Андрэй Майсяёнак.
Андрэй Майсяёнак.

Члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі  Андрэя Георгіевіча Майсяёнка, сябра Аддзялення медыцынскіх навук, доктара біялагічных навук, біяхіміка, вітамінолага, вылучае ўнікальная якасць: у размове з ім пачынаеш выцягваць з куфэркаў памяці ўсё, што калі-небудзь у іх патрапляла. Зрэшты, паводле яго філасофіі, чалавек мусіць увесь час быць у тонусе...

 

Пачну з таго, што ўяўляла я свайго суразмоўцу зусім іначай. Некалькі працяглых тэлефонных гутарак (уявіце: мы абмяркоўваем жыццё доктара Жылібера, быццам ён наш агульны знаёмы, а другі раз дыскутуем пра ўзровень медыцыны ў 19-м стагоддзі, быццам самі з таго перыяду, а потым Андрэй Георгіевіч згадвае легендарных выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта міжваеннага часу, сярод якіх і яго бацькі, і тады ўвогуле падаецца, быццам часу не існуе!) стварылі вобраз чалавека магутных ведаў, неверагодна захопленага жыццём. А вось уяўленне пра знешнасць нябачанага да часу суразмоўцы разбурылася, як толькі я з ім сустрэлася. Замест невысокага мужчыны з лагоднымі рысамі твару, што ўяўляліся мне пад прыемны спакойны голас і незвычайна мяккае вымаўленне, перада мной апынуўся высокі станісты чалавек з валявым і нават суровым абліччам. І толькі энергія, веды ды яшчэ той самы мяккі голас нікуды не падзеліся… 

 

Андрэй Георгіевіч падарыў мне ручку, якой я запісвала ў яго нататнік мой электронны адрас. Маўляў, прафесарская… А на просьбу расказаць пра сябе адразу ж пераключыўся на іншага чалавека.

 

Ад пачатку...

 

Moyceenok AndreyАндрэй Майсяёнак, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, біяхімік, вітамінолаг.— Для мяне, як для многіх маладых будучых вучоных, вялікае значэнне мела сустрэча з чалавекам, які не мог не пакінуць след, з якім міжволі хацелася знаходзіцца побач, які атаясамліваўся з пачаткам таго, чаго не было раней. Такім для мяне стаў Юрый Міхайлавіч Астроўскі. Інстытут наш, Гродзенскі медыцынскі, дзе я вучыўся, а ён выкладаў, быў адкрыты ў 1958 годзе.

 

Я прыйшоў на другі набор, у 1959-м, і недзе праз год-два на лекцыях па біяхіміі з ім сустрэўся. Лекцыі яго былі цудам. Уявіце, ён чытае «Абмен рэчываў», раздзел «Ліпіды», і кажа: «Скварку не з’еўшы, касіць не будзеш». Ад такой вобразнасці ўсё раптам робіцца зразумелым, запамінаецца злёту. Экзамен яму я здаў добра і паступова далучыўся да біяхімічнай грамадкі, якая называлася студэнцкім навуковым таварыствам пры кафедры. Інстытут у той час, паколькі быў малады, меў вялікую патрэбу ў кадрах, і я, увесь такі апантаны, адчуваў да сябе прыязнасць. Па завяршэнні вучобы застаўся ў аспірантуры. Але ж у нашым інстытуце не было ваеннай кафедры! І вось мяне на год забіраюць у армію…

 

Гвардыі старшы сяржант Майсяёнак служыў у Полацку начальнікам палкавога медыцынскага пункта. Знаходзячыся на поўным дзяржаўным забеспячэнні, ён штомесяц дадаткова атрымліваў 30 рублёў. Расказваючы пра службу, Андрэй Георгіевіч кідае позіркі на сцяну з выявай Спаса-Еўфрасіньеўскай царквы, рэпрадукцыяй карціны Язэпа Драздовіча («зямляк з Глыбокага») і гравюрай са скарынаўскім знакам ды пасміхаецца: Полацк, маўляў, усё Полацк.

 

— Я служыў побач — у Спаскім гарадку. Мог бы там і застацца. Мяне там паважалі. Ды і медыцынскай прыктыкі за год службы атрымаў нямала. Але Астроўскі не адпускаў. У Гродне пачала афармляцца біяхімічная школа, пайшлі абараняцца кандыдацкія дысертацыі. Сам Юрый Міхайлавіч стаў маладым прафесарам. Іншымі словамі, я меў перад сабой добры прыклад. Скажу праўду: адчуў, што не маю сілы супраціўляцца.

 

Так Андрэй Майсяёнак зноў апынуўся ў біяхімічнай грамадзе. І таму побач з Драздовічам і скарынаўскім знакам на сцяне яго кабінету — выява Каложы: легендарны гродзенскі храм над стромкім берагам пад неспакойным небам…

 

Птушкі з каралеўскага гнязда

 

Знакамітая трохпавярхоўка пад назвай Баторыеўка, старая каралеўская камяніца, яшчэ адзін гродзенскі брэнд. Тут, паводле знакамітай легенды, у сутарэннях адбылося першае ва Усходняй Еўропе ўскрыццё памерлага — самога караля-гаспадара Стэфана Баторыя…

 

— Гэты будынак і быў у нас агменем біяхіміі. У ім належалі нам падвал, частка першага паверху і ўвесь другі. Тут мы раслі — 6 або 7 біяхімікаў, кандыдатаў навук, якія потым сталі прафесійнымі даследчыкамі, асобамі. Астроўскі быў упэўнены ў нашай будучыні.

 

Аднак выявілася ў рэспубліцы праблема: адсутнасць Інстытута біяхіміі. Што рабіць?.. Астроўскі паехаў у Мінск.

 

— Былі ў яго там сустрэчы на высокім узроўні — у ЦК КПБ. Размовы, дыскусіі… Спрачаліся: Мінск ці Гродна? У Мінску, маўляў, кадраў многа і г. д. Але Астроўскі меў аргументы мацней: кадраў, маўляў, у Мінску многа, а ядра, вакол якога іх можна сканцэнтраваць, няма. І пераканаў: у 1970-м Інстытут біяхіміі быў адкрыты ў Гродне. Астроўскі яго ўзначаліў, а мяне прызначыў вучоным сакратаром.

 

І пачалося: бясконцая праца з паперамі, камандзіроўкі ў Маскву, навука… Зрэшты, адно аднаму не шкодзіла, а дапамагала. Масква дала знаёмствы з многімі зоркамі біяхіміі, сапраўднымі карыфеямі. Быў сярод іх прафесар Віктар Яфрэмаў, кіраўнік аддзела вітамінаў НДІ харчавання Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, заслужаны дзеяч навукі РСФСР. Легенда! Найбольш ён вядомы тым, што прыдумаў полівітамінны прэпарат «Ундэвіт». Гэта Яфрэмаў стаіць паміж Андрэем Майсяёнкам і Юрыем Астроўскім на здымку, што першым кінуўся ў вочы сярод полацкіх і гродзенскіх выяў (гл. фота).

 

S ychitelyamiЗ акадэмікам Ю. М. Астроўскім (справа) і заслужаным дзеячам навукі, прафесарам В. В. Яфрэмавым. Гродна, 1977 г.

 

В1 супраць пантатэнату

 

Астроўскі, які пачынаў кар’еру вучонага з таго, што даследаваў уласцівасці і эфекты вітаміна В1, тыяміну, заставаўся і праз гады ў палоне гэтага рэчыва, а таму і сваіх падначаленых ператвараў у «палонных». Ён лічыў, што тыямін здольны вырашаць многія праблемы арганізма, паводзячы сябе як каталізатар.

 

— Тым больш, што, куды ні кінь, паўсюль абмен тыяміна парушаны. І цяпер такое ў нас назіраецца: людзі па-ранейшаму мала ўжываюць чорнага цэльназерневага хлебу і ўсё болей націскаюць на рафінаванае. Трэба есці больш чорнага хлебу. Праўда, у Астроўскага была тэорыя, што развіццё гіпертанічнай хваробы звязана з парушэннем абмену ў арганізме гэтага вітаміну: ён або кепска засвойваецца, або няправільна распадаецца — у кожным разе даходзіць да таго, што ў арганізме назіраецца яго лішак і ўзнікае пагроза гіпертаніі. Сапраўды, па эрытрацытах пацыентаў з такім дыягназам выразна была відаць напружанасць тыямінавых сістэм.

 

Як бы там ні было, але малады вучоны Андрэй Майсяёнак адчуваў, што яму ў вітаміне В1 цесна. Ды і маскоўскія камандзіроўкі паказвалі: масквічы ў сэнсе тэхналогій на В1 вялікіх надзей не ўскладаюць.

 

— Існавала ў Савецкім Саюзе вялізарнае прадпрыемства — НВА «Вітаміны». Для яго супрацоўнікаў куды больш цікавым было іншае рэчыва — вітамін В5, пантатэнавая кіслата. А гэта і пантэнол, і Pantene Pro-V — і для здароўя скуры, і для хараства валасоў. Вось пад што можна было атрымаць грошы. Гэтым вітамінам мне і прапанавалі заняцца. Памятаю, як вярнуўся я з Масквы і пайшоў да Астроўскага. Думаў: што я яму скажу? Што пад тыямін грошай нам даць не хочуць, а пад пантатэнавую кіслату, да якой я схіляюся, грошы будуць? Я прамым тэкстам прасіў: «Трэба пачынаць новую справу, адпусці мяне. Замест сябе я прапаную кандыдатуру». Ён адказаў так: праводзь, маўляў, усесаюзны сімпозіум па пантатэнавай кіслаце — і паглядзім. Прыедуць з усяго СССР навукоўцы і скажуць, ці варта нам гэтым займацца.

 

Вучоны сакратар пастараўся, і ў Гродна з усёй вялікай краіны прыехала больш даследчыкаў, чым на сімпозіум па тыяміну.

 

— Тады Астроўскі сказаў: «Чорт з табой, займайся сваёй пантатэнавай». А сам працягнуў лабіраваць вытворчасць прэпаратаў на аснове тыяміназы. Такая адданасць. Ён настолькі быў перакананы ў правільнасці сваёй тэорыі, што пачаў здабываць патрэбны экстракт адусюль — і з папараці, якую супрацоўнікі збіралі па вакольных лясах, і з устрыц, якіх яны вымушаны былі шукаць у вадаёмах… Потым Астроўскі і сам зразумеў, што тэма вітаміну В1 сябе вычарпала. Але чалавек 50 абаранілі па ім кандыдацкія і 4 ці 5 — доктарскія. А Астроўскі звярнуўся да тэмы лячэння алкагалізму і стаў шукаць доказ тэорыі, згодна з якой чалавек злоўжывае алкаголем таму, што ў яго арганізме мала эндагеннага этанолу. Яго тэорыя трапіла ў агульнаеўрапейскае рэчышча вывучэння так званых біялагічных фактараў алкагалізму. А мне якраз тады зрабілі прапанову японцы: яны сінтэзавалі цікавы прэпарат на аснове пантатэнавай кіслаты.

 

Пантатэнат супраць бакштаўкі

 

Гісторыя, вартая падрабязнасцей.

 

У вёску Бакшты Іўеўскага раёна аўталаўка не даязджала, і жыхары пакрысе прызвычаіліся гнаць самагон. Ды які! Крэпасцю не менш як 72–74 градуса. Яго называлі бакштаўкай. Ахвярамі яе сталі не тыя, хто піў здаўна, бо яны ўжо былі загартаваныя, а падлеткі, што пачалі сваё знаёмства з алкаголем з бакштаўкі. У выніку за 2–3 гады ў навічкоў развіваўся алкагольны дэлірый. Такія пацыенты пачалі трапляць у Гродзенскі абласны наркалагічны дыспансер.

 

— А я ж урач, а не толькі біяхімік. Японскі прэпарат быў у мяне ў руках, ужо праведзены эксперыменты на пацуках, і я ведаў, што ён працуе. Дацэнту Валынцу, які курыраваў наркалогію, я даў некалькі ампул. Прывозяць пацыента з абсціненцыяй ці белай гарачкай, уводзіцца яму прэпарат — і сімптомаў як не было. Знікае абсцінентны сіндром, дэлірый праходзіць. Неверагодна! У Астроўскага падыход быў іншы — на аснове амінакіслот, — і таксама ён меў добрыя вынікі, але эфекту, як ад японскага пантэціну, у яго не было. Але што за цікавасць карыстацца японскім: трэба наладжваць выпуск свайго! І мы пачалі працаваць з айчынным пантатэнатам кальцыя. Аўтарытэт Астроўскага і ўсёй нашай браціі быў такі, што саюзная Акадэмія навук прыняла рашэнне адкрыць у нашым інстытуце філіял Усесаюзнага наркалагічнага цэнтра Расійскай акадэміі медыцынскіх навук.

 

Знакаміты Pantene Pro-V гродзенскія біяхімікі разам з НВА «Вітаміны» таксама распрацавалі: гэта быў пантавітол.

 

— На Ленінградскім заводзе павінны былі яго выпускаць. Але тут ціхай сапай надарыўся 1991 год. Перамены Астроўскі ўспрыняў на высокай ноце. Сабраў нас усіх і кажа: «Я іду ў Вярхоўны Савет, і вы ўсе абавязаны пайсці хто ў які». Я падаўся ў абласны і (да майго няшчасця) прайшоў.

 

Гісторык-практык

 

— Мне дасталіся пытанні культуры і навукі. А паколькі я з юнацтва быў захоплены гісторыяй медыцыны, удалося мне сёе-тое на гэтай глебе зрабіць. Змагаўся да гузакоў, каб, напрыклад, аддаць самую старую аптэку горада тым, хто цяпер ёю валодае. Былая аптэка езуітаў, якой больш за 300 гадоў, стала музеем-аптэкай, сапраўднай «разыначкай» горада. Тут зноў не абышлося без сустрэчы з незвычайным чалавекам. Няма ў мяне на сценцы яго партрэта, а трэба, каб быў, бо ён для мяне пуцяводная зорка не меншая, чым Астроўскі.

 

Гэта Міхась Ткачоў, доктар гістарычных навук, чалавек, які пісаў пра замкі Беларусі неверагодныя рэчы, які адкрываў для беларусаў гісторыю, які прымусіў па-новаму глядзець на краязнаўства. Калі яго заслугі прызналі, ён стаў працаваць у «Беларускай энцыклапедыі». Бывала, я забягаў да яго, калі прыязджаў у Мінск па справах. Не раз назіраў, як нехта з візіцёраў ушчувае, што туды ці туды не ўключана тое ці тое. Ён адказваў коратка: давай, маўляў, тэкст. Не размовы, а тэкст. Пра мяне ён ведаў, што і я магу ў энцыклапедыю нешта напісаць.

 

Я гісторыяй займаўся сур’ёзна, не як аматар, а з веданнем метадалогіі. Калі браўся за тэму, то падымаў архівы, працаваў як даследчык. Таму ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі надрукавана некалькі маіх артыкулаў пра родныя мясціны: Пастаўшчыну, Браслаўшчыну, Глыбоччыну, Шаркаўшчыну. Гэта ўсё Дзісеншчына. Адтуль я і жонку сабе прывёз. Было мне ўжо 33 гады, з-за навукі жаніцьбу ўсё адкладаў, але колькі вяроўцы ні віцца… У нас два сыны, і я ўжо дзед…

 

Цяпер Андрэй Георгіевіч Майсяёнак — галоўны навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

 

Ён актыўна працуе у Аддзяленні медыцынскіх навук НАН Беларусі, вывучае ролю мікранутрыентаў у прафілактыцы COVID-19 і ўскладненняў. Калі я спрабавала прарвацца да яго тэлефонным званком, каб напрасіцца на гэтае інтэрв’ю, ён засядаў на савеце. Сярод іншых пытанняў абмяркоўвалася сувязь паміж пандэміяй COVID-19 і недахопам вітаміну D, якога нам бракуе… Не пакідае Андрэй Георгіевіч і пантатэнавую кіслату. Або яна яго не пакідае… І ўсё гэта не на поўны працоўны дзень, як ён кажа. Бо — «дзякуй Богу» — узрост…

 

Kabinet OstrovskogoКабінет акадэміка Астроўскага дзякуючы намаганням Андрэя Майсяёнка хутка стане музеем.

 


Недостаточно прав для комментирования

При копировании или цитировании текстов активная гиперссылка обязательна. Все материалызащищены законом Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах».