Лёша Карабовіч у Белавежскай Пушчы
Фота з архіва сям'і Карабовіч.

Жыве ў горадзе Вілейка Мінскай вобласці другакласнік Лёша Карабовіч. Жыве з бацькамі і малодшым братам, любіць маляваць і марыць, каб усе, хто хварэе, ачунялі. У снежні хлопчык стаў пераможцам конкурсу «Малюнкі-падарункі» ад «Медыцынскага весніка».

 

Мама-настаўніца у школьным чаце прачытала пра конкурс дзіцячых малюнкаў у «МВ»: чаму б не паўдзельнічаць? Тым больш медработнікаў у сям'і паважаюць, у іх адрас — самыя цёплыя словы падзякі. Так, не раз прыходзілі на дапамогу спецыялісты Вілейскай ЦРБ: гінеколаг Людміла Бычак, педыятр Анастасія Гулецкая, траўматолаг Андрэй Танковіч і інш.

 

Сюжэт вырашылі не прыдумляць, а ўзяць з надзённага. Снежань на дварэ, усе да свята рыхтуюцца, а ў сына — тэмпература, кашаль... Дзякуючы доктару, выкліканаму на дом, хлопчык хутка стаў папраўляцца, да свята ўжо быў здаровы.

 

Таму і намаляваў пакойчык, прыбраную ёлку і анёлаў у белых халатах. Тых самых, што ратуюць малых і сталых, нягледзячы на стому і дзень календара…

 

Наталля, мама Аляксея:

 

Канечне, мы хацелі перамагчы, але разумелі, што ў такім конкурсе будзе ўдзельнічаць многа таленавітых дзяцей. Таму званок з рэдакцыі і навіна пра атрыманне Гран-пры сталі прыемнай нечаканасцю і вялікай радасцю.

 

Вечарам, калі сям'я сабралася разам, зайшлі на сайт «Медыцынскага весніка», чыталі артыкул пра вынікі конкурсу — гэта быў сапраўдны навагодні цуд.

 

Ехаць у Белавежскую Пушчу да Дзеда Мароза (падарожжа на дваіх — адзін з галоўных прызоў) вырашылі ўсёй сям'ёй, набылі яшчэ два квіткі. 

 

Былі прыемна ўражаны сервісам турагенцтва Travel Agency, адзначылі высокі ўзровень абслугоўвання.

 

Наталля:

 

Паездка атрымалася фантастычная. Гід распавядаў пра ўсе гарады, якія мы праязджалі, цікава і даступна, улічваючы ўзрост дзяцей. Малыя слухалі з захапленнем.

 

У пушчы пазнаёміліся з дочкамі Дзеда Мароза, якія сустракалі гасцей. Прыблізна кожныя 100 метраў — новая лакацыя. На адной разгадвалі загадкі, на другой даведаліся, якія Дзяды Марозы бываюць у розных краінах. Прайшлі па мастку жаданняў і трапілі ў дом, дзе стаяць троны галоўнага зімняга чараўніка і яго ўнучкі Снягуркі. І там у кнізе жаданняў запісалі самае запаветнае: каб зніклі ўсе хваробы, а людзі былі здаровыя.

 

З паездкі сям'я прывезла мноства ўражанняў, падарункі і фотаздымкі на памяць. Не сапсавала настрою нават адсутнасць снегу.

 

Наталля:

 

Мы вельмі ўдзячныя «Медыцынскаму весніку» за такі выдатны конкурс, падарункі і асабліва — за дзіцячыя эмоцыі, якія ні за што не купіш.