Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы пасля 11-гадовага перапынку  адноўлены прыём абітурыентаў на базе 9 класаў па спецыяльнасцях «Лячэбная справа»  і «Сястрынская справа». Сёлета сюды паступяць 54 дзевяцікласнікі, у тым ліку 6 — на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

 

Як паведамілі ў Гродзенскім медкаледжы, навучанне дзевяцікласнікаў па спецыяльнасці «Сястрынская справа» доўжыцца 2 гады 10 месяцаў (кваліфікацыя — медыцынская сястра); па спецыяльнасці «Лячэбная справа» — 3 гады 10 месяцаў (кваліфікацыя — фельчар-акушэр, памочнік урача па абмулаторна-паліклінічнай дапамозе).

 

Важная акалічнасць: на спецыяльнасць «Сястрынская справа» прымаюцца асобы, якія на 1 мая 2025 года будуць паўналетнімі (нарадзіліся не пазней за  1 мая 2007 года).

 

Што да выпускнікоў агульнаадукацыйнай школы, то, акрамя згаданых спецыяльнасцей, яны могуць паступаць на «Медыка-дыягнастычную справу» (кваліфікацыя — фельчар-лабарант), «Медыка-прафілактычную справу» (кваліфікацыя — фельчар-гігіеніст, эпідэміёлаг), а таксама «Лячэбны масаж» (кваліфікацыя — тэхнік-масажыст, сюды набіраюць толькі інвалідаў па зроку).

 

Амаль па ўсіх спецыяльнасцях адзінаццацікласнікі вучацца 1 год 10 месяцаў (і толькі па «Лячэбнай справе» — 2 гады 10 месяцаў).

 

Залічэнне ў каледж праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб агульнай базавай ці агульнай сярэдняй адукацыi.

 

Звяртаем увагу, што пашыраюцца магчымасці абітурыентаў атрымаць сярэднюю медыцынскую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. У гэтым годзе права заключаць адпаведныя дагаворы дадзена ўсім ЦРБ Гродзенскай вобласці і гарпаліклінікам Гродна.

 

Каб заключыць дагавор на мэтавую падрыхтоўку па спецыяльнасці «Медыка-прафілактычная справа», трэба звярнуцца ў Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

 

Для іншых арганізацый, якія падпарадкоўваюцца Галоўнаму ўпраўленню аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы заключае ўпраўленне. Сёлета гэта можна зрабіць дыстанцыйна ў перыяд з 21 чэрвеня па  12 жніўня.

 

Для мэтавікоў у медыцынскіх установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзеншчыны выдзелена 320 месцаў (180 — у Гродзенскім і 140 — у Слонімскім медкаледжы). Дагаворы на мэтавую падрыхтоўку заключаюцца з грамадзянамі Беларусі незалежна ад месца іх рэгістрацыі.

 

Пасля заканчэння вучобы мэтавікі будуць размеркаваны на працу непасрэдна ў тыя ўстановы, з якімі заключаны дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, або ў адну з устаноў Гро- дзенскай вобласці (калі дагавор заключаны з галоўным упраўленнем аховы здароўя). Тэрмін абавязковай работы выпускнікоў, якія атрымалі сярэднюю медыцынскую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — 3 гады.

 

Прыём дакументаў у каледжы пачынаецца 20 ліпеня.

Галіна Сідаровіч, «МВ».