У гістарычным паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь бралі ўдзел медыкі ўсіх рангаў: ад маладзенькіх, яшчэ нявопытных санінструктараў і сястрычак — да студэнтаў медыцынскага інстытута і кандыдатаў медыцынскіх навук.
Самая шчаслівая дзяўчына
17 верасня 1939 года медыцынскай сястры Настассі Міндалевай споўнілася 18 гадоў. Калі праз два месяцы журналіст па прозвішчы Тамбоўцаў будзе рыхтаваць пра яе нарыс у часопіс «Работніца і калгасніца Беларусі», ён напіша, што ў той дзень яна адчувала сябе самай шчаслівай дзяўчынай у Савецкім Саюзе, таму што яе паўналецце супала з датай вызвалення народаў Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.
У той дзень яна спачатку доўга ехала з калегамі ў санітарным «газіку», які моцна трэсла і куляла з боку на бок на кепскіх дарогах, потым паўзла па канавах пад частыя перастрэлкі, потым вышуквала ў цемры параненых, арыентуючыся на стогны, потым спыняла кроў, перавязвала раны і супакойвала маладзенькіх чырвонаармейцаў: нічога, маўляў, за ваша раненне адпомсцяць вашы таварышы. А тыя рваліся ў бой: «Дзе, сястра, мой кулямёт? Мала ж я іх, гадаў, пакасіў, трэба больш». Мясцовасць была ўмацаваным пунктам войскаў праціўніка, і ў адрозненне ад многіх іншых, пра якія потым напішуць, што ўзяць іх было нечакана лёгка («бальшавікі едуць з адкрытымі люкамі танкаў, усміхаюцца і махаюць шлемамі», «страты зусім нязначныя, 3 чырвонаармейцы загінулі, 12 патанулі, 24 атрымалі раненні»), тут Чырвоная Армія атрымала рэзкі адпор.
Ахвяры ў тым паходзе Чырвонай Арміі не маглі быць шматлікімі. Гэтаму спрыялі пазіцыі абодвух бакоў. Загад, агучаны перад савецкімі вайскоўцамі 16 верасня, падкрэсліваў, што паход у Заходнюю Беларусь — не што іншае, як вызваленчая місія, і таму забараняецца не толькі абстрэльваць населеныя пункты, але і праяўляць агрэсію да польскіх ваенных, калі не будзе супраціўлення з іх боку. А з іх боку супраціўлення быць не магло, бо іх маршал даў ім такі ж загад: з Саветамі не ваяваць, толькі ў выпадку націску з іх боку.
Марка, выпушчаная ў памяцьаб падзеях 1939 года.
Тым не менш у асобных ачагах лілася кроў і патрабавалася медыцынская дапамога. Для Насці Міндалевай гэта быў першы ў жыцці досвед працы ў баявой абстаноўцы. Год таму яна скончыла Гомельскі медыцынскі тэхнікум і да гэтага часу мела справу толькі з «мірнымі» хваробамі. Тут жа ёй давялося не спаць двое сутак, выконваючы распараджэнні ўрачоў, сярод якіх быў і доктар Перліс, з якім яна ехала ў тым санітарным «газіку» і які так хораша, так цёпла павіншаваў яе з днём нараджэння, калі навокал стракаталі кулямётныя чэргі, разрываліся снарады і палалі па той бок аўтамабільнага шкла бедныя сялянскія хаты. Іншыя «пасажыры» — медсястра Ксенія і санітар Саша — адрэагавалі на віншаванне доктара апладысментамі. Канечне, Насця ўсведамляла ўсю незвычайнасць моманту і адчувала сябе шчаслівай.
У наступныя двое сутак, праведзеныя ў сялянскай хаце, ператворанай у пункт медыцынскай дапамогі, сілы і бадзёрасць яна чэрпала з той удзячнасці, якую прыкмячала на тварах байцоў.
«Шлях ад Цімкавіч да Брэст-Літоўска Насця прайшла з воінскімі часцямі, — піша Тамбоўцаў. — Дзень і ноч яна была каля раненых, гутарыла з імі, расказвала аб становішчы на фронце і за граніцай, весяліла іх. За гэта яе моцна палюбілі». А Насця палюбіла армейскі рэжым і парадак, строгую ваенную дысцыпліну і той бравы настрой, якім суправаджаюцца ваенныя паходы.
Чамусьці толькі цяпер, у баявой абстаноўцы, яна адчула гонар за выбраную прафесію. Напэўна, сакрэт у тым, што чалавеку для прафесійнага шчасця патрэбна ўсведамленне сваёй далучанасці да нечага агульнага і важнага. Для Насці ў 1939-м гэтым агульным і важным было тое, што потым некалькі месяцаў не сыходзіла са старонак газет і часопісаў. І зноў яна лічыла сябе самай шчаслівай дзяўчынай, таму што "быць медыцынскай сястрой — самая ганаровая справа", а пра яе яшчэ і ў часопісе напісалі.
Нарыс Тамбоўцава канчаецца сцэнай, у якой медсястра Насця Міндалева сядзіць за пісьмовым сталом і піша дакладную запіску на імя камандавання ваеннага шпіталя «аб астаўленні яе на пажыццёвую службу ў Чырвонай Арміі». Што з ёю стала далей? Ці выжыла яна ў Вялікай
Айчыннай вайне, дзе, канечне ж, не магла не праявіць сябе як адважны баец медыцынскага фронта? Хто ведае…
Аповед не для дзявочых вушэй
Перад Другой Сусветнай вайной Магілёўская фельчарска-акушэрская школа, самая старая ў Беларусі, мела свае інтэрнаты ў пяці будынках, і таму амаль што ўсе яе навучэнцы былі забяспечаны і жытлом, і ложкамі, і пасцельнай бялізнай, і пральняй, і сталоўкай. Але Васіль Касмачоў з Чэрыкаўскага раёна пасяліўся не ў інтэрнаце, а ў роднай цёткі, якая, не маючы сваёй сям’і, не магла адмовіць пляменніку ў жытле і клопаце.
Аснашчэнне школы было выдатным: будучыя медыкі мелі ў сваім распараджэнні вучэбныя памяшканні з муляжамі, табліцамі і плакатамі, у лабараторыях размяшчалася 120 мікраскопаў, у бібліятэцы — 120 тысяч адзінак спецыяльнай літаратуры, а ў блізкіх да тэхнікума бальніцы і паліклініцы, якія служылі базамі для практычных заняткаў, працавалі высокакваліфікаваныя ўрачы-настаўнікі. Адвучыўшыся ў такім добрым месцы, у 1939 годзе Васіль атрымаў дыплом фельчара. У той жа год ён быў накіраваны ў Мінскі медыцынскі інстытут на курсы па прамысловай санітарыі і па іх заканчэнні павінен быў працаваць памочнікам санітарнага ўрача ў Оршы. Але той верасень змяніў яго лёс: на доўгія сем гадоў яго справай стала не прамысловая, а ваенная санітарыя. Зрэшты, ён толькі пачынаў санінструктарам...
Ранкам 16 верасня 19-гадовы юнак рушыў у вызваленчы паход на Заходнюю Беларусь. Іх група атрымала баявое заданне да сыходу дня 16 верасня «скрытна засяродзіцца і быць гатовымі да рашучага наступлення з мэтай маланкавым ударам разграміць войскі праціўніка ў раёне Грозава, Цімкавіч, Грэска». Задача — «дзейнічаць у кірунку горада Баранавічы і да вечара 17 верасня выйсці на фронт Сноў, Жылічы».
Ён ніколі не расказваў ні пра гэты вызваленчы паход, ні пра Вялікую Айчынную вайну, на якую пайшоў ужо не санінструктарам, а ваенным фельчарам і якую скончыў лейтэнантам медыцынскай службы. Магчыма, па той простай і зразумелай прычыне, што, паступіўшы пасля дэмабілізацыі ў Мінскі медыцынскі інстытут і пазнаёміўшыся там з будучай жонкай, ён неўзабаве стаў адзіным мужчынам у даволі вялікім «жаночым царстве»: яго склалі жонка, цешча і тры дачкі. «Верагодна, ён лічыў, што такія аповеды не для дзяўчынак, — гаворыць малодшая дачка Васіля Іосіфавіча Касмачова Наталля. — Тата быў па натуры такі добры чалавек, што мы, жаночае царства, маглі з яго віць вяроўкі, у лепшым сэнсе гэтага выразу».
А пра тое, што былому санінструктару было што хаваць ад далікатных дзявочых вушэй і пяшчотных сэрцаў, стала вядома, калі ў іх «жаночым царстве» з’явіўся яшчэ адзін мужчына. «Старэйшая сястра выйшла замуж, і зяць мала таго, што быў урачом, дык яшчэ і працаваў у адной клініцы з татам, і тата з ім вельмі здружыўся», — расказвае Наталля Касмачова. Аднойчы, калі ўся сям’я сабралася адзначыць адно з тых савецкіх святаў, якія тады прынята было святкаваць не толькі краінай, але і сем’ямі, зяць і цесць на нейкі час адасобіліся ў іншым пакоі. Калі зяць адтуль выйшаў, на вачах у яго бліснулі слёзы. На імгненне, але ўважлівае жаночае вока не магло не прыкмеціць. Сур’ёзны, нават, можна сказаць, суровы мужчына, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, які многае ў сваёй практыцы бачыў, ён імкнуўся неяк схаваць гэты нехарактэрны для яго стан і таму прамовіў глухім голасам: «Ну, дзяўчаты, такое мне дзед расказаў!..»
«Тату мы ўсе пачалі зваць дзедам, калі ў яго з’явіўся ўнук, — удакладняе Наталля Васільеўна. — Мы зразумелі, што гаворка ў іх ішла пра тыя часы, баявыя дзеянні, але што гэта была за гісторыя, якая здолела прабіць на слёзы далёка не сентыментальнага мужчыну, — так і засталося для нас загадкай».
Васіль Касмачоў быў хірургам, кандыдатам медыцынскіх навук, атрымаў званне Заслужанага ўрача БССР, узнагароджаны значком «Выдатніку аховы здароўя», граматай Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам М. І. Пірагова, займаў шмат грамадскіх пасадаў і быў, па словах дачкі, «вельмі правільным».
«Мне ў дзяцінстве здавалася, — успамінае яна, — што яго выклікалі на працу штоночы: то на кансультацыю, то на аперацыю. Ён уставаў і ехаў. І памятаю, як шмат людзей прыходзіла да нас з добрымі словамі па-дзякі. Мы ўсе тады сядалі за стол, пілі чай і слухалі розныя гісторыі…»
Усе дочкі Васіля Касмачова сталі ўрачамі. І зяці ўрачы, і ўнукі. «Іншых прафесій у нашай сям’і амаль што няма», — гаворыць Наталля Васільеўна. І пад канец размовы згадвае татава хобі: Васіль Іосіфавіч вырошчваў кактусы.
Васіль Іосіфавіч Касмачоў — адзін з тых дзевяці ўдзельнікаў вызваленчага пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, якія потым выкладалі ў Мінскім медыцынскім інстытуце. Як ветэраны Вялікай Айчыннай вайны яны ўсе сталі героямі кнігі "А память бессмертна…", прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выданне складзена з біяграфій 262 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — рэктараў, загадчыкаў кафедр і выкладчыкаў БДМУ.
Тэксты суправаджаюцца фотаздымкамі і дакументамі з фондаў музеяў і архіваў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама з сямейных архіваў ветэранаў.
Цёця доктар, якая ўмее размаўляць па-дзіцячы
Урач-педыятр Любоў Сіроткіна восенню 1939-га была выклікана ў ваенкамат тэлеграмай, якая заспела яе ў адпачынку. «У чым справа?» — спытала яна, з’явіўшыся па выкліку без затрымкі. Аказалася, што яе камандзіруюць урачом у Чырвоную Армію, у гістарычны (тады ўжо яго так назвалі) паход у Заходнюю Беларусь.
Любоў Сіроткіна выслухоўвае дзіця.
Яе веды і вопыт спатрэбіліся ў заходняй частцы рэспублікі. Ва ўсходняй, у сталіцы БССР, Любоў Рыгораўна, скончыўшы 2-і Маскоўскі медыцынскі інстытут яшчэ ў 1922-м, паспела папрацаваць у розных іпастасях і месцах: была ўрачом у прытулку для немаўлят і ардынатарам у доме немаўляці, загадвала і яслямі, і клінічным аддзяленнем факультэта аховы мацярынства і дзяцінства Мінскага медінстытута. І трэба ж было той, якая працуе з асірацелымі маленькімі дзеткамі, аддаючы ім сваю любоў, мець настолькі адпаведныя прозвішча і імя!
Любоў Сіроткіна ў 1938 годзе абараняе кандыдацкую дысертацыю, становіцца дацэнтам, піша медыцынскія кніжкі, вядзе курсы для работнікаў ясляў і маладых урачоў, выпускнікоў інстытута, якія збіраюцца ехаць на працу ў вёску, выступае з дакладамі на міжраённых канферэнцыях і нарадах работнікаў паліклінік і дзіцячых кансультацый.
«Цёця доктал Люба Сілоткіна» размаўляе з маленькімі пацыентамі дзіцячым голасам на дзіцячай мове, ніколечкі не саромеючыся дарослых, якія могуць яе пачуць, і ні кропелькі не баючыся за сваю салідную рэпутацыю. Яны расказваюць ёй пра сябе: «Цёця, мне гарчычнік паставілі». Яна пяшчотна гладзіць іх па галоўках і гаворыць ім, што яны малайчынкі. У яе на прыёме нават самыя заўзятыя румзы і крыкуны пачынаюць смяяцца. Да яе бацькі могуць прыйсці і без дзетак: параіцца.
У тым гістарычным паходзе, у які яе прызвалі павесткай з ваенкамата, яна ўсіх здзіўляе: і тым, што ўрач — а пры гэтым жанчына, і тым, што жанчына з ваенным званнем і ў ваеннай форме, і тым, што лечыць бясплатна. «Пры савецкай уладзе клопаты аб здароўі працоўных не ацэньваюцца грашыма, — тлумачыць яна. — Лячэнне і медыцынская дапамога ў сацыялістычнай дзяржаве бясплатныя».
Па завяршэнні сваёй місіі на заходняй палове ўз’яднанай рэспублікі ваен-урач другога ранга Сіроткіна вярнулася ў Мінск — да пацыентаў, якія яе зачакаліся,і да ранейшых клопатаў намесніка дырэктара па навуковай рабоце ў Інстытуце аховы мацярынства і дзяцінства, у арганізацыі якога некалі, яшчэ ў 1930 годзе, брала самы непасрэдны ўдзел.
А неўзабаве пачалася вайна. Любоў Сіроткіна загінула ў гета...
У аўтахірургічным атрадзе
Студэнтка Ліда Дзявочка, пачуўшы 17 верасня 1939 года выступленне па радыё таварыша Молатава, які сказаў, што Савецкі ўрад працягвае руку братняй дапамогі Заходняй Беларусі, не магла ні пра што іншае думаць, як толькі пра тое, як ёй прыняць у гэтым удзел. Яе інстытуцкіх сябровак хвалявала тое ж пытанне. Яны ведалі, што медыкаў мабілізуюць. Што ідуць у гэты паход і фельчары, і ўрачы, і нават выкладчыкі з іх інстытута. А як жа медыкі-студэнты? Ці могуць дапамагчы яны?
Аказалася, што могуць, і ўжо вечарам 18 верасня Ліда прыбыла ў Мінскі ваенны шпіталь у складзе аўтахірургічнага атрада. А раніцай 19-га атрад, атрымаўшы абмундзіраванне, бадзёра рушыў на захад. Ехалі з песнямі. Першы прыпынак — на станцыі Радашковічы.
"Атрымаўшы ад начальніка папярэджанне аб асцярожнасці (бо нядаўна занятая тэрыторыя была яшчэ недастаткова ачышчана ад ворагаў), мы адправіліся ў мястэчка", — апісвала Ліда хроніку падзей. У Радашковічах яны зрабілі некалькі перавязак (бо былі там параненыя) і згодна з новым загадам накіраваліся ў маёнтак Багданава, дзе, навёўшы парадак, "зрабілі сапраўдны савецкі шпіталь з хірургічным і тэрапеўтычным аддзяленнямі".
«Усё рабілася з энтузіязмам, з самым глыбокім натхненнем, — пісала студэнтка. — Ніхто не адчуваў стомленасці». Ноччу маёнтак двойчы абстралялі, але дзяўчаткі вытрывалі, паніцы не паддаліся.
Потым рушылі на Масты, па дарозе спыняючыся там, дзе патрэбна медыцынская дапамога. Наступным пунктам была Ліда. У горадзе, назва якога гучыць, як яе імя, студэнтка Дзявочка з таварышкамі наведаліся ў бальніцу: ацаніць становішча і зрабіць, што можна. Дзяўчаткі пераслалі ложкі, пагаварылі з хворымі, выдалі ім чыстую бялізну і пасварыліся з зубной доктаркай, якая спрабавала нестэрыльным інструментам выдаліць чырвонаармейцу хворы зуб.
«14 лістапала мы закончылі сваю работу і вярнуліся дадому», — паведамляе Ліда ў самым канцы апісання гэтага двухмесячнага пахода, у якім яна ўбачыла шмат прыгод. «Мы ганарымся тым, што прымалі ўдзел у вялікай справе», — дадае яна.