Калі гавораць пра Вялікую Айчынную вайну, заўсёды ўспамінаю свайго дзеда Аляксея Іосіфавіча Лазарчыка, які для мяне і па сёння — узор мужнасці, сумленнасці, прыстойнасці і высокай адказнасці перад Радзімай, перад Беларуссю. Гэты нарыс пра радавога, салдата Чырвонай арміі, менавіта салдата, чыімі рукамі, жыццём і подзвігам наша савецкая краіна набліжала Вялікую Перамогу.
…А потым ветэраны штодзённа, ціха і без паказухі працавалі на карысць Радзімы, нашай бяспекі і незалежнасці.
Песня касы
«Змена-8», ФЭД-2 і фотаэкспанометр з дзяцінства суправаджалі мяне ў школьных паходах, на канікулах, дзяржаўных святах. Спачатку фатаграфію я ўспрымаў як гульню, дзіцячую забаўку. Глядзіш у маленькае вочка аб’ектыва, потым ужо больш свядома падбіраеш параметры экспазіцыі, вытрымкі, дыяфрагмы, і вось — доўгачаканая пстрычка... На стандартнай чорна-белай фотастужцы «Свема ФН-64» усяго 36 кадраў, не разгонішся забаўляцца, як зараз з «лічбай», часам робячы сотні здымкаў.
Звычайная чэрвеньская раніца, каса выконвае сольную мелодыю, якая рэхам ляціць на бліжэйшыя ўзгоркі, лес, што атачаюць хутар Ёлаўка майго дзеда-франтавіка паміж вёсак Літараўшчына і Варонча на маляўнічым узгорку Навагрудскага ўзвышша Карэліцкага раёна Беларусі. Аляксей Іосіфавіч — падцягнуты, жылісты, бадзёра ўкладвае разнатраўе ў роўны духмяны пракос. Як зачараваны, я слухаю мілагучную вясковую песню, назва якой — касьба. Магутныя мазолістыя далоні трымаюць касу. Усё злілося ў адзінае цэлае: выразныя рухі рук, корпуса, касы…
Я доўга глядзеў на гэтае ранішняе дзейства пад першымі промнямі сонца. «Ён не косіць, а ляціць у сваім садзе над травой, якая перад ім сама схіляецца пад цяжкімі кроплямі ранішняй расы», — праскочыла думка. «Тата, а ты чаму адстаеш ад дзеда? У цябе цябе ж дзве нагі, а ў дзеда толькі левая, а замест правай — пратэз?» — вырвалася пытанне. Дзед упэўнена прыходзіць да працоўнага фініша першым! Плыве над хутарам духмяны пах скошанай травы і незвычайны водар чароўнай мацярдушкі, падкрэсліваючы таямніцу яднання прыроды і чалавека. ФЭД-2 не падвёў, фотакадр з цягам часу ператварыўся ў сямейную рэліквію, сімвал мужнасці чалавека, які там, пад Кёнігсбергам, у красавіку 1945 года страціў нагу, але не страціў сілы духу, жадання жыць і працаваць на сваім кавалку зямлі.
Касьба травы ў садзе.
За адвагу
У 1941 годзе фронт хутка насоўваўся. Як і многія іншыя, мой дзед не паспеў уступіць у шэрагі Чырвонай арміі, пачаліся доўгія гады акупацыі. Ішоў 1944 год, Беларусь вызвалілі, і Аляксей Іосіфавіч добраахвотнікам пайшоў ваяваць.
Недзе ва Усходняй Прусіі, 1944–1945 гг.З ліпеня 1944 года радавы Лазарчык — кулямётчык і артылерыст асобнай зенітна-кулямётнай роты 144-й стралковай Віленскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі 5-й арміі 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем легендарных ваеначальнікаў — генерала арміі Івана Данілавіча Чарняхоўскага і маршала Савецкага Саюза Аляксандра Міхайлавіча Васілеўскага.
Падлеткам я амаль пры кожнай сустрэчы прасіў дзеда: «Раскажы пра вайну», у адказ атрымліваў доўгае маўчанне, толькі па вачах бачыў, што ён прыгадвае тыя падзеі. Часам адбываліся кароткія размовы без асаблівай канкрэтыкі. Найбольшыя пачуцці і ўражанні засталіся ад успамінаў дзеда пра яго ўдзел у штурме горада-крэпасці Кёнігсберг і пра бітву за прускую вёсачку Шаляры.
Аднойчы я яго запытаў: «Скажы, калі ласка, як ты выжыў?» У адказ з кішэні старой марынаркі, на якой былі ўмацаваны баявыя медалі, ён дастаў хустачку с высахлай мацярдушкай, якую пранёс праз усю вайну, — сімвал, абярэг з кавалачка роднай зямлі, крыніцы сілы і ўпэўненасці.
Няма на вайне простых сутычак з ворагам. У студзені 1945 года Аляксей Лазарчык каля вёскі Шаляры праявіў сапраўдны гераізм. У цяжкіх абставінах, калі кулямёт выйшаў са строю, здолеў яго наладзіць, потым у адзіноце адбіў атаку, вымусіў ворага кінуцца на ўцёкі. За праяўлены гераізм радавы быў узнагароджаны медалём «За адвагу» — легендарным сімвалам салдацкай доблесці. Цікава тое, што пра гэту гісторыю я даведаўся толькі з узнагароднага ліста, амаль праз восемдзесят гадоў. З нагоды чаго дзед атрымаў гэтую ўзнагароду, ён мне так і не распавёў... А ўзнагародны ліст быў знойдзены на сайце «Подвиг народа», у прозвішчы была зроблена памылка, можа таму і пошукі зацягнуліся да нашых часоў. Галоўнае, аб чым распавёў гістарычны фармуляр: дзед не спалохаўся, не пакінуў баявы сектар. Не застаўся ў маёй памяці баязліўцам!
За Перамогу
Пачуцці і ўражанні засталіся ад успамінаў дзеда пра яго ўдзел у штурме горада-крэпасці Кёніг-сберг. Сэрца поўніцца гонарам за простага салдата, які быў удзельнікам грандыёзнай бітвы па ліквідацыі кёнігсбергскай групоўкі праціўніка і захопу Кёнігсберга (цяпер — Калінінград, Расійская Федэрацыя).
Кёнігсбергская аперацыя, вядомая пад назвай «Штурм Кёнігсберга», праходзіла з 6 па 9 красавіка 1945 года. Яшчэ да вайны крэпасць была мадэрнізавана і ператворана ў непрыступны фартыфікацыйны будынак са шматлікімі агнявымі кропкамі, перадавымі фарпостамі. Аляксей Іосіфавіч Лазарчык быў у складзе штурмавога атраду, разліку лёгкай артылерыйскай гарматы. Нельга нават уявіць, колькі чалавечых намаганняў, адвагі і мужнасці трэба было мець усім удзельнікам той бітвы, каб на руках цягнуць гармату, а яшчэ страляць, абараняцца і — выжыць. Пазней гісторыкі назавуць Кёнігсбергскую аперацыю «Ідэальны штурм», яе паспяховае завяршэнне адкрыла шлях да Вялікай Перамогі. Дарэчы, медаль «За ўзяцце Кёнігсберга» — адзіная медаль СССР, заснаваная ў гонар узяцця горада-крэпасці.
Пасведчанне да медаля «За ўзяцце Кёнігсберга».
Як крыўдна было атрымаць цяжкае раненне напрыканцы вайны, 13 красавіка 1945 года ва Ўсходняй Прусіі, вярнуцца з фронту з Перамогай, але інвалідам Вялікай Айчыннай вайны! Тым не менш дзядуля ўсё жыццё працаваў на зямлі, стварыў хутар Ёлаўка, вырошчваў смачныя беларускія яблыкі, варыў сыр, вёў гаспадарку, выгадаваў трох дзяцей. Вялікі працаўнік, ён ніколі не скардзіўся на нягоды жыцця. Гэта быў чалавек высокай прыстойнасці, патрыёт — і я схіляюся перад яго по-дзвігам, мужнасцю, сумленнасцю і адвагай.
Рэха ляціць…
Да гэтага часу застаўся ў маёй памяці стук дзедавага пратэза па падлозе дома…
Аляксей Іосіфавіч Лазарчык узнагароджаны не толькі баявымі медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», але яшчэ і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», юбілейнымі медалямі «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», «50 гадоў гадоў Узброеным сілам СССР», яго імя ўпісана ў кнігу «Памяць» Карэліцкага раёна.
Колькі разоў настойліва пытаўся: «За што цябе ўзнагародзілі медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга»?», але ён проста маўчаў або адказваў: «Я не за медалі ваяваў, пайшлі лепш піць гарбату з мацярдушкай». Можа гэтае маўчанне, сціплы адказ і ёсць крыніца, вышыня чалавечых адносін, мудрасць і сапраўдная гістарычная памяць?
9 Мая мы ўсе разам будзем святкаваць 80-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Фотаздымак, які быў зроблены колісь у парыве дзіцячых эмоцый амаль пяць дзесяцігоддзяў таму, стаў для мяне сімвалам Перамогі простага радавога Чырвонай арміі ў той страшнай вайне. Нават цяжкае раненне, калецтва не здолела зламаць славянскі дух, салдат вярнуўся на вызваленую зямлю дзеля міру і стваральнай працы. Ніколі не чуў ад яго нядобрага слова, усе справы рабіліся ціха, сумленна і вельмі сціпла. Ён заўсёды гаварыў толькі праўду і ніколі не хлусіў. Дзякуючы такім салдатам і ўсім тым, хто здабываў Перамогу на фронце і ў тыле, мы сёння жывём у мірнай, незалежнай, квітнеючай краіне.
Лёс дзядулі, выратаванага франтавымі медыкамі, падштурхнуў мяне атрымаць прафесію ўрача. А яшчэ ў маёй сям’і замацавалася традыцыя: на Дзень Перамогі наведваць могілкі ў Варончы, дзе ў 1981 годзе знайшоў свой апошні прытулак дзед-франтавік, прайсціся на мяжы лесу і поля, накіравацца да месца, дзе некалі быў хутар, датыкнуцца да гэтых мясцін, адчуць чароўны водар мацярдушкі. Ціха пастаяць і ўсім разам паслухаць любімую дзядулеву песню — «День Победы».
Хутка бяжыць час, змяняюцца краявіды... Толькі так, як і раней, на пагорках расце мацярдушка, якая блакітнымі зоркамі рассыпалася па зямлі на малой радзіме франтавіка, звязваючы мінулае і сучаснае. Мы, нашчадкі, з пачуццём глыбокай пашаны схіляем калені перад тымі, хто прынёс на беларускую зямлю мір і незалежнасць.
У юбілейны год Вялікай Перамогі заклікаю калег-медыкаў да расповеду асабістых гісторый пра герояў мінулай вайны, ушанавання гістарычнай памяці дзеля будучых пакаленняў беларусаў!
Фота з архіва аўтара.
*Мацярдушка (рус. душица) — травяністая расліна, выкарыстоўваецца ў якасці прыправы (арэгана). Паводле старажытных беларускіх паданняў, засцерагае чалавека ад нягод, а людскую памяць ад забыцця.
Ад рэдакцыі: «МВ» падтрымлівае заклік шаноўнага Ігара Віктаравіча і запрашае дасылаць нам на электронную пошту info@medvestnik.by успаміны пра вашых родных, якія прайшлі вайну. Будзем захоўваць памяць разам!