хто вярнуўся на кафедру?

 

У нашай сістэме дастаткова складана пасля заканчэння ўніверсітэта патрапіць, напрыклад, на клінічную кафедру, бо апынуцца там можа толькі той, у каго ёсць вопыт урачэбнай дзейнасці. Атрымліваецца, ад 2 да 5 гадоў чалавек павінен прапрацаваць у практычнай сістэме аховы здароўя — і толькі пасля можа прыйсці на кафедру. Ідэальны варыянт, але мала выканальны. Ды і ў вочную аспірантуру мы прымаем вельмі рэдка. Бо вочны аспірант пасля заканчэння аспірантуры павінен атрымаць працу на кафедры, пры ўмове, што будуць вольныя месцы. Але ўзроставы склад супрацоўнікаў кафедры прыблізна аднолькавы, усе працуюць, сыходзіць ніхто не збіраецца. А вось урачы з паліклінік і з клінічных бальніц абараняюць дысертацыі і становяцца загадчыкамі, ідуць у рост у практычнай ахове здароўя.

 

Калі казаць пра гурткоўцаў, то іх увогуле няшмат. Дарэчы, я таксама ў свой час быў у студэнцкім навуковым гуртку, па вялікім рахунку, усе работнікі кафедры прайшлі праз яго. Але гэта складаны працэс, на які патрэбен час.

 

Мы імкнёмся да таго, каб заняткі навуковымі даследаваннямі і навукова-практычнай дзейнасцю станавіліся правілам добрага тону любога практычнага ўрача. Але гэта няпроста. Ва ўніверсітэце жыццё размеркавана такім чынам, што адначасова трэба займацца і практыкай, і адукацыйнай дзейнасцю: заняткі са студэнтамі, метадычная праца, напісанне артыкулаў. Калі ж урач прыходзіць у практычную ахову здароўя, там ставяцца канкрэтныя задачы, звязаныя з лячэбна-прафілактычнай дзейнасцю. І не заўжды хапае сіл і часу на іншае. Але таленавітыя і актыўныя ўрачы атрымліваюць магчымасці для росту. Галоўнае, каб было жаданне. Камунікуючы з нашымі студэнтамі, мы выхоўваем іх такім чынам, каб у іх ніколі не знікала жаданне развівацца, займацца навукай, шукаць новыя падыходы ў лячэнні.

 

Студэнтам закладваеце тыя ж каштоўнасці, што і сваім дзецям?

 

Раней мой сын Павел быў вучоным сакратаром, каардынаваў навуковую працу, цяпер — намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, кандыдат мед. навук, урач-траўматолаг-артапед. Увогуле, ён хацеў быць хірургам, але перадумаў, з’явілася жаданне стаць траўматолагам-артапедам. Напэўна, паўплывалі гены, а можа, тое, што ў яго была магчымасць прысутнічаць на маіх аперацыях, хадзіць на дзяжурствы… Я рады, што ў майго сына такім чынам складваецца жыццё. Кажуць, у траўматолагаў-артапедаў дзве любімыя жанчыны: жонка і траўматалогія-артапедыя, бо яна таксама жаночага роду. Не я гэта прыдумаў, мяне навучылі гэтаму мае настаўнікі. Таму трэці тост не за жанчын, а за траўматалогію-артапедыю. Але жонкі на нас не крыўдуюць.

 

Калі сур’ёзна, медуніверсітэт і лячэбны факультэт у прыватнасці — адзін з самых складаных накірункаў вышэйшай адукацыі. Ступень адказнасці вельмі высокая. Мы адказваем за здароўе і жыццё чалавека — так і кажам нашым студэнтам, калі ставім ім нездавальняючыя адзнакі.

 

Сітуацыя: студэнт на экзамене адказаў толькі на два з трох пытанняў. А пасля, калі ён стане ўрачом, яму патрапіцца пацыент менавіта з тым самым клінічным выпадкам, які ён не вывучыў. Таму нашыя студэнты павінны ведаць усё!

 

На наш факультэт паступае вельмі падрыхтаваная моладзь. На пэўным этапе, пасля першага курса, мы вярнулі экзамен па фізіцы. Бо пры паступленні дзеці арыентуюцца толькі на асобныя дысцыпліны, сярод іх хімія і біялогія. Але ж фізіка таксама вельмі важная. Першыя два курсы для студэнтаў вельмі складаныя, бо школьныя ці ліцэйская прадметы істотна адрозніваюцца ад універсітэцкіх. Год на год не прыходзіцца, канечне, але мне падаецца, што дзесяць гадоў таму выпускнікі былі мацнейшыя за цяперашніх. А ўвогуле, калі параўноўваць, маё пакаленне было больш дарослае…

 

А як гэта праяўляецца?

 

Адносінамі да вучобы, да вучэбнай дысцыпліны. Нам усё ж такі даводзіцца прыкладваць намаганні, каб навучыць дзяцей вучыцца. Бо калі яны не змогуць зрабіць гэтага, то нічога не атрымаецца. А «вучыцца вучыцца» — гэта як? Гэта большасць часу аддаваць вучобе, знайсці сябе і па-за вучобай, каб не з’ехаць з глузду. Калі хоць аднойчы дасі сабе слабінку, праспіш заняткі, не прыйдзеш, то навярстаць не атрымаецца — запазычанасці ў вучобе нібыта снежны ком…

 

Колькі сучасны студэнт мусіць вучыцца?

 

Дзевяць гадзін у суткі. Умоўна кажучы, 6 гадзін на занятках і 3 гадзіны самастойнай падрыхтоўкі, такія нарматывы ад Мінадукацыі. Але, безумоўна, студэнты-медыкі вучацца больш. Мы стараемся, каб яны знайшлі сябе ў спорце і ў самадзейнасці, каб ішлі ў навуку з першага курса, бо тады ім самім будзе лягчэй працаваць.

 

Колькі каштуе для дзяржавы вырасціць кандыдата і доктара мед. навук?

 

Калі шчыра, свой жыццёвы вопыт я не падлічваў. Тэхнічна, канечне, можна падсумаваць выдаткі на падрыхтоўку дысертацыі, стыпендыю аспіранта, заробак… Аднак дасягнуць вынікаў у навуковых даследаваннях без навукова-тэхнічных праектаў, якія фінансуюцца дзяржавай, вельмі складана. Да прыкладу, фінансаванне маёй дысертацыйнай работы было не вельмі вялікім, але выдзеленыя сродкі дазволілі стварыць камп’ютарную праграму для паляпшэння візуалізацыі розных паталагічных станаў, стварыць умовы для перадаперацыйнага мадэліравання і планавання этапаў аперацыі. Усё гэта зрабілі дзякуючы таксама навуковым дасягненням Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН.

 

Дзяржаўная палітыка робіць вялікі акцэнт на навуку, але аддача ёсць. І дасягненні, у якія ўкладзены вялікія сродкі, прывядуць да большай абароненасці грамадства ў будучым.

 

Таму ўсё, што робіцца ў медыцынскай навуцы, адбіваецца на здароўі нашай нацыі. Напрыклад, вакцына — гэта дасягненне фундаментальнай медыцыны, прыкладное прымяненне якой знайшлі ў далейшай абароне здароўя насельніцтва рэспублікі. Вось вам і адзінства фундаментальнай і прыкладной навукі — вярнуліся да таго пытання, з якога і пачыналі нашу гутарку.

 

Якія канкрэтныя дзеі, на вашу думку, могуць сёння прыцягнуць больш медыкаў у навуку?

 

У значнай ступені гэта пытанне выхавання. Неабходна ствараць нацэленасць на тыя ці іншыя віды дзейнасці, у тым ліку і на навуковую. Выхоўваць разуменне значнасці гэтых даследаванняў для ўрачэбнай спецыяльнасці. Ну і ствараць умовы для гэтага.

 

Калі параўноўваць з ЗША і Канадай, там праца лячэбных устаноў пабудавана такім чынам, што ёсць пэўныя дні для лячэбнай работы, а ёсць дзень для навуковых даследаванняў і агляду сваіх пацыентаў. У нас складана стварыць такі варыянт, бо ўрачу немагчыма аддаць цэлы дзень на навуку, ён робіць абход, аперацыі, назначэнні. Таму, каб рухацца ў навуковым накірунку, урач мусіць граматна арганізоўваць свой час і, самае галоўнае, павінен прысвяціць навуковай дзейнасці свой вольны час. Навука патрабуе дадатковага напружання…