Адзін чалавек, які ведаў абодвух, так пра іх напісаў: «Калі Талстога можна параўнаць з хірургам, які на полі бітвы, не маючы ні хлараформу, ні іншых усыпляльных сродкаў для памяншэння пакут, робіць ампутацыі, не зважаючы на стогны і маленні пакутнікаў у імя іх дабра, то Элізу Ажэшку па яе стаўленні да чалавека варта назваць сястрой міласэрнасці, якая імкнецца захаваць для хворага яго паранены орган, плача над яго пакутамі і нават спрабуе спыніць руку хірурга з-за жаху хворага перад аперацыяй».
Невядома, што прымусіла сучасніка, які не быў медыкам, выкарыстаць медыцынскія вобразы, але гэта справядлівае параўнанне асоб, вартых адна адной. Абое, Талстой і Ажэшка, былі намінаваныя на Нобелеўскую прэмію па літаратуры на самым пачатку яе гісторыі, чым годна засведчылі ўзровень прыгожага пісьменства ў сваіх айчынах, і абое не менш годна саступілі ўзнагароду мацнейшаму канкурэнту. Што да медыцынскіх вобразаў, то ёсць на гэты конт што дадаць...
Шэры дом і Ясная Паляна
Схімніца з шэрага дома ў Гродне вельмі хацела і нават збіралася наведаць мудрага старца ў яго Яснай Паляне, але ўзрост і стан здароўя не дазволілі ёй гэта зрабіць. А што мудры старац? Ён чытаў яе творы ў часопісах і ставіў ім адзнакі ў сваім дзённіку. Леў Мікалаевіч маладушна не вітаў жаночую літаратурную творчасць — з яе, маўляў, кажух не пашыеш і хлеб не спячэш. І тым не менш гродзенская «маралістка» здолела ўразіць «глыбу» з Яснай Паляны. Ён нават параўнаў яе навелу «Адна сотая» са сваёй аповесцю «Смерць Івана Ільіча», а гэты факт многа значыць.
«Смерць Івана Ільіча», калі давяраць меркаванням Уладзіміра Набокава і Олдаса Хакслі, — «самы яркі, самы дасканалы, самы складаны твор Талстога», «цудоўная работа». А калі пачытаць, што пісалі пра аповесць сучасныя Талстому прафесары-ўрачы, то гэта «геніяльнае мастацкае параджэнне, якое праўдзіва паказвае хваробу і пакуты», «аповед, мацней за які на гэтую тэму ў сусветнай літаратуры няма» і «кожны ўрач любой спецыяльнасці павінен самым уважлівым чынам яго прачытаць».
Ідэя «Адной сотай» і «Смерці Івана Ільіча» — учынкі і перажыванні чалавека ў кіпцюрах невылечнай хваробы, на самым парозе смерці — прыйшла ў галовы аўтараў адначасова. Але як па-рознаму яны яе раскрываюць…
Адна сотая
Гаспадыня шэрага дома, якую ў шэрыя гадзіны (так яна сама, і не без унутранай прычыны, называла свой дом і надвячоркавы час) часцяком накрывала чорная хваля бяздоннай тугі, прыходзячы невядома адкуль («Адусюль! І з таго, што мінула, і з таго, што яшчэ мусіць адбыцца, з сумненняў, расчараванняў, з кволасці ўсяго на зямлі, з пустаты таго, што разліваецца наўкол сэрца і думак»), якая ў такія гадзіны змагалася «з магільным каменем», што навальваўся на яе, «да апошняга следу накрываючы ўсе надзеі», — з усяе моцы свайго адчаю выпісала ў «Адной сотай» героя, чый стан ад адчаю далёкі.
Яго адчуванне хуткай смерці саткана з цікаўнасці, нават радасці: «смяротная нуда» жыцця зменіцца нечым іншым, нарэшце яго напаткае «новае, незнаёмае», ён зазірне «прама ў вочы нечаму цікаваму і разам з тым велічнаму». Ён, 33-гадовы, не здзіўлены і не засмучаны паведамленнем доктара пра тое, што засталося яму жыць ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў, ён адчувае «прыемнае ажыўленне», і ёсць у яго на гэта спакойнае тлумачэнне: піў жыццё падвойнымі глыткамі — вось і выпіў яго ўдвая хутчэй за іншых, цякло яно шумным і паўнаводным ручаём — вось і не дзіва, што высахне раней часу.
«У вашай навукі няма сродкаў вярнуць мне сілы і здароўе, значыць, толькі смерць можа пазбавіць мяне ад пакут», — заяўляе ён доктару, «балбатню» з якім называе «апошнім банкетам са страў мінулага». Ён разважае пра атамы, на якія будзе раскладзена яго цела, і гадае, куды яны трапяць, перакананы, што частка атамаў прыгажуні Алены Спартанскай знаходзіцца ў поўсці палярнага мядзведзя, а хаця б адзін з тых атамаў, якія складалі мозг Сакрата, можна знайсці («калі б можна было шукаць») у тканіне яго халата.
Герой Ажэшкі, ветрагон і мантач, шкадуе, што мала было ў яго жыцці ўчынкаў, якія могуць пайсці ў залік дабрадзейнасці.
Адна сотая — гэта, паволде яго меркавання, такая частка ў чалавеку, якая на працягу ўсяго яго жыцця змагаецца з 99 астатнімі, і гэтая адна сотая схіляе грэшніка да дабрадзейнасці, а праведніка валіць у грэх.
Адвечная загадка
«То блісне кропля надзеі, то ўзбушуецца мора адчаю, і ўсё боль, усё боль, усё туга і ўсё адно і тое», — так працякаюць апошнія дні Івана Ільіча, прататыпам якога быў Іван Ільіч Мечнікаў, родны брат імунолага і мікрабіёлага Ільі Мечнікава, будучага нобелеўскага лаурэата.
Яснапалянскі светач сам некалі вельмі баяўся смерці, але гэты страх тлумачыўся думкай пра тое, што смерць абясцэньвае ўсё, што было і магло б яшчэ быць пражыта. Пазней ён лічыў, што «жыццё не было б такім ужо цікавым, калі б не існавала гэтай адвечнай загадкі наперадзе — смерці», і з узростам усё больш адчуваў «цікавасць чакання», задаючыся пытаннем: ці ёсць у яго жыцці такі сэнс, які б не знішчыўся тым непазбежным, што мусіць з ім адбыцца, як адбываецца з кожным. «Мы ўсе так даўно — ад самага нараджэння — прыгавораныя Богам да смерці, а калі нам гэта скажа доктар, дык быццам нешта новае чуем», — ці то дасціпнічае, ці то па-філасофску выводзіць Талстой. А героя свайго, 45-гадовага Івана Ільіча, выпісвае пакутнікам, якому ў самыя цяжкія моманты здаецца, быццам яго з болем засоўваюць у нейкі вузкі чорны глыбокі мяшок і ўсё прасоўваюць і не могуць прасунуць, а ён і баіцца, і хоча туды праваліцца, і супраціўляецца, і дапамагае. Іван Ільіч усведамляе, як няправільна жыў, а са смерцю, якая яго чакае, мірыцца не хоча, лічыць яе несправядлівай. Доктар пры ім не сядзіць. І ніхто не сядзіць. Толькі прыходзяць. І як яму ні тужліва, як ні хочацца некага пазваць, але ён ведае наперад, што будзе яму ў кампаніі яшчэ горш, і гэта ўзмацняе пакуты. А ў апошняе імгненне Іван Ільіч думае ўжо іначай: як добра і як проста, а смерць — дзе яна? Калі над ім прамаўляецца: «Скончана» — ён паспявае падумаць, што скончана смерць, што гэта яе больш няма. І на твары яго застывае прыгожы выраз, які сведчыць, «што тое, што трэба было зрабіць, зроблена — і зроблена правільна».
Звычайная пацыентка
Якой пацыенткай была Эліза Ажэшка? Калі б можна было папрасіць кожнага яе ўрача ахарактарызаваць яе з гэтага боку, мы напэўна атрымалі б процьму розных характарыстык і не паверылі б, што ўсе яны датычныя аднаго чалавека. То яна паслухмяна выконвае назначэнні і прадпісанні, то іх з нядбаласцю ігнаруе. Трэба думаць, што ні адзін з яе акулістаў не напісаў бы пра яе нічога добрага. Скардзіцца: «Абяцалі, што ў вёсцы вачам будзе лепш, а зрабілася горш». А сама перад тым напісала даўжэзны ліст ды яшчэ дзёрзка паведаміла адрасату, што піша яго «насуперак хворым вачам». І ніколі не лічыць, што вінаватая: яе вачам становіцца горш не ад чытання або пісьма, а «ад працяглага бляску сонца, што іскрыцца ў небе, а можа, ад пылу, які нябачна трапляе ў паветра ў засушныя дні, а можа проста такая доля».
Зюня Паўлоўская — будучая Эліза Ажэшка — адзіная з трох дзяцей сваёй маці, якая выжыла: сястра і брат памерлі ў маленстве. Маці прыкладала ўсе намаганні, каб дзеці раслі здаровыя і фізічна развітыя, сачыла за новымі павевамі ў гэтай тэме і строга трымалася парад урачоў.
Доктар з Вільні сказаў, што дзецям патрэбны гімнастычныя практыкаванні і прагулкі на свежым паветры, — і дзеці гулялі на свежым паветры штодзённа падоўгу то з бабкай Альжбэтай, то з бонай немкай, то з гувернанткай, а пад наглядам спецыяльна нанятага гімназіста пералазілі праз абручыкі, пераскоквалі цераз пянёчкі і ўзлазілі на драбінкі.
Пры процьме хранічных дыягназаў, якія канстатавалі ў пісьменніцы (цяжкія хваробы сэрца, лёгкіх, нерваў, суставаў, вачэй, вушэй, зубоў), пры тым, што яна бязбожна курыла, шмат нервавалася, пакутавала ад кожнай перамены надвор’я і мела моцную, нязводную прагу смерці, з якой адчайна змагался малітвай і працай, Эліза Ажэшка пражыла без маленькага 69 гадоў.
Мо таму, што мела ў жыцці такія інтарэсы і мэты, якія прагла рэалізоўваць і мусіла дасягаць не для сябе, а для іншых? Такі modus vivendi не надта спалучаецца з паслухмяным выкананнем урачэбных прадпісанняў. Больш за тое, як нам даводзяць шматлікія жыццёвыя прыклады і гісторыі, ён не прадугледжвае страх за сябе і сваё здароўе.
І яна дасціпнічае. «Два месяцы гэтага лета працягалася па размаітых бадах, усё шукала здароўя, стагнала ў цягніках і атэлях і ўздыхала па вёсцы, па простай вёсцы з полем, лугам і лесам, з кветкамі, птушкамі, цвыркунамі, а хоць бы і з мухамі і камарамі. Са здароўем не пашанцавала, вярнулася з такім самым, з якім з’язджала, нават з крыху горшым», — піша ў адным лісце, скардзячыся на адсутнасць карысці ад рэкамендаваных курортаў.
«Бады» — Бадэн, Вісбадэн, Марыенбад, Бад-Кісінген, Бад-Наухайм ды іншыя, дзе яна ў літаральным сэнсе адбывала час па настаянні ўрачоў, — не ішлі ні ў якае параўнанне з такімі курортамі роднай Гродзеншчыны, як Свіслач, Міневічы, Панямунь ці Путрышкі. «Вялікі горад, самы што ні ёсць звычайны, у спёку душны і пыльны, як Гродна, — вось вам і Марыенбад. Нічога асаблівага», «Два дні ўжо ў Кісінгене, спустошаная тым, што мусіла сюды прыехаць. Брыдкая глухмень у параўнанні з Вісбадэнам. Спёка страшэнная, парадкі варварскія». А Вісбадэн — «шуміць, раве, звініць, туркоча, едзе, ідзе, спяшаецца, мчыць, ляціць, рагоча, гарлае, мігціць». А потым раптам: «Я любіла Вісбадэн. Парк цудоўны і вулкі прыгожыя». Калі ў 1897 годзе паехала туды падлячыць артрыт у правай руцэ і левай назе, усім была задаволена: і вялікім пакоем з балконам за 12 марак у суткі (поўны пансіён), і тым, што парк блізка і зеляніны ў ім мора, і высылала знаёмым паштоўкі з відамі курорта і надпісам «Прывітанне з Вісбадэна». Яна і жаліцца, і ў захапленні: «Наухайм на мой густ надта шумны, але гэта яму не перашкодзіла мне спадабацца». А потым зноў сыходзіць на мінорны лад: «Кепска тут маім нервам. Часта бывае тут горш, чым дома».
Іншымі словамі, звычайная пацыентка.
Неверагодна жывучы
Да згаданых «бадаў» дадамо Бад Эмс — яшчэ адзін курорт у Германіі, мінеральную ваду якога прапісваў Льву Талстому тульскі доктар па прозвішчы Руднеў ад запалення 12-перснай кішкі. «Эмс падагрэтую па паўшклянкі 3–4 разы на дзень» прапісваў Льву Мікалаевічу і прафесар Грыгорый Захар’ін, якога Чэхаў называў Львом Талстым у медыцыне (прафесара Боткіна ён называў медыцынскім Тургеневым). Леў Талстой ад медыцыны раіў пісьменніку Льву Талстому, калі прызнаў у яго катар жоўцевага пухіра (папросту халецыстыт), акрамя мінеральнай эмскай, «хадзіць у цёплым, фланель нямытую на ўвесь жывот, масла пазбягаць зусім, есці часта і патрохі, кінуць курыць».
Суровы доктар Захар’ін.Прафесар Захар’ін лічыўся лепшым урачом свайго часу — на тое і параўнанне яго з Львом Талстым. Аўтарытэт яго быў бясспрэчны, нягледзячы нават на нораў, які быў мала сказаць «круты» — ён нараджаў легенды і анекдоты.
Гаварылі, як ён разнёс кухню купца, бо тая не адпавядала санітарыі, і выкінуў бочку капусты, бо леташняя, і выпусціў з падушак старое пер’е, а гасудару імператару не пабаяўся сказаць, што не будзе яго лячыць, калі той не перастане ўжываць спіртное…
Калі Захар’ін памёр, нават ворагі ў гэты факт не паверылі: як такі доктар можа памерці? А ён і праўда памёр толькі целам, бо той санаторый, які ён адкрыў для туберкулёзных хворых, да гэтай пары існуе.
Мінеральныя воды былі адной са шматлікіх сфер асаблівага інтарэсу Захар’іна: ён навукова абгрунтаваў іх лячэбнае дзеянне.
А Эрнст Вестэрлунд, шведскі доктар, ад такіх самых праблем жоўцевага пухіра прапісваў Талстому французскую мінералку вішы (да слова, Эліза Ажэшка піла як лякарства італьянскую мінералку левіка). Гэты доктар стаў сватам Талстога: сын Леў Львовіч Талстой, якога Вестэрлунд аднойчы лячыў, ажаніўся з дачкой Вестэрлунда па імені Даратэя.
Лёва Талстой рос дужы, фізічна моцны. Народжаны на 13 гадоў раней за Зюню Паўлоўскую, ён не толькі праз абручык скакаў і займаўся гімнастыкай, але і практыкаваў барацьбу, верхавую язду, плаванне, тэніс ды іншае. Пяць пудоў падымаў у адной руцэ, любіў цяжкую фізічную працу — яе патрабаваў яго арганізм. Харчаваўся ў розныя перыяды жыцця па-рознаму. То Соф’я Андрэеўна, жонка, хвалюецца: «Якую ён ежу ўжывае — гэта жахліва!» То ўжо ён піша ліст студэнту-медыку з Францыі, які пытае ў яго, што ён есць: «Маё харчаванне складае галоўным чынам гарачая аўсяная каша, якую я ем двойчы ў дзень з пшанічным хлебам. Акрамя таго, на абед ем бульбяны суп, грэцкую кашу ці бульбу, вараную ці смажаную на сланечнікавым ці гарчычным алеі, і кампот з чарнасліву і яблыкаў. Здароўе маё не толькі не пацярпела, але і значна палепшылася з той пары, як я адмовіўся ад малака, масла, яек, а таксама цукру, чаю і кавы». «Глыба», як яго назваў Ленін, пражыў 82 гады, і даследчыкі яго хвароб сыходзяцца ў меркаванні, што пражыў бы яшчэ некалькі гадоў, калі б не здарылася фатальная вострая пнеўманія, якую абцяжарваў тромбафлебіт.
Леў Талстой перанёс неверагодную колькасць траўм і хірургічных уздзеянняў і збіраўся паміраць шмат разоў. То пісаў у дзённік «паміраю ад нагі», калі было рожыстае запаленне, то прыгаворваў «гэта старэчая гангрэна, я памру ад яе», калі з-за хворых сасудаў апух вялікі палец нагі, то напярэдадні 80-годдзя пры вострай лёгачна-сардэчнай недастатковасці напісаў завяшчанне і адмяніў юбілей. «Жывучасць неверагодная!» — захапляўся старэйшы зяць, калі юбіляр усё ж выехаў на крэсле-каталцы ў залу, дзе сабраліся сваякі.
Як і Ажэшка, Талстой і клапаціўся пра здароўе, і разам з тым ігнараваў парады ўрачоў, часам нават адкрыта, дэманстратыўна. Калі ў яго ад няправільнага лячэння мясцовага доктара загнаіўся палец на руцэ, ён на боль не звяртаў увагі, а жыва цікавіўся зменамі, якія адбываюцца ў ране. Дыскутаваў з урачом: «Некалі не ведалі мікробаў і тлумачылі ўсё міазмамі, і таксама лічылі, што гэта бясспрэчна. Цяпер у вас мікробы, але чаму ж гэта апошняе слова?» Не паспеўшы вылечыць адну сур’ёзную рану, атрыманую на паляванні, хапаўся за стрэльбу і выпраўляўся зноў паляваць, часта атрымліваючы новыя траўмы, а пасля прыгаворваў «не застацца б калекам» ці рыхтаваўся памерці. Не хацеў лячыць зубы, а потым, калі іх страціў, не хацеў ставіць пратэзы. Мо па гэтай прычыне крыху шапялявіў, гаворачы «лутце» замест «лучше». Праўда, сучаснікі ўспаміналі, што і сястра яго так гаварыла, хоць зубы ў яе былі…