Фото с сайта https://mogilevnews.by

У Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы прайшло незвычайнае і яркае мерапрыемства — кулінарны конкурс «ФевраМарт у МАДБ». Медыкі даказалі, што не толькі віртуозна валодаюць скальпелем, але і ўмеюць ствараць сапраўдныя гастранамічныя шэдэўры. 

 

Удзельнікі падышлі да спаборніцтва з вялікай фантазіяй. Разнастайнасць страў беларускай кухні ацэньвала журы. Духмяныя шкваркі, залацістыя блінцы, халаднік і дранікі, сытная мачанка і апетытныя клёцкі — чаго толькі не было! Каманды спаборнічалі ў кухарскім майстэрстве і крэатыўнасці падачы страў. Адметнасцю конкурса сталі прэзентацыі пачастункаў на беларускай мове.

 

Пераможцамі адзінагалосна назвалі супрацоўнікаў аперацыйнага блока. Лепшымі ў намінацыі «Нацыянальны каларыт» прызнаны спецыялісты аддзялення афтальмалогіі. Узнагарода ў намінацыі «Страва для ўсёй сям’і» адправілася да ўрачоў хірургічнага аддзялення. А званне «самых гасцінных гаспадынь» замацавалася за медыкамі педыятрычнага аддзялення № 2.

 

— Конкурс дазволіў не толькі атрымаць асалоду ад смачнай ежы, але і аб’яднаў усіх нас вакол агульнай тэмы: любві да нацыянальных традыцый кулінарыі. Мы чарговы раз змаглі адчуць дух калектыва і цеплыню ад зносін адзін з адным. Дзякуючы такім мерапрыемствам жыццё становіцца больш яркім і насычаным. З нецярплівасцю чакаем наступнага конкурса, — падзялілася эмоцыямі старшыня прафсаюзнага камітэта бальніцы Марыя Белашэдава.