На пачатку 1987 года акадэміка Мікалая Саўчанку, які быў міністрам аховы здароўя БССР больш чым хто — амаль 20 гадоў, — змяняе прафесар Уладзімір Улашчык. Ён пратрывае на гэтай пасадзе 4 гады, паспеўшы напісаць некалькі заяў аб адстаўцы. Апошняя — прынятая, разгледжаная і нарэшце задаволеная! — стане шчаслівым зваротным білетам у тое жыццё, якое належала цалкам яму, «патрыярху айчыннай фізіятэрапіі».
«Чалавек павінен мець мужнасць быць сабой, а не ценем іншага», — сцвярджаў ён. Яму ж належыць і выраз: «Нішто не сустракаецца так рэдка, як правільная ацэнка ўласных магчымасцей». Гэта акурат пра жаданне ісці сваім шляхам, не збочваць…
Прыхільнік і збіральнік афарызмаў, ён і сам іх ствараў. Меў традыцыю пачынаць даклады і публікацыі цытатамі — канцэнтратамі думкі, таму лепшым пачаткам тут будзе яшчэ адзін яго афарызм: «Калі нешта пішаш, трэба імкнуцца да кропкі»...
«Гэта быў жывы прыклад, выдатны ўзор»
Прафесар Юрый Абаеў, найперш вядомы як дзіцячы хірург і былы галоўны рэдактар часопіса «Здравоохранение» (таго самага, які пачынаў сваю гісторыю як «Беларуская мэдычная думка» стагоддзе таму ў нетрах Наркамата аховы здороўя пры Міхаіле Барсукове і які доўгі час традыцыйна ўзначальвалі наступныя наркамы і міністры), успамінае, калі ён пачуў першы раз гэтыя імя і прозвішча: Уладзімір Улашчык.
— У 1966 годзе, калі паступаў у медінстытут. Уладзімір Улашчык скончыў яго на год раней, у 1965-м, і як вельмі таленавіты гуртковец кафедры агульнай хіміі застаўся там стажорам, а пасля працаваў асістэнтам. Маючы ўжо вядомасць і дасягненні, перамогу на Усесаюзным конкурсе студэнцкіх работ, ён быў для нас, першакурснікаў, нейкім боствам. Яго называлі будучым свяцілам навукі. Так і выйшла. Яго шлях не гладкі, але прыгожы. Калі адкінуць пот і працу, якімі ўсё дасягаецца, то знешне яго біяграфія выглядае вельмі прывабна.
У 25 гадоў Улашчык ужо кандыдат навук, у 30 — абараняе ў Маскве доктарскую, у 33 — атрымлівае званне прафесара. Кіруе аддзелам фізічных метадаў лячэння ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, уваходзіць у Савет маладых вучоных пры ЦК ЛКСМБ, загадвае кафедрай фізіятэрапіі і курарталогіі ў Інстытуце ўдасканальвання ўрачоў, старшынствуе ў Таварыстве фізіятэрапеўтаў і курартолагаў, нарэшце ўзначальвае Лечкамісію, што раўназначна пасадзе намесніка міністра аховы здароўя, а ў 43 гады становіцца міністрам.
— Шляхі нашы пасля інстытута не перасякаліся, — працягвае Юрый Абаеў, — але імя Улашчыка я чуў і далей увесь час. Я сачыў за яго поспехамі. Гэта быў жывы прыклад, выдатны ўзор.
Прафесар Аляксандр Сівакоў, загадчык кафедры рэфлексатэрапіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ, галоўны няштатны спецыяліст Мінздароўя па нетрадыцыйных метадах лячэння, пазнаёміўся з Уладзімірам Улашчыкам у 1980-м, калі прыехаў у Мінск з Гродна вучыцца ў клінічнай ардынатуры і паступіў на кафедру, якой Улашчык загадваў.
— Як цяпер памятаю, нягледзячы на яго занятасць, першая наша гутарка была даволі працяглай, — успамінае доктар Сівакоў. — Уладзімір Сяргеевіч задаваў пытанні пра мае навуковыя інтарэсы, распытваў пра методыкі лячэння захворванняў і трохі здзівіўся, калі пачуў, што я актыўна вывучаю традыцыйную кітайскую медыцыну. Сказаў, што было б цікава развіваць гэты напрамак у спалучэнні з сучаснымі тэхналогіямі. Мяне ўразіў незвычайна вялікі дыяпазон яго ведаў у розных сферах. Яны, безумоўна, дапамагалі яму як вучонаму. Трохі пазней я такі кругагляд ацаніў і зрабіў сваёй мэтай. Прага ведаў і моцная цяга да кніг суправаджалі Улашчыка ўсё жыццё. Ён пастаянна наведваў медыцынскую бібліятэку. Мы, маладыя вучоныя, маглі сабе дазволіць у выхадныя дні пайсці кудысь у іншае месца — развеяцца. Але ў панядзелак мяне ўжо чакала пытанне: чаму ў суботу не быў у бібліятэцы?
Па суботах Уладзімір Улашчык прыходзіў у бібліятэку за 10 хвілін да яе адкрыцця і быў традыцыйна першым наведвальнікам. Аляксандр Сівакоў згадвае яшчэ адзін прыклад яго апантанасці — у час напісання кандыдацкай дысерацыі гэты неўтаймоўны даследчык мог вярнуцца ў лабараторыю позна ўвечары і сядзець там з эксперыментамі ўсю ноч. Ахова, якая сачыла, каб усе супрацоўнікі своечасова пакідалі будынак, не падазравала, што акно на першым паверсе наўмысна крыху прыадчынена.
«Увесь Савецкі Саюз вучыў фізіятэрапію па яго падручніках»
Пасля прыходу ў клінічную ардынатуру Інстытута ўдасканальвання ўрачоў Аляксандра Сівакова з лёгкай рукі Уладзіміра Улашчыка ўзнік у беларускай медыцынскай навуцы новы напрамак: вывучэнне механізмаў дзеяння фізічных фактараў пры ўздзеянні імі на кропкі акупунктуры. Рэфлексатэрапія вымагала ведання не толькі прыроды фактара, але і залежнасці яго эфектаў ад інтэнсіўнасці, працягласці і частаты. Вядомае сёння біясінхранізаванае ўздзеянне — імкненне атрымаць рэзананс унутраных працэсаў і знешніх уплываў — патрабавала глыбокага ведання біяфізікі і фізіялогіі. Трэба пры гэтым памятаць, што да тэорыі акупунктуры ў савецкай медыцыне ставіліся скептычна.
— Лічылася, што гэты напрамак не мае навуковага грунту. Але калі я размаўляў пра гэта з Улашчыкам, ён гаварыў: «Дык добра ж! Калі ёсць такая белая пляма, дзе яшчэ не праведзена дастаткова даследаванняў, то натуральна, што іх трэба праводзіць!» Ён вельмі актыўна падтрымліваў новае, нават калі на першы погляд здавалася, што яно не зусім звычайнае, нестандартнае. З пункту гледжання акадэмічнай навукі напрамак, не прызнаны перспектыўным, не атрымлівае фінансавання, а значыць, не вывучаецца, — распавядае Аляксандр Сівакоў.
— Увесь Савецкі Саюз вучыў фізіятэрапію па падручніках, напісаных Улашчыкам. Роўнага яму ў гэтай галіне трэба было яшчэ пашукаць, — гаворыць урач-фізіятэрапеўт РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Галіна Забніна.
Дачка фізіятэрапеўта Віктара Кобрыка, у 1960–1970 гадах — дацэнта кафедры факультэцкай тэрапіі па курсе фізіятэрапіі і курарталогіі Мінскага медінстытута, яна таксама чула пра Улашчыка яшчэ ў свае студэнцкія гады.
— Гэты вельмі малады вучоны быў на слыху і ў інстытуце, і ў нашай сям’і: тата з ім супрацоўнічаў.
Не дзіва, што яе зацікавіла фізіятэрапія. Так Галіна Забніна працягнула сямейную традыцыю і трапіла ў інстытут, які стаў адзіным яе месцам працы на ўсё жыццё.
— Я часам разглядаю фотаздымкі. Нас там такіх было многа — тых, хто гарэў навукай, — успамінае яна. — І для кожнага Уладзімір Улашчык знаходзіў час, пра кожнага памятаў, якое каму даў заданне, і калі нехта не ўпісваўся ў тэрміны, то сварыўся.
«Заўсёды пунктуальны і абавязковы, ён быў пазбаўлены лішняга педантызму і суровасці, аднак яго дабрыня арганічна перапляталася з бескампраміснасцю і прынцыповасцю», — напісаў у нядаўнім артыкуле, прысвечаным памяці Уладзіміра Улашчыка, прафесар Юрый Абаеў.
— Уладзімір Сяргеевіч тады глыбока вывучаў электрафарэз лекавых рэчываў, і амаль усе нашы працы былі з гэтым звязаныя, — працягвае Галіна Забніна.
Ёй дасталося вывучэнне электрафарэзу імунадэпрэсантаў.
«Патрыярх фізіятэрапіі быў сціплым ідэалістам»
Вікіпедыя піша, што Уладзімір Улашчык — аўтар больш як 150 вынаходніцтваў. Думаецца адразу пра тыя прыборы для фізіятэрапіі, якімі карыстаюцца ў кабінетах і аддзяленнях, паліклініках і санаторыях. Як пазнаць, да каторых з іх меў дачыненне Улашчык?
— Імя яго ў назвах прыбораў не фігуруе і дывідэндаў ніякіх ён ад сваіх распрацовак не меў, — гаворыць Наталля Улашчык.
Яны пазнаёміліся ў медінстытуце, у хімічным гуртку легендарнага Вадзіма Бандарына. Трапіць у гурток можна было пры ўмове атрымання выдатнай адзнакі па хіміі. Наталля была першакурсніцай, Уладзімір вучыўся ўжо трэці год. Пажаніліся, калі ёй было 19, яму 21, і 54 гады пражылі ў такім шлюбе, што…
— Калі б жыццё пачыналася зноў, я зноў пайшла б замуж за Уладзіміра Улашчыка, — дзеліцца пачуццямі Наталля Аляксандраўна. — Хоць у мяне былі добрыя аднакурснікі, але другога такога я б не знайшла… Гэта я вам гавару не для прыгожага слова, так ёсць. І для нашых унучак ён эталон ва ўсім. Яны берагуць памяць пра яго.
На пытанне пра самую каштоўную рысу мужа яна адказвае: дабрыня.
— Ён быў узрыўны, але добры. Якасці, якімі валодаў Уладзімір Сяргеевіч, пасуюць хутчэй 19-му стагоддзю. Патрыярх фізіятэрапіі быў сціплым ідэалістам. Ён, напрыклад, амаль не карыстаўся службовым транспартам. Калі быў міністрам, падыходзіць мне да машыны не дазваляў. Мо пару разоў я на ёй некуды ездзіла. І калі потым быў дырэктарам Інстытута фізіялогіі, машынай не карыстаўся — эканоміў бензін. Ездзіў грамадскім транспартам. А жылі мы тады ўжо за горадам. Ён ехаў спачатку аўтобусам, а потым ішоў пешкі тры кіламетры.
Але вернемся да назваў прыбораў.
— Тут я павінен вас расчараваць, — гаворыць Аляксандр Сівакоў. — У такога творчага чалавека назвы прыбораў з’яўляліся не ў пакутах, а на раз-два. Раскажу, як узнікла назва «Біятонус». Гэты прыбор мы распрацоўвалі разам, ён быў уведзены ў серыйную вытворчасць і даволі працягла выпускаўся Мінскім электрамеханічным заводам. Прызначаны для ўздзеяння на кропкі акупунктуры імпульсным токам, ён атрымаў даволі арыгінальную канструкцыю электродаў і ўласна дызайн — каб пацыент мог сам сабе праводзіць лячэнне не толькі на руках, нагах, грудзях і жываце, але і на спіне, што з іншымі прыборамі вельмі нязручна. Уладзімір Сяргеевіч спытаў: «Як ты думаеш, што ён робіць?» Я пачынаю апісваць механізм, але ён мяне спыняе: «Не-не, цяпер не пра гэта. Што ён дае арганізму?» Я адказваю: «Тонус». Ён: «О! Тонус! А паколькі арганізм — гэта біялагічны аб’ект, то назавём яго “Біятонус”». Усё вельмі проста. Як зрэшты ўсё геніяльнае.
«Ён часам не ведаў, ці вернецца...»
Кандыдацкую дысертацыю Галіна Забніна абараняла ўжо ў час, калі яе навуковы кіраўнік быў міністрам. На пытанне, што найболей уражвала яе ў асобе настаўніка, адказ яна дае даволі сімвалічны: почырк.
— Калі ён правіў чый-небудзь артыкул, ён не крэсліў, не ставіў пытальнікі, а проста зверху вельмі дробна сваім прыгожым почыркам акуратна пісаў, як трэба. Мы, вучні, ведалі: гэта праўкі.
Тым самым почыркам ён і пісаў заявы на звальненне з пасады міністра.
— Я закулісных гульняў не ведаю, толькі магу сказаць, што яму было тады вельмі цяжка, — гаворыць Наталля Улашчык.
— Праца міністра была для яго не новай, ён да гэтага быў намеснікам, і ахова здароўя дастаткова добра ім разумелася. Але яго дзейнасць на гэтай пасадзе супала з вельмі няпростым перыядам у гісторыі рэспублікі, — тлумачыць Аляксандр Сівакоў. — Чарнобыльскую праблему ён успрымаў вельмі востра і лічыў, што да пытання радыяцыі трэба падыходзіць строга навукова. Тады было шмат спекулятыўных думак, якія не абапіраліся на навуковыя факты. Што да яго працы на гэтай пасадзе наогул, то да яе ён падыходзіў як даследчык, і гэта дапамагала яму прымаць рашэнні па тых або іншых пытаннях. Пры гэтым, канечне, ён прыслухоўваўся да меркаванняў калег, якія працавалі ў практычнай ахове здароўя.
— Ён быў вучоны, — канстатуе Юрый Абаеў. — Няхай не кабінетны, а нават і вельмі практычны, але я магу сабе ўявіць, як няпроста яму было даваць наказы і аддаваць загады загадчыкам абласных аддзелаў аховы здароўя і галоўным урачам… І вось яшчэ што я запомніў. Ён гаварыў, што, збіраючыся са справаздачамі ў Маскву, прычым не столькі ў Мінздароўя, колькі ў ЦК, ён часам не ведаў, ці вернецца. Ну, і з яго адказнасцю… І ўлічваючы кангламерат праблем, якія тады існавалі… Ой як гэта ўсё было няпроста…
Пакінуўшы пасаду міністра, Уладзімір Улашчык узначаліў рэдакцыю часопіса «Здравоохранение». Кіраваў ёю 12 гадоў, пасля чаго перайшоў на пасаду дырэктара Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі. Быў галоўным спецыялістам Мінздароўя па фізіятэрапіі, удзельнічаў і старшынстваваў у экспертных камісіях ВАК. Але працягваў працаваць і ў часопісе. Калі галоўным рэдактарам прызначылі Юрыя Абаева, то Улашчык, на той час ужо акадэмік, аказаўся яго намеснікам.
— Ну і вось уявіце сабе: у мяне вопыту працы галоўным рэдактарам аніякага, а ў намесніках у мяне акадэмік і ў выдавецкай справе — найвопытнейшы чалавек. Школу мне давялося прайсці няпростую…
Заслуга Улашчыка як галоўнага рэдактара сярод іншага ў тым, што пры ім у якасці дадатку да «Здравоохранения» пачаў выдавацца часопіс для сярэдняга медперсаналу — «Медицинские знания». Юрыя Абаева, па яго словах, рэдакцыя спачатку ўзяла пад павелічальнае шкло, але неўзабаве да яго ідэй пачалі прыслухоўвацца, тым больш што яны былі вартыя ўвагі.
Уладзімір Улашчык «быў пазбаўлены зазнайства і ўпартасці, мог адступіць ад свайго пункту гледжання, калі прыводзіліся пераканаўчыя аргументы». Так пра яго напісаў прафесар Абаеў у юбілейным артыкуле, прысвечаным 75-годдзю, да якога Уладзімір Улашчык не дажыў два тыдні. Артыкул завяршаюць афарызмы, якія «россыпамі сустракаліся ў яго разважаннях» і «не толькі ўтрымліваюць каштоўныя настаўленні, але і дапамагаюць стварыць вобраз вучонага, мысляра, грамадзяніна». Ёсць сярод тых афарызмаў такі: «Чалавек павінен быць або вельмі шчаслівы, або вельмі заняты».
— Я б сказаў, што паміж занятасцю і шчасцем Улашчык ставіў знак роўнасці, — гаворыць Юрый Абаеў.
— Улашчык вельмі цаніў час, — успамінае Аляксандр Сівакоў. — Больш за тое, я памятаю, як ён аднойчы сказаў, што глядзіць тэлевізар — і ловіць сябе на думцы: «Губляю час». Глядзіць футбол і хоча яго глядзець, але пачуцці далёкія ад задавальнення, бо мог бы за гэты час нешта зрабіць. Гэта сапраўдны знак неардынарнай асобы. А ці быў ён шчаслівы? Мяркую, што так.
Уладзімір Сяргеевіч заўжды гаварыў, што мы павінны спачатку правесці даследаванні, каб атрымаць тыя ці іншыя факты, а потым ужо, абапіраючыся на іх, рабіць высновы пра перспектывы, а не выбудоўваць нейкія меркаванні на голым месцы, сыходзячы з асабістых уяўленняў і дапушчэнняў. Што да кітайскай медыцыны, то за ёю, як ён падкрэсліваў, стаяць дзясяткі стагоддзяў практычнага выкарыстання, а значыць, у ёй ёсць рацыянальнае зерне. Трэба яго знайсці, вылучыць, перанесці на сучасную глебу — і няхай яно на ёй прарасце. Плады — новыя напрамкі даследаванняў. Так у нас, напрыклад, вылучылася ў асобны напрамак рэфлексапрафілактыка.