Вера Лукашэвіч, урач-педыятр (злева) и Ала Маркель, медсястра. Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».
Вера Лукашэвіч, урач-педыятр (злева) и Ала Маркель, медсястра. Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».

Першамайская ўчастковая бальніца Лідскай ЦРБ сёлета адзначыць 65-гадовы юбілей. У абласным конкурсе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020-ы яна прызнана найлепшай на Гродзеншчыне. Карэспандэнты «Медвеснiка» вырашылі пазнаёміцца з калектывам слаўнай медыцынскай установы.

 

Вадзім Трубчык, галоўны ўрач Лідскай ЦРБ, перакананы, што галоўны сакрэт прафесійных дасягненняў першамайскіх медыкаў у тым, што іх калектыў вельмі згуртаваны: здаровы мікраклімат і амаль няма цякучасці кадраў, большасць спецыялістаў працуюць у медустанове не адзін дзясятак гадоў. Вялікая заслуга ў гэтым і загадчыка Першамайскай участковай бальніцы Чэслава Серафіновіча, які на сваёй пасадзе ўжо восьмы год.

 

Пакуль выконвае абавязкі загадчыка Першамайскай участковай бальніцы ўрач-тэрапеўт стацыянара Аліна Некраш. Працуе тут з 1994 года. І з задавальненнем распавядае пра сваю медыцынскую ўстанову:

 

У нас стацыянар на 35 ложкаў: 20 — тэрапеўтычнага аддзялення і 15 — сястрынскага догляду. Дзённы стацыянар. Амбулаторыя, якая разлічана на 28 наведванняў у дзень. За бальніцай замацавана 19 населеных пунктаў. Пад нашым патранажам 2 950 чалавек, з якіх 570 — дзеці, 23 ва ўзросце да года. Толькі ў Першамайску 1 292 жыхары, з якіх 261 — малыя.

 

Первомайская ФАП 4

 

Шлях кожнага пацыента пачынаецца з рэгістратуры, дзе з раніцы завіхаецца рэгістратар Аліна Шамрэй.

 

Аліна Некраш:

 

Аліна Іванаўна доўгія гады працавала ў нас палатнай медсястрой і не так даўно пайшла на заслужаны адпачынак. Нядаўна зноў вярнулася да нас, але ўжо ў іншай ролі. Мы добра ведаем гэтага чалавека: упэўнены ў яе кампетэнцыі і адказных адносінах да справы.

 

Первомайская ФАП 6

 

Сорак шосты год працуе ўрач-педыятр Вера Лукашэвіч. У працоўнай кніжцы Веры Паўлаўны толькі адна прапіска — Першамайская ўчастковая бальніца. Яна з медыцынскай дынастыі. Бацькі працавалі ў Мастоўскім раёне. Бацька Павел Пятровіч Лукашэвіч быў адным з першых, каму было прысвоена ганаровае званне заслужанага ўрача БССР. Маці доўгі час працавала акушэркай, муж — урачом-тэрапеўтам. А яшчэ брат — урач-псіхіятр ды дачка Ірына — стаматолаг...

 

Вера Лукашэвіч:

 

Калі я пачынала працаваць на ўчастку, у нас было некалькі ФАПаў, мы даглядалі больш як 700 дзяцей, з іх больш за 100 да года. Цяпер у нашай амбулаторыі на ўліку (ужо без ФАПаў) 551 дзіця, да года ўсяго 15. У асноўным лечым прастудныя і алергічныя хваробы. У юных пацыентаў з’явіліся праблемы з лішняй вагой. Выяўляем цукровы дыябет, лейкозы, рэўматоідныя артрыты. Раней такіх праблем амаль не было.

 

Разам з Верай Паўлаўнай працуе медсястра Ала Маркель, маці шасцярых дзяцей: траіх сыноў і трох дачушак.

 

Ала Маркель:

 

На гэтым месцы дванаццаты год. Работа падабаецца. Люблю дзяцей і сваю справу. Тым больш працаваць тут вельмі камфортна.

 

Таццяна Варано, фельчар-акушэр:

 

Сапраўды, чым кепска ў нас працаваць!  Я працую тут з 1995 года, і ніколі не было жадання нешта памяняць: калектыў дружны, усё ў крокавай даступнасці — садок, школа, крама… Мы з мужам, які працуе ў нашым пасёлку на торфабрыкетным заводзе, двух сыноў тут выгадавалі, маем свой дом і гаспадарку. І праца мне ў радасць. На нашым участку больш за тысячу жанчын. Прыходзяць да нас на прафілактычны агляд. Праўда, цяжарных на ўліку толькі 16. Хацелася б, каб было больш…

 

Медсястра палатная Юля Лазукова ў калектыве толькі чацвёрты год, але ўражанні самыя лепшыя.

 

У мяне сям’я, двое дзетак. З радасцю іду на работу і з радасцю вяртаюся дахаты. Спачатку працавала ў амбулаторыі, а з красавіка 2018-га — у стацыянары. У нас пакуль няма працэдурнай медсястры, а таму выконваю і прызначэнні доктара: стаўлю кропельніцы, раблю ін’екцыі, раздаю таблеткі… Мне падабаецца.

 

Первомайская ФАП 2

 

Першы пост аддзялення сястрынскага догляду. Знаёмімся з палатнай медсястрой Ларысай Варанчыхінай, што працуе тут з 1996 года.

 

Первомайская ФАП

 

У нашым аддзяленні — састарэлыя, у асноўным адзінокія і тыя, што жывуць адны. Іх у нас 16 чалавек. Ёсць бабулькі 1927 года нараджэння. Могуць самастойна хадзіць толькі пару чалавек. Трэба лячыць, даглядаць іх, каб і накормленыя былі, і чыстыя.

 

На другім паверсе — тэрапеўтычнае аддзяленне. Зазіраем у адну з палат, дзе нас сустракаюць дзве жанчыны сталага веку. Знаёмімся.

 

Я Ганна Віктараўна Кузьма.  У мяне вельмі высокі артэрыяльны ціск, які я цяжка пераношу, ажно да страты прытомнасці. Вельмі ўдзячная дактарам. Дужа ўважлівы наш галоўны ўрач Чэслаў Віктаравіч: заўсёды зойдзе да нас, пацікавіцца пра здароўе.

 

А я Леанарда Станіславаўна Кароль, 1937 года нараджэння. Гады бяруць сваё: надта шуміць у галаве, мусіць, склероз нейкі ўплёўся. Ціск крыві пад 200, чую дрэнна, але ж тут нас надта добра лечаць і кормяць смачна…

 

У калідоры адчуваем сапраўды смачныя пахі. Заходзім на кухню. Тут завіхаецца повар Яніна Пілецкая, якая на гэтай пасадзе больш як дваццаць гадоў.

 

Вячэру гатую. Будзе капуста тушаная на гарнір ды катлеты паравыя. Цяпер у нас харчуюцца 28 чалавек. Перад пандэміяй было і па 35, і па 40... Гатую як для ўласнай сям’і: мяне тут добра ведаюць, будзе сорамна, калі штось не атрымаецца. А калі пацыенты дзякуюць і кажуць, што мае стравы спадабаліся, дужа радуюся.

 

Первомайская ФАП 5