Фото с сайта http://www.grsmu.by

Навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя пытанні фармакалогіі і фармакатэрапіі», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння прафесара Міхаіла Васільевіча Караблёва адбылася ў ГрДМУ. 

 

Свой шлях у медыцыну будучы загадчык кафедры фармакалогіі ГрДМІ Міхаіл Караблёў, тады яшчэ 19-гадовы юнак, выпускнік фельчарска-акушэрскай школы ў Рыбінску, пачаў з фронта, куды папрасіўся добра-ахвотнікам у 1942 годзе. Вынес з поля боя больш за дзясятак цяжка параненых байцоў і афіцэраў. Ратуючы камандзіра роты, сам атрымаў кулю
ад безперапыннага кулямётнага агню, але аказаў медыцынскую дапамогу.

 

Міхаіл Караблёў удзельнічаў у Сталінградскай бітве, бітве на Курскай дузе, прымаў удзел у вызваленні Беларусі. Перамогу сустрэў у Германіі, у званні капітана. Вайна скончылася, але пра ліхія часы маладому ўрачу нагадвалі баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені, два медалі «За абарону Сталінграда», медаль «За вызваленне Варшавы» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».

 

Korablv3Санінструктар Міхаіл Караблёў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

Пасля дэмабілізацыі Міхаіл Караблёў з адзнакай скончыў Яраслаўскі медыцынскі інстытут і паступіў спачатку ў аспірантуру пры кафедры фармакалогіі свайго ўніверсітэта, а потым перавёўся ў аспірантуру пры Мінскім медінстытуце.

 

У Беларусь малады вучоны прыехаў у 1960 годзе на пасаду загадчыка кафедры толькі створанага Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, папрацаваўшы ўжо асістэнтам кафедры фармакалогіі Мінскага і Варонежскага медінстытутаў. Ён узначальваў яе да апошніх гадоў жыцця.

 

Korablv1971 г.

 

Менавіта ў Гродна і пачалася навуковая і педагагічная дзейнасць Караблёва. І хоць прафесара і няма побач з калегамі з чэрвеня 1987 года, пра яго цёплымі словамі ўзгадваюць і па сёння.

 

Таццяна Каршак, дацэнт кафедры фармакалогіі імя М. В. Караблёва ГрДМУ:

 

Калі я прыйшла на кафедру ў 1981 годзе, Караблёў навучыў мяне ўсяму: як узважваць лекі, як разлічваць дазіроўкі і ўводзіць іх жывёлам. Увесь свой вольны час, нават адпачынак, я выдаткоўвала на правядзенне эксперыментаў.

 

І вось аднойчы затрымалася ў лабараторыі да позняга вечара. А Караблёў заходзіць і цікавіцца, ці абедала я. Адказваю, што не, бо буфет зачынены. А ён: «Што ж я буду рабіць, калі вы страціце прытомнасць?» Сказаў і пабег некуды, хутка вярнуўся з яблыкамі і печывам. Увогуле, мы ўсе былі за ім як за каменнай сцяной. Супрацоўнікі іншых кафедр нам зайздросцілі. Мы плакалі, калі з ім здарылася трагедыя, плакалі і праводзілі нібыта самага блізкага чалавека.

 

Korablv21985 г.За арганізацыйную, навуковую і педагагічную дзейнасць прафесара Міхаіла Караблёва ўзнагаро-дзілі Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Выдатнік аховы здароўя».

 

Валерый Казлоўскi, загадчык кафедры фармакалогii iмя прафесара М. В. Караблёва ГрДМУ:

 

Міхаіл Васільевіч быў бліскучы лектар. Калі параўноўваць з іншымі прафесарамі нашага ўніверсітэта, яго лекцыі былі б у тройцы лепшых. Іх адметнасць у зразумелай і жывой мове, якой ён расказваў пра даволі складаныя рэчы.

 

У памяць пра прафесара-фармаколага на будынку вучэбнага корпуса медыцынскага ўніверсітэта на вуліцы Вялікая Троіцкая ў 2005 годзе ўсталявалі мемарыяльную шыльду з барэльефам.

 

 

Фота з архіва ГрДМУ.