Кожны трэці чалавек на працягу жыцця хоць аднойчы мае патрэбу ў пераліванні крыві. А для фарміравання неабходных запасаў крыві і яе кампанентаў важна, каб не менш за 4 % грамадзян краіны былі донарамі. Клопат пра тое, каб адны людзі здавалі кроў, а іншыя маглі атрымаць яе пры першай неабходнасці, ляжыць на трансфузіялагічнай службе. Гэта асаблівае падраздзяленне ў бальніцы, якое мае справу пераважна са здаровымі людзьмі — донарамі, але пры гэтым дапамагае захаваць жыццё іншым.
Пра донарства, гуманнасць і пра тое, як у невялікім горадзе многія людзі ў прамым сэнсе злучаны кроўнай повяззю, гутарым з загадчыцай аддзялення трансфузіялогіі Ваўкавыскай ЦРБ Таццянай Сямашка. За самаадданую працу Таццяна Іванаўна нядаўна была ўзнагароджана знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
Адтэрмінаваная дапамога
Цяжка сказаць, пра што думае той ці іншы чалавек падчас данацыі. Напэўна, кожны пра сваё. Але Таццяна Сямашка дакладна ведае: у гэты момант донар аказвае адтэрмінаваную, але бясцэнную дапамогу, ратуе чыёсьці жыццё.
Усміхаючыся, падбадзёрваючы сябе жартамі і не ўдаючыся ў філасофскія развагі, донары — звычайныя мужчыны і жанчыны — здзяйсняюць подзвіг. Хаця і не адчуваюць сябе героямі: устаюць, прыслухоўваюцца на хвілінку да ўласных адчуванняў, пераконваюцца, што ўсё добра, і спяшаюцца далей па справах.
Таццяна Іванаўна гаворыць пра донараў з выключнай павагай. Яна больш за 20 гадоў працуе ў аддзяленні (напачатку ўрачом-трансфузіёлагам і ўжо працяглы час — загадчыцай) і разумее сувязь паміж здачай крыві сёння і пераліваннем, якое адбудзецца заўтра.
Таццяна Сямашка:
Нашы донары ніколі не даведаюцца, каму пералілі іх кроў. А пацыент ніколі не даведаецца, каму дзякаваць за наноў падоранае жыццё. Але мы ўсе бясконца радыя, калі, напрыклад, быў акушэрскі крывацёк, а потым выпісваюць здаровую маму з немаўляткам. Або чалавек, які перажыў траўму з вялікай стратай крыві, папраўляецца і просіцца дадому. Шчасце мець дачыненне да такіх падзей.
Прамое пераліванне — толькі ў кіно
Аддзяленне трансфузіялогіі, якім загадвае Таццяна Сямашка, — міжраённае. Яно забяспечвае патрэбу ў крыві і яе прадуктах Ваўкавыскай і Свіслацкай ЦРБ.
Донарская кроў і вырабленыя на яе аснове прэпараты выкарыстоўваюцца пры складаных аперацыях і родах, пры апёках, траўмах, крывацёках, для лячэння анеміі, лейкеміі і ў многіх іншых выпадках, — тлумачыць Таццяна Іванаўна. — Ёсць пацыенты, якія жывуць дзякуючы донарскай крыві. Прэпараты на яе аснове патрэбныя ім на працягу ўсяго жыцця.
Спецыялісты аддзялення трансфузіялогіі прымаюць кроў у донараў. Іх задача — стварыць неабходны запас усіх груп крыві, плазмы, эрытрацытнай масы, канцэнтрату трамбацытаў. Яны ж забяспечваюць захоўванне кампанентаў крыві ў аптымальных тэмпературных умовах і па запыце перадаюць іх у іншыя аддзяленні.
Уся донарская кроў праходзіць строгі лабараторны кантроль на базе Гродзенскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі. Нашы калегі выкарыстоўваюць самыя сучасныя метады, каб праверыць кроў на гепатыт, сіфіліс, ВІЧ ды іншыя інфекцыі. Прамое пераліванне, як, бывае, паказваюць у кіно, не выкарыстоўваецца наогул, гэта забаронена. Пацыентам пераліваецца толькі абследаваная, бяспечная кроў.
Вядома, бываюць і экстрэмальныя сітуацыі. Напрыклад, паступае пацыент з рэдкай групай крыві, яе трэба шмат, а запасы абмежаваныя. Схема дзеянняў адпрацаваная. Ёсць база донараў з рэдкай групай — яны заўсёды прыходзяць на дапамогу. Даводзіцца аператыўна пасылаць машыну ў абласны цэнтр, каб атрымаць адтуль патрэбную колькасць неабходнай крыві.
