урач агульнай практыкі, загадчык аддзялення Генадзь Хаменка
Генадзь Хаменка, урач агульнай практыкі, загадчык аддзялення

 

Генадзь Хаменка — настаўнік: у яго аддзяленні 10 урачоў агульнай практыкі, з якіх 9 — маладыя. У гэтага доктара ёсць чаму павучыцца.

 

 

— Нам вельмі прыемна, што наш доктар, урач агульнай практыкі, загадчык аддзялення Генадзь Хаменка стаў лаўрэатам конкурсу «Урач года Рэспублікі Беларусь — 2020», — адзначыў галоўны урач Астравецкай ЦРКБ Уладзімір Мажэйка. — Гэта спецыяліст высокага класа, які прайшоў шлях ад участковага тэрапеўта да загадчыка аддзялення УАП паліклінікі нашай медыцынскай установы. Цудоўны прафесіянал, які ўмее арганізаваць работу калектыву. Асабліва яскрава ён прадэманстраваў свае арганізатарскія здольнасці падчас пандэміі: на БелАЭС, напрыклад, працуе шмат прыезджых.

 

І было вельмі важна ўсіх, хто знаходзіцца на тэрыторыі раёна, трымаць пад кантролем, каб не дапусціць распраўсюджвання небяспечнай інфекцыі.

 

…Генадзь меркаваў пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта вярнуцца ў родны Кобрын, але падчас вучобы на лячэбным факультэце ажаніўся з аднакурсніцай, дзяўчынай са Слоніма, і яны вырашылі падацца на Гродзеншчыну, дзе жылі бацькі жонкі. На размеркаванні атрымалі накіраванне на працу ў Астравецкі раён, у Міхалішскую ўчастковую бальніцу. На той час у іх на руках быў ужо маленькі сынок Алёшка. Яны доўга шукалі на карце гэтую вёску. Але да яе не даехалі: у Астраўцы галоўны ўрач бальніцы прапанаваў папрацаваць у раённай паліклініцы. Жонцы Анжэле Вітольдаўне — у падлеткавым кабінеце, Генадзю Яўгенавічу — участковым тэрапеўтам.

 

— У мяне было шмат вясковых пацыентаў сталага веку, — прыгадвае доктар. — Па першым часе нязвыкла было разбіраць іх мову, у якой гучала шмат рускіх, беларускіх і літоўскіх слоў. Памятаю, як яны звычайна казалі: «Чо не дабачаю, чо не дачуваю…» Не заўсёды належным чынам ставіліся да рэцэптаў урача, часам забываліся прыйсці на паўторны прыём. Гутарыў з імі, тлумачыў, пераконваў… Дапамагалі і больш вопытныя ўрачы-тэрапеўты: Данута Раманаўна Субаткевіч, Наталля Уладзіміраўна Сухенка.

 

Шмат карысных прафесійных ведаў атрымаў і падчас праходжання клінічнай вочна-завочнай ардынатуры па тэрапіі ў Гродне на базе кафедр ГрДМУ, якія размяшчаліся ў вядучых медыцынскіх установах абласнога цэнтра. За гэты час даведаўся шмат цікавага, асабліва па рэдкіх паталогіях.

 

З 2006 па 2016 год Генадзь Хаменка спалучаў работу ўчастковага ўрача і загадчыка аддзялення хуткай неадкладнай медыцынскай дапамогі. Даводзілася дзяжурыць па бальніцы, калі туды траплялі самыя цяжкія пацыенты. Звычайна на такіх дзяжурствах працавалі ўтраіх: тэрапеўт, хірург і анестэзіёлаг-рэаніматолаг.

 

— Заўсёды знаходзілі ўзаемапаразуменне і з тагачасным урачом-рэаніматолагам, цяперашнім загадчыкам аддзялення рэанімацыі Генадзем Руновічам, загадчыкам аддзялення тэрапіі Вячаславам Пятровічам, выдатным хірургам, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця, Аляксандрам Павалоцкім…

 

Генадзь Яўгенавіч прыгадаў, як аднойчы ноччу да дзяжурных у бальніцы прыйшоў сігнал аб дарожна-транспартным здарэнні: праз дарогу перабягаў лось, які наляцеў на аўтамабіль. У тую ноч прывезлі шэсць пацыентаў з цяжкімі траўмамі. Трэба было тэрмінова зрабіць агляд і сартаванне: каго ў хірургію, каго ў рэанімацыю… Не ўсе, на жаль, тады выжылі, але менавіта ў той час доктар Хаменка прайшоў выдатную школу каманднай работы па аказанні хуткай медыцынскай дапамогі ў экстрэмальных умовах. 

 

— Калі мы пачалі працаваць у статусе ўрача агульнай практыкі, з’явілася больш прафесійнай адказнасці, — разважае субяседнік. — Мы павінны быць больш кампетэнтнымі ў вузкіх медыцынскіх спецыяльнасцях: кардыялогіі, афтальмалогіі, отарыналарынгалогіі… Усё неабходныя інструменты ў нас ёсць, і нашы клопаты сталі  ўжо больш універсальнымі, як у земскага доктара… З’явіліся і працуюць каманды ўрачоў агульнай практыкі, у складзе якіх урач, памочнік урача і медыцынская сястра. Іх 9. Праўда, тры яшчэ няпоўныя: не хапае помочнікаў урача.

 

З пачаткам пандэміі доктар Хаменка працуе ў чырвонай зоне. За гэты час з’явіліся свой вопыт і свае назіранні за гэтым небяспечным вірусам. Кіруе і работай кантактных брыгад.

 

Вірус небяспечны. Працаваць у чырвонай зоне нялёгка.

 

— Каб стаць добрым доктарам, трэба быць чалавечным, спагадлівым да чужога болю і, канешне ж, пастаянна ўдасканальваць свае веды, — кажа доктар Хаменка. — А таму, калі ў мяне крыху застаецца вольнага часу, абавязкова чытаю прафесійную літаратуру. На мастацкую, на жаль, яго ўжо не хапае…

                               Анжэла Вітольдаўна Хаменка 

— Зусім нядаўна, на пачатку вясны, пайшла з жыцця мая любімая жонка Анжэла Вітольдаўна, — з цяжкасцю стрымлівае хваляванне Генадзь Яўгенавіч. — Яна была самай лепшай дачкой для сваіх бацькоў, самай пяшчотнай маці і клапатлівай жонкай. І цудоўным доктарам! Нам усім яе будзе вельмі не ставаць…

 

Такія трагічныя гісторыі цяжка перажываць, а таму вельмі важна ўмець ратаваць сябе ад маркотных думак і пякучых успамінаў. Генадзь Яўгенавіч разам з дзевятнаццацігадовым сынам Алёшам і чатырнаццацігадовай дачкой Дашай любіць прыязджаць у Кобрын да іх бабулі Валі, а таксама ў Слонім да бабулі Люды і дзядулі Вітольда. Там свае хаты, дзе і агарод ёсць, і кошкі, і сабака. Любяць яны разам хадзіць у грыбы, каб потым прыгатаваць штосьці смачнае для ўсёй сям’і.

 


Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

При копировании или цитировании текстов активная гиперссылка обязательна. Все материалы защищены законом Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах».