День Победы

Фотаздымак прадастаўлены Дзянісам Тарасюком.

Дзіва дзіўнае вычытваем у біяграфічных крыніцах: гісторык медыцыны Фёдар Ігнатовіч «нарадзіўся 12 верасня 1938 года ў вёсцы Сяльцо Салігорскага раёна». Гэта быў, канечне ж, Старобінскі раён, якога цяпер няма, а не Салігорскі (не магло яшчэ быць у 1938-м). У артыкулах, якія пісаў сам Ігнатовіч («з надзеяй папоўніць спіс калег-падзвіжнікаў, вернутых з забыцця»), называюцца не вёскі, раёны і вобласці, а маёнткі, паветы, губерніі…

 

Здабываючы па драбнічках звесткі пра ўрачоў і медыцынскія ўстановы старой Гродзеншчыны, Фёдар Іванавіч здзяйсняў вялікую справу. Як гаворыць Мікалай Дарашкевіч, адна з іпастасяў якога — стваральнік аптэкі-музея ў Гродне, «гэта быў чалавек, які апісаў старую эпоху». «Баюся, што, калі б яго не было, цэлы кавалак гісторыі мог бы знікнуць», — адзначае паплечнік і аднадумца Фёдара Ігнатовіча, і трэба ведаць, як гэта справядліва.

 

IgnatovichАдзін са сваіх артыкулаў Фёдар Іванавіч пачынае словамі пра тое, што час можа сціраць з памяці нават вядомыя імёны, што ні помнік, якім бы высокамастацкім ён ні быў, ні эпітафія, якой бы ні была яна змястоўнай, не могуць расказаць, кім быў чалавек. І толькі ў здзейсненых ім добрых справах працягваецца жыццё. Сапраўды… Але пра гэтыя добрыя справы павінна быць напісана!

 

І  ён  пісаў

 

Пачынаў заўсёды з праблемы, якая гучала сцісла, канкрэтна: некаторыя імёны яшчэ не выяўлены; існуюць памылкі, якія трапляюць у энцыклапедыі; многае пра таго і таго застаецца зусім невядомым; тое і тое ў адзінкавых публікацыях недастаткова разгледзена… Адны тэмы мала каго цікавяць, каштоўнасць другіх як след не ацэнена, трэція — адсоўваюцца ў часе на-дзённымі акалічнасцямі…

 

Пасля пастаноўкі праблемы заўсёды ў яго ішоў выраз, які ператвараў яе ў аргумент: «таму і наспела неабходнасць паглыбіцца ў вывучэнне», «гэта і падштурхнула даследаваць тэму больш», «уяўляецца мэтазгодным запоўніць і гэты прабел». Яго публікацыі выходзілі пераважна ў навуковай прэсе — на старонках вакаўскіх часопісаў і ў зборніках матэрыялаў канферэнцый (якія ён, дарэчы, вельмі любіў і наведваць, і арганізоўваць). Таму яны, яго публікацыі, утрымліваюць выключна факты.

 

Але неяк яму ўдавалася гэтыя факты падаваць не так суха… За фактамі ярка бачыш чалавечыя лёсы, і не толькі галоўных герояў артыкулаў, але і тых, каго яны ратавалі і каму ахвярна прысвячалі жыццё. Але галоўнае, што прачытваецца ў радках і міжрадкоўях яго публікацый, — гэта выразнасць яго пазіцыі.

 

На ідэю вяртання імёнаў і іх заслуг заўсёды ў яго накладваецца мэта адраджэння таго пазітыўнага, што з гэтымі імёнамі звязвалася, але сыходзіла ў нябыт, акцэнт у яго заўсёды на тым, што пажадана было б па магчымасці пераняць, на што неабходна раўняцца.

 

Пішучы пра доктара Яна Пілецкага, без якога мінеральная здраўніца ў Друскеніках не стала б райскім кутком, ён бядуе, што «забываюцца прагрэсіўныя формы медыцынскай дабрачыннасці, якія мелі поспех у 19-м стагоддзі».

 

Раскручваючы гісторыю Адольфа Бітнера, урача прыватнай практыкі з Ваўкавыскага павета, ён звяртае ўвагу на дробязі, якія іншы мог прапусціць: доктар вёў амбулаторны прыём «па ўсіх хваробах», а часы гэтага прыёму былі «нявызначаныя». «Гэта значыла толькі адно, — тлумачыць Фёдар Іванавіч. — На яго дапамогу можна было разлічваць у любы час».

 

Выправіць памылку

 

Апісваючы згаданага Бітнера як «высакакласнага спецыяліста, да якога пацыенты прыязджалі здалёк, нават і з-за мяжы», як доктара, які ніколі нікому не адмаўляў, «нават у выпадку выкліку да заразных хворых», як чалавека, на чые бескарыслівасць і дапамогу «беднякі заўсёды маглі разлічваць», Фёдар Іванавіч на прыкладзе гэтага Бітнера робіць заўвагу калегам-даследчыкам: маўляў, перабольшваеце. Чамусьці не абыходзіцца без перабольшванняў працэс вяртання ў гісторыю медыцыны забытых раней імёнаў. «І без гэтага ж відавочна, што ён аддаваў усяго сябе Чалавецтву і Богу, чым і заслужыў удзячную памяць нашчадкаў», — піша ён, маючы на ўвазе адсутнасць патрэбы прыпісваць Адольфу Бітнеру ступень доктара медыцыны, якую яму прыпісалі, і дачыненне да папулярнага аднаіменнага бальзаму, як гэта зрабілі аматары.

 

Гэтая манія перабольшваць, прыпісваць-дапісваць назіраецца ў нашай культурнай прасторы настолькі часта, што не абышла і яго імя: пра Ігнатовіча напісана, што ён стварыў першую ў Беларусі аптэку-музей на базе ім жа адроджанай былой езуіцкай аптэкі. Дзеля той справядлівасці, за якую ён сам выступаў, трэба выправіць гэту памылку. Правільна будзе так: Фёдар Ігнатовіч быў стваральнікам першай экспазіцыі аптэкі-музея, прыняўшы, і тое не адразу, прапанову кампаніі, якая займалася адраджэннем згаданай аптэкі.

 

Спачатку адмовіўся, а потым і сам пазваніў. Для адмовы былі прычыны. Першая — прафесійная рэўнасць. Ён і сам пра неабходнасць адраджэння гэтай аптэкі пісаў, ён даводзіў такую патрэбу і такое сваё жаданне ўладам горада. Другая прычына была ў тым, што насуперак уласнаму жаданню ён не верыў, што з гэтай ідэі нешта добрае выйдзе. Чалавек супярэчлівы, поўны ўнутраных рознагалоссяў, ён досыць часта іх праяўляў…

 

Уся надзея была на яго

 

«Мы пачалі сваімі сіламі, якіх было вельмі мала, — гаворыць Мікалай Дарашкевіч, успамінаючы самы пачатак — суботнікі, на якія выходзілі ўсёй невялічкай навукова-вытворчай фірмай. — Аднаго разу выйшлі з будынка, запыленыя, і тут жа, перад дзвярыма, хто сеўшы на скрыні, хто стоячы, сфатаграфаваліся. На гэтым здымку і Фёдар Іванавіч сярод нас. Мне спадабалася, што ён браў удзел у нашых суботніках. Яны яго цікавілі, канечне, і ў гістарычным плане: ён спадзяваўся на знаходкі старога аптэчнага посуду. Але я зразумеў пра яго тады вельмі важнае: ён энтузіяст і рабацяга. Так пачалося наша супрацоўніцтва. Увогуле, мы ў гэтай справе адраджэння аптэкі, за якую ўзяліся ў сярэдзіне 1990-х, не разумелі нічога. Уся надзея была на яго». 

 

Першая экспазіцыя — прымацаваныя да планшэ-таў на ножках раздрукоўкі артыкулаў Ігнатовіча па гісторыі медыцыны і фармацыі на Гродзеншчыне. Так ён і бачыў музей.

 

Па адукацыі не гісторык, а ўрач-эпідэміёлаг, супрацоўнік санэпідэмстанцыі, ён выхадныя, вечары і адпачынкі праводзіў у архівах і бібліятэках, здабываючы звесткі пра тых, хто не толькі змагаўся з эпідэміямі, але і адкрываў бясплатныя лячэбніцы, засноўваў урачэбныя таварыствы, ладзіў выпуск медыцынскіх часопісаў, займаўся аптэчнай справай і г. д. І пры тым, што музей у яго выкананні мала нагадваў музей, яго меркаванне адносна гэтай прасторы смела пярэчыла меркаванню яе ўласнікаў, якія бачылі яе найперш аптэкай.

 

Чырвоная зорка на езуіцкім будынку

 

«Фёдар Іванавіч быў вельмі ўпарты, — па-добраму крытыкуе Мікалай Дарашкевіч. — Каб пераканаць яго, трэба было пастарацца. Наконт канцэпцыі выйшла спрэчка адразу: ён лічыў, што ўсё вялікае памяшканне, амаль што трыста квадратных метраў, павінна быць прасторай музея».

 

«Разумееце, Фёдар Іванавіч, нам жа трэба на гэты музей, каб ён развіваўся, зарабляць неяк грошы, — пераконваў кіраўнік фірмы. — І трэба неяк завабіць наведвальнікаў». Многія лекі былі тады ў дэфіцыце, дзяржаўныя аптэкі не маглі дазволіць сабе асартымент, як у прыватных аптэках, і сумяшчэнне музея з аптэкай музею пайшло б на карысць. Пасля доўгіх ваганняў і глыбокіх роздумаў Фёдар Ігнатовіч з Мікалаем Дарашкевічам пагадзіўся. Але тут жа паўстала новае неразуменне: на першым месцы Ігнатовіч бачыў слова «музей». «Але ж такі парадак слоў — музей-аптэка — сведчыў бы, што аптэка тут несапраўдная», — рэзонна адзначае Дарашкевіч.

 

Такая ў Фёдара Іванавіча была натура: ён мог пярэчыць нават самому сабе, што праяўлялася ў розных выпадках. Вось як з чырвонай зоркай на франтоне езуіцкай будыніны. Калі гарадскія ўлады ўзяліся рэстаўраваць фасады гістарычнага цэнтра, Ігнатовіч быў заспрачаўся з архітэктарамі за тое, каб на франтон аптэкі-музея вярнуць пяціканцовую зорку, якая была ім там заўважана на нейкім фотаздымку 1960-х гадоў. Давялося збіраць аргументы, што зорка вісела там непрацяглы час. Пры ўсёй заглыбленасці ў былыя стагоддзі ён быў «савецкі да мозгу касцей».

 

На запаветны шлях

 

Біёграфам і ці не адзіным сябрам Фёдара Ігнатовіча можна лічыць знакамітага гродзенскага краязнаўцу Алеся Госцева. «Я ведаў яго на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, — гаворыць Алесь Пятровіч. — Мы з ім займаліся адной справай. Яна нас і пазнаёміла».

 

Як зазначае Мікалай Дарашкевіч, Фёдар Іванавіч не быў аматарам кампаній, калі яны не ўяўлялі для яго навуковага інтарэсу, і па гэтай прычыне пра яго вядома няшмат, але на навуковыя канферэнцыі гэты воўк-адзіночка выбіраўся з вялікай радасцю. 

 

Канферэнцыя 1986-га прысвячалася 400-годдзю анатаміравання цела караля Стэфана Баторыя — першага выпадку анатаміравання ва ўсходняй палове Еўропы. Канферэнцыя 1987-га ладзілася ў гонар 300-годдзя аптэкі і прысвячалася развіццю аптэчнай справы на Беларусі. На адной з іх ён і пазнаёміўся з Госцевым. Але даверлівыя стасункі ўзніклі не адразу. Фёдар Іванавіч спачатку трымаўся на аддаленні. На гэта ў яго былі прычыны. Скажам так: ён бараніў уласныя здабыткі і пазбягаў верагоднай канкурэнцыі за першакрыніцы. Гэта акрамя таго, што быў ён увогуле досыць закрыты. Тыповы такі інтраверт. «Хацеў быць у сваёй сферы трохі вышэй за астатніх», — гаворыць Мікалай Дарашкевіч. Таксама справядліва. Але ён меў на гэта права.

 

Некалі марыў стаць журналістам, пісаць, друкавацца, даследаваць… А лёс павярнуў іначай: Слонімскае медвучылішча, Зельвенская санэпідэмстанцыя, служба фельчарам на Балтыйскім флоце,  праца памочнікам санітарнага ўрача на будоўлі Салігорскага калійнага камбіната… Пад уплывам тамтэйшага доктара паступіў у Ленінградскі санітарна-эпідэмічны медыцынскі інстытут, па заканчэнні якога назаўсёды прыехаў у Гродна.

 

Ignatovich6

 

Колішняе жаданне даследаваць і пісаць трапіла на ўрадлівую глебу. Лёс пакрысе вырульваў на запаветны шлях. Так пачалося тое, чым ён стварыў сабе імя.

 

Сярод розных іншых заслуг

 

Ён шмат пісаў пра Эдуарда Стэмпнеўскага, правізара, які працаваў у той самай аптэцы ў 20-м стагоддзі. Для экспазіцыі аптэкі-музея патрэбен быў яго партрэт, і Фёдар Іванавіч дамовіўся з мастаком Уладзімірам Качаном, каб той яго намаляваў па нейкім маленькім фота. Так з падачы Фёдара Ігнатовіча аптэкар Стэмпнеўскі займеў аблічча, якое фігуруе ўжо як афіцыйнае, прызнанае гістарычна дакладным.

 

Алесь Госцеў гаворыць, што толькі дзеля аднаго чалавека Фёдар Іванавіч адышоў ад выбранага шляху — пісаць біяграфіі ўрачоў. Гэта быў гродзенскі педагог, эколаг, заснавальнік заапарку Ян Каханоўскі. У бібліяграфіі Ігнатовіча ёсць напісаная ў сааўтарстве з яшчэ адным краязнаўцам Дзянісам Тарасюком кніга пра Гродзенскі заапарк.

 

Ignatovich5Сярод розных іншых заслуг, як вынік яго даследчыцкай дзейнасці, — тое, што ў Гродзенскім медкаледжы існуе стыпендыя імя Канстанціна Кемарскага, урача-гінеколага, доктара медыцыны і дырэктара спачатку павівальнай, а пасля акушэрскай школы.

 

У 2002-м, працуючы навуковым кансультантам у аптэцы-музеі, Фёдар Ігнатовіч падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную развіццю гігіенічнай навукі і санітарнай практыкі на захадзе Беларусі, пасля чаго перайшоў працаваць у медыцынскі ўніверсітэт, дзе і раней патрохі выкладаў гісторыю медыцыны. Але з аптэкай-музеем не парываў, нават прыводзіў туды студэнтаў і ладзіў тэматычныя заняткі. Першы раз у аптэку-музей я трапіла з ім.

 

Нас пазнаёміў Жылібер

 

Можна так сказаць… Быў другі панядзелак мая 2012 года. Я прыехала ў Гродна з адзінай мэтай: пагаварыць з Ігнатовічам пра Жылібера. Я тады яшчэ не даследавала гісторыю медыцыны, а пісала нарысы ў «глянец», і мне яго параілі як знаўцу. Па тэлефоне дамовіліся пра месца і час сустрэчы. І вось я на месцы ў патрэбны час, а дзе Фёдар Іванавіч? Мне трэба знайсці на прыпынку высокага чалавека ў светлым плашчы з газетай. Такога на даляглядзе няма. Тэлефаную — кажа: «Чакаю». Зблытаць патрэбнае месца можна было толькі з прыпынкам, што праз дарогу, але і там такога чалавека няма. Тры разы абышла вакол шапіка, агледзелася шырэй, набрала нумар яшчэ раз. Фёдар Іванавіч знік ужо і з тэлефона. Прамінулі гадзіны дзве. Я паспела даследаваць шыльды ў касцёле Францішка Ксаверыя, пабадзяцца па ратушнай краме і пасядзець у кавярні перад тым, як вяртацца ні з чым на вакзал. І тут зазвінеў тэлефон. Ігнатовіч. «Я гатовы з вамі сустрэцца», — гаворыць ён і прызначае новае месца.

 

Гэта было якраз тое, пра што гаварыў Алесь Госцеў. Фёдар Іванавіч бараніў здабытую ім інфармацыю ад замаху на яе самазванцаў як толькі мог. На мае пытанні пра Жылібера спачатку зусім не адказваў. Ігнараваў іх. Як быццам не чуў. Гаварыў толькі тое, што лічыў сам патрэбным сказаць. Суха, скупа, шкадуючы лішняга слова. Але ў працэсе яго маналогу, у які мае пытанні працягвалі дзёрзка ўкліньвацца, нешта раптоўна здарылася. Нешта неўпрыкмет павярнула на іншае — і яго як прарвала: мне ўжо не трэба было пытацца — ён гаварыў, гаварыў, гаварыў…

 

А калі выйшаў той мой артыкул пра французскага доктара Жылібера і яго прыгоды на нашай зямлі, Фёдар Іванавіч сам дамовіўся з сайтам Гродна, каб яго на ім размясціць. Ён перыядычна званіў мне, каб расказаць пра свае новыя знаходкі ў тэме, якую называў «наш француз». Гэта таму што артыкул у мяне называўся «Француз». Аднаго разу патэлефанаваў і ўсхвалявана паведаміў: «Вашага “Француза” скралі». Аказалася, што ён прачытаў у цэнтральнай газеце артыкул пра Жылібера, напісаны іншай журналісткай. Цяпер ён бараніў ад замахвальнікаў не толькі сваю інфармацыю, але і маю.

 

Ignatovich4

 

Мы бачыліся ўсяго адзін раз, але часта размаўлялі па тэлефоне. Апошняе, чым ён са мной падзяліўся, — знаходкі пра сына Жана Эмануэля Жылібера, названага Станіславам Аўгустам у гонар караля. Сын Жылібера нарадзіўся ў 1780 годзе ў Гродне, і Фёдар Іванавіч раскручваў біяграфію нашчадка свайго куміра далей, з пераходам у 19-е стагоддзе, у якім Станіслаў Аўгуст стаў біёлагам і ўрачом, «паважаючы бацьку». «Яго гербарыі, рукапісы і лісты былі страчаны, — адзначаў даследчык. — Яго імя і заслугі перад навукай не павінны аказацца забытымі не толькі ў Ліёне, але і ў Гродне».

 

Я напісала «свайго куміра». Ці быў Жылібер кумірам Фёдара Ігнатовіча? Мне так здавалася. Узяўшы сабе за мэту пісаць пра ўсіх гродзенскіх урачоў, пра Жылібера ён напісаў больш, чым пра іншых.

***

У 2014 годзе Фёдар Ігнатовіч стаў лаўрэатам трэцяй па ліку прэміі імя Юзафа Ядкоўскага, якая прысуджалася краязнаўцам. У той год лаўрэатам яшчэ не ўручаліся медалі.

 

А ў 2016-м арганізатары прэміі ўручалі медалі ўсім лаўрэатам — за пяць гадоў.

 

«Фёдар Іванавіч тады збіраўся на лячэнне ў бальніцу і папрасіў мяне атрымаць медаль за яго, — расказвае Алесь Госцеў. — На жаль, ён так і не ўбачыў свой медаль. Я аддаў яго нашчадкам на пахаванні».

 

Фёдар Іванавіч Ігнатовіч памёр у бальніцы 1 снежня 2016 года.

 

«Ён гаварыў, што знойдзе калі-небудзь час і раскажа сваё жыццё», — успамінае Алесь Госцеў са скрухай. «Ён быў вельмі светлы чалавек», — дзеліцца ўражаннем Мікалай Дарашкевіч. Ад сябе дадам, што яго цяпер не хапае… 

 

Ignatovich2

 

Фотаздымкі прадастаўлены Дзянісам Тарасюком.