Гэта гісторыя не пра тое, як план перабудовы сістэмы аховы здароўя «на ўзор Усходняй Беларусі» ліквідаваў прыватную практыку «польскіх» лекараў. І не пра тое, як кампанія па развіцці ўдарніцтва заклікала павысіць хуткасць перамяшчэння хворага да стала хірурга. Усё было і цікавей, і складаней. Усё было так, як не магло не быць.
Акалічнасці месца і часу
У жніўні 1939 года Савецкі Саюз і Германія падпісваюць дагавор аб ненападзенні і афармляюць сакрэтны дадатковы пратакол, які прадугледжвае план размежавання сфер уплыву ва Усходняй Еўропе на выпадак яе «тэрытарыяльна-палітычнай перабудовы». Ланцуговая рэакцыя, тая самая «перабудова», не прымушае сябе чакаць, падзеі далей, адна з адной вынікаючы, разгортваюцца імкліва: Германія 1 верасня нападае на Польшчу, Савецкі Саюз 17 верасня ўводзіць войскі ў Заходнюю Беларусь, а ўжо 28 верасня Савецкім Саюзам і Германіяй падпісваецца дамова «Аб сяброўстве і мяжы», паводле якой мяжа Савецкага Саюза прырастае, не лічачы іншага, сотняй тысяч квадратных кіламетраў заходнебеларускіх зямель — Палескім, Навагрудскім, Віленскім і Беластоцкім ваяводствамі. Аформленыя ў 1921 годзе Рыжскай мірнай дамовай як польскія з усімі атрыбутамі, уключаючы адміністрацыйна-тэрытарыяльную лексіку — ваяводствы, паветы, гміны, — 4 снежня 1939 года яны ўжо становяцца Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцямі. Тэрыторыя БССР такім чынам падвойваецца.
А Наркамат аховы здароўя азадачваецца праблемамi 4,5 мільёна новых патэнцыйных пацыентаў.
Terra unique: непаўторныя рысы
У якім аспекце ні разглядай, гэта была асаблівая тэрыторыя. Такой яе зрабілі падзеі папярэдніх гадоў — спачатку Першая сусветная вайна, якая адсекла яе ад імперыі лініяй фронту, а потым Рыжская мірная дамова, якая фактычна ўзмацніла яе адасобленасць. Ужо не Расія, але і не надта Польшча.
У выніку да 1939 года медыцына Заходняй Беларусі (як, зрэшты, і многае іншае на гэтай зямлі) займела абсалютна непаўторныя рысы. Яна адрознівалася не толькі ад медыцыны Усходняй Беларусі, якая ўжо трэцяе дзясяцігоддзе развівалася паводле савецкіх прынцыпаў, але і ад медыцыны цэнтральных і заходніх ваяводстваў Польшчы, хоць належала ёй прыкладна той жа адносна працяглы час. Варта ўлічыць, што Савецкі Саюз і Польшча мелі ў пэўным сэнсе роўныя ўмовы: не толькі першы быў «маладой неакрэплай дзяржавай», але і другая набыла самастойнасць незадоўга да таго, як ёй сталі належаць заходнебеларускія землі.
Медыцына ў заходняй частцы Беларусі яшчэ ў 19-м стагоддзі займела такія памкненні і дасягненні, пра якія пісаць і пісаць. Тут дабіваліся таго, каб у вёсках працавалі не толькі фельчары, але і ўрачы, каб не толькі ў гарадскіх, але і ў сельскіх школах выкладаліся асновы гігіены, а пры бальніцах ствараліся бібліятэкі з кніг, якія папулярызавалі б медыцыну і гігіену. Тут у аптэках адпускалі мінеральныя воды. Як і ва ўсходняй частцы, рэгулярна праходзілі з’езды ўрачоў, у якіх прымалі ўдзел нават правінцыйныя дактары, і гэтыя ж правінцыйныя дактары друкаваліся ў навуковых выданнях. Тут існавала пасада сямейнага ўрача, што адсутнічала ва ўсходняй частцы. Апошняе стала магчымым дзякуючы страхавой медыцыне.
Па другі бок: наперад, заплюшчыўшы вочы
Сярэдзіна чэрвеня 1918 года. У Маскве праходзіць першы Усерасійскі з’езд медыка-санітарных аддзелаў Саветаў. Мікалай Сямашка, які загадвае медыка-санітарным аддзелам Массавета, агучвае тое, што потым стане вядомым свету на пад назвай «мадэль Сямашкі». Пірагоўскае таварыства — адно з самых аўтарытэтных дабраахвотных недзяржаўных аб’яднанняў расійскіх урачоў — выказваецца пра рашэнні гэтага форуму вельмі з’едліва: «Розніца паміж пазіцыяй земскіх медыцынскіх работнікаў у Расійскай імперыі і пазіцыяй савецкіх медыцынскіх лідараў толькі ў тым, што земскія ўрачы з расплюшчанымі вачыма глядзелі на тое, што з гэтых прынцыпаў ва ўмовах рускай рэчаіснасці можна рэалізаваць у жыцці і што нельга, а ў савецкіх дзеячаў гэтых расплюшчаных вачэй, гэтай меры таго, што магчыма і што немагчыма, відавочна, няма».
Гэта было справядліва і несправяліва. Так дарослы крытыкуе дзіця, калі тое ўпарта нечага дамагаецца. Раней ці пазней дзіця вырасце — і ў выпадку захавання вернасці мэце дасягне яе. Прынцыпы савецкай аховы здароўя, падпарадкаваныя мадэлі Сямашкі, прызнанай у 1970-х гадах лепшай у свеце (і гэта паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя), далёка не адразу праявілі сябе эфектыўна, але пераможцаў не судзяць.
Мадэль Сямашкі і сёння лічыцца адной з лепшых. Такой яе ў найпершую чаргу зрабіла якраз тое, што крытыкавалася адэптамі расплюшчаных вачэй «пірагоўцамі»: усеагульная і цэнтралізаваная падпарадкаванасць, прывязка насельніцтва да медыцынскіх устаноў па месцах пражывання, абавязковасць вакцынацыі ад сур’ёзных інфекцый. Не дзіўна, што сёння, у час пандэміі, мадэль Сямашкі вяртае сваю вагу.
Terra unique: са страхоўкай і без
Пытаннямі аховы здароўя ў Польскай дзяржаве заняліся адразу некалькі міністэрстваў. І гэта быў той выпадак, калі колькасць нашкодзіла якасці. Хаця б з-за таго, што прынесла раскаардынаванасць рашэнняў. Дадайце сюды разбуральнае ўздзеянне Першай сусветнай вайны, галоту і неўтаймоўныя эпідэміі — і стане зразумела, чаму медыцына заходняй часткі Беларусі, маючы не самы горшы ўзровень, пасля 1915 года хілілася ў бок заняпаду.
А ўвогуле медыцынай Заходняй Беларусі не толькі кіравалі з розных міністэрстваў — яе і фінансавалі з розных крыніц. Праца ўрачоў аплочвалася і дзяржавай, і мясцовым самакіраваннем, і грамадскімі арганізацыямі, і са страхавых кас. Іншымі словамі, была яна не толькі прыватнай і платнай. Але ў другой палове 1910-х і ўсе 1920-я колькасць бальніц і ўрачоў скрачалася, у сувязі з чым заканамерна павялічваўся кошт медыцынскіх паслуг. Бальнічных ложкаў у Заходняй Беларусі было менш, чым у суседняй Усходняй, у 5 разоў.
Па другі бок: колькасць ложкаў — да 9 тысяч!
Мы добра ведаем, нават не жыўшы ў той час, афектыўнаэкзальтаваны тэмперамент юнай Краіны Саветаў, яе «пубертатную» акцэнтуяванасць, з-за якой яе літаральна заносіла на паваротах. У тэме аховы здароўя гэта былі, працягваючы выбраную тэрміналогію, падлеткавыя рэакцыі імітацыі і кампенсацыі. Калі ў 1933 годзе стварылі камісію для пошуку прычын эпідэміі дызентэрыі, у справаздачах фігуравалі невыкананне пастаноў камісіі па барацьбе з эпідэміямі, ігнараванне насельніцтвам санітарных патрабаванняў, антысанітарны стан рынкаў і адсутнасць вывазу камунальных адходаў, але не тое, што было ключавым, што стаяла на першым месцы: голад, які прымушаў людзей есці што прыйдзецца, накладзены на павышаныя нагрузкі.
Ацаніўшы ў 1939-м стан рэчаў у Заходняй Беларусі, Наркамат аховы здароўя пастанавіў: давесці колькасць бальнічных ложкаў (сярод іх — інфекцыйных, туберкулёзных, дзіцячых, для парадзіх) да 9 тысяч, павялічыць колькасць амбулаторна-паліклінічных устаноў, пашырыць сетку «кропак здароўя» (здраўпунктаў) на прадпрыемствах і фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсках.
І атрымалася! Калі ў 1938 годзе, да аб’яднання, бальніц было 100, а ўрачоў 700, то ў канцы 1940-га бальніц (сярод іх і радзільных дамоў) стала 234, урачоў — 1 755.
Terra unique: цэнтры здароўя
Рэзюмуючы розніцу паміж станамі аховы здароўя заходняй і ўсходняй тэрыторыi Беларусі, польскай і савецкай, гродзенскі гісторык медыцыны Яўген Цішчанка прыводзіў параўнанні, датычныя наяўнасці/адсутнасці дыспансераў — супрацьтуберкулёзных, супрацьвенерычных, дзіцячых. У заходняй частцы яны «фактычна адсутнічалі» (у адрозненне ад усходняй, дзе яны існавалі з першых гадоў савецкай улады), але «амбулаторная дапамога з элементамі дыспансерызацыі і апекі ўскладалася на цэнтры здароўя».
Гэтыя ўстановы амбулаторнага тыпу адкрываюцца на заходняй тэрыторыі Беларусі ў другой палове 1920-х гадоў. Мэта іх — не толькі аказанне канкрэтнай дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу, але і арганізацыя мерапрыемстваў па захаванні і ўмацаванні здароўя грамадства, папярэджванне і выяўленне так званых сацыяльных захворванняў — залежных ад сацыяльна-эканамічных умоў. Кожны цэнтр здароўя меў тры аддзяленні, арганізаваныя ў форме амбулаторый: супрацьвенерычнае, супрацьтрахомнае і супрацьтуберкулёзнае — скіраваныя супраць бадай самых страшных дыягназаў часу.
У супрацьвенерычнай практыцы найбольш паказальны прыклад лячэння сіфілісу: яно праводзілася бясплатна. Выкарыстоўваўся для гэтага сальварсан, або прэпарат 606. Такі парадкавы нумар мела чарговае і першае паспяховае намаганне Пауля Эрліха, які сінтэзаваў і выпрабоўваў арганічныя злучэнні мыш’яку. Але сальварсану на ўсіх не хапала — настолькі шырока быў распаўсюджаны сіфіліс.
Яшчэ адна бяда часу — трахома, хранічная інфекцыйная хвароба вачэй. Чатыром з пяці сваіх ахвяр яна пагражала стратай зроку, і не было ад яе да сярэдзіны 20-га стагоддзя (пакуль не пачалі выкарыстоўваць сульфаніламід) ніякага іншага ратунку, як толькі паляпшэнне умоў жыцця — камунальных і санітарных.
Чым лячылі ў заходнебеларускіх цэнтрах здароўя сухоты? У 1910 годзе, яшчэ ў Расійскай імперыі, з гэтай мэтай пачалі прымяняць штучны пнеўматоракс. Увогуле ж самымі распаўсюджанымі лячэбнымі сродкамі былі святло, паветра і харчаванне. Вакцына БЦЖ з’явілася ў Савецкім Саюзе і Польшчы прыкладна ў адзін час, у 1925 годзе, але да масавага і абавязковага яе ўжывання ў абедзвюх краінах заставалася не менш як 30 гадоў.
Цэнтрамі здароўя былі адзіночныя арандаваныя кабінеты, болей чым сціпла аснашчаныя. Час працы нават самых прагрэсіўных з іх выдаваў недахоп персаналу: некалькі гадзін у дзень, некалькі дзён на тыдзень.
Па другі бок: і ў чарнарабочага можа быць светлая галава
1930-я. Аб’яднанае пасяжэнне Прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, Народнага камісарыята рабоча-сялянскай інспекцыі і Цэнтральнага савета прафсаюзаў. Такое аўтарытэтнае прадстаўніцтва сабралася для таго, каб абмеркаваць адну вельмі істотную недапрацоўку: колькасць урачоў у вёсках за 3 гады ўзрасла толькі на два дзясяткі. Рашэнне? Паўтары сотні лепшых урачоў і сотню прадстаўнікоў сярэдняга медперсаналу перакінуць у сельскую мясцовасць з гарадоў. Акрамя таго, для ўмацавання кіруючага састава Наркамата аховы здароўя вылучыць на пастаянную работу 40 лепшых ударнікаў працоўных прадпрыемстваў, «улічваючы, што вопыт вылучэння рабочых на кіруючыя пасады ў органы аховы здароўя цалкам сябе апраўдаў».
Самымі распаўсюджанымі прафесіямі тых, хто па загаду ўладаў пераходзіў у шэрагі кіраўнікоў савецкай аховы здароўя на месцах, былі… матарыст, чарнарабочы, конюх, пажарнік, прараб леспрамгаса. Але не варта спяшацца з высновамі: і ў чарнарабочага можа быць светлая галава. Усё, як заўсёды, залежыць ад чалавека.
Калі з пачаткам ударніцкага руху, які, паводле ідэі, павінен быў ахапіць і ўрачоў, яны пачалі наракаць — маўляў, ударніцтва лёгка праводзіць у справе пашырэння пасеваў, а хворых лячыць ударна ніяк не магчыма, — сам наркам аховы здароўя Міхаіл Уладзімірскі сказаў як адрэзаў: «Магчыма. Перамяшчэнне хворага, асабліва калі ён прадстаўнік працоўнага класа, да стала хірурга ідзе занадта марудна, тут можна павялічыць тэмп работы».
Па адукацыі Уладзімірскі быў урачом, навучаўся ажно ў пяці ўніверсітэтах, тым не менш яму ўдалося не толькі сказаць глупства, але і закласці ў яго двайны сэнс, дапусціўшы тыповую lapsus linguae, памылку ў афармленні думкі, для чыноўніцтва яго часу вельмі нярэдкую.
Прыватнікі на службе грамадству
У маі 1921 года Народны камісарыят аховы здароўя тады яшчэ РСФСР заявіў: «Прыватная медыцынская практыка, як перажытак капіталістычнага ладу, пярэчыць асноўным прынцыпам правільнай арганізацыі медыка-санітарнай дапамогі і агульным асновам сацыялістычнага будаўніцтва. Гэты перажытак трэба ліквідаваць».
— І многія ўрачы прыватнай практыкі прынялі савецкія прынцыпы, — гаворыць доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Андрэй Майсяёнак. Да такіх урачоў належаў і яго бацька. — Калі ў 2003 годзе тата памёр, «Медыцынскі веснік» надрукаваў артыкул пад назвай «Памёр апошні “польскі” ўрач Беларусі». «Польскі» — таму што ён меў «польскі» дыплом. А трэба ведаць асаблівасці польскай медыцынскай адукацыі: гэта заўсёды была падрыхтоўка да прыватнай практыкі. А значыць універсальная.
Урачоў рыхтавалі так, каб яны маглі аказаць любы від дапамогі, ад хірургічнай да афтальмалагічнай. Гэтая вельмі важная акалічнасць ярка праявілася ў пасляваенны час, калі веды і вопыт папоўніліся досведам, атрыманым на вайне. Асабліва ў партызанскіх атрадах, дзе працавалі многія «польскія» ўрачы яўрэйскага паходжання, з-за якога яны вымушаны былі хавацца. Там, дзе ў пасляваеннай Беларусі «польскія» ўрачы заставаліся ў страі, людзі ведалі: гэта вельмі добрыя спецыялісты. Феномен тлумачыўся простым фактам прыватнай практыкі. Я быў знаёмы з такімі ўрачамі. Бацька мой працаваў у раёне, але я ведаў і тых, хто ўзначальваў хірургічныя аддзяленні бальніц абласных цэнтраў. Гэта былі каштоўныя людзі.
Пастскрыптум
Гэта гісторыя пра тое, як па абодва бакі мяжы, пракладзенай праз адну краіну, здабывалася здароўе для нацыі. Сапраўдны прарыў у справе аховы здароўя насельніцтва як у заходняй, так і ва ўсходняй частцы Беларускай рэспублікі адбудзецца толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны…