Да 90-годдзя прафесара Лукашыка Віцебск, вуліца Леніна, кнігарня паблізу скрыжавання з Савецкай. Вясна 1954 года, дзень паступлення навінак, пасляабедзенная гадзіна. Уважлівыя прадаўшчыцы адразу прыкмячаюць двух заўсёдных наведвальнікаў. Невысокага мужчыну сярэдніх гадоў з інтэлігентным тварам яны ведаюць як прафесара. Ён прыехаў гады тры таму з Ленінграда выкладаць у медыцынскім інстытуце. У кнігарню прыходзіць кожную сераду. Малады чалавек спартыўнага целаскладу прадаўшчыцам таксама знаёмы — гэта студэнт-першакурснік таго ж інстытута. Цікавіцца індыйскай і грэчаскай філасофіяй, прыродазнаўчымі навукамі, мастацкай літаратурай. Не раз так было, што студэнт і прафесар з’яўляліся ў кнігарні адначасова, але толькі сёння старэйшы падышоў да адной з прадаўшчыц і нечакана спытаў пра малодшага: «А хто гэты малады чалавек, якога я ў вас прыкмячаю штотыдзень?»
Супраць цячэння
— Калі я перайшоў на другі курс, мы сустракаліся часта. Заўсёды або на ганку, або ў дзвярах: я выходзіў з кнігарні, прафессар Шапот уваходзіў. «Ну што, купілі кніжак? — пытаўся ён. — Пакажыце». І я паказваў, — гаворыць той самы студэнт, цяпер прафесар Мікалай Лукашык, які ўсё сваё жыццё прысвяціў сумленнай руплівай працы на карысць медыцынскай адукацыі і аховы здароўя.
«Бацькі ў вас настаўнікі?» — спытаў студэнта Мікалая Лукашыка прафесар-біяхімік Уладзімір Шапот, калі ў той вясновы дзень 1954 года падышоў пазнаёміцца. Студэнт спачатку сумеўся, а пасля засмяяўся: «Бацькі ў мяне сяляне з чатырма класамі царкоўна-прыходскай школы». І расказаў, як яму, пераростку, які павінен быў пайсці ў першы клас у 1941-м, а пайшоў толькі ў 1944-м, хацелася вучыцца, як прагна ён чытаў кніжкі, як неўзабаве перачытаў іх усе, якія толькі былі ў іх вясковай хаце-чытальні, як, выпраўляючыся ў поле пасвіць каровак, браў з сабой у торбачку не толькі акраец хлеба з бутэлькай малака, але і кніжку, або нават дзве, а вечарамі прыходзіў дадому з ужо прачытанымі, як па новыя кніжкі трэба было ехаць у Іванава і як ён, пазычыўшы ровар, ехаў туды ў любое надвор’е, каб толькі атрымаць сілкаванне для свайго дапытлівага, прагнага розуму.
Яны пасябравалі — студэнт-«пераростак», сын Палесся, зямляк Дастаеўскіх, Скірмунтаў і Напалеона Орды, і прафесар, высланы з Ленінграда «на перыферыю» за тое, што прызнаваў навукай генетыку, «прадажную дзеўку імперыялізма».
— Самае каштоўнае, што ён прывёз з Ленінграда, — гэта агеньчык таго ўніверсітэцкага гарту, які ён сам некалі атрымаў ад сваіх настаўнікаў, такіх, як знакаміты прафесар Энгельгардт ды іншыя вядучыя біяхімікі таго часу, — расказвае Мікалай Лукашык. — Прафесар Шапот не толькі цаніў добрую літаратуру, але і захапляўся спортам: гуляў у настольны тэніс, катаўся на каньках, любіў грэблю на байдарках. Зімой мы разам хадзілі на каток. Адзін ён не ішоў, а гаварыў мне гадзіны за паўтары да заканчэння працоўнага дня: «Ну што, пойдзем пабегаем?» Каток быў побач з медінстытутам, і мы, адпрацаваўшы, ішлі «бегаць». У Віцебску ён жыў адзін, сям’я заставалася ў Ленінградзе. А летам на Дзвіне мы бралі лодку і плылі: я супраць цячэння кіламетр, ён па цячэнні кіламетр. Бывала гаварыў: «Ты маладзейшы, давай супраць цячэння да моста». Гэта быў чыгуначны мост, далей за яго заплываць было нельга, там стаяла ахова.
Разлінаванне дзён
З трэцяга курса студэнт Лукашык пасля заняткаў заставаўся ў інстытуце працаваць на палову стаўкі тэхнікам-лабарантам на кафедры біяхіміі, якую ачольваў прафесар Шапот. Гэта было ўжо далёка не першае і не адзінае месца падпрацоўкі студэнта, якому бацькі з-за беднасці грашыма не дапамагалі. Да паступлення ў Віцебскі медінстытут Мікалай Лукашык з адзнакай скончыў фельчарска-акушэрскую школу ў Пінску і па нядзелях браў дзяжурствы на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, а летам уладкоўваўся ў медпункт піянерскага лагера.
Можна было б спытаць: калі ён паспяваў вучыцца (бо інстытут ён таксама скончыць з адзнакай!), як у яго хапала часу чытаць кнігі, займацца спортам і культурна адпачываць, ствараючы годную і нават жаданую кампанію не абы-якому таварышу, — але адказы на іх відавочныя. Па-першае, праца яго таксама вучыла. Выхоўвала, адукоўвала, загартоўвала. Па-другое…
Ёсць людзі, якія ніводнай хвілінкі не могуць спусціць на пустое, нікчэмнае, марнае, непатрэбнае. Іх навігатар і компас — разлінаванне дзён. Яны метадычна, заўзята густа-густа лінуюць дні, каб напаўняць іх выключна вартым. Такі Мікалай Лукашык. Ён і сёння лінуе дні.
Анёлы і чароўны клубок
У марах пра будучую ўрачэбную дзейнасць — светлых, як палескае сонца, празрыстых, як воды Ясельды, жывых, як малюнкі Напалеона Орды, — Мікалай Лукашык аддаваў перавагу спадарыні Хірургіі, якую ўсёй душой палюбіў яшчэ ў фельчарскай школе. З пятага семестра, як толькі стала магчыма, ён займаўся ў студэнцкіх навуковых гуртках ці не пры ўсіх хірургічных кафедрах. Выкананыя навуковыя працы афармляў як артыкулы і даклады для канферэнцый. Кафедрай шпітальнай хірургіі кіраваў у той час прафесар, заслужаны ўрач БССР Іосіф Баніфацьевіч Аляшкевіч. Мікалай Лукашык даследаваў пад яго кіраўніцтвам аддаленыя вынікі закрытых траўм чэрапа. З дакладам на гэту тэму студэнт выступіў ні многа ні мала на пленарным пасяджэнні Першага з’езда расійскіх хірургаў у Ленінградзе.
Гэта быў ужо 1958 год. Набліжалася размеркаванне. У 1959-м таленавіты студэнт мог атрымаць жаданае месца хірурга. Яно ўжо і чакала яго ў Докшыцах. Але анёлы размеркавалі іначай. Так з чалавекам бывае. Асабліва калі анёл у яго не адзін.
За тры гады да таго на пасаду асістэнта кафедры біяхіміі ў Віцебскі медінстытут прыбыў з Полацкай бальніцы Юрый Астроўскі. У Полацку ён мала што арганізаваў біяхімічную лабараторыю — там ён самастойна правёў даследаванні, вынікі якіх заставалася аформіць у кандыдацкую дысертацыю пад вопытным кіраўніцтвам. Лепшага кіраўніка, чым прафесар Шапот, нельга было ўявіць — і Астроўскі перавёўся ў Віцебск. Так у жыцці Мікалая Лукашыка з’явіўся яшчэ адзін выдатны ўзор вучонага-біяхіміка, яшчэ адзін старэйшы сябар, яшчэ адзін кумір.
Уладзіміру Шапоту, які ў Віцебску жыў адзін, асістэнт Астроўскі і студэнт-лабарант Лукашык замянілі сям’ю.
— Я быў на пятым курсе, калі прафесара Шапота прааперыравалі з-за язвы страўніка, — успамінае далей Мікалай Лукашык. — Мы з Юрыем Міхайлавічам рашылі дзяжурыць каля хворага. Да 10-й гадзіны раніцы ў яго быў Юрый Міхайлавіч, потым прыходзіў я. У клініцы мяне ўжо ведалі як практыканта. Я знаходзіўся ў палаце, сядзеў пры ложку Уладзіміра Сяргеевіча, размаўляў з ім, дапамагаў яму, калі трэба было…
Шапот і Астроўскі пасеялі ў душы Мікалая Лукашыка такую любоў да біяхіміі, якая, узрастаючы, магла канкурыраваць з любоўю да хірургіі. Абодва прадвызначылі яго чалавечы і навуковы лёс.
Можна думаць, што дзякуючы такім неардынарным знаёмствам, якія перарасталі ў сяброўства, прафесійныя перспектывы разгортваліся перад гэтым студэнтам самі сабой, як перад героем казкі разгортвае сваю пуцяводную нітку чароўны клубок, але такі клубок яшчэ трэба было займець. Узяць яго ў рэальным жыцці можна хіба што з упартай працы, пераадолення цяжкасцей і супраціўлення спакусе плыць па цячэнні.
Два чамаданы кніг
У чэрвені 1958-га Астроўскі бліскуча абараняе кандыдацкую дысертацыю. У тым жа чэрвені пачынае працу камісія на чале з міністрам аховы здароўя Іванам Інсаравым па арганізацыі медыцынскага інстытута ў Гродне. Месца загадчыка кафедры біяхіміі дастаецца «новаспечанаму» кандыдату медыцынскіх навук. На пераломе зімы 1958–1959-га Астроўскі пакідае Віцебск і едзе ў Гродна арганізоўваць кафедру: трэба паспець да верасня, калі ў студэнтаў першага набора пачнецца другі курс.
Кафедры патрэбны супрацоўнікі. Каго ўзяць асістэнтам? Каму даверыць працу са студэнтамі? Хто з гэтым справіцца лепш, чым руплівы, старанны, адораны многімі талентамі Лукашык, ужо выпускнік? Тэхнікай працы ў хімічнай лабараторыі валодае дасканала. Методыкі біяхімічных даследаванняў засвоіў выдатна. Прыборы і абсталяванне ведае так, што запраста можа правесці любы рамонт. І задаткі педагога мае. І не баіцца ніякіх цяжкасцей. Нават наадварот: ён іх шукае. Каб пераразмеркаваць гэтага палескага самародка ў Гродна, дастаткова ліста міністру. І вось Мікалай Лукашык, які яшчэ нядаўна бачыў сябе за аперацыйным сталом, атрымлівае тэлеграму ад свайго будучага шэфа Астроўскага.
Стаіць чэрвень. Паміж атрыманнем дыплома ўрача і першым працоўным днём у новым статусе храналагічна пралягае законны адпачынак. Але Лукашык адпачынак ігнаруе. Ён выязджае ў Гродна. Што бярэ з сабой? Два чамаданы кніг. Хіба што мама дадала да іх коўдру і пасцельную бялізну.
Першым месцам у Гродне, якое ён, уладкаваўшыся, наведае, будзе, канечне, кнігарня. А каб навучыцца ўжо не лячыць, а вучыць, ён будзе ў вольны ад працы час хадзіць у Гродзенскі педінстытут на лекцыі па псіхалогіі, педагогіцы і дыдактыцы. «Выкладчыкі медыцынскіх дысцыплін, якія не маюць базавай педагагічнай адукацыі і не прайшлі павышэння кваліфікацыі па курсу педагогікі вышэйшай школы, нярэдка маюць мізэрныя ўяўленні пра формы і магчымасці метадычнай работы», — напіша ён праз сорак гадоў.
Па вобразу і падабенству
— Мушу вам сказаць, што мы ў Гродне выкладалі біяхімію ў большым аб’ёме, чым гэта патрабавалася праграмай медыцынскага інстытута, — прызнаецца Мікалай Канстанцінавіч. — Мы давалі яе як ва ўніверсітэце. І Юрый Міхайлавіч Астроўскі, і я працавалі «па вобразу і падабенству» — так, як нам паказаў наш настаўнік прафесар Шапот.
Мікалай Лукашык — першы вучань Юрыя Астроўскага ў любімай імі абодвума вітаміналогіі. Яго навуковая іпастась — даследчык абмену вугляводаў і яго парушэнняў пры мадэляванні паталагічных працэсаў. Што будзе з метабалізмам, калі ў арганізме ўтворыцца дэфіцыт водарастваральных вітамінаў, на які накладуцца іншыя паталогіі — цукровы дыябет, гіперхалестэрынемія, эксперыментальна створаны гепатыт, востры панкрэатыт, стрэс? Мікалай Лукашык нястомна шукае адказы. Ён увесь час у лабараторыі — то ўласныя эксперыменты ставіць, то займаецца з гурткоўцамі-студэнтамі, то навучае новым методыкам супрацоўнікаў кафедры і практыкуючых урачоў. Раўняецца на куміра Астроўскага, для якога паняццяў «стаміцца» і «адпачыць» наогул не існуе. Зрэшты, у педагагічнай дзейнасці ён ідзе далей за Астроўскага, які на пэўным этапе адыходзіць ад выкладання і цалкам прысвячае сябе навуцы.
Майстра мастацтва выкладання
Справе падрыхтоўкі ўрачоў — такіх урачоў, якія не памыляюцца ў дыягностыцы, бо, узброеныя магчымасцямі біяхіміі, умеюць прачытваць арганізм чалавека як кнігу, бачыць яго наскрозь, — Мікалай Лукашык прысвяціў усё сваё нялёгкае шчаслівае жыццё. Яго мэтай было зрабіць так, каб студэнт гэту няпростую біяхімію не толькі зразумеў, але і палюбіў ці, прынамсі, зрабіў заўсёднай сваёй памагатай. Хто з тых, каму давялося яе вывучаць, скажа, што гэта «семкі»? Грувасткія формулы і ўраўненні рэакцый, цяжкія для разумення працэсы могуць укладацца ў галаве значна лепш, калі ведаеш, як іх укласці.
Уяўленне пра тое, што адбываецца ў арганізме пры розных станах, можа быць не прыблізным і цьмяным, а дужа канкрэтным, калі гэта ўяўленне фарміруецца метадычна. Прафесара Лукашыка, які, біяхімічнай мовай кажучы, сінтэзаваў наватарскія ідэі выкладання, пераганяў мукі вучэння праз рэторты алгарытмаў запамінання, прапускаў разуменне праз фільтр матывацыі, вышукваў патрэбную канцэнтрацыю ўвагі і прапісваў студэнтам рэцэпты субстратаў і буфераў для захоўвання інфармацыі ў мензурках памяці і колбах падсвядомасці, — назвалі майстрам мастацтва выкладання.
Індывідуальнасць падыходу да студэнта з улікам тыпу яго асобы, уключэнне ў заняткі «элементаў адпачынку, рэлаксацыі, станоўчых эмацыйных уздзеянняў» — гэта Мікалай Лукашык называе абавязковымі складнікамі навучання, такімі ж важнымі, як правядзенне заняткаў на самым сучасным абсталяванні і рэальнае планаванне аб’ёмаў тых ведаў, якімі належыць авалодаць студэнту на пэўным канкрэтным адрэзку часу.
Ён не толькі загадваў кафедрай біяхіміі Гродзенскага медыцынскага інстытута, змяніўшы на гэтым месцы Астроўскага, але і меў пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце, што, безумоўна, дадавала магчымасцей рэалізоўваць наватарскія ідэі. Пару разоў прыязджаў у Гродна Шапот. З задавальненнем чытаў студэнтам свае легендарныя лекцыі і радаваўся за вучняў.
Маленькае інтэрв’ю вялікага чалавека
8 чэрвеня прафесару Мікалаю Лукашыку споўнілася 90 гадоў. Хацелася не проста павіншаваць — хацелася пагаварыць з ім. Пра што заўгодна. Хацелася слухаць яго такі роўны, выразны, прафесійна пастаўлены голас, такую прыемную манеру аповеду, такую дасканалую, па-майстэрску адточаную і дзесяцігоддзямі практыкі адшліфаваную мову, такія свежыя, яркія, цікавыя думкі.
— Мікалай Канстанцінавіч, а чаму вы з усіх магчымасцей выбралі медыцыну?
— З усяго таго, што я вельмі любіў і лічыў самым каштоўным у свеце, найбольшай увагі і дапамогі патрабавалі людзі. Людзі няшчасных пасляваенных гадоў: асірацелыя, хворыя, пакалечаныя. Медыцына была ці не адзінай такой галіной, якая здольная дапамагчы ім. Гэта першая прычына, але не галоўная. Можа, я і пайшоў бы ў іншую галіну, але на мяне паўплываў мой дзядуля, які быў ветэрынарам і неймаверна захапляў мяне сваім веданнем жывой прыроды, жывёльнага свету. На любую істоту, пачынаючы ад курыцы і канчаючы канём, ён глядзеў так, што здалёк ужо мог сказаць, якая ў гэтай жывёлы хвароба.
Для мяне гэта была загадка, і мне было цікава яе разгадаць. Я хацеў як мага хутчэй атрымаць спецыяльнасць і прыносіць людзям карысць, таму пасля сямі класаў Дастоеўскай школы паступіў вучыцца на фельчара ў Пінску. Я не памыліўся. Я палюбіў сваю спецыяльнасць настолькі, што аддаваў ёй увесь свой час, найперш рабіў усё для яе, а потым ужо для сябе. Я не шкадую, што выбраў гэту цудоўную галіну. У нечым я спасцігнуў яе дасканала, у нечым мо нешта недапрацаваў, але я да гэтай пары цаню і люблю медыцыну і да гэтай пары яшчэ часам бываю карысны: у мяне пытаюць парады.
— Што вы сказалі б тым маладым людзям, якія цяпер выбіраюць медыцыну?
«Я б ім параіў абавязкова глыбока пранікнуць у гэту найцікавейшую і найпатрэбнейшую галіну ведаў, каб зразумець, што ў медыцыне можна працаваць толькі высокапрафесійна, што трэба дзеля яе авалодаць многімі якасцямі, быць спачувальным, адчуваць чужы боль, мець жаданне дапамагаць і сілу волі такую, каб дапамагаць хоць 24 гадзіны на суткі, калі ты ведаеш, што твая дапамога патрэбна».
— Хачу дадаць тое, пра што вы ў мяне не спыталі. Я шчаслівы тым, што за час сваёй працы сфарміраваў некалькі дзясяткаў асобаў, якія прыйшлі ў медыцыну і сталі цудоўнымі ўрачамі, вучонымі і настаўнікамі, якія ўмеюць вучыць, зацікаўліваць, захапляць. Такіх людзей вельмі многа, для мяне яны радасць і апора, і калі я цяпер застаюся на самоце і пачынаю думаць ды ўспамінаць, то кажу сабе: я дапамог многім людзям апынуцца на сваіх месцах, і яны на гэтых месцах вельмі многа зрабілі. А галоўны прынцып вы ведаеце: вучні павінны пераўзысці настаўніка, пайсці далей за яго, зрабіць больш і стаць лепшымі...