Штотыднёвік «Медыцынскі веснік» прыцягнуў да сябе невыпадковых людзей: вядучага навуковага супрацоўніка НДЛ праблем бяспекі інфармацыйных тэхналогій НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі БДУ Івана Пірштука, каардынатара праекта «Псіхалогія здароўя» Андрэя Фіцнера, супрацоўніц здраўпункта РУП «Белпошта» Таццяну Толкач і Аксану Ганчар, медсястру стаматалагічнага кабінета РУП «Белпошта» Таццяну Ачапоўскую. Такія сутрэчы як перадкалядны цуд, бо амаль усе, хто завітаў да нашага фірменнага стэнда, звязаныя з медыцынай. Паспела крыху пагутарыць з некаторымі і занатавала іх настрой.
Андрэй Фіцнер:
Люблю ўдзельнічаць у такіх раптоўных акцыях, калі не трэба траціць дадатковы час і кудысьці ехаць. Да таго ж вы частавалі цукеркамі... Жартую. На Галоўпаштамце я апынуўся па справах, але было цікава паўдзельнічаць у віктарыне і атрымаць брэндаваныя сувеніры.
Тым больш пытанні былі датычныя медыцыны, сферы маіх прафесійных інтарэсаў. Фірменныя нататнік, ручку і каляндар на 2023 год завязу сваім спецыялістам у Гомель.
На мае пытанні, як збіраецца святкаваць Новы год і што пажадае чытачам газеты, Андрэй адказвае:
Сямейным колам: з жонкай, дачкой, сынам, з трыма сабакамі і трыма коткамі. Чытачам жадаю здароўя, добрага настрою і меней пераядаць у навагоднія святы, бо гэта шкодна для арганізма і для далейшага жыцця ўвогуле. Акурат сёння скончыў 36-гадзіннае галаданне на вадзе і адчуваю сябе выдатна! Здаровы душой і целам!
Супрацоўніку БДУ Івану Пірштуку акцыя «Дзень падпісчыка» падняла настрой ды аблегчыла час, праведзены ў чарзе. За паўгадзіны, якія мужчына чакаў, пакамунікаваў з рэдакцыйнымі супрацоўнікамі і напісаў падзяку любімым урачам.
Іван Пірштук:
Жадаю газеце росквіту і ўсяго толькі самага найлепшага! А яе журналістам моцнага здароўя.
Дзень падпісчыка стаў днём адкрыццяў для медыкаў, якія працуюць у здраўпункце Галоўпаштамта. Дзякуючы рэдакцыйнай віктарыне на медыцынскую тэматыку жанчыны праверылі свае веды і ўзбагаціліся новымі. Кажуць, упершыню паўдзельнічалі ў такой акцыі і было што абмеркаваць у працоўным калектыве. Да таго ж акрамя сувеніраў ад рэдакцыі медыкі атрымалі прыўзняты настрой.
Таццяна Толкач, фельчар:
У нас атрымалася запамінальная «вылазка» з працоўнага кабінета, уражанняў хопіць на год. Праводзьце яшчэ такія Дні падпісчыкаў, будзем удзельнічаць!
У голасе Таццяны ўжо чуваць калядны настрой. Пытаюся, якія планы ў яе на Новы год?
Таццяна Толкач:
Мы з мужам, два сыны, нявесткі, унукі — усе разам рыхтуемся да Новага года і адзначаем свята з падарункамі і чытаннем вершаў. Па сямейнай традыцыі 31 снежня мы абавязкова кудысьці ідзем. У гэтым годзе, напрыклад, завітаем у Дом прафсаюзаў на святочную дзіцячую пастаноўку. А 2 студзеня паедзем у вёску віншаваць бабулю.
Супрацоўнікі «Медвесніка» таксама ўзбагаціліся пасля сяброўскіх сустрэч на пошце: добрымі зычэннямі ў адрас рэдакцыі і дзясяткам падзяк у рубрыку «Дзякуй, доктор», якія надрукуем у новых нумарах газеты.