Максим Богданович
Фото из открытых источников.

9 снежня 1891 года нарадзіўся знакаміты паэт, класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Нават неабазнаныя ў паэзіі людзі прыгадаюць, што вучылі ў школе вершы «Слуцкія паясы» і «Раманс» («Зорка Венера»).  Але якім чалавекам быў Максім?  Якія клопаты яго займалі? Як склаўся яго лёс? 

 

Жыццё геніяльнага творцы разглядалася пад самымі рознымі ракурсамі, і гэта не дзіўна, бо асоба Багдановіча загадкавая і невытлумачальная. Нездарма яго адзінакроўны брат Павел пісаў: «Трудно передать это чувство, вызываемое Максимом, нечто похожее должен чувствовать человек, который задался бы целью познать “вещь в себе”».

 

Дакументаў, звязаных з Багдановічам, захавалася вобмаль, як не збераглося папер, якія распавядалі б нам пра яго здароўе і невылечную хваробу. А між іншым яна вельмі моцна паўплывала на фарміраванне Максіма як асобы  і творцы. Але пра ўсё па парадку.

 

Спадчыннасць

 

Maksim Bogdanovich s materyuМаксім Багдановіч нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў Марыі Апанасаўны ды Адама Ягоравіча і быў другім дзіцёнкам.

 

«Ребенок был здоровый, хорошо сложенный, 9 фунтов весом. Довольно-таки капризный и претенциозный: он иначе не засыпал, как под укачивание на руках, а вскоре стал требовать, чтобы с ним подплясывали, унашивая, — и бедная мать изнемогала (да, впрочем, и отец, — нечего греха таить) от этой его ранней склонности к ритму. Довольно-таки долго продолжалась эта пляска под припевом».

 

Так пісаў ва ўспамінах бацька паэта. Прыкладна ў той жа перыяд ён быў вымушаны пакінуць працу настаўніка, бо ў яго горлам пайшла кроў і дактары забаранілі Адаму Ягоравічу працу з дзецьмі. Хваробу Адам не называе, але на гэтую згадку цяжка не звярнуць увагу. Тым больш што ў астатніх запісах свае болькі ён абыходзіць.

 

Што датычыць маці, то жыццё яе абарвалася вельмі рана. Аслабленая чацвёртымі родамі, яна захварэла на сухоты і вельмі хутка, літаральна за некалькі месяцаў сканала.

 

Бацька сцвярджаў, што Максім быў «маленькое подобие матери», асабліва ў раннія гады, але і дарослым захаваў некаторыя яе рысы — сілу ўяўлення, вітальнасць характару, пэўную эмацыйную неўраўнаважанасць: «смешлив, с быстрыми, впрочем, переходами к плачу... вскоре плаксивость прошла, а смешливость оставалась вплоть до юности». Не адмаўляў Адам Ягоравіч і свайго ўнёску, але часцей звяртаў увагу на тую духоўную работу, на якую настаўляў сыноў, у тым ліку Максіма, ніяк яго асабліва не вылучаючы.

 

Але вернемся да нашай «уяўнай» медыцынскай карткі і паглядзім, што ў ёй магло быць запісана.

 

Дзіцячыя хваробы

 

Recept na lekarstvaПершы вялікі фізічны боль Максім Багдановіч адчуў яшчэ немаўлём, калі яму на аголены жывоцік зваліўся шкляны цыліндр запаленай лямпы. На скуры з’явіўся пухір з далонь велічынёй, і два месяцы пасля  бацькаў прыяцель доктар Грынявіцкі хадзіў рабіць Максіму перавязкі, пакуль рана не зажыла.

 

Ад зорнай хваробы Багдановіч ніколі не пакутваў, а вось ад сонца здаралася. Неяк падчас аднаго сонечнага дня маленькага Максіма занудзіла, ды так, што прыйшлося звяртацца па дапамогу.

 

З ліставання бацькоў мы даведваемся пра доктарскія рэкамендацыі: «прописал порошки и говорит, чтоб я в темной шляпе его не водила, что может сделаться воспаление мозга или солнечный удар. Я, говорит, не бог, сразу ничего сказать не могу, может быть, у него инфлуенца или лихорадка, что через день это определится».

 

Ужо ў Ніжнім Ноўгарадзе, куды дзеці перабраліся з бацькам, здарылася яшчэ адна маленькая катастрофа — жвавы і непасрэдны Максім бегаў па свежанавошчанай падлозе, нешта сабе напяваў і смяяўся, пакуль не паслізнуўся і не ўдарыўся падбароддзем аб падлогу. Поўны рот крыві, кончык языка прыйшлося зашываць хірургу, і, варта адзначыць, вытрымаў гэту аперацыю Максім мужна, нават без стогнаў.

 

Здараліся і прастуды, і іншыя распаўсюджаныя ў тыя часы хваробы, але нельга сказаць, што дзеці Адама Ягоравіча вылучаліся слабым здароўем. Наадварот, да пэўнага ўзросту вялікіх праблем па гэтым пытанні не ўзнікала.

 

Прафілактыка

 

Бацька Максіма быў педагогам не толькі па адукацыі, але і па духу. Ён імкнуўся гарманічна развіваць сваіх дзяцей і заахвочваў іх, акрамя кніжак, да актыўных гульняў, заняткаў лёгкай гімнастыкай, кідання камянёў і дыска, ускараскавання на дрэвы і стромыя берагі. Аднак «вскоре все это пришлось оставить, ввиду явно обнаружившегося к 12 годам нездоровья, склонности к туберкулезу (вздутие желез и пр.)».

 

Яшчэ раней гэтыя самыя праблемы выявіліся ў старэйшага брата — Вадзіма Багдановіча. Каб выправіць сітуацыю, бацька ла-дзіць паездкі на кумыс ва Уфімскую і Самарскую губерні, а таксама ў Крым для кліматычнага лячэння. Першая паездка адбылася ў 1900 годзе, калі ўсёй сям’ёй Багдановічы жылі ў вёсцы Кара-Якупава Уфімскай губерні. Кумыс піў і Максім, але, як згадвае бацька, — зусім мала.

 

Ivan SyamakinДругая паездка адбылася ў 1904 годзе ў Белебей па Самарска-Златаўстаўскай чыгунцы, дзе Максім разам з братам Вадзімам былі ўладкаваныя на кватэру,  ізноў жа з кумысам і ўзмоцненым харчаваннем. Праўда, «год был дождливый и кумысу пилось мало, так что дети мало прибавили в весе, что-то около 5–7 фунтов». Зазначу, што там яны знаходзіліся пад апекай доктара Семакіна, які калісьці лячыў іх маці.

 

У наступныя гады, калі Расійскую імперыю захлынулі рэвалюцыйныя падзеі, сям’я абмяжоўвалася прафілактычнымі выездамі на дачу. У гімназічных хваляваннях юныя Багдановічы прымаюць самы непасрэдны ўдзел, асабліва вызначыўся Ва-дзім, на якога Максіму вельмі хацелася паходзіць і пераймаць  захапленні і паводзіны. Тым мацнейшы быў удар, калі ў 1908 годзе брат памірае ад сухотаў. Успаміны пра пахаванне пераследавалі Максіма ўсё астатняе жыццё: справа з развітаннем зацягнулася, пакой апырсквалі адэкалонам, і гэта так закранула Багдановіча, што ён пасля на дух не пераносіў моцнай парфумы.

 

Адзін на адзін са смерцю

 

Сухоты ў тую пару былі амаль невылечнымі і нагадвалі сапраўдную латарэю. Дзясяткі фактараў, як знешніх, так і ўнутраных, уплывалі на развіццё і замаруджванне паталагічных працэсаў у лёгкіх, рэмісіі і паўторных праяваў. Колькі табе адлічана — некалькі месяцаў, як маці, альбо колькі гадоў, як старэйшаму брату, — невядома.

 

Блізкасць смерці не магла не адбіцца на творчасці паэта, дзіва што першы верш Багдановіча, надрукаваны ў газеце «Наша ніва», называецца «Над магілай», ды і наступныя паэтычныя спробы рэдактары ахрысцілі «дэкадэншчынай» і друкаваць адмовіліся.

 

Бацька Максіма так апісвае той перыяд:  «К весне 1909 г. (кажется, я не ошибаюсь) у него начал развиваться в легких туберкулезный процесс. Температура повышалась, кашель, и показывалась кровь из горла. Лечивший его доктор Берндт хрипов в легких не слышал, анализ мокроты не дал положительных указаний, но внешние зловещие симптомы были налицо. По совету врачей я повез его в Ялту и поселил в пансион на молочной ферме «Шалаш», близ Аутки: место на значительной высоте, довольно благоприятное для слабогрудых. Ялтинский врач — фамилию забыл — нашел, что туберкулезный процесс в легких начался, но дело еще в начале: вылечится. Прописал лекарство. С тем я его и оставил».

 

І яшчэ адзін вельмі характэрны ўрывак: «Я советовал ему вести жизнь спокойную, больше лежать в тени, нагуливать вес, но, судя по его письмам и рассказам, он увлекался общим ходом жизни в пансионе: участвовал в прогулках, особенно в так называемое «лесничество» — в лесную дачу в горах, покрытых сосновым лесом, — и в пикниках, и вообще в увеселениях молодежи. Однако пребывание в Ялте значительно его оздоровило: ни ялтинский врач, ни ярославский не нашли ничего тревожного в легких, и выглядел он довольно хорошо».

 

Да гэтай пары адносіцца верш Багдановіча «Цемень», адрасаваны дзяўчыне, з якой Максім пазнаёміўся падчас лячэння:

 

Цемень

Ахвярую М. А. Кіц-най.

 

Я сяджу без агню. Я стаміўся, прамок.

Над зямлёю — імгла, у душы маёй

змрок.

О, як пуста ў ёй! О, як холадна жыць!

Але вось цераз цемень маланка

блішчыць,

Асвячае мне вобраз Хрыста…

яго крыж…

Ажываеш, здаецца, душою гарыш.

Але толькі чаму ж так малы

гэты час?!

Зноў навокала цемень. Свет зірнуў

і пагас.

Не глядзіць на мяне ясны вобраз

Хрыста.

Над зямлёю імгла, у душы пустата.

 Служэнне   Радзіме

 

Стрыечная сястра Багдановіча Нюта Гапановіч называла яго «катаржнічкам». Пісала яна так не без іроніі, але разам з тым — цалкам сур’ёзна. Яна была ці не адзіным чалавекам у сямейным атачэнні паэта, які цікавіўся паэзіяй Максіма, вельмі дакладна прыкмеціла яго фенаменальную працаздольнасць і адданасць выбранай справе.

 

Bogdanovich v YaroslavleПастаянная праца над сабой, паэтычныя і філалагічныя штудыі: рукапісы, рэфераты, канспекты і кнігі, кнігі, кнігі. Нагадаю, што жыве Максім Багдановіч на Волзе — спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, потым у Яраслаўлі. Адпаведна беларускую вывучае самастойна па слоўніках, часопісах, газетах і рэдкіх кніжках на роднай мове.

 

І ўсё гэта на фоне пастаянных праблем са здароўем. Цяжка не заўважыць, як у лістах сваякоў не-не ды прагучыць пытанне: ці Максім паправіўся, ці Макся яшчэ хварэе... і гэтак далей. Тым больш здзіўляе, як ён, слабы і нядужы, зрабіў такую вялікую справу.

 

Часам хваробы адступалі, і тады Багдановіч браўся за працу з падвоенай сілай. Што ўжо казаць пра тое ўзрушэнне, якое адчуў Максім, калі пабываў на Радзіме і пажыў колькі месяцаў у фальварку Ракуцёўшчына, дзе напісаў цыклы вершаў «Старая Беларусь», «Места» і паэмы «Вераніка» ды «У вёсцы». Быццам сапраўды напіўся жывой вады:

 

Даўно ўжо целам я хварэю,

І хвор душой, —

І толькі на цябе надзея,

Край родны мой!

У родным краю ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваёй нуды.

Калі ж у ім умру-загіну, —

Не жалюсь я!

Не будзеш цяжкая ты сыну

   Свайму, зямля.

Там хоць у гліне, хоць у брудзе,

     Там, пад зямлёй,

Найдуць мае слабыя грудзі

 Сабе спакой.

 

Фаталізм і догляд

 

З урыўка, які апісвае лячэнне ў «Шалашы», бачна, што Багдановіч не асабліва прытрымліваўся рэкамендаванага дактарамі рэжыму. У 1915 годзе Максім Багдановіч ізноў выпраўляецца ў Крым, жыве ў пансіёне для сухотнікаў, але заняты больш пытаннямі кахання. «Я почти все лето пролежал в саду под черешней, к чему, собственно, и сводится весь курс лечения в Старом Крыму», — іранізуе Максім.  Наколькі маглі, за ім сачылі блізкія і сябры.

 

Pansion Shalash

Пансіён «Шалаш».

 

Так, бацька паэта заўсёды выбіраў для пражывання драўляныя дамы, па магчымасці прадастаўляючы «сонечныя» пакоі хворым на сухоты сынам. З гэтай жа прычыны Адам Багдановіч не адпусціў Максіма вучыцца ў Пецярбург, куды так хацелася паступіць паэту. Браты Луцкевічы, абдумваючы, дзе пасяліць на лета Багдановіча, выбралі Ракуцёўшчыну, што месцілася сярод сасновага бору з карысным «лекавым» паветрам. Колькі разоў падчас складанай «інфлюэнсы» ці запалення лёгкіх сачыць за Максімам прыязджалі бабуля альбо цёткі.

 

Максім не шкадаваў сябе, імкнуўся па магчымасці дапамагаць бежанцам, што ўцякалі ад жахаў вайны. З апошніх сіл працаваў і на гэтым фоне заразіўся тыфам, быў літаральна за крок да смерці.

 

Тое ж датычылася і ежы. Максім ашчаджаў свой паёк для асірацелых дзяцей уцекачоў, чым выклікаў буру эмоцый у таварышаў. Яны не разумелі, чаму Багдановіч не ўжывае гарбату з цукрам, бо не ведалі, што Максім збірае рафінад, каб перадаць  яго ў прытулак.

 

У Мінску на тое, што Багдановіч зусім не клапоціцца пра сваё здароўе, звяртаюць увагу Людвіка Сівіцкая і Змітрок Бядуля. Прыходзілася сачыць, каб паэт своечасова прымаў лекі, харчаваўся, апранаўся па надвор’і, не хадзіў па слаце без галошаў.

 

У літаральным сэнсе ў гарачцы праходзілі апошнія месяцы паэта на Радзіме ў 1916 годзе. 38–39 градусаў трымалася ледзь не штодня, але якраз тады ён напіша адны з самых знакамітых вершаў, літаральна за колькі месяцаў да таго, як адправіцца ў сваё апошняе падарожжа.

 

Вечнасць

 

Pamyatnik BogdanovichuНе можа не здзіўляць той духоўны шлях, які прайшоў Максім Багдановіч, тая праца з тонамі руды словаў і сугуччаў, якія выліліся ў несмяротныя радкі, што і цяпер жывуць і хвалююць нас моцай непадробных пачуццяў, вялікім гуманістычным пасылам.

 

Тысячагоддзі людзі ламаюць  галаву над пытаннем вечнага жыцця, і падаецца, што сапраўдныя творцы наблізіліся да яго вырашэння. Бо што можа быць больш вітальным, як мастацтва, што жывіць сваёй ненавязлівай прысутнасцю, напаўняе прастору кодамі і формуламі культуры, якая робіць нас намі, а не кімсьці іншымі — беларусамі і проста людзьмі.

 

Я хацеў бы спаткацца

з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, —

папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»