Дом яго, аздоблены карункамі ліштваў, стаіць у зацішным куточку вёскі Лявонпаль, што на Міёршчыне. Доктар даўно не жыве, дом мае новых гаспадароў, але гэту гісторыю трэба пачаць менавіта адсюль…

На гарышчы гэтага дома былі знойдзены і адпраўлены ў музей тры прадметы: чайнік, кубачак і падсвечнік. Самыя звычайныя рэчы, якія належалі не самаму звычайнаму чалавеку. Праз апошнюю акалічнасць, а таксама праз тое, што гаспадар займаўся лячэннем людзей, чайнік стаў сімвалам нястомнасці ды ўнутранай сілы, кубак ператварыўся ў гіпакратаву чашу, а падсвечнік мае сімвалізаваць той факел, якім асвятляецца ў медыцыне шлях ведаў. «У Лявонпалі жыў такі ратаўнік, які лячыў не толькі звыклымі сродкамі, але і чароўнымі лекамі сваёй шчырай душы і натхненнем сэрца», — так пра героя гэтай гісторыі адгукнуўся яго зямляк і хрэснік Сяргей Панізнік.
На самой справе Леў Іванавіч Кураш быў фельчарам. Але фельчар у вёсцы — той самы ўрач. Так паэт пра яго і піша ў сваім успаміне: урач Лявонпальскай участковай бальніцы.
«Не было ў яго ніякай апаратуры, як цяпер ёсць, але ён адразу вызначыў, што са мной»
— Ён фельчар, так. Але ў яго быў дар. Ён быў доктар ад Бога. Так, бывае, гавораць і пра сённяшніх урачоў. Пра такіх, якія хочуць у сваёй справе ўсё ведаць, да ўсяго дакапацца, каб толькі здолець чалавеку памагчы. Вось ён быў такі: хацеў памагаць лю-дзям і для гэтага ведаць усё, — гаворыць жыхарка Лявонпаля Лідзія Уладзіміраўна Качан.
Яна больш за ўсіх памятае гэтага доктара, што «як доктар у вёсцы рабіў усё — і роды прымаў, і лячыў».
— Ад мамы помню: калі нешта ў некага баліць, трэба бегчы да Кураша — выратуе толькі ён. Гэта была наша хуткая дапамога. Быў выпадак, калі ён мяне паставіў на ногі. Я тады была яшчэ школьніцай, мне гадоў пятнаццаць было.
У канцы жніўня, напярэдадні навучальнага года выбраліся мы з сяброўкай у Дрысу (так тады Верхня-дзвінск называўся) купляць падручнікі. Аўтобусы ў нас не хадзілі, мы пайшлі пешшу. Напрамкі ад нас гэта каля дзесяці кіламетраў.
А лета было цёплае-цёплае! І ў жніўні стаяла яшчэ цеплыня. Купілі мы падручнікі і назад пайшлі. Разгарачымся, успацеем, стомімся — ляжам, на зямлі паляжым і далей ідзем. Сяк-так дайшлі. Дома я легла адпачыць, а падняцца не змагла: ногі не трымалі і рукі не дзейнічалі. Як паралізаваная. Мама напалохалася і пабегла да Кураша. Ён адразу прыйшоў, агледзеў мяне, распытаў. Не было ў яго ніякай апаратуры, як цяпер ёсць, але ён адразу вызначыў, што са мной. Сказаў, што я магла зусім не дайсці да дому, бо нельга, разагрэўшыся, класціся на сырую зямлю. І прыходзіў да мяне штодня цэлы ты-дзень. Прыносіў з сабой у паперцы шэранькі парашок, казаў, каб я абавязкова яго піла. А я яго як вып’ю — усё вакол мяне пачынае круціцца. Так непрыемна... Ён настойваў, што трэба піць, іначай не ўстану. Потым ужо мама пачала да яго па гэтыя парашкі хадзіць. І так пакрысе, паступова я паднялася на ногі. І цяпер яшчэ добра на іх стаю. А мне 90 гадоў.
Лідзія Уладзіміраўна ўспамінае, як у 1944-м (ёй было тады 8) пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў у Лявонпалі засталіся пустыя дамы. Гэта былі хаты яўрэяў. У адной з такіх хат абсталявалі бальніцу. Таццяна Кліманская, загадчыца Лявонпальскага цэнтра культуры і вольнага часу, гаспадыня музея радзімазнаўства (таго самага, дзе захоўваюцца цяпер прадметы з гарышча дома доктара Кураша), гаворыць, што была там і аперацыйная, і радзільная зала. І цяпер гэты дом стаіць…
Леў з Лявонпаля
Ён быццам названы ў гонар мясціны, якой усё жыццё праслужыў. На самай справе, Лявонпаль названы ў гонар іншага «льва» — Леона ці Лявона Лапацінскага, які тут ніколі не жыў, бо памёр за трыццаць гадоў да таго, як яго сын, брэсцкі ваявода Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, купіў у Полацкім ваяводстве, на беразе Дзвіны маёнтак Чурылавічы і даў яму новую назву. Ён і па сёння тут стаіць, захоўваючы барочную веліч і, як прынята казаць, сляды былога хараства — палац 18-га стагоддзя, акружаны маляўнічым паркам з ліпавымі прысадамі і рэшткамі брам. Іх тут было расстаўлена не менш як паўтузіна — «для зручнасці перамяшчэння па саду і парку». Апошні ўладальнік палаца Эўзебіуш Лапацінскі быў рамантычным збіральнікам даўніны і даследчыкам нашай гісторыі. Вялікая яго заслуга — у захаванні дакументальнай спадчыны. У 1911 годзе ён паехаў адсюль, з Лявонпаля, каб займацца гістарычнай навукай, учытвацца ў рукапісы бібліятэчных калекцый і стаць ратавальнікам нашых старых папер з Віленскага архіва, якія, калі б не ён, былі б незваротна страчаны.
Сусвет часам любіць дражніцца ўсялякімі супадзеннямі. У тым жа 1911 годзе пакінуў Лявонпаль і 17-гадовы юнак Леў Кураш — каб за-своіць у Вільні медыцынскія веды і стаць ратавальнікам для землякоў.
«Каб ну хоць трошачкі быць падобным»
Ва ўспамінах Сяргея Панізніка сцэнка, у якой яго бацька Сцяпан запрашае доктара Кураша стаць хросным для нованароджанага сына, выглядае як маляванка — нават нягледзячы на тое, што падзея адбывалася ў 1942 годзе, калі гэтыя землі праз акупацыйны рэжым называліся Остландам.
«Рашучы бацька Сцяпан, — піша Сяргей Панізнік, — запрог каня і адправіўся ў Лявонпальскую царкву Святой Тройцы». Ехаў туды ён з Бабышак. Прамінуўшы вёску Смулькі і рэчку Волту, на якой стаяў млын Юзіка Пяткевіча, ён прыкмеціў мужчыну, які нёс з млына невялічкі мяшэчак з мукой.
Паводле народнага звычаю чалавека, які сустрэўся па дарозе ў царкву, просяць быць хросным бацькам. «Кураш Леў Іванавіч, урач Лявонпальскай участковай бальніцы, адразу згадзіўся», — піша Панізнік. Прамінулі гады — і хрэснік «лявонпальскага хвельчара» паступіў на фельчарскае аддзяленне Магілёўскага медыцынскага вучылішча.
Старэйшая на дзесяць гадоў сястра Сяргея Панізніка Ніна расказвала маленькаму браціку пра падзеі, якія адбываліся ў іх сям’і да яго нараджэння і ў якіх героем быў доктар Кураш: сястрыца Валя пражыла паўгода, памерла ў канцы 1938-га, а сястрыцы Лізы, народжанай у 1939-м, не стала праз няпоўныя два гады. Доктар Кураш мог бы яе выратаваць, але ў калгасе ішла пасяўная кампанія і бацьку не далі каня, каб адвезці дзіця ў Лявонпаль.
«І лекар не змог дапамагчы: у яго ровар канфіскавалі. А калі бацька выпрасіў каня, Лізу павезлі, але каля мельніцы ў Смульках яна памерла. Сястра Ніна была ў роспачы. У яе пачаўся дыфтэрыт, пакуты ад удушша. Спрытны бацька рознымі спосабамі дамогся каня. Завезлі Ніну ў Лявонпальскую лякарню. Кураш ратаваў яе жыццё. Ніна прыпамінала яго ўколы, увагу, супакаенні... Вось чаму пасля заканчэння Лявонпальскай школы я апынуўся ў Магілёве, каб вывучыцца на фельчара, каб ну хоць трошачкі быць падобным да хроснага бацькі — Кураша Льва Іванавіча».
Фельчар Кураш і фельчар Панізнік як калегі сустрэліся толькі раз ды і тое не пры прафесійных абставінах. Сяргей Панізнік напісаў у раённую газету артыкул пра свайго хроснага, а потым наведаўся ў Лявонпаль да далёкай радні — цёткі Лесцініхі, чыя сядзіба акурат суседнічала з домам Кураша. Тады Леў Іванавіч і падзякаваў хрэсніку за такую ўвагу і памяць.
«Хавалі яго ўсім Лявонпалем»
У музеі ёсць яшчэ два партрэты — мужа і жонкі Курашаў. Пры ўзіранні ў першы чуюцца словы яго колішняй пацыенткі Лідзіі Ула-дзіміраўны Качан: «Высокі хударлявы мужчына. Гаварыў спакойна, акуратна, даступна — каб чалавек яго разумеў. Сельскі інтэлігент». На другім партрэце — прыгожая маладая жанчына, жонка Льва Іванавіча. Яе звалі Марыя, але «за польскім часам» гэта была, відаць, «пані доктарава».
— У іх былі дзве дачкі, — расказвае Таццяна Кліманская. — Валянціна Львоўна працавала тут, у Лявонпалі, настаўніцай пачатковых класаў. Яна і мяне вучыла. Помню, што былі ў яе козачкі. Яна прывучыла іх кожную раніцу плысці ў лодцы на востраў. У нас на Дзвіне ёсць вялікі востраў, і вось яна іх туды адвозіла ў лодцы на цэлы дзень, каб яны там да вечара пасвіліся. Да апошняга гадавала коз. А другая дачка працавала ў Мінску, яе звалі Марыя Львоўна.
— Сям'я ў яго была вельмі харошая, — гаворыць Лідзія Ула-дзіміраўна Качан. — І людзі яго хвалілі і паважалі. Без яго на вёсцы ніякай жа не было дапамогі — ён адзін тады быў на ўсіх. Памёр у 1975-м, перад гэтым ужо не працаваў, было яму шмат гадоў. І былі тады ў нас ужо дактары. Не адзін, не тое, што раней, як пры ім — што ўсе да яго толькі беглі… Але для вёскі яго смерць была трагедыяй. Хавалі яго ўсім Лявонпалем.
Расказвае фотаздымак
У музеі захоўваецца фотаздымак 6-га (гады вучобы — з 1911-га да 1914-га) выпуску Віленскай цэнтральнай фельчарскай школы. Здымак, натуральна, варты ўвагі.

Наш Кураш — злева ўнізе, акурат над правым крылом шпіталя. Спакойны юначы твар. У адрозненне ад многіх бязвусы. Прычоска сціплая, не ў прыклад некаторым фацэтам з праборамі, начосамі і кучаравымі шавялюрамі. Відаць, што хлопец сур’ёзны, з дому выехаў па навуку.
У самым цэнтры яго — папячыцель Вяроўкін, віленскі губернатар, яго раставы партрэт у паўабарота, у мундзіры з крыжамі і зоркамі — сведчаннямі статуса і прызнання. Пётр Уладзіміравіч Вяроўкін у маладосці служыў у адной брыгадзе з будучым імператарам Мікалаем ІІ і потым выкарыстаў такое знаёмства дзеля добрых спраў на карысць людзей. Гэта з яго пратэкцыі была адменена забарона пісаць лацінкай.
Па баках ад Вяроўкіна ў буйных авалах — урачэбны інспектар Стружэнскі і дырэктар Турчанінаў. За імі ў меншых авалах — выкладчыкі: лекары, правізары, святар («законоучитель»), дазорца і наглядчык («смотритель» і «надзиратель»).
Пошук у памятных кніжках губерніі даводзіць, што ўсе выкладчыкі працуюць у разнастайных шпіталях, казённых і прыватных лячэбніцах, інфекцыйным бараку і санітарнай камісіі, а многія нешта і ўзначальваюць. Атрымліваецца даволі цікава: дырэктар фельчарскай школы Пётр Пятровіч Турчанінаў, доктар медыцыны, стацкі саветнік, загадвае клінікай Савіч (такая дзіўная нескланяльная назва — ад вуліцы, а вуліца — ад імя Сава, якое належала аднаму з жыхароў), ардынатар па прозвішчы Савіч (Яўстахій Кліменцьевіч, таксама выкладчык) — працуе ў шпіталі Святога Якава, а шпіталем Святога Якава, у будынку якога на Казанскай вуліцы і размяшчаецца школа фельчараў, кіруе не яе дырэктар Турчанінаў, а зусім іншы доктар — Іван Іванавіч Тур.
«Падвал» фотаздымка займаюць дзве цікавыя выявы: злева — будынак шпіталя Святога Якава і фельчарскай школы, справа — інтэр’ер вучэбнага кабінета, абстаўленага шкілетамі і лабараторнымі прыстасаваннямі.
А ўсіх вучняў на здымку — 22. Усе маладыя, усе хлопцы.