Виталий Коледа, адвокат
Віталь Каляда, кандыдат юрыд. навук, адвакат МГКА, АБ «Дубавец і партнёры»

У любой прафесіі разлік выключна на працоўны досвед і прынятую практыку без рэгулярнага знаёмства з нарматыўнай базай і першакрыніцамі часам можа прывесці да непрыемных момантаў. Медыцына ў гэтым плане не выключэнне. Часам і дактары з вялікім прафесійным стажам могуць патрапіць у непрыемную сітуацыю праз няведанне нарматыўнай базы, памылкі ў трактаванні пэўных палажэнняў заканадаўства або прыняцце рашэнняў, абапіраючыся выключна на ўсталяваную практыку.

 

Так, урач хуткай дапамогі падчас аказання экстраннай меддапамогі і ажыццяўлення рэанімацыйных дзеянняў павінен разумець, што рэанімацыйныя мерапрыемствы рэгулююцца не толькі пратаколамі, але і заканадаўствам (якое хаця і мае ўскоснае дачыненне да меддапамогі, аднак рэгулюе важныя пытанні). Заўчаснае спыненне рэанімацыйных мерапрыемстваў, нягледзячы на першапачатковую згоду прысутнага блізкага родзіча і цэлы букет цяжкіх захворванняў пацыента ў анамнезе ў дадатак да вельмі сталага веку, — гэта яшчэ не гарантыя адсутнасці праблем для доктара ў будучым, калі сваякі перадумаюць і захочуць напісаць на яго скаргу з просьбай аб прыцягненні да крымінальнай адказнасц. 

 

Кожная адмова ад шпіталізацыі мае ў сабе патэнцыйную рызыку канфлікту ў выпадку небяспечных наступстваў.

 

У падобнай сітуацыі перш за ўсё трэба прыгадаць артыкул 21 Закона «Аб ахове здароўя», які вызначае, што спыніць рэанімацыйныя мерапрыемствы магчыма толькі пасля наступлення лятальнага зыходу для пацыента. Канстатацыя гэтага факта рэгулюецца адпаведнай інструкцыяй Міністэрства аховы здароўя за № 228 ад 20 снежня 2008 года (з адпаведнымі зменамі і дапаўненнямі).

 

Пры гэтым вельмі важна запоўніць усе патрэбныя дакументы, прадугледжаныя заканадаўствам. Адмова ад выканання ўсіх неабходных рэанімацыйных мерапрыемстваў да моманту канстатацыі летальнага зыходу з’яўляецца юрыдычна небяспечным учынкам.

 

У адпаведнасці з артыкуламі 41 і 45 Закона «Аб ахове здароўя» пацыент мае права адмовіцца ад аказання яму меддапамогі. У выпадках, прадугледжаных законам, такім правам могуць надзяляцца трэція асобы.

 

Паводле артыкула 18 Закона, за асобу, няздольную па стане здароўя да прыняцця свядомага рашэння, у пісьмовай форме могуць адмовіцца ад меддапамогі муж ці жонка альбо адзін з блізкіх сваякоў: бацькоў, паўнагадовых дзяцей, родных братоў/сясцёр, унукаў, дзеда/бабкі.

 

Сам канструкт гэтай нормы — ужо крыніца юрыдычных праблем, якія хоць і маюць малую верагоднасць адбыцца, але ў выпадку наступлення могуць з’явіцца нагодай для доўгага і скандальнага разбіральніцтва.

 

Па-першае, «стан здароўя» — рэч дынамічная, і калі трактаваць норму літаральна, можна ўявіць, што чалавек знепрытомнеў з прычыны хваробы, якую ў прынцыпе можна вылечыць, аднак яго родныя кажуць: «Ай, ну што там, кідайце яго ў канаву». Па-другое, у пацыента і яго сваякоў можа быць канфлікт інтарэсаў. Юрыспрудэнцыя таксама можа быць досыць цынічнай, і як не западозрыць штосьці, калі ад надання меддапамогі бабулі з чатырохпакаёвай кватэры ў цэнтры адмаўляецца адзіны ўнук?

 

Апрача таго, у законе не вызначана іерархія пералічаных асоб падчас прыняцця рашэнняў і механізмы вырашэння канфліктных сітуацый. Існуе рызыка, што асоба, якая адмовілася ад надання меддапамогі пацыенту, можа апынуцца ментальна непаўнавартаснай, да прыкладу. Праверка падобных акалічнасцей — яшчэ адзін важны момант.

 

Вельмі слізкім момантам з’яўляецца і данясенне медработнікамi медыцынскай інфармацыі асобе, якая прымае рашэнне пра адмову ад меддапамогі. Хто гарантуе, што тая самая асоба не будзе пасля скардзіцца, што ёй недастаткова падрабязна ўсё патлумачылі і яна прыняла рашэнне на падставе няпоўнай інфармацыі?

 

Такім чынам, афармленне адмовы ад надання меддапамогі дзеля мінімізацыі прававых рызык для ўсіх бакоў гэтай працэдуры павінна ўтрымліваць:

 

1) асабістыя дадзеныя асобы, якая адмаўляецца, яе прававы статус — уласна пацыент/сваяк/іншая ўпаўнаважаная асоба — і на падставе якіх дакументаў гэта пацверджана. Калі ўпаўнаважаных асоб некалькі, лепш, каб кожная з іх афіцыйна выказала ўласную згоду на адмову ад надання далейшай меддапамогі, а таксама задэкларавала адсутнасць канфлікту інтарэсаў пацыента з уласнымі інтарэсамі падчас прыняцця такога рашэння;

 

2) сведчанне пра тое, у якім аб’ёме і форме была даведзеная інфармацыя, што паслужыла падставай для адмовы ад надання меддапамогі, якія дакументы дэманстраваліся, а таксама пазначыць, што асоба адмовілася ад удакладняючых пытанняў і прадстаўлення дадатковай інфармацыі;

 

3) дадзеныя трэціх асоб, прысутных пры гэтым;

 

4) пазнака пра тое, што былі патлумачаныя наступствы адмовы ад далейшага надання меддапамогі, і адсутнасць прэтэнзій у сувязі з гэтым да медработніка і медустановы;

 

5) дадзеныя (у тым ліку пасада) асобы, якая прыняла і аформіла адмову ад надання меддапамогі, час і месца складання дакументу, абавязкова — подпісы ўсіх удзельнікаў працэдуры, а таксама дадзеныя і подпісы прысутных пры гэтым сведак.

 

Пры адмове ад шпіталізацыі таксама не зашкодзіць пісьмова засведчыць, што асобе даведзена, што дыягназ выстаўлены зыходзячы з лекава-дыягнастычных магчымасцяў экіпажа хуткай меддапамогі і шпіталізацыя дазволіла б удакладніць дыягназ і надаць адпаведную дапамогу, пазначыўшы акрамя таго, што рызыкі адмовы ад шпіталізацыі пацыенту патлумачаныя.

 

Канечне, гэтыя парады — меркаванне практыкуючага судовага адваката, позірк з маёй прафесійнай пазіцыі.

 

Літаральнае трактаванне палажэнняў артыкула 21 Закона «Аб ахове здароўя» абавязвае працягваць рэанімацыйныя мерапрыемствы, пакуль пацыент юрыдычна ўважаецца за жывога.

 

З гэтага вынікае, што адмовіцца ад правядзення ўсяго комплексу рэанімацыйных мерапрыемстваў, пакуль пацыент жывы, немагчыма.

 

Заўчаснае спыненне рэанімацыйных мерапрыемстваў і нядбайнае афармленне дакументацыі могуць прывесці да скаргаў сваякоў пацыента і юрыдычных праблем для медработніка.

 

НекалькI важных высноў

 

1. Падставай для спынення рэанімацыйных мерапрыемстваў з’яўляюцца нарматыўна вызначаныя абставіны, і просты факт адмовы ад правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў з боку пацыента ці ўпаўнаважаных трэціх асобаў яшчэ не з’яўляецца аўтаматычнай падставай для іх спынення.

 

2. Адмова ад меддапамогі (шпіталізацыі) патэнцыйна небяспечная як для пацыента ў медыцынскім плане, так і для медыка ў юрыдычным. Трэба памятаць, што чым больш дбайна яна будзе аформлена, тым меншыя юрыдычныя рызыкі могуць узнікнуць пасля.