Загадчыца аддзялення паталогіі цяжарнасці Таццяна Калеснікава разам са шматдзетнай мамай Алёнай Перавознікавай і яе чацвёртым дзіцём, якое з’явілася на свет у першы дзень 2021 года. Фота з архіва ГрАКПЦ.
Загадчыца аддзялення паталогіі цяжарнасці Таццяна Калеснікава разам са шматдзетнай мамай Алёнай Перавознікавай і яе чацвёртым дзіцём, якое з’явілася на свет у першы дзень 2021 года. Фота з архіва ГрАКПЦ.

Гісторыя Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра — вядучай медыцынскай спецыялізаванай установы 3-га ўзроўню перынатальнай дапамогі — пачыналася ў пасляваенны час. Па словах намесніка галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце Кацярыны Навасад, тады радзільны дом размяшчаўся па вуліцы Чапаева ў двухпавярховым цагляным будынку з пячным ацяпленнем. Працавалі ў дзве змены. Дзяжурыў адзін доктар…

 

За апошнія гады гэты дом непазнавальна змяніўся: сучаснае медыцынскае абсталяванне, навейшыя дасягненні медыцынскай навукі… Сёння тут працуюць 478 чалавек. Цэнтр з’яўляецца навуковай і клінічнай базай ГрДМУ і медыцынскага каледжа. Нядаўна ўстанова адзначыла 75-годдзе. У канферэнц-зале цэнтра ў анлайн-рэжыме прайшла юбілейная навукова-практычная відэаканферэнцыя «Актуальныя пытанні перынаталогіі». У канцы 2020 года ГрАКПЦ узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

Высокую арганізацыю аказання медыцынскай дапамогі пацыентам цэнтра, яго тэхнічную аснашчанасць ацаніў госць са Шры-Ланкі — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол гэтай краіны ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) Мігахаландэ Дурагэ Ламаванса. Ён наведаў кафедру акушэрства і гінекалогіі ГрДМУ, клінічнай базай якой з’яўляецца медыцынская ўстанова, каб наладзіць супрацоўніцтва ў сферы медыцынскай адукацыі.

 

14 1 Гродно Хорсун

 

Тут усталяваныя партнёрскія адносіны са спецылістамі Казахстана, Літвы, Польшчы. Беларускія ўрачы неаднаразова чыталі там лекцыі, праводзілі майстар-класы, бралі на ўзбраенне вопыт замежных калег, сёння сувязі падтрымліваюцца анлайн.

 

На базе медустановы працуюць і ўрачы-інтэрны.

 

Уладзімір Звярко, галоўны ўрач медыцынскай установы:

 

На пяцімінутцы кожны расказвае пра тое, што зрабіў за суткі, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца, разам аналізуем складаныя сітуацыі і абмяркоўваем неардынарныя выпадкі. Як правіла, многія з інтэрнаў потым вяртаюцца да нас на пастаяннае месца работы. Многія супрацоўніцы цэнтра нараджалі тут дзяцей, а потым сюды прыходзілі нараджаць ужо іх дочкі і ўнучкі. Гэта дом, дзе ўсім утульна і хораша. Не так даўно зрабілі капітальны рамонт. З’явіліся палаты павышанай камфортнасці, дзе можна знаходзіцца не толькі маме і немаўляці, а і ўсёй сям’і. У час пандэміі кантакты, вядома, абмежаваныя, але ўсе разумеюць, што гэта часовая мера.

 

Амбулаторнае падраздзяленне медыцынскай установы — паліклініка, што аказвае спецыялізаваную дапамогу сем’ям, якія жывуць на Гродзеншчыне. Працуюць два аддзяленні — медыка-генетычнай дапамогі і «Шлюб і сям’я». Тут і планаванне сям’і, і кансультаванне бясплодных пар, і медыка-генетычная дапамога, і падтрымка цяжарных, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. З жанчынамі працуюць не толькі ўрачы, але і псіхолагі, юрысты.

 

За мінулы год у перынатальным цэнтры з’явілася на свет звыш за 3 тысячы немаўлят. За першыя дні новага года тут ужо нарадзілася 5 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак.