Фота аўтара.
Фота аўтара.

Фатографы, якія здымаюць прыроду, заўважаць кожную кузурку ў лесе. Спартыўныя рэпарцёры здольныя адлюстраваць рух, энергію. Фатограф, які здымае людзей, бачыць эмоцыі, пачуцці, характар. У яго асаблівы погляд на свет. А калі гэты фатограф яшчэ і ўрач, які ўсё жыццё ратаваў людзей, яго здымкі поўныя эмпатыі і чалавекалюбства.

 

Менавіта такія якасці адрозніваюць работы дацэнта кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Гродзенскага дзяржмедуніверсітэта Пятра Янчэўскага, фотамастака класа Е Міжнароднай федэрацыі фотамастацтва (FIAP). Дарэчы, майстроў такога ўзроўню ў Беларусі ўсяго пяць, і толькі адзін з іх урач.

 

Падарожжа ў свет фота. Пачатак

 

Пётр Янчэўскі фатаграфуе вельмі даўно. Калі падлічыў, то нават сам здзівіўся — ужо 45 гадоў з фотаапаратам. У сёмым класе папрасіў у бацькі вельмі класны на той момант ФЭД-3, і пачалося яго цудоўнае падарожжа ў свет фота, пошук яркіх момантаў, а часам сапраўднае паляванне за цікавымі кадрамі. Здымкі хлопец таксама друкаваў сам.

 

Пётр Янчэўскі:

 

Гэта цяпер можна ўзяць лічбавую камеру і зрабіць тысячу фота з хуткасцю аўтамата. А плёнка — гэта ўсяго 36 кадраў. Калі бяздумна пстрыкаць, то яна вельмі хутка скончыцца. Таму ўсе, хто пачынаў фатаграфаваць на плёнку, маюць добрую нагледжанасць і падыходзяць да працэсу асэнсавана. Заўсёды, перш чым націснуць на кнопку, мы стараемся ўбачыць кадр.

 

На першых курсах медінстытута Пётр Янчэўскі паглыбіўся ў вучобу, фатаграфія адышла на другі план. Але калі ён асвоіўся і з'явілася трохі вольнага часу, захапленне ўспыхнула з новай сілай. Студэнту захацелася не проста фатаграфаваць, а прафесійна развівацца ў гэтай сферы.

 

Пётр Янчэўскі:

 

Я марыў паралельна атрымаць другую адукацыю, але ў Савецкім Саюзе ў той час гэта было практычна немагчыма. Доўга шукаў і ўсё ж такі знайшоў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў, дзе былі курсы фотамайстэрства. Гэта быў вельмі цікавы вопыт. Я адпраўляў у Маскву фатаграфіі, атрымліваў у адказ водгукі (часта крытычныя) і новыя заданні. Усё гэта вельмі матывавала, я фатаграфаваў шмат і з задавальненнем. У выніку трохгадовыя курсы асвоіў за 2,5 года.

 

Як фарміруецца нагледжанасць

 

У 1986 годзе Пётр Янчэўскі скончыў Гродзенскі медінстытут і паехаў па размеркаванні ў Брэст. Інтэрнатуру праходзіў у дарослай бальніцы, а працаваць пайшоў у аддзяленне дзіцячай рэанімацыі. Складаная праца прымусіла маладога спецыяліста зноў адкласці фотаапарат. Усе сілы былі накіраваны на павышэнне кваліфікацыі і прафесійны рост.

 

Пасля адпрацоўкі па размеркаванні Пётр Мікалаевіч вырашыў вярнуцца ў родны горад. І вось ужо 32 гады працуе ў Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы (зараз Універсітэцкая клініка). Доўгі час загадваў аддзяленнем рэанімацыі для анкалагічных хворых, cёння працуе на кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі ГрДМУ.

 

Пётр Янчэўскі:

 

Фотаапарат дапамагае разгрузіць галаву, адпачыць эмацыйна. Цяпер, вядома, ужо цяжэй, а бывала — суткі аддзяжурыш, а потым бярэш фотаапарат і ідзеш на паўдня блукаць па горадзе. З гадамі фарміруецца нагледжанасць, ты пачынаеш глыбей бачыць і разумець гэты свет.

 

Раней Пётр Мікалаевіч вельмі шмат фатаграфаваў у жанры вытворчага рэпартажу, ахвотна здымаў сваіх калег за працай. Быў перыяд, калі яго фатаграфіі ўпрыгожвалі бальнічныя стэнды. Зараз майстар рэдка здымае ў клініцы, толькі калі хтосьці папросіць зрабіць асабісты партрэт. Яго асноўнае захапленне — стрыт-фота, жыццё гараджан у святы і ў будні, жыццё як яно ёсць.wsa23ds

Прызнанне

 

Пётр Янчэўскі:

 

Калісьці я выпісваў часопіс «Советское фото». Вельмі добры, дарэчы. Але ў 1990-х гадах ён знік. Сябры сталі прывозіць мне польскія часопісы «Фота» і «Фотакур'ер». Там друкаваліся аб'явы пра розныя міжнародныя конкурсы. І я вырашыў паўдзельнічаць, стаў рассылаць свае работы. Прычым усё гэта наўздагад, толкам не ведаючы ні правіл, ні умоў. Дзіўна, але многія прымалі. З часам я зразумеў, як і што адпраўляць, якія крытэрыі ацэньвання. І мае фатаграфіі сталі трапляць у шорт-лісты.

 

Першы поспех прыйшоў да Пятра Янчэўскага на конкурсе ў Чэхіі ў 1996 годзе. Журы адзначыла яго каляровы пейзаж і фота рыбакоў на Нёмане.

 

Потым былі іншыя конкурсы і перамогі. Апошняе і самае значнае дасягненне — ганаровае званне фотамастака класа Е Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва (FIAP). Дыплом Пятру Янчэўскаму быў выпісаны 31 снежня 2021 года — прыемны падарунак у чароўны навагодні вечар.

 

Пётр Янчэўскі:

 

Гэта была мая мара — выйсці на такі ўзровень майстэрства. Хацелася даказаць перш за ўсё сабе, што гады працы былі не марныя, што я магу ўбачыць, захаваць і перадаць іншым цудоўныя моманты жыцця.

bbvxsw2b

Фотакнігі пра сям'ю

 

Пётр Янчэўскі любіць пераглядаць старыя здымкі. У яго доме беражліва захоўваюцца 10 альбомаў сямейных, бальнічных, мастацкіх фатаграфій. Гэтых альбомаў магло б быць нашмат больш, але Пётр Мікалаевіч ахвотна раздае фотаздымкі сваім героям.

 

Пётр Янчэўскі:

 

Я заўсёды стараўся надрукаваць здымкі. Цяпер рэдка хто так робіць. Сфатаграфуюць на смартфон, паглядзяць і… забудуць. Некаторыя выявы 10-гадовай даўнасці нельга адкрыць ужо, а многія за гэты час увогуле згубіліся. Я свой лічбавы архіў захоўваю на цвёрдым дыску, таму што ёсць фатаграфіі, якія мне вельмі дарагія.

 

Некалькі гадоў Пётр Янчэўскі збіраў звесткі і зрабіў тры выдатныя фотакнігі пра сваю сям'ю. Знайшоў шмат старых фотаздымкаў — у бацькоў, у сваякоў. Высветліў, хто і пры якіх абставінах на іх адлюстраваны. Дапоўніў гістарычныя здымкі ўласнымі, больш сучаснымі. Да кожнай фатаграфіі зрабіў подпіс і дадаў невялікі зварот да родных. Атрымалася выдатная гісторыя сям'і, якой хочацца ганарыцца.

 

«Есть только миг…»

 

Я спытала Пятра Мікалаевіча, што яму больш за ўсё падабаецца ў фотасправе. Першы погляд, калі бачыш кадр і разумееш: я хачу гэта зняць? Ці сам працэс здымкаў, калі выбіраеш ракурс, караскаючыся куды-небудзь на дрэва? Ці, можа, працэс апрацоўкі фота, калі адкрываеш кадр на вялікім экране, дадаеш святла і ценяў, прыбіраеш шумы, абразаеш лішняе — і разумееш, што атрымаўся шэдэўр?

 

Пётр Янчэўскі:

 

Вядома, першае. Часам іду без фотаапарата і заўважаю: добры кадр, класнае фота магло б атрымацца! І такія моманты радуюць больш, чым калі апрацоўваю здымкі. Радасць у тым, каб прыкмячаць моманты жыцця.

 

Пётр Янчэўскі прызнаецца, што многія ўдалыя фотаздымкі ў яго атрымаліся спантанна.bvc54f

Пётр Янчэўскі:

 

Вось пачалася залева, бяру фотаапарат і падыходжу да акна. Бачу, як па вуліцы нясуцца плыні вады. Здымаю, і раптам проста ў кадр, смеючыся і прыкрываючыся ад дажджу, забягаюць дзве дзяўчыны. Вулічнае фота — гэта заўсёды неспадзяванасць, лепшыя кадры атрымліваюцца знянацку.

 

Ён любіць фатаграфаваць канцэрты. Усе ведаюць, як гэта няпроста: складанае сцэнічнае святло, усё ў бесперапынным руху. І вядома, калі глядзець на сцэну праз аб'ектыў, канцэрта ўжо не ўбачыш.

 

Пётр Янчэўскі:

 

Але з іншага боку, калі на канцэрце атрымаўся добры кадр — гэта сапраўдны поспех. Таму што вачыма нельга захаваць эмоцыю, спыніць імгненне, а фотаапаратам — можна. І самае лепшае ў нашым майстэрстве, што гэтае імгненне мы можам падарыць іншым.

hvcfd54nbФота П. Янчэўскага.