Мы дамовіліся сустрэцца бадзёрым туманным ранкам на Мінскім моры. Я крочыла па бязлюднай дарозе і думала, што мяне чакае самае незвычайнае інтэрв’ю ў жыцці. А для ўрача-нефролага Іны Субоцінай быў звыклы выхадны дзень. Заўзятая птушкарка, яна ўжо абрала зацішнае месца на беразе, каб пачаць сваё захапляльнае фотапаляванне.
Вясна
Прырода заўсёды вабіла Іну Субоціну. Дзядуля і тата пачалі браць дзяўчынку ў лес гадоў з трох. Разам збіралі грыбы і ягады, назіралі за ляснымі насельнікамі. З самага маленства мудрыя дарослыя навучылі Іну бачыць, чуць і адчуваць прыроду. І гэта стала яе любімым хобі на ўсё жыццё.
Пэўны час Іна Субоціна нават марыла стаць біёлагам-арнітолагам, каб зрабіць назіранне за птушкамі сваёй прафесіяй. Але ў сёмым класе прачытала «Ракавы корпус» Салжаніцына і цвёрда вырашыла ісці ў медыцыну. Сёння яна працуе ўрачом-нефролагам аддзялення гемадыялізу 1-й ГКБ Мінска.
Іна Субоціна:
Свой першы фотаапарат Кonicа я набыла за ўласныя грошы ў сёмым класе. Спачатку фатаграфавала сяброў, бацькоў, хатніх катоў, сабаку. Пазней пачала здымаць прыроду. У лесе мне падабаецца ўсё, нават камары. Ну як у гушчары без камароў!
Зрэшты, найбольшая любоў Іны Субоцінай — птушкі, прыгожыя, вольныя, імклівыя. Іншых насельнікаў лесу яна фатаграфуе пры выпадковай сустрэчы, а вось за птушкамі гатова выправіцца ў самы аддалены куточак краіны ў любую пару года. Фотапаляванне на іх — сапраўдны выклік для птушкаркі, а добры кадр — вялікая асалода.
Іна Субоціна:
Паглыбленае пазнанне птушак пачалося са школы бёрдвочынгу. Там я навучылася разбірацца ў дзвюх сотнях відаў, кожную птушку цяпер пазнаю па голасе. Ведаю шляхі іх міграцыі, месцы гнездавання, звычкі. І чым больш паглыбляюся ў птушыны свет, тым цікавей мне назіраць
і фатаграфаваць.
Вядома, больш за ўсё птушак вясной, калі яны дружна вяртаюцца з выраю. І як дачнікі ловяць кожную хвіліну, каб утыркнуцца ў зямлю, птушкары хапаюць фотакамеры і ўзіраюцца ў неба. Няма для іх нічога больш радаснага ўвесну, чым гаманлівыя птушыныя кліны, ключы, чародкі, караваны…
Іна Субоціна:
Некалькі гадоў таму ажыццяўляўся праект перасялення вельмі рэдкай вяртлявай чаротаўкі. У Спораўскім заказніку, што на Брэстчыне, птушанят забіралі з гнёздаў, выкормлівалі, кальцавалі і адвозілі на Віцебшчыну, у заказнік «Сэрвач». Калісьці вяртлявыя чаротаўкі вадзіліся там, але амаль звяліся, і стаяла задача засяліць іх у ранейшы арэал.
І вось арнітолагі папрасілі нас, птушкароў, дапамагчы ім адсачыць, ці вяртаюцца тыя перавезеныя птушкі з выраю ў «Сэрвач». Мы мусілі сфатаграфаваць акальцаваных птушак так, каб можна было прачытаць нумары кольцаў.
Гэта была нетрывіяльная задача. Каб падабрацца да вяртлявай чаротаўкі бліжэй і зрабіць якасны здымак, мне ў вялікіх рыбацкіх ботах давялося поўзаць па балоце з камерай у руках. Крыху запэцкалася. Але што не зробіш дзеля навукі!..
Я сфатаграфавала вяртлявую чаротаўку з кольцам на лапцы, і мы ўбачылі, што праект спрацаваў: птушкі прыжыліся на новым месцы. Але самае дзіўнае здарылася праз некалькі месяцаў. Таго самца вяртлявай чаротаўкі, якога я сфатаграфавала на Віцебшчыне, адлавілі па дарозе ў вырай у Францыі. Такі вось наш няўрымслівы вандроўнік. З нецярпеннем чакаем, што вясной ён вернецца дадому, у Беларусь».
Чырвонакніжная вяртлявая чаротаўка.
Лета
Іна Субоціна гаворыць, што немагчыма знайсці агульнае паміж яе працай і хобі. Гэта два розныя сусветы, два жыцці:
Іна Субоціна:
На працы я не думаю пра птушак, а ў лесе ці ў балоце стараюся не думаць пра бальніцу.
Яна прызнаецца, што не ўмее адпачываць дома, а таму ў кожны свой выхадны дзень выбіраецца на прыроду. Каб упаляваць добры кадр, гатова бясконца блукаць з камерай. У сярэднім за дзень праходзіць 13–15, а ў некаторыя дні — больш за 20 кіламетраў. Зразумела, можна было б сядзець дзе-небудзь у заказніку ў прыстасаваным дамку і чакаць, калі прыкормленыя птушкі ці жывёлы самі наблізяцца — бяры і фатаграфуй. Але Іне Субоцінай падабаюцца незапланаваныя моманты, калі сустрэча адбываецца знянацку. Тады ў майстра ёсць адно імгненне, каб сфатаграфаваць. І гэта ні з чым не параўнальная эмоцыя. Яе або ўдасца адлюстраваць у кадры, або яна застанецца толькі ў памяці,як яркая прыгода.
Вераб’іны сычык палюе на мыш.
Іна Субоціна:
Гэтым летам здарылася неспадзяваная сустрэча з самцом казулі. На досвітку, яшчэ стаяў туман, я ішла па Тураўскім лузе. А самец казулі спаў у лагчынцы, я яго не бачыла. У мяне, відаць, пад нагамі трэснула галінка, і ён пачуў. Падскочыў. Па гуках я здагадалася, хто мяне чакае, і ўмомант ускінула камеру. А ён выскачыў насупраць метраў за 6–8, аглядаецца. Я ж застыла, не варушуся. Калі на фоне ландшафту чалавек замірае, звер яго не заўважыць.
І самец казулі глядзеў мне проста ў вочы, гаўкаў (казулі гаўкаюць, як сабакі), спрабаваў высветліць, хто яго напалохаў. Ён быў так блізка, што я нават бачыла мох на ягоных рожках. І я ў захапленні здымала, балазе, камера працуе амаль бязгучна. Звер пагаўкаў, паазіраўся па баках, а потым развярнуўся і пайшоў па сваіх справах.
Неспадзяваная сустрэча з самцом казулі.
Восень
Аддзяленне гемадыялізу няпростае, тут аказваюць дапамогу пацыентам з тэрмінальнай стадыяй хранічнай нырачнай недастатковасці. Людзі ездзяць на працэдуру месяцамі і нават гадамі. Многія стаяць у чарзе на перасадку ныркі.
Іна Субоціна:
Якраз учора аднаго свайго пацыента праводзілі на аперацыю. На жаль, ёсць і тыя, хто не пагаджаецца на перасадку. Розныя прычыны. Некаторыя баяцца, а некаторыя адмаўляюцца з-за рэлігійных перакананняў. Мы спрабуем размаўляць з такімі людзьмі, але яны катэгарычна супраць. У той жа час вельмі радуе, калі пасля аперацыі нашы пацыенты заходзяць павітацца і падзякаваць за «супрацу». За тое, што ім дапамаглі дачакацца донарскай ныркі і далі шанс на паўнавартаснае жыццё.
У небе за аблокамі самотна крычаць гусі. Але тут, у лесе і на вадзе, кіпіць жыццё. Іна Субоціна толькі і паспявае ўскідваць фотаапарат: дразды, чыжы, гілі, уюркі, сінічкі-апалонікі… Я і падумаць не магла, што Мінскае мора — такі птушыны рай. Пазней, калі мы ўжо развіталіся, наша гераіня ўвогуле ўпалявала даволі рэдкага нырка-плёсаўку.
У Іны Субоцінай свая методыка назіранняў: спачатку яна рэагуе на птушыныя галасы і толькі потым заўважае птушак. Насамрэч, гэта няпроста. Як і ў музыцы, тут патрэбны тонка настроены слых. Багаты досвед дапамагае птушкарцы нават праз грукат цягнікоў пачуць свіст, спевы і шчабятанне, каб адразу за гэтым убачыць рух у кронах дрэў ці ў хмарным небе і разгледзець там абъект для здымак.
Чароўны партрэт качкі-крыжанкі.
Іна Субоціна:
Мне цікава не толькі сфатаграфаваць, а злавіць рэдкі ракурс. Люблю яркія, дынамічныя кадры, дзе птушка не проста ся-дзіць ці ляціць. У яе можа быць нейкі асаблівы позірк ці яна лапку або крыло паставіла інакш — і тады фота ажывае…
Іна Субоціна можа цэлы дзень паляваць, зрабіць сотні кадраў, але ў выніку застаецца толькі некалькі лепшых. Затое здараюцца сапраўдныя шэдэўры.
Палявы верабей прымае водныя працэдуры.
Іна Субоціна:
Мае любімыя птушкі — совы, у Беларусі іх больш за 10 відаў. І дарэчы, за імі неабавязкова назіраць ноччу. У мяне ёсць здымкі вераб’інага сычыка (гэта наша самая маленькая сава). У парку «Дразды» ў ясны дзень ён паляваў нав мышэй. Я доўга цікавала за гэтым сычыкам, і ў выніку ён зразумеў, што пагрозы з майго боку няма.
І вось бачу, як раптам ён спікіраваў на зямлю і пачаў як быццам прытанцоўваць. То крыламі ўзмахне, то прысядзе, то падскочыць. Лапкі патаналі ў лісці, і мне было нябачна, што там робіцца. Але я змагла наблізіцца. Праз некалькі імгненняў мой сычык узняўся з мышшу ў лапках, крыху папазіраваў мне на галінцы і паляцеў абедаць. Таксама мне ўдалося сфатаграфаваць вельмі рэдкую даўгахвостую кугакаўку.
Гэта паўночны від, але часам у сваіх вандроўках залятае і да нас. Птушка проста днявала ў парку. Была магчымасць падыйсці бліжэй і зрабіць кадры, пра якія можна толькі марыць. Барадатая кугакаўка жыве пераважна ў паўднёвых раёнах Беларусі, у гушчарах. Але яна не надта пужлівая птушка, я зрабіла яе амаль што партрэтныя здымкі. У Мінску ёсць некалькі лакацый, дзе сустракаецца вушатая сава, яе таксама можна сфатаграфаваць удзень. А вось за махнаногім сычом давялося адмыслова ехаць у Віцебскую вобласць. Ёсць яшчэ вельмі рэдкая бярозавая сава, але я яе ніколі не бачыла.
Даўгахвостая кугакаўка ў сталічным парку «Дразды».
Зіма
Узімку ўмовы для фатаграфавання больш складаныя, найперш для тэхнікі. На вялікім марозе хутка садзіцца акумулятар. А пры высокай вільготнасці ёсць рызыка, што запацеюць лінзы і элементы ўнутры аб’ектыва, можа з’явіцца кандэнсат.
Іна Субоціна:
Я фатаграфую і ў мароз. Каб не было вялікіх перападаў тэмпературы, па дарозе ў лес устанаўліваем у салоне машыны 13 градусаў цяпла. Не надта камфортна, затое потым камеры працуюць.
Праўда, у вялікі мароз у фатографаў моцна мерзнуць пальцы, і з гэтым нічога не зробіш. У пальчатках абавязкова павінны быць дзірачкі, інакш немагчыма тонка адчуваць кнопку фотаапарата.
Іна Субоціна:
Аднойчы мы ведалі, што будзе мароз, але не меркавалі, што такі моцны. Прыехалі ў лес, сядзім у машыне і не ведаем, што рабіць: за вакном мінус 29 градусаў. Але ўсё роўна пайшлі здымаць. Потым, праўда, крыху пацяплела: стала мінус 26…
Наша гераіня пераканана: назіраць і фатаграфаваць птушак — адно з самых прыемных хобі. Паспрабаваць сябе ў гэтай справе можна ў любы момант, у тым ліку зімой, калі ў пошуках ежы птушкі ляцяць бліжэй да чалавека.
Іна Субоціна:
Многія людзі падкормліваюць птушак у парках, але пры гэтым вельмі важна рэгулярна напаўняць кармушкі. Птушкі прывыкаюць да месца і разлічваюць, што ў мароз ім будзе дзе падсілкавацца. Калі ў кармушцы заканчваецца ежа, яны будуць чакаць побач, а пазней проста не паспеюць пераляцець у іншае месца. Людзям трэба памятаць пра гэта і ўжо цяпер запасацца зярняткамі для птушак. За рэдкай птушкай не заўсёды трэба ганяцца па ўсім свеце.
Напрыклад, чорная варона ў іншых краінах ёсць, а ў Беларусі яе амаль ніхто не бачыў. Я гады тры марыла яе знайсці. А яна сама мяне знайшла! У Тураве пасярод горада я сядзела на ганку, а яна прыляцела на дах суседняга дома.
Чорная варона.
І зноў вясна
Іна Субоціна ездзіць на здымкі круглы год. Яе праца складаная, і менавіта прырода дапамагае ёй аднавіцца і назапасіць сілы. А птушкі заўсёды дораць добры настрой.
Яна рана ўстае і позна кладзецца спаць. Гаворыць, каб адпачыць, дастаткова пяці гадзін. Быццам сама прырода кампенсуе ёй недахоп сну. А квіток на цягнік дзейнічае як будзільнік.
Сёння ў альбоме Іны Субоцінай 278 відаў птушак. І я падумала, а колькі ж ведаем мы?
Вераб’іны сычык упаляваў мыш.
Іна Субоціна:
Усяго ў Беларусі 342 віды птушак. Праўда, некаторыя з іх маглі быць заўважаны толькі адзін раз. Напрыклад, пелікан. Ці арлан-даўгахвост, я бачыла яго аднойчы. Увогуле ён жыве ў Цэнтральнай Азіі, за тысячы кіламетраў адсюль. Нейкі малады вандроўнік. Як ён тут апынуўся?
У фотамастачкі ўжо былі дзве персанальныя выставы. Ёй асабліва прыемна, калі некаторых птушак людзі бачаць упершыню. Заўсёды дзівяцца: «Гэта ў нас у Беларусі такая прыгажосць?!»
Іна Субоціна:
Здавалася б, усе ведаюць дзятла, але ў нас іх 10 відаў — розных! Зразумела, што дзятлы дзяўбуць старыя дрэвы. Здараецца, яны дзяўбуць старыя драўляныя слупы. Але аднойчы я бачыла, як дзяцел спрабаваў дзяўбсці… бетонны слуп. Птушкі сапраўды дзівосныя стварэнні, і мне ніколі не надакучыць назіраць за імі.
Аднойчы ў мяне была неспадзяваная сустрэча з дзікай свіннёй і яе парасятамі. Перад гэтым ішлі казулі, і тут мой слых злавіў іншы гук. Я спынілася, каб прыгле-дзецца, і дзікі з’явіліся проста перада мной. Я разумела, уцякаць няма калі і няма куды. Да бліжэйшых дрэў метраў восем.
Я проста стаяла нерухома, і свіння таксама спынілася, толькі рохкала. І тады ў галаве мільганула: «Што ж ты стаіш?! Здымай, губляць ужо няма чаго!» Камера зручна вісела на шыі, і я ціхенька націснула на кнопку.
Праз момант дзічыха развярнулася і павяла парасят у гушчар. Іх многа, ідуць чаргой, а я думаю, калі ж вы скончыцеся, бо не магла нават вейкамі паварушыць. Насамрэч, было вельмі страшна. Тады думала, што больш у той лес не пайду. Але не, на другі дзень пайшла зноў. Звяры і птушкі тут жывуць, гэта іх дом. А я ў іх у гасцях».
Тая самая дзічыха.