Вясной 1987 года маладая медсястра Таццяна Семянчук адправілася ў камандзіроўку ў Чарнобыль, каб дапамагаць ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Яна назаўжды запомніла бязлюдны горад, жудасную цішыню і бясконцае пачуццё адзіноты. Тут Таццяна Аляксандраўна ўсвядоміла, наколькі каштоўнае чалавечае жыццё. Вярнуўшыся дадому, вырашыла цалкам прысвяціць сябе людзям.
Выхаванне характару
Таццяна расла ў вялікай дружнай сям’і (бацькі выхоўвалі 6 дачок і сына). З ранніх гадоў дзяўчынка клапацілася пра іншых, гэта і вызначыла яе прафесійны шлях. Калі прыйшоў час выбіраць спецыяльнасць, яна папрасіла бацьку адвезці яе ў Слонімскае медвучылішча.
Атрымаўшы дыплом, працавала ў Воранаўскім раёне акушэркай, а неўзабаве была прызначана загадчыцай фельчарска-акушэрскім пунктам. Тут Таццяна набыла каштоўны вопыт у аказанні першай медыцынскай дапамогі, і гэта вельмі спатрэбілася ў будучыні.
Праца ў зоне рызыкі
У 22 гады Таццяну Семянчук чакала сур’ёзнае выпрабаванне. Як медыцынскага работніка яе камандзіравалі ў Чарнобыль для дапамогі людзям, што змагаліся з наступствамі катастрофы на ЧАЭС.
Як жа адважылася маладая медсястра паехаць у зону адчужэння?
Таццяна Семянчук:
Нас так выхоўвалі — быць там, дзе больш патрэбна.
А яшчэ мы былі маладыя, бясстрашныя...
Таццяна Семянчук:
Памятаю, я прыйшла з працы, гатавала вячэру — і тут у дзвярах з’явіўся чалавек у форме, уручыў мне позву ў ваенкамат. Пра тое, што едзем у Чарнобыльскую зону, я і іншыя медсёстры даведаліся ўжо ў аўтобусе.
Спачатку дзяўчаты (усе былі маладыя, незамужнія) апынуліся ў Хойніцкім раёне, у 30-кіламетровай зоне ад рэактара. Працавалі ў шпіталі.
Таццяна Семянчук успамінае, што ўсім выдалі абутак 39-га памеру і больш (а ў яе — 36-ы), а таксама анучы, якімі ніхто не ўмеў абмотваць ногі. Так і хадзілі, «шморгалі».
Тое ж і з вайсковай формай — для многіх яна была занадта вялікай. Маленькая Таццяна проста патанула ў новай вопратцы. Прыйшлося дзяўчатам успамінаць, чаму вучылі на ўроках працы ў школе. Пасля змены ў шпіталі ўсе ся-дзелі з іголкамі, падганяючы форму пад сябе.
А аднойчы медсёстрам паведамілі, што камусьці трэба ехаць у Чарнобыль. Ахвотных не было, усе ўжо разумелі небяспеку высокай радыяцыі. Вырашылі кінуць жэрабя. Камандзіроўка выпала Таццяне Семянчук і яшчэ адной медсястры.
Таццяна Семянчук:
Чарнобыль ашаламіў нас апусцелымі вуліцамі і закінутымі дамамі. На ўездзе ў горад мяне ўразілі развешаныя на балконе рэчы: дзіцячыя маечкі, калготачкі ўжо выгарэлі на сонцы, іх пакалашмаціў вецер. І паўсюль — мёртвая цішыня. Горад, які калісьці быў поўны жыцця, ператварыўся ў прывід. Толькі блокпасты і ваенная тэхніка, што праязджала часам, нагадвалі аб прысутнасці там людзей.
Таццяна Семянчук працавала ў медпункце за 11 кіламетраў ад рэактара. Удзельнічала ў маніторынгу здароўя вайскоўцаў, аказвала медыцынскую дапамогу і падтрымку ўсім, хто ў ёй меў патрэбу.
Тады ж медсястра адчула на сабе першыя прыкметы ўздзеяння радыяцыі: пяршэнне ў горле, металічны прысмак у роце, кішэчныя расстройствы. На шчасце, хутка адбылася ратацыя. Адпрацаваўшы ў зоне адчужэння два месяцы, Таццяна Семянчук вярнулася дадому.
Свядомы выбар
Пасля Чарнобыля яна ўладкавалася медсястрой у Пружанскую ЦРБ. З тых часоў бесперапынна (без малога 40 гадоў) працуе на адным месцы.
Таццяна Семянчук:
Я вельмі рада, што калісьці прыехала сюды. Калі прыйшла ўладкоўвацца на працу, тагачасны галоўны ўрач Іван Мікалаевіч Пачынчык прапанаваў 5 аддзяленняў на выбар. Я адразу абрала дзіцячае аддзяленне. Але прайшло крыху часу, я прыгледзелася, і так мне спадабалася праца ў рэанімацыі!
Даводзілася дастаўляць туды маленькіх пацыентаў, і я бачыла, як зладжана і прафесійна дзейнічалі медсёстры: кожная дакладна ведала, што ёй рабіць. Яны аказвалі неацэнную дапамогу ў крытычных сітуацыях. Таму праз пару месяцаў я папрасіла галоўнага ўрача перавесці мяне ў рэанімацыйнае аддзяленне.
Таццяна Семянчук прызнаецца: яна ні разу не пашкадавала пра свой выбар.
Таццяна Семянчук:
Кожны дзень я бачу вынікі сваёй працы. Колькі разоў назірала, як цяжкія пацыенты паступова прыходзілі ў сябе, расплюшчвалі вочы. Гэта невымоўная радасць для ўсіх нас. Мы з калегамі змагаемся за жыццё кожнага пацыента і робім усё, каб дапамагчы.
Для яе няма нічога больш важнага, чым бачыць вынікі сваёй працы і ведаць, што яна робіць свет лепшым.
Павага і прызнанне
За гады працы ў рэанімацыі Таццяна Семянчук сутыкнулася з мноствам незвычайных і складаных выпадкаў.
Медсястра ўспамінае, як аднойчы ў неадкладнай сітуацыі ёй давялося даць сваю кроў трохмесячнаму немаўляці (прамое пераліванне). А праз шмат гадоў яна наведвала сваю маму ў бальніцы і разгаварылася з яе суседкай па палаце. Тая згадала, маўляў, у Пружанскай бальніцы працуе нейкая Таццяна, якая дала кроў яе пляменніку. Як жа прыемна было Таццяне Аляксандраўне пачуць, што ў таго хлапчука, якога яны ратавалі ўсёй брыгадай, усё добра!
Дарэчы, у нашай гераіні таксама двое цудоўных дзяцей. Сын Максім — камп’ютаршчык, а дачка Алена — фотамастачка, якая паспяхова працуе з немаўлятамі. Напэўна, гэты талент у яе ад мамы — Таццяна Аляксандраўна дагэтуль з пяшчотай успамінае свой нядоўгі, але вельмі радасны перыяд працы ў дзіцячым аддзяленні.
Дзеянні гэтай жанчыны гучнейшыя за словы. Яе лёс нагадвае нам, што адзін чалавек можа змяніць мноства жыццяў.
Сёння Таццяна Семянчук карыстаецца вялікай павагай сярод калег і пацыентаў. Усе шануюць яе за незвычайную дабрыню і кампетэнтнасць.
Яна ветэран працы, мае медаль ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мноства іншых узнагарод і падзяк. Аднак найлепшая ўзнагарода для Таццяны Семянчук — бачыць, як пацыенты, якім яна дапамагала, вяртаюцца да здаровага актыўнага жыцця.