Цяпер ён найперш вядомы як урач Элізы Ажэшкі, і толькі з яе сціплых згадак, раскіданых па лістах да розных асоб, сабраўшы ўсе запісы разам, атрымліваем партрэт. Выходзіць, што глядзім на яго вачыма пацыенткі-пісьменніцы. Нават прыжыццёвая прэса, пішучы пра паўвекавы юбілей прафесійнай дзейнасці гэтага доктара, фотакартачкай не разжылася…
Аднойчы ў Гродне
Вясна 1900 года для Элізы Ажэшкі аказалася вельмі няўдалай. Нягоды пачаліся адразу па вяртанні з Белавежы, дзе яна адзначыла Вялікдзень і правяла сапраўды шчаслівыя дні. Калі б не вясельныя клопаты, забавілася б даўжэй у любімым месцы, у сардэчных прыяцеляў, але выхаванка Ядвіся, адна з тых «круцёлак», якія складаюць яе «фрауцымер», адна з «пералётных птушак, якія сёння ёсць, а заўтра ляцяць далёка, забываючы пра сцены, у якіх падрасталі, і пра сэрца, якое іх сагравала», акурат вылятала з гнязда.
Нарачоны панны Ядвісі, доктар медыцыны Рышард Куніцкі, прыехаў у Гродна за чатыры дні да вянчання. Гэта быў яго першы візіт у вядомую кожнаму гродзенцу шэрую хатку.
Пані Элізе, гаспадыні хаткі, малады спадабаўся. Ёй і раней пра яго распавядалі добрае, але асабістае знаёмства справа іншая, а яно пераўзышло ўсе чаканні. Разумны, інтэлігентны, сціплы. І ў стасунках просты, і тварам прыемны, у вачах энергія, на вуснах лагода. Трэба ведаць, якую надзвычайную сімпатыю Эліза Ажэшка ўсё жыццё праяўляла да ўрачоў наогул, а тут яна мела справу з напаўлегендарнай асобай. Мала таго, што гэта той самы Куніцкі, які ўжо стаў на рэвалюцыйны шлях і ўвойдзе ў гісторыю яркім удзельнікам сацыялістычнай партыі, дык гэта яшчэ і чалавек, на чыіх вачах даследавалася рэчыва, якое назавуць адрэналінам.
У студэнцкія гады Куніцкаму пашанцавала быць асістэнтам прафесара Цыбульскага. Напалеон Цыбульскі, ураджэнец беларускай зямлі, піянер эндакрыналогіі і электраэнцэфалаграфіі, адкрыў гэты гармон, назваўшы яго, праўда, наднырчынай, у адзін час з фізіёлагамі і хімікамі розных краін і незалежна ад іх. Тады адразу некалькі вучоных з розных лабараторый свету займаліся гэтай праблемай.
Але Рышарду Куніцкаму пашчасціла быць яшчэ і вучнем Ода Буйвіда, бактэрыёлага, а той практыкаваўся ў самога Луі Пастэра і быў знаёмы з Робертам Кохам. І вось гэты неардынарны малады чалавек у Гродне і так прыязна прыняты ў доме літаратурнай зоркі (толькі на гэтым тыдні Ажэшку атакавалі два перакладчыкі — на англійскую і італьянскую), і мала таго, дык яшчэ менавіта з гэтага дому ён бярэ сабе жонку.
Вось яны з Ядвісяй ужо ў касцёле. А дзе ж пані Эліза?..
Траўматычны вясельны перапалох
Рыхтуючыся да сустрэчы гасцей, пакаёўка так наваскавала падлогу ў шэрай хатцы, што паслізнуцца на ёй нехта павінен быў абавязкова. Паслізнулася гаспадыня, якая спяшалася насустрач чарговаму госцю. І так моцна выцялася, так пабіла нагу, што не змагла на яе ступіць і праз тое ў касцёл, на вянчанне сваёй птушачкі, сваёй выхаванкі Ядвісі не трапіла.
Потым стала ёй трохі лягчэй, але доктар Замкоўскі, які лечыць пісьменніцу ўжо 20 гадоў, наадрэз забараніў ёй выходзіць з дому. Англійскаму перакладчыку, што паспяшаўся прыехаць у Гродна з жонкай, давялося ў візіце адмовіць — так і паехаў небарака ні з чым, ад роспачы зблытаўшы каштаны каля дома пісьменніцы з соснамі, як ён іх назваў у сваіх мемуарах. А пані Эліза, якая, ледзь ад’ехаўшыся ад Гродна, па сваіх каштанах сумуе, цяпер не выходзіць нідзе далей ганку, не дыхае свежым паветрам, хоць з яе хворым сэрцам гэта жыццёвая неабходнасць. Доктар Замкоўскі кажа, што некалі нага пройдзе, але няскора, бо падобна на разрыў сухажылля.
Пісьменніца жаліцца ў лісце сябру Ігнацыю Бараноўскаму: бяда, маўляў, хадзіць не магу. А той таксама ўрач і раіць ехаць да яго ў Варшаву, дзе можна знайсці спецыяліста для курса масажу. Але няма як ёй у тую Варшаву ехаць, бо іншая птушачка з яе гнязда пачала непакоіць яе сваім кашлем. Бядачка яшчэ і страціла апетыт, і пані Эліза перажывае, быццам родная маці, баіцца, каб хаця не былі гэта сухоты. Калі доктар Замкоўскі за два тыдні не дасць рады, то выправіць яна паненку, так і быць, да доктара Бараноўскага, каб той ужо яе ратаваў. Пяць гадоў выпястоўвала птушачку пад сваім дахам, выхоўвала і вучыла — і вынікам задаволена, таму чакае, каб і яе напаткаў добры лёс, каб трапіўся і ёй харошы чалавек, як Ядвісі…
Як склаўся лёс той паненачкі і як яе звалі, цяпер невядома, важней, што здароўе выхаванкі непакоіла Элізу Ажэшку больш, чым здароўе ўласнае, і калі доктара Замкоўскага называюць шматгадовым сямейным урачом Элізы Ажэшкі, то слова «сямейны», пры тым, што Ажэшка сям’і не мела, не гучыць недарэчна. «Паколькі сям’і не маю…» — так яна і гаварыла, калі пачынала расказваць пра «самых блізкіх і дарагіх», якія замянялі ёй сям’ю.
Разумны, добры, мілы чалавек
Калі праз прозвішча Замкоўскі цябе як толькі не называюць — і Замак, і Замкаў, і Замчык, і Замачак, — то гэта можа значыць толькі тое, што ў рэшце рэшт і значыць: што цябе вельмі любяць у горадзе, у якім ты рашыў пасяліцца не таму, што ў ім ёсць аж два замкі, а таму што гэта радзіма тваёй любімай нябожчыцы-маці.
Доктар Генрык Замкоўскі, ён жа Гірш Замкаў, які пражывае на вуліцы Замкавай у доме пад нумарам 2, нарадзіўся ў 1852 годзе ў Навагрудку ў беднай яўрэйскай сям’і. Беднасць не перашкода, калі хочацца наталіць прагу ведаў, таму ён, скончыўшы 18-гадовым юнаком школу ў Коўне, трапляе ў Берлін, дзе 5 гадоў спасцігае медыцыну, а потым пацвярджае замежны дыплом у Расійскай імперыі — бліскуча здае дзяржаўныя іспыты ва ўніверсітэце Святога Ула-дзіміра ў Кіеве. 1876-ы — год, якім датуецца пачатак яго ўрачэбнай кар’еры.
У Гродне яму даводзіцца адразу ж заняцца прыватнай практыкай, бо, як піша незабыўны даследчык гродзенскай медыцыны Фёдар Іванавіч Ігнатовіч, да 1913 года тут было толькі 6 месцаў для штатных урачоў.
Шырокая прыватная практыка маладога доктара спрыяе таму, каб аднойчы яго калега пачуў ад пацыента: «Навошта ехаць у Варшаву, маючы ў Гродне Замкоўскага», а газеты назвалі яго папулярным, паспяховым і знакамітым. Вось і пацыентка Ажэшка хоць і жаліцца на свой стан Бараноўскаму ці каму там яшчэ, а доктару Замкоўскаму давярае.
«Доктар Замкоўскі раіць паменшыць дозу страфанту (як жа назва гэтага лякарства нагадвае паэзію!) і пачаць прымаць нейкі парашок жалеза. Выконваю ўсё дакладна», — чытаем у чарговым лісце. «Вельмі мы паважаем і любім гэтага разумнага, добрага, мілага чалавека», — піша яна пра свайго вернага доктара, які быў побач у самых роспачных і безнадзейных выпадках. Калі адвакат Нагорскі, другі муж пісьменніцы, выехаўшы з ёй на ўсё лета на вёску, моцна, небяспечна захварэў (вострае запаленне бронхаў, спалучанае з ангінай і тыфоіднай ліхаманкай) і 26 дзён знаходзіўся паміж гэтым і іншым светам, то ўсе 26 дзён доктар Замкоўскі не адыходзіў ад хворага. Ці выжыў бы пан Нагорскі, калі б не гэты клопат шаноўнага Замка? З той пары ён часта летам госцюе ў іх на вёсцы. То ў Нёмане ловіць пяскарыкаў (яны з адвакатам Нагорскім заядлыя рыбакі), то ходзіць па лесе, то цэлымі гадзінамі дыскутуе пра разныя справы грамадства і мясцовага люду. «Толькі ў адным мы не можам ніяк з ім сысціся, — бядуе пісьменніца, — той струны, якая ў нас самая гучная, у ім няма зусім…»
Ягня ў горадзе львоў
«Гэта можна прыпісаць адукацыі, атрыманай за мяжой, і, хто ведае, ці не надзвычайнаму інтэлекту, які сягае ў далёкую будучыню чалавецтва, калі мячы будуць перакаваныя на плугі і ягнятка бяспечна засне каля льва, а немаўля будзе спаць у змяіным гняз-дзе», — тлумачыць пісьменніца дзіўную міралюбівасць Замкоўскага, адсутнасць у ім хоць якога бунтарскага духу, характэрнага для перадавых прадстаўнікоў іх грамадства, у якім «ягняты могуць ператварацца ў львоў, а немаўляты становяцца змеямі».
У 1903 годзе нехта ў Гродне пусціў страшную, брудную, бессаромную пагалоску: быццам доктар Гірш Замкаў, «знямечаны яўрэй», забіў хрысціяніна, каб атрымаць яго кроў для прыгатавання мацы. Доктар быў тады за мяжой на лячэнні, якое быў вымушаны перарваць і вярнуцца дадому. «Горад, для якога ён доўгія гады працаваў, многіх бедных лячыў бясплатна і нікому ніякага зла не зрабіў і рабіць не жадае, на схіле дзён абвінаваціў яго ў марадзёрстве», — напісала знакамітая пацыентка, чыё абурэнне не мела межаў. Падзея атрымала нават назву — «крывавы нагавор».
А доктар Замкоўскі атрыманую ад горада крыўду вельмі хутка забыў і працягваў лячыць, ратаваць яго жыхароў, арганізоўваць для іх шпіталі і кіраваць шматлікімі саюзамі, таварыствамі, камісіямі, камітэтамі, чыя дзейнасць была звязана не толькі з аховай здароўя. Нават паліцэйскі камісарыят не праміне адзначыць яго як актыўнага грамадскага дзеяча. Тут ён з халерай змагаецца, тут засноўвае гарадскі прафсаюз урачоў, тут уваходзіць у камітэт па будаўніцтве помніка Элізе Ажэшцы — на ўсё яго хапае. «А Замкаў? Ах гэты Замкаў! — будзе захапляцца ў паэме «Сага пра Гродна» ксёндз Саванеўскі. — Колькіх жа ён павылечваў з тых, каму ўжо здавалася, што ўсё страчана, а колькі ён кніг пазнявечваў сваім чытаннем, і без канца штудыраваў навейшыя выданні».
Толькі той, хто ведаў доктара асабіста, хто меў магчымасць з ім гаварыць, разумее, пра што гэта…
«Замчык дазволіў выпальваць па сем на дзень»
«Знямечаны яўрэй», па-польску ён гаварыў вельмі кепска. Відаць, гэтую асаблівасць і засведчыў іранічны аўтар паэмы, калі напісаў пра кнігі, «знявечаныя» доктарам праз чытанне. Цяжка паверыць, што інтэлектуал з імем Генрык Замкоўскі, на польскі лад, не мог у размове з пацыентам-палякам правільна пабудаваць сказ, але так і было. Эліза Ажэшка расказвала, як ён карыстаўся займеннікамі — супраць правіл (паводле якіх я, мы, ён, яна, яны не прамаўляюцца, бо «ўпісаныя» ў канчаткі дзеясловаў), і ў прысутнасці яе, сваёй пацыенткі, якую лячыў ад слыхавых галюцынацый (было, што яна чула ўночы то музыку, то звон, то шоргаты і крокі, якіх у рэальнасці не існавала), выгаворваў хатнім, якія скардзіліся на яе нервы: «Калі б ЯНА такіх нерваў не мела, дык ЯНА б так не пісала».
Часткова з-за нерваў, але і па іншых прычынах, якіх даследчыкі налічылі не менш як паўтузін, Эліза Ажэшка паліла папяросы. Калі ўкладала іх у пальцы гераінь, то з асуджэннем і як прыкмету вульгарнасці і разбэшчанасці, а сама тым часам паліла як апантаная. Даследчыца Магдалена Крэфт, маючы на ўвазе такую дваістасць, выказалася маляўніча: «Ажэшка ад нас схавана за густым папяросным дымам» і «Пакінем яе ў гэтым дыме». Пакінем. Але спачатку трэба сказаць, як ставіўся да гэтага дыму, да гэтай небяспечна шкоднай звычкі сваёй пацыенткі-сардэчніцы доктар Замкоўскі. «Мая даражэнькая, — піша пані Эліза кампаньёнцы Марыні Абрэмскай, — прышлі з Баўтрамеем сотачку папярос, бо заўтра ў мяне ўжо не будзе ніводнай. Замчык дазволіў выпальваць па сем на дзень».
Мудрасць у тым, каб дазволіць, не заба-раніць. Бо забарона не стрымлівала б пацыентку, дзейнічала б наадварот.
Доктар Генрык Замкоўскі быў адным з тых урачоў, якія, змяняючы адзін аднаго, дзяжурылі каля ложка Элізы Ажэшкі ў яе апошнюю вясну. Хвароба сэрца падступіла ўшчыльную і мучыла частымі цяжкімі прыступамі. Зноў пісьменніца мусіць не пакідаць шэрай хаткі. Нікуды далей за ганак. Паслухмяная пацыентка знаходзіць сілы жартаваць, называючы ложак домам, а тры крокі да крэсла — шпацырам.
Раніцай 18 мая 1910 года любімы Замчык прыбыў у шэрую хатку, выкліканы тэлефонным званком, і разам з дактарамі Тальгеймам і Шумкоўскім распачаў рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія, аднак, гэтым разам ужо не дазволілі вырваць пісьменніцу з кіпцюроў смерці. А 9-й, пасля дзвюх гадзін адчайнага змагання, Замчык убачыў на твары дарагой пацыенткі прасвятленне і пачуў яе цалкам усвядомленае: «Паміраю».
Да апошняга ўздыху
У сакавіку 1926 года грамадскасць Гродна адзначыла 50-годдзе ўрачэбнай дзейнасці доктара Генрыка Замкоўскага. Усе 50 гадоў — у Гродне. Быў адлучыўся ў час руска-турэцкай вайны «ў глыб Расіі», але неўзабаве вярнуўся — лекарам гродзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа. Урач-ардынатар яўрэйскага шпіталя, сябра Таварыства лекараў Гродзенскай губерніі, арганізатар гарадскога прафсаюза лекараў, член камісіі па барацьбе з халерай, член медыцынскай палаты ад дэмакратычнага выбарчага камітэту, арганізатар і старшы лекар шпіталяў. Жыве на Замкавай, валодае домам на Кірхавай.
Якая ў яго сям’я? У юбілейнай газетнай нататцы самым першым згадваецца зяць, прафесар Харкаўскага ўніверсітэта, другім — сын, дацэнт таго ж універсітэта, трэцім — другі зяць, ужо памерлы вядомы венгерскі мастак, затым ідзе згадка пра тую дачку, якая ўжо ўдава, — яе называюць вядомай скрыпачкай, але не называюць імя.
Зяцем-мастаком быў Золтан Чакторняй, «адна з самых любімых фігур у свеце мастацтва», «найвялікшая надзея венгерскага жывапісу», як пісала прэса, паведамляючы пра яго трагічную, недарэчную гібель. Ён стаў ахвярай спрэчкі: хто здолее напаіць няп’ючага мастака? Моцнае алкагольнае атручванне спыніла сэрца. Засталіся ўдава і малыя дзеці. Вікіпедыя піша, што з жонкай ён пазнаёміўся ў Парыжы, што была яна скульптарам, а не скрыпачкай, і што ён яе вельмі цаніў. Як яе звалі — не піша.
Імёны абедзвюх дачок і сына доктара Замкоўскага ў юбілейнай публікацыі таксама адсутнічаюць, імя зяця-прафесара скарочана да адной літары. Але прафесар Браўнштэйн з Харкаўскага ўніверсітэта — не тая асоба, каб згубіцца ў гісторыі.
Яўсей Пінхусавіч Браунштэйн і ў сённяшнім Харкаве не забыты. Прафесар-акуліст адкрыў там у 1898 годзе клініку, у якой хворыя лячыліся, а ўрачы вучыліся. Гэта было нешта накшталт клінічнай ардынатуры для земскіх урачоў. Жонку яго звалі Марыя, мелі яны сыноў Мікалая і Аляксандра. Мікалай, старэйшы, стаў афтальмолагам, як бацька і дзядзька (сын доктара Замкоўскага Якаў таксама даслужыўся ў Харкаве да прафесара), а малодшы Аляксандр — біяхімікам. Вучань легендарнага Энгельгардта, Аляксандр Браунштэйн таксама стаў акадэмікам. Жыў у Маскве. Яго візіты ў Гродна, дзе з 1970-х квітнела біяхімічная школа, не зафіксаваны. Вядома, што за свае даследаванні ён вылучаўся на прэмію Нобеля. Гродзенскія біяхімікі, згадваючы такога вялікага вучонага, мо і не ведаюць, што ў Гродне на Замкавай да лютага 1933 года, да свайго апошняга ўздыху, жыў яго родны дзед.