Фота з архіва А. Мядзведзевай.
Фота з архіва А. Мядзведзевай.

Парэцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі Гродзенскай гарадской паліклінікі № 6 — найлепшая ў краіне паводле Рэспублiканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельнiцтва за 2020 год. Карэспандэнт «МВ» распытала ў загадчыцы установы, урача агульнай практыкі Алёны Мядзведзевай пра амбулаторныя будні і яе клопаты.

 

Алёна Аляксандраўна родам з Брэстчыны, нарадзiлася ў медыцынскай сям’і. Бацька Аляксандр Іванавіч быў ваенным урачом; на жаль, рана пайшоў з жыцця. Маці Лілія Станіславаўна — урач агульнай практыкі. На пенсіі, але ўсё яшчэ працуе ў Ганцавіцкай ЦРБ. У медыцыне была і бабуля Надзея  Іванаўна Рагалінская, якая таксама працавала ў Ганцавіцкай раённай бальніцы. Муж доктара Мядзведзевай Юрый Яўгенавіч Харук — урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогii і рэанімацыі Гродзенскай ГКБ № 2.

 

Калі прапанавалі пасаду загадчыцы амбулаторыі УАП, доўгі час вагалася. За плячыма амаль дзесяцігадовы стаж працы ўрачом агульнай практыкі ў гарадской паліклініцы. А тут трэба і адміністратарам быць. Ды і адлегласць з Гродна да аграгарадка Парэчча — амаль 40 кіламетраў! Штодзень прачынацца а пятай раніцы, вяртацца позна ўвечары. Па выхадных — дзяжурствы, выклікі. А Алёна разам з мужам выхоўваюць трох дзетак... Давялося вучыцца спалучаць клопаты сямейныя ды рабочыя. І гэта ў доктара Мядзведзевай атрымалася. Ужо 3 гады яна на гэтай пасадзе і не шкадуе пра свой выбар.

 

Алёна Мядзведзева:

 

У штаце 11 супрацоўнікаў. Амаль усе мясцовыя. Толькі мы з вадзіцелем прыязджаем з горада. Акрамя двух дактароў у амбулаторыі працуюць фельчар стаматалагічнага кабінета, фізіяпрацэдурная медсястра, фельчар-лабарант.

 

Ёсць уласная лабараторыя, дзе выконваем даследаванні. У стаматалагічным кабінеце — сучаснае італьянскае абсталяванне: сюды звяртаюцца па дапамогу не толькі нашы дарослыя і юныя пацыенты, але і тыя, хто адпачывае ў суседнім санаторыі. Нікому не адмаўляем. Працуюць у нас вопытныя прафесіяналы. Напрыклад, стаж медыцынскага рэгістратара Вольгі Шлапак 26 гадоў, старшай медсястры Жаны Субоцінай — 27…

 

Пад патранажам 23 вёскі. Амаль 3 тысячы жыхароў! Радыус абслугоўвання — 50 кіламетраў. На некаторых хутарах жыве па некалькі чалавек.

 

Алёна Мядзведзева:

 

Асабліва цяжка было мінулай зімой. Выручала тое, што наш вадзіцель Іосіф Тамулевіч добра ведае дарогі гэтага краю. Але калі шмат снегу, то і машына не заўсёды даязджала, нам даводзілася па 2–3 кіламетры пешшу ісці па снежным цаліку. 

 

На час пандэміі ў амбулаторыі арганізавалі кавідную брыгаду.

 

Алёна Мядзведзева:

 

Наведваем на даму тых, хто лечыцца ад інфекцыі амбулаторна. Каму трэба, і кардыяграму зробім, і аналізы возьмем. Як бачым, што стан пацыента пагаршаецца, накіроўваем у стацыянары гродзенскіх медустаноў. Нашы супрацоўнікі вакцынаваліся. Актыўна робяць прышчэпкі і жыхары аграгарадка. Сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй ужо не такая вострая, як гэта было летась.

 

У Парэцкай амбулаторыі не забываюць і пра дыспансерызацыю насельніцтва.

 

Алёна Мядзведзева:

 

Важна своечасова выяўляць перадракавыя пухліны на ранніх стадыях. І нам гэта ўдаецца. Не так даўно на дыспансерным аглядзе заўважылі ў мужчыны падазронае ўтварэнне на слізістай ротавай поласці, накіравалі яго на кансультацыю да анколага. Своечасова. Пры аглядзе малочных залоз у жанчын, бывае, выяўляем ушчыльненні і накіроўваем іх да спецