9 ліпеня на тэрыторыі Цумадзінскай раённай бальніцы Рэспублікі Дагестан (Расія) адкрылі помнік легендарнай медсястры Асі Дзенісенка. Удзячныя горцы трапятліва зберагаюць памяць пра беларускую дзяўчыну, якая трагічна загінула ў 1963 годзе.
Пра Асю Дзенісенка ёсць вельмі кранальны фільм «Мир оставляю вам…» (1989). У ім жыхары горных вёсак успамінаюць сваю дарагую сястру, якая ў любую пару года, скрозь непагадзь, па цяжкіх небяспечных сцежках прыхо-дзіла да кожнага, хто меў патрэбу. У складаных умовах высакагор’я яна аказвала медыцынскую дапамогу некалькім тысячам чалавек з 5 сёлаў і 25 хутароў.
У самы аддалены раён горнага Дагестана 17-гадовая Ася Дзенісенка, скончыўшы медвучылішча, папрасілася сама. За некалькі гадоў працы тут яна скарыла сэрцы дабрадушных горцаў. Маладую медсястру былі гатовы прытуліць у кожным доме, але яна думала пра іншых і спяшалася на дапамогу. Ася загінула, упаўшы са скалы, па дарозе ў вёску, дзе яе чакала парадзіха.
Медсястра пахавана ў сяле Ніжнія Хваршыны Цумадзінскага раёна па мусульманскім звычаі. На каменным надмагіллі выбіты словы: «Узнялася і ўзвысілася».
Рашэннем адміністрацыі вёскі Хушэты фельчарска-акушэрскі пункт носіць імя Асі Дзенісенка. Міністэрства аховы здароўя Дагестана заснавала Дыплом імя Асі Дзенісенка, які ўручаецца лепшым медсёстрам, фельчарам і акушэрам рэспублікі.
Цяпер на тэрыторыі Цумадзінскай раённай бальніцы адкрыты помнік легендарнай медсястры. На ім напісана: «Незабыўная, цудоўная і родная наша сястра Ася Дзенісенка! Памятаем цябе і твой по-дзвіг! Лёсам мы былі адораны Табой! Ты не загінула ў гарах па дарозе да парадзіхі, а на стагоддзі пасялілася ў сэрцы ўдзячных дагестанцаў! Ты паднялася да людзей, служыла ім і ўзвысілася! Ты штодзённа з намі ва ўсім гераічным, высакародным і ўзвышаным!»
Адзін з элементаў помніка — бліскучыя пазалочаныя крылы. Гэта ўдзячнасць медсястры, якая не збаялася падняцца высока ў горы, у арліны край, каб дапама- гаць людзям. І блаславенне іншым, хто з гуманнай місіяй ідзе ў свет.