Урачыстае адкрыццё фотавыставы «Белфармацыя праз 100-годдзе» адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску. На фотаздымках і ў архіўных дакументах, прадстаўленых у выставачнай зале, — фотасведчанні мінулага і сучаснага беларускай фармацыі, аб’яднання «Белфармацыя», якое сёння мае больш за 200 аптэк, дзе працуюць 2 000 з лішкам чалавек, а рахунак пакупак, якія штогод здзяйсняюць наведвальнікі, ідзе на мільёны.
Для параўнання варта дадаць, што ў 1914 годзе ў Мінску налічвалася 12 прыватных аптэк, больш за 20 аптэкарскіх крамаў, былі аптэкі пры бальніцах. Першая аптэка ў горадзе з’явілася ў 1659 годзе.
Дзмітрый Чараднічэнка:
У першую чаргу я хачу перадаць нізкі паклон і віншаванні ветэранам нашай з вамі службы. Тым, хто вельмі шмат зрабіў для станаўлення фармацэўтычнай службы Рэспублікі Беларусь. Без гісторыі не будзе будучыні, гэта сапраўды так. За 100 гадоў у фармацыі, як і наогул у медыцыне, змянілася многае. Не змяніліся толькі ўпартасць, любоў да людзей, жаданне ім дапамагчы. Глядзіш на твары на старых фота і здымках цяперашніх нашых супрацоўнікаў і бачыш людзей, улюбёных у сваю прафесію.
Дзмітрый Чараднічэнка павіншаваў з юбілейнай датай усіх працаўнікоў прадпрыемства — мінчан і тых, хто працуе ў рэгіёнах, падкрэсліўшы, што рэгіянальныя прадстаўніцтвы не саступаюць сталічнаму. Ён нагадаў і пра тое, як важна, што 50 % неабходных лекаў Беларусь вырабляе сама як на прадпрыемствах канцэрна «Белфармпрам», так і на прыватных.
Генеральны дырэктар РУП «Белфармацыя» Сяргей Літаш асобна падзякаваў адміністрацыі і супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі, якія дапамагалі арганізаваць ужо другую выставу, прысвечаную 100-гадоваму юбілею. Выстава будзе дзейнічаць да 27 красавіка, а з 4 да 30 мая яе прыме Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, пасля да канца чэрвеня — аптэчны склад РУП «Белфармацыя». Затым выстава размесціцца ў гандлёвых залах аптэк кампаніі і потым — з 1 да 15 верасня — у Музеі гісторыі горада Мінска.