Клопат як лад жыцця
Таццяне Сямашка і яе калектыву ўдалося захапіць ідэяй донарства вялізную колькасць людзей. Сёння ў раёне каля 400 донараў — гэта работнікі ваўкавыскіх прадпрыемстваў («Беллакт», мясакамбінат, лакаматыўнае дэпо і інш.), прадстаўнікі раённых аддзелаў міліцыі і МНС, воінскіх часцей. І вядома, медыцынскія работнікі, якія не па чутках ведаюць, наколькі патрэбная кроў у крытычнай сітуацыі. Напрыклад, старшая медсястра аддзялення трансфузіялогіі Марына Ліхаіваненка — ганаровы донар. І такіх самаадданых медсясцёр, урачоў, санітарак, работнікаў хуткай дапамогі каля 150. Многія здаюць кроў бязвыплатна.
Летась у аддзяленні трансфузіялогіі было нарыхтавана 1 200 літраў крыві і плазмы. Больш за 20 % донараў здаюць кроў на бязвыплатнай аснове (плазму — 8,5 %).
Супрацоўнікі аддзялення трансфузіялогіі камплектуюць і падтрымліваюць у актуальным стане базу донараў. Але выконваюць гэтую работу не фармальна, а імкнуцца ўсталяваць з донарамі добрыя чалавечыя стасункі. У невялікім горадзе гэта нескладана.
Таццяна Сямашка:
Амаль кожнага донара мы ведаем па імені і па бацьку, — усміхаецца Таццяна Іванаўна. — Ведаем стан яго здароўя, месца і характар працы, сямейнае становішча. Ведаем, калі наш донар у адпачынку або ў працяглай камандзіроўцы (часта людзі самі тэлефануюць і папярэджваюць, што іх не будзе ў горадзе). Такое паглыбленне ў асабістае і прафесійнае жыццё звязана не з залішняй цікаўнасцю, а з клопатам пра здароўе донара і якасць здадзенай ім крыві.
Перш чым чалавек становіцца донарам, яму прапануюць запоўніць спецыяльна распрацаваную анкету. У ёй шмат пытанняў — пра сацыяльнае і сямейнае становішча, пра лад жыцця, перанесеныя хваробы і інш. Адказваючы, многія здзіўляюцца, бо раней нават не задумваліся, што для донарства важна быць здаровым і фізічна, і маральна.
Традыцыі донарства
Таццяна Сямашка ўпэўнена, што ў грамадстве трэба культываваць паважлівае стаўленне да людзей, якія здаюць сваю кроў.
Мы не стамляемся гаварыць пра нашых донараў. Пра іх выходзяць сюжэты ў раённай газеце, на мясцовым радыё, на нашым сайце. Стараемся паведаміць на працу, каб і там ведалі: у калектыве ёсць чалавек, які ратуе жыццё іншым людзям. Не ўсякі раскажа сам, але кожнаму прыемна, калі пра яго добрыя справы даведаюцца калегі і кіраўнік.
Людзі адчуваюць клопат пра сябе і прыцягваюць да донарства знаёмых, сваякоў, калег са сваіх працоўных калектываў. Калі ўсе бачаць, што чалавек здае кроў і пры гэтым адчувае сябе добра, ён здаровы, бадзёры, — гэта дзейнічае лепш, чым любая агітацыя. Таму ўслед за мужамі прыходзяць жонкі, падрастаюць і прыходзяць дзеці — у некаторых сем’ях ужо сфарміраваліся пакаленні донараў. Вайскоўцы здаюць кроў, таму што так робяць іх камандзіры. Ніхто нікога не прымушае, але ёсць добрыя прыклады, і яны натхняюць.
У раёне шмат ганаровых донараў, якіх бальніца не забывае.
— Дзень медыцынскіх работнікаў па календары амаль супадае з Днём донара, — расказвае Таццяна Іванаўна, — таму запрашаем ганаровых донараў на наш урачысты сход, дорым ім кветкі, падарункі, дзякуем.
Сёння ў аддзяленні трансфузіялогіі Ваўкавыскай ЦРБ шчыруюць 9 супрацоўнікаў. Але калі глядзець глабальна, да раённай службы крыві маюць непасрэднае дачыненне 400 донараў.
— Атрымліваецца, што нас 409, — усміхаецца Таццяна Сямашка. — Донары, у якіх няма медыцынскай адукацыі, няма доступу ў радзільныя залы і аперацыйныя, няма нават белых халатаў, ратуюць жыцці разам з урачамі. Кожны раз, сустракаючы знаёмых завадчан, рабочых з лакаматыўнага дэпо, людзей у форме, я з удзячнасцю думаю пра іх высакародную справу. І я сапраўды шчаслівая працаваць сярод іх і дзеля іх.