«Раіса Антонік, якая доўгі час адпрацавала санітаркай у Жыровіцкай участковай бальніцы, — адзін з нямногіх ветэранаў Вялікай Айчыннай у нашым раёне. У свае 97 гадоў яна і агарод мае, і пра сучаснае жыццё паразважае, і мінулае прыгадае, — з павагай кажа старшыня прафкама Слонімскай ЦРБ Людміла Дзягель. — Штогод мы прыязджаем да яе ў Дзень пажылога чалавека і напярэдадні Дня Перамогі. Раіса Іларыёнаўна вельмі любіць гасцей, заўсёды сустракае нас як родных».
Гэтая жанчына сталага веку нібыта кніга з далёкіх часоў. Прыгадваючы незабыўнае, Раіса Іларыёнаўна з гаркотай кажа і пра сваю сірочую долю…
— Я ж да вайны яшчэ нарадзілася, у маі 1925-га, на Віцебшчыне, у вёсцы Лагаўшчына Талачынскага раёна, — апавядае субяседніца. — Маці адна мяне гадавала, без бацькі, а калі мне было 11 гадоў, то і маці памерла — засталася я круглай сіратою. Але ў нас быў дужа добры старшыня калгаса, і ён не аддаў мяне ў дзіцячы дом. Сказаў, што самі выгадуюць… А праз 5 гадоў пачалася вайна.
Дзень 20 чэрвеня 1942 года Раіса Іларыёнаўна запомніла на ўсё жыццё. Яна пайшла з дзяўчатамі ў лес збіраць ягады: у той год было шмат суніцаў. Калі выйшлі з лесу, пачулі сабачы брэх і пабачылі машыну з немцамі. Дзяўчат пагрузілі ў кузаў, а на чыгуначным вакзале пасадзілі ў вагон-цялятнік ды павезлі ў Германію. Там у канцлагеры, што знаходзіўся ў лесе, іх прымушалі працаваць на падпольным ваенным прадпрыемстве.
— Мы мелі справу з металічнымі пласцінамі, — прыгадвае Раіса Антонік. — Апускалі іх у кіслату, потым клалі пад прэс і раўнялі. Гэта трэба было рабіць хутка і якасна, але многія страчвалі прытомнасць ад голаду: на абед давалі горкую каву і танюсенькую скібачку хлеба з апілак. А яшчэ гнілыя буракі і бульбу. Строем ішлі на работу, строем з работы. Калі хто падаў, растрэльвалі…
Паабапал дарогі былі выкапаныя ямы для забітых і памерлых. Многія там пайшлі з жыцця. Тры з паловай гады я гэтак пражыла. Вярнулася ў родную вёску ў 1945 годзе. Была вельмі худая, мне баяліся даваць адразу шмат ежы — каб не памерла. Памятаю, што нас з сяброўкай яшчэ выклікалі ў НКУС. Пыталіся, ці самі туды па жаданні паехалі, ці пад прымусам. Сяброўку адправілі ў Чалябінск, а я тут засталася. Пайшла да людзей дзяцей няньчыць. Неўзабаве гэтая сям’я пераехала ў Баранавічы, і я разам з імі. Потым паехала ў Жыровічы, каб вучыцца на агранома ў тэхнікуме.
У Жыровічах Раіса Антонаўна выйшла замуж, нарадзіла трох дзяцей — двух сыноў і дачку (у жывых сёння застаўся толькі малодшы). Уладкавалася санітаркай у Жыровіцкую бальніцу.
— Там дужа доктар быў харошы, Валерый Браніслававіч Масцяніца, залаты быў чалавек, — уздыхае Раіса Іларыёнаўна. — А я ўжо і мужа пахавала, і дачку, і сына. Малодшы жыве ў Мінску, а я тут адна: сабачка Рыжок ды кот Чарныш. Ніколі не думала, што выжыву… Яшчэ хаджу, агарод даглядаю. Там, праўда, толькі бульба ды цыбуля… Але ж на «вербную» ў царкву схадзіла. І да Дня Перамогі трэба падрыхтавацца: да мяне ж госці са Слонімскай бальніцы прыедуць…
Раіса Іларыёнаўна паціху ідзе ў бакавушку. Падыходзіць да шафы, вымае адтуль парадны пінжак з медалямі. І вочы яе маладзеюць…