Беларускаму дзіцячаму фонду — 35
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

На фоне блакітнага неба хлопчык абдымае бусліка — такая эмблема ў Беларускага дзіцячага фонда. Днямі споўнілася 35 год з яго заснавання, і ўвесь гэты час грамадскае аб’яднанне дапамагае хворым дзецям...

 

Па праграме «Дзіцячае сэрца»

 

Адзін з важных напрамкаў працы — дапамога дзецям з прыроджанымі заганамі сэрца і складанымі захворваннямі сасудзістай сістэмы. Пра атмасферу 1980-х згадвае нязменны дырэктар фонда Аляксандр Трухан:

 

Мы толькі пачалі працаваць, і нашыя дзверы не зачыняліся, такі ішоў паток людзей. Каля паловы з іх — бацькі, чые дзеці па розных прычынах не маглі атрымаць дапамогу хірургаў у Беларусі. Камусьці сказалі чакаць, пакуль малое падрасце, каб зрабіць аперацыю, камусьці перашкаджалі прастуды… А чакаць было вельмі рызыкоўна, вось і пацягнуліся да нас з надзеяй.

 

Фонд займаўся арганізацыяй кансультацый і накіраваннем на аперацыі дзяцей з цяжкімі заганамі сэрца ва Універсітэцкую клініку штата Мічыган (ЗША), у клініку цэнтра «Норк-Мараш» у Арменіі, розныя клінікі Расіі, Украіны, Германіі, Вялікабрытаніі, Канады ды іншых краін. Больш за 400 цяжкахворых беларускіх дзяцей атрымалі лячэнне за мяжой (бясплатна для сем’яў).

 

Дзіцячы фонд аплачваў праезд, знаходжанне ў клініцы і ў краіне ў пасляаперацыйны перыяд. Але кожная такая паездка была, па-першае, дарагая для грамадскага аб’яднання, а, па-другое, стрэсавая для дзіцяці і мамы, якія не ведалі мовы і не разумелі медыцынскіх патрабаванняў. Таму было прынята рашэнне зрабіць акцэнт на пашырэнні аказання медыцынскай дапамогі дзецям дома, у Беларусі.

 

Запрасілі да нас доктара Вільяма Новіка, кардыяхірурга, кіраўніка Міжнароднага фонда «Дзіцячае сэрца» (Мемфіс, ЗША). Сумесна з Дзіцячым хірургічным цэнтрам пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з 2002 года пачалі рэалізацыю праграмы «Дзіцячае сэрца» ў Беларусі.

 

Міжнародная кардыябрыгада на чале з Вільямам Новікам 3–4 разы на год абследавала і аперыравала беларускіх дзяцей з цяжкімі заганамі сэрца і крывяносных сасудаў — амаль усе аперацыі былі зроблены ў нашай краіне ўпершыню. Кардыяхірургі, кардыёлагі, анестэзіёлагі, рэаніматолагі, перфузіёлагі, медыцынскія сёстры інтэнсіўнай тэрапіі ды іншыя замежныя спецыялісты разам з беларускімі ўрачамі працавалі на базе Дзіцячага хірургічнага цэнтра. За ўвесь перыяд 2002–2008 гадоў у Беларусь прыязджалі спецыялісты з 11 краін свету. Гэта дазволіла пазней нашым урачам самыя складаныя аперацыі рабіць самастойна.

 

Усяго ў рамках праграмы «Дзіцячае сэрца» прааперыравана больш за 500 дзяцей, больш за 2 000 маленькіх пацыентаў атрымалі кансультацыі.

 

OperaciyaДоктар Вільям Новік (справа) абмяркоўвае з беларускімі калегамі ход аперацыі.

 

Сёння РНПЦ дзіцячай хірургіі працуе на ўзроўні еўрапейскіх і сусветных клінік. Цяпер нашы медыкі ў складзе міжнародных брыгад аперыруюць дзяцей за мяжой, і дзеці з іншых краін едуцьна аперацыі ў Беларусь.

 

BDF operaciya2Замежныя ўрачы прыйшлі наведаць юнага пацыента пасля аперацыі, зробленай у рамках праекта «Дзіцячае сэрца».

 

Беларускі дзіцячы фонд увесь час падтрымлівае гэту і іншыя ўстановы аховы здароўя і перадае ім сучаснае медыцынскае і дыягнастычнае абсталяванне. За апошнія пяць гадоў толькі цэнтральным офісам перададзена 49 адзінак абсталявання на агульную суму звыш як 2 млн руб. Абласныя аддзяленні фонда таксама актыўна дапамагаюць у аснашчэнні дзіцячых бальніц.

 

Рэабілітацыя і аздараўленне

 

Тым часам маленькія пацыенты, якія атрымалі хірургічную дапамогу ў рамках праграмы «Дзіцячае сэрца», выраслі.

 

Наталля, мама Жэні К. з Ліды:

 

Напярэдадні выпіскі з раддома малога ўзялі на УГД і сказалі мне, што ў яго сур’ёзныя праблемы са здароўем. Я спалохалася вельмі. І праўда, калі немаўля смактала малако або плакала, то пад носікам з’яўлялася сінь…

 

У ДХЦ, куды накіравалі Наталлю з сынам, паставілі дыягназ: дэфекты міжперадсэрдзевай і міжжалудачкавай перагародак, тахікардыя. Але параілі не хвалявацца: з цягам часу праблема можа паменшыцца. Ад аператыўнага лячэння медыкі тады вырашылі ўстрымацца, рэкамендавалі назіранне ў кардыярэўматолага і забаранілі рабіць прышчэпкі.

 

Праз паўтары гады маленькі Жэня зноў апынуўся ў шпіталі, дзе яму былі выкананы пластыка ДМЖП, ушыванне ДМПП. Дыягнаставалі сіндром слабасці сінусавага вузла і папярэдзілі, што паказана імплантацыя перадсэрдзевага частотна-адаптыўнага эндакардыяльнага электракардыястымулятара.

 

Праз 10 год паставілі ЭКС, і пачаўся новы этап жыцця…

 

Аздараўленне і рэабілітацыя дзяцей са складанымі захворваннямі — яшчэ адна важная частка дзейнасці Беларускага дзіцячага фонда.

 

Спачатку малых пацыентаў накіроўвалі за мяжу. Толькі ў 1991–1992 гады больш за 2 тысяч дзяцей з раёнаў, якія пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай трагедыі, паправілі здароўе ў 16 краінах Заходняй Еўропы, Аўстраліі, Кубе, ЗША, Паўднёвай Карэі, Зімбабвэ ў рамках акцыі «Салідарнасць з дзецьмі Чарнобыля».

 

Дзеці, якія перанеслі анкалагічныя захворванні, накіроўваліся фондам на аздараўленне і рэабілітацыю ў сусветны анкалагічны лагер у штаце Мічыган, а таксама ў міжнародны лагер у Ірландыі.

 

Але потым Беларускі дзіцячы фонд стварыў уласныя праграмы рэабілітацыі і аздараўлення.

 

З 1991 года праходзяць рэабілітацыйнааздараўленчыя змены «Вясёлка надзеі» для дзяцей з анкалагічнымі дыягназамі, якія знаходзяцца ў стадыі рэмісіі. Гэты праект рэалізуецца пры пастаянным медыцынскім суправаджэнні і дае магчымасць дзецям са складанымі захворваннямі прайсці не толькі курс агульнаўмацавальнай тэрапіі, але псіхалагічнай рэабілітацыі, сацыялізацыі.

 

Мама Жэні, пра якога мы згадвалі вышэй, дзякуе, што сын быў удзельнікам рэабілітацыйна-аздараўленчага праекта «Вясёлыя сэрцайкі» для дзяцей з цяжкімі заганамі сэрца. Гэта адзіная ў рэспубліцы аздараўленчая змена для дзяцей з сардэчнымі захворваннямі. Акрамя аздараўленчых працэдур шмат увагі ў праекце надаецца псіхалагічнай дыягностыцы і карэкцыі. Спецыялісты імкнуцца аслабіць пачуццё трывогі ў дзяцей за кошт фарміравання ўпэўненасці ў сабе, павысіць камунікатыўныя навыкі, знайсці для падапечных новыя інтарэсы.

 

Наталля:

 

Гэтыя два тыдні так уразілі сына, што ён вярнуўся зусім іншым — акрыленым, ці што. З’явіліся новыя сябры, з некаторымі ён мае стасункі да гэтага часу. Ездзілі неаднаразова. Жэня так даражыў гэтымі паездкамі, што ўсе астатнія сямейныя справы планавалі так, каб не перасякаліся з лагерам. З задавальненнем і падзякай успамінае і зараз, ужо будучы студэнтам…

 

У дапамогі шмат напрамкаў

 

У перыяд навагодніх святаў стала добрай традыцыяй перадаваць установам аховы здароўя медыцынскае абсталяванне: у 2022 годзе — дыягнастычнае для РНПЦ дзіцячай хірургіі (коштам больш за 60 тысяч рублёў), электрычны хірургічны блок для выканання біяпсіі пры даследаванні страўніка для Мінскай абласной дзіцячай бальніцы (40 тысяч рублёў). Дом дзіцяці № 1 для дзяцей з арганічным паражэннем ЦНС і псіхікі атрымаў кіслародны канцэнтратар для цяжкахворых падапечных і дазатар шпрыцавы аўтаматычны для дазіраванага ўвядзення медыкаментаў і парэнтэральнага харчавання. 

 

У 2021–2022 гадах па выніках марафону па зборы сродкаў была аказана дапамога Рэчыцкаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: набылі інтэрактыўную адукацыйную падлогу «Магіум». Гэта праграма, якая ператварае паверхню падлогі ў сэнсарны экран для ўзаемадзеяння дзяцей з прадметамі і дапоўненай рэальнасцю. Таксама была аказана дапамога Магілёўскай дзяржаўнай школе-інтэрнату для дзяцей са скаліёзам: закуплены спецыяльныя кушэткі для карэкцыі пазваночніка.

 

У 2022–2023 гадах падчас дабрачыннага навагодняга марафону сабралі сродкі на набыццё спецыяльнага абсталявання для Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі (Мядзельскі раён), дзе праводзяцца дыягнастычныя і карэкцыйныя заняткі з дзецьмі з расстройствамі аўтыстычнага спектру.

 

Многія памятаюць маштабны медыцынскі праект па дыягностыцы і аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям з сельскай мясцовасці «Я бачу!», здзейснены разам з кампаніяй А1 пры падтрымцы Мінздароўя і аблвыканкамаў.

 

За 4 гады ў рамках праекта 51,5 тысячы вясковых школьнікаў прайшлі дыягностыку зроку ў вопытных урачоў-афтальмолагаў.

 

У 16,6 тысячы з іх выяўлены розныя паталогіі зроку, 330 чалавек накіраваныя на аперацыі і лячэнне ва ўмовах стацыянара, 367 атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.

 

Шчырая падзяка

 

Дапамагае Беларускі дзіцячы фонд і сем'ям, у якіх выхоўваюцца цяжкахворыя дзеці: у набыцці лекавых прэпаратаў, сродкаў догляду і рэабілітацыі, спецыялізаванага харчавання. Плюс матэрыяльная дапамога, арганізацыя летняга аздараўлення ў санаторыях, на турбазах і ў аграсядзібах.

 

У праграмах і акцыях фонда бяруць удзел урачы розных спецыяльнасцей, кіраўнікі медыцынскіх устаноў, спецыялісты ведамстваў і Міністэрства аховы здароўя.

 

Аляксандр Трухан, дырэктар Беларускага дзіцячага фонда:

 

Мы выказваем вялікую падзяку за тое, што столькі людзей знаходзяць час на важныя грамадскія праекты. Так, дзякуем дырэктару РНПЦ дзіцячай хірургіі Канстанціну Драздоўскаму, галоўнаму ўрачу Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Ігару Каско, прафесару кафедры псіхалогіі асобы і развіцця адукацыі Інстытута псіхалогіі Сяргею Ігумнаву, дацэнту 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ Наталлі Мікульчык, урачу Рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медрэабілітацыі Галіне Радзівонавай, галоўнаму ўрачу Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Таццяне Салодкай, урачу РНПЦ «Кардыялогія» Іне Матусевіч ды іншым.

 

Доўгім і плённым было супрацоўніцтва з акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандрам Сукалам, заслужаным дзеячам навукі, загадчыкам 1-й кафедры дзіцячых захворванняў БДМУ, які з’яўляўся членам прэзідыума фонда. На жаль, у маі 2022 года Аляксандра Уладзіміравіча не стала, але справа яго жыве.

 

А на пытанне пра планы і мары дырэктар фонда адказаў, што ў будучым хацелася б дапамагаць дзецям з рэдкімі захворваннямі, сіротам, удзельнічаць у рэабілітацыі дзяцей з аутызмам і здзейсніць яшчэ шмат праектаў і праграм. А ўвогуле хацелася б, каб усе дзеці былі здаровымі.

 

Фота прадастаўлены Беларускім дзіцячым фондам.