Харчовыя перавагі школьнікаў
Фота носіць ілюстрацыйны характар. З адкрытых крыніц.

У перыяд росту і развіцця дзяцей вялікае значэнне мае харчаванне, бо фарміруюцца асноўныя фізіялагічныя, метабалічныя, імуналагічныя механізмы, што вызначаюць здароўе.

 

 

Alena GuzikСупрацоўнікі кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі БелМАПА даследавалі асаблівасці харчавання навучэнцаў у школе і дома. На жаль, выяўлены істотныя парушэнні ў структуры спажывання прадуктаў (у першую чаргу ў дамашніх умовах) і, як вынік, дысбаланс  макра- і мікранутрыентаў у рацыёнах дзяцей. Падрабязнасці «МВ» расказала загадчык кафедры, доктар мед. навук Алена Гузік.

 

У розных краінах школьнае харчаванне арганізавана па-рознаму. Дзесьці бацькі самі збіраюць для дзяцей ланч-боксы, напаўняючы іх паводле ўласнага меркавання пра карысць. Дзесьці навучэнцы набываюць ежу ў школьных буфетах (часцей за ўсё фастфуд).

 

А ў некаторых краінах, у тым ліку ў Беларусі, рацыён школьніка складаюць спецыялісты, і ён абавязкова прадугледжвае гарачае харчаванне. Установы адукацыі прыкладаюць вялікія намаганні, каб сталоўку наведвалі ўсе навучэнцы. Алена Алегаўна, чаму гэта важна?

 

Дзеці знаходзяцца ва ўстановах адукацыі ад 5 да 8 гадзін штодня на працягу 11 гадоў. Правільнае, дастатковае і збалансаванае харчаванне неабходна, каб забеспечыць высокую працаздольнасць, устойлівасць да інфекцый, таксінаў і іншых неспрыяльных фактараў. Пры гэтым важна захоўваць  рэжым харчавання і, вядома, улічваць індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці.

 

У Беларусі дзейнічае каля 3 тысяч устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе вучыцца крыху больш за 1 мільён дзяцей, — гэта практычна кожны дзявяты жыхар краіны.

 

Значны кантынгент навучэнцаў, іх узрост, інтэнсіўныя вучэбныя нагрузкі на фоне нізкай рухальнай актыўнасці вымушаюць спецыялістаў пастаянна шукаць новыя падыходы да пытанняў харчавання. Відавочна, што сёння школьнікаў трэба не толькі забяспечыць энергетычна каштоўным рацыёнам, але і вучыць іх навыкам здаровага харчавання і ўсвядомленага выбару прадуктаў. Правільна сфарміраваныя харчовыя перавагі ў многім будуць вызначаць здароўе дарослага насельніцтва.

 

Вядома, што збалансаваны рацыён і збалансаванае харчаванне — не адно і тое ж. Дзецям можна пакласці на талерку самыя карысныя прадукты, але калі яны не ядуць буракі, моркву, фасолю, рыбу (у кожнага свой пералік «неядомых» прадуктаў), то толку няшмат. Алена Алегаўна, вы даследавалі фактычнае харчаванне дзяцей у школе і дома. Да якіх высноў прыйшлі?

 

Мы прааналізавалі дзеючыя ў Беларусі з 2000 года і па цяперашні час больш за 25 тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА), якія ўстанаўліваюць патрабаванні да арганізацыі школьнага харчавання. Таксама вывучалі харчаванне ў школе і дома.

 

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі для навучэнцаў, якія маюць парушэнні ў стане здароўя, арганізавана дыетычнае харчаванне. Іх рацыён падлягае карэкцыі згодна з рэкамендацыямі ўрача (павінна праводзіцца замена страў у школьным меню). У выпадку неабходнасці ва ўстанове адукацыі павінны распрацоўвацца асобныя рацыёны дыетычнага харчавання (для хворых на цэліякію, фенілкетанурыю, цукровы дыябет і інш.).

 

Для вывучэння дамашняга харчавання ў якасці індыкатарнай групы выбралі пяцікласнікаў, якія, згодна з сучаснымі ўяўленнямі, з’яўляюцца групай рызыкі. Ва ўзросце 10–12 гадоў пачынаецца палавое паспяванне. Дзеці пераходзяць на прадметнае навучанне, вучэбны працэс становіцца больш інтэнсіўным, змяняецца рэжым заняткаў, даводзіцца адаптавацца да новых выкладчыкаў.

 

Харчаванне ў дамашніх умовах вывучалі праз апытанне 1 168 бацькоў навучэнцаў ва ўзросце 10–12 гадоў у 18 установах адукацыі Мінска (па адной школе і адной гімназіі ў кожным адміністрацыйным раёне). Атрыманыя значэнні сярэднесутачных рацыёнаў ацэньвалі, супастаўляючы іх з нормамі фізіялагічных патрэб у энергіі і харчовых рэчывах.

 

Пры вывучэнні рэжыму харчавання ўстаноўлена, што ў 5–11 класах штодня дома ў вучэбныя дні снедае толькі дзве траціны навучэнцаў (67,6 %). Кожны пяты школьнік ці ніколі не снедае (13,3 %), ці снедае адзін-два разы на тыдзень (6,7 %)!

 

З гадамі ўдзельная вага навучэнцаў, якія ніколі не снедаюць, павялічваецца. Калі сярод пяцікласнікаў такіх 12,5 %, то ў 10–11 класах  16,7–19,7 %. Варта адзначыць, што павелічэнне адбываецца ў першую чаргу за кошт  навучэнцаў школ, дзе ў 10-м і 11-м класах такіх 21,1 % і 28 % адпаведна. Пры гэтым у 5-м класе як школ, так і гімназій ніколі не снедае дома толькі кожны восьмы навучэнец (12,1 % і 12,9 % адпаведна).

 

Атрыманыя звесткі сведчаць, што для забеспячэння аптымальнай працаздольнасці навучэнцаў абавязковым з’яўляецца гарачае харчаванне ва ўстанове адукацыі.

 

Пры адсутнасці харчавання ў першай палове дня асноўная частка энергетычнай каштоўнасці сутачнага рацыёну будзе прыпадаць на вячэру. А гэта з’яўляецца парушэннем рэжыму харчавання і сур’ёзным фактарам рызыкі развіцця аліментарна-залежных захворванняў.

 

Вядома, што ў школьных сталовых не так шмат садавіны, гэта найперш адказнасць бацькоў. Што кажуць дзеці, ці хапае садавіны ў іх штодзённым рацыёне?

 

Сапраўды, адным з прыярытэтных напрамкаў прафілактыкі захворванняў з’яўляецца наяўнасць у дзіцячым рацыёне дастатковай колькасці гародніны і садавіны. Але наша даследаванне паказала: гэтыя прадукты штодня спажываюць толькі 37,5 % і 43,5 % навучэнцаў. У той жа час цукеркі і шакалад, газаваныя і іншыя салодкія напоі кожны дзень ужываюць 26,3 % і 8,1 % навучэнцаў адпаведна.

 

Калі ў 5–7 класах садавіну і гародніну штодня спажываюць 46,5–52,1 % і 38,0–41,6 % навучэнцаў, то ў 9–11 класах такіх дзяцей становіцца менш (адпаведна 34,1–44,5 % і 29,8–38,8%). Пры гэтым удзельная вага дзяцей, якія кожны дзень ласуюцца цукеркамі і шакаладам, з гадамі павялічваецца (у 5-м класе 24,3 %, у 11-м — 39,5 %). Доля навучэнцаў, якія штодня спажываюць газаваныя і іншыя салодкія напоі, максімальная ў 5-м класе (11,3 %), мінімальная — у 10-м класе (3,6 %).

 

Аналізуючы частату спажывання асобных харчовых прадуктаў, можна заключыць, што дзеці і бацькі дрэнна ведаюць асноўныя рэкамендацыі, якія тычацца правільнага харчавання.

 

Алена Алегаўна, а што наконт энергетычнай каштоўнасці дзіцячага рацыёну? Ці вытрымліваецца баланс вугляводаў,  бялкоў і тлушчаў?

 

На жаль, у хатніх умовах фактычнае харчаванне незбалансаванае. Пры дастатковай энергетычнай каштоўнасці сутачнага рацыёну паступленне з ежай бялку і вугляводаў ніжэйшае за фізіялагічную норму ў паловы абследаваных. У той жа час 63,4 % дзяцей спажываюць зашмат тлушчу.

 

За кошт агульнага тлушчу дзеці атрымліваюць 37,4–39,0 % энергіі (СААЗ рэкамендуе не больш за 30 %); паступленне энергіі за кошт ненасычаных тлустых кіслот складае 11,9–12,1 % (СААЗ рэкамендуе не больш за 10 %). Спажыванне простых цукраў у 2,5 раза перавышае ўзровень, рэкамендаваны СААЗ. Пры гэтым дэфіцыт паступлення складаных вугляводаў (у 2,8 раза ніжэйшы за норму) назіраецца ў 99,9 % абследаваных навучэнцаў. Усё гэта сведчыць аб парушэнні структуры спажывання прадуктаў харчавання і з’яўляецца фактарам рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў.

 

Балючае пытанне — пра соль, цукар. У многіх сем’ях абмяжоўваюць іх спажыванне, а як гэтае пытанне вырашаецца ў школьных сталовых? Можа дзіця ўзяць, напрыклад, несалоджаныя какаву ці кампот?

 

Пісьмом Міністэрства аховы здароўя «Аб мерах па змяншэнні спажывання дзецьмі солі і цукру» № 7-16/6989 ад 01.06.2018 рэкамендавана паменшыць у рэцэптурах страў і кулінарных вырабаў закладку цукру на 20–25 %, солі — на 30–35 %. А ва ўстановах і арганізацыях для дзяцей разам з салодкімі напоямі па патрабаванні вучня яму павінны рыхтаваць напоі без цукру.

 

Сёлета перапрацавана пастанова Савета Міністраў № 317 ад 27 красавіка 2013 г. «Аб нормах харчавання і грашовых нормах расходаў на харчаванне навучэнцаў, а таксама ўдзельнікаў адукацыйных мерапрыемстваў з ліку асоб, якія вучацца ва ўстановах адукацыі», дзе на 20–22 % зніжана ўтрыманне цукру і на 30–40 % зніжана ўтрыманне солі ў прадуктовых наборах.

 

Зараз перарабляюцца зборнікі тэхналагічных карт страў і вырабаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, агульнаадукацыйных устаноў, устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

 

Аналіз структуры спажывання прадуктаў харчавання (недахоп гародніны і садавіны, празмерная колькасць тлушчаў, цукру) дае падставу меркаваць, што дзеці недаатрымліваюць вітамінаў і мікраэлементаў. Ці гэта так, Алена Алегаўна?

 

Устаноўлены значныя адрозненні сярод навучэнцаў у спажыванні вітамінаў, але сярэднія ўзроўні паступлення з харчаваннем вітамінаў А, В1, В2, С і Е адпавядаюць  рэкамендаванай узроставай норме ці нават вышэйшыя. Праўда, у 60,5 % абследаваных колькасць ніацыну ўсяго 72,8–83,3 % ад нормы.

 

Спажыванне з рацыёнам харчавання кальцыя складала 76,3–83,0 % ад фізіялагічнай нормы ў 58,8 % навучэнцаў, пры лішку фосфару і магнію ў больш чым паловы абследаваных. Высокае паступленне з ежай натрыя і калію адзначана практычна ва ўсіх дзяцей.

 

Аналіз мікраэлементаў у валасах школьнікаў пры пераходзе на прадметнае навучанне сведчыць пра дысбаланс мікраэлементнага статусу: у 81,8 % мае месца дэфіцыт селену, у кожнага трэцяга — дэфіцыт калію (37,4 %), цынку (38,2 %), кобальту (32,1 %), у кожнага сёмага — дэфіцыт медзі (14,1 %), жалеза (14,0 %), хрому (13,4 %) і стронцыю (13,4 %). У 75,6 % дзяцей вызначана павышанае ўтрыманне магнію, больш чым у паловы — павышанае ўтрыманне кальцыю (59,3 %), у кожнага трэцяга — марганца (30,7 %), у кожнага пятага — медзі (23,8 %). Выяўлена, што павышанае ўтрыманне мінеральных рэчываў у валасах не заўсёды сведчыць аб залішнім назапашванні, а можа адлюстроўваць узмоцненую элімінацыю з арганізма і, адпаведна, рызыку развіцця мікраэлементоза.

 

Адным з крытэрыяў ацэнкі дастатковасці харчавання з’яўляецца фізічнае развіццё. Паводле сучасных уяўленняў, у выпадку вострай бялкова-энергетычнай недастатковасці ў дзіцячай папуляцыі будзе значная група дзяцей з дэфіцытам масы цела (пры вострым дэфіцыце харчавання) або даўжыні цела (пры хранічным дэфіцыце харчавання).

 

Вынікі ацэнкі фізічнага развіцця пяцікласнікаў сведчаць, што ў Беларусі дзеці не галадаюць. Мы маем значную частку дзяцей з лішкам масы цела адносна росту (у 19,1 % — дысгарманічнае фізічнае развіццё, а ў 19,5 % — рэзка дысгарманічнае фізічнае развіццё з-за лішку масы цела). Удзельная вага дзяцей з лішкам масы цела адносна росту ў 2,4 раза большая ў параўнанні з доляй дзяцей, якія ма-юць дэфіцыт масы цела.

 

Парушэнні ў структуры спажывання прадуктаў харчавання, якія абумоўліваюць дысбаланс макра- і мікранутрыентаў у рацыёне дзяцей, сведчаць пра недастатковыя веды як спецыялістаў, што адказваюць за арганізацыю харчавання ва ўстановах адукацыі, так і бацькоў у пытаннях рацыянальнага і збалансаванага харчавання.