Фота аўтара.

У Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы прайшла акцыя «Бібліяноч-2026». Сёлета ўсе мерапрыемствы аб’яднала тэма «Жаночае шчасце без рэцэпта».

 

Для наведвальнікаў падзеі 4 гадзіны праляцелі непрыкметна. Кожны прысутны знайшоў куточак па інтарэсах. Арганізатары падрыхтавалі для гасцей чатыры блокі актыўнасцей: лекторый, арт-прастору «Творчы востраў», пляцоўкі для гульняў і інтэрактыўныя кропкі.

 

Адкрыўся вечар паказам калекцыі «Глыбокія думкі» ад Мінскага дзяржаўнага каледжа індустрыі моды. Аматараў новых ведаў чакалі лекцыі па гісторыі родаў, па лёгкіх адносінах да жыцця, асаблівасцях чалавечага мозгу ў звышімклівым свеце. Таксама нельга было абмінуць увагай выставу рэтрафонда «Таямніцы старажытных лячэбнікаў», віктарыну па захворваннях і «Лаўку траўніцы».

 

Прыхільнікаў эксперыментаў прыцягвалі пляцоўка студэнцкага аб‘яднання «Віртуозы навукі» БДУ «Лабараторыя пераўтварэнняў» і квэсты па музеі гісторыі медыцыны Беларусі. Інтарэс цэлых сем’яў выклікала інтэрактыўная выстава «Свет міласэрнасці». Тут супрацоўнікі бібліятэкі ў ваеннай форме медыкаў розных часоў знаёмілі гасцей «Бібліяночы» з прадметамі, якія выкарыстоўваліся медыкамі Першай і Другой сусветных войн, расказвалі гісторыі пра выбітных ваенурачоў і аперацыйных медсясцёр.

 

Актыўным баўленнем часу для прысутных стаў майстар-клас па бачаце ад фітнес-трэнера, а таксама псіхалагічная ролевая гульня «Мафія». За ўдзел госці атрымлівалі фішкі, якія пасля маглі абмяняць на салодкія пачастункі.

 

У завяршэнні падзеі наведвальнікі «Бібліяночы» атрымалі ад арганізатараў персанальныя рэцэпты шчасця з пажаданнямі. І ў сваю чаргу пакінулі свае ўражанні і зычанні супрацоўнікам бібліятэкі: «Усё было супер!», «Вельмі спадабалася!», «Рэдка ўбачыш у адным месцы столькі зацікаўленых людзей! Дзякуй камандзе арганізатараў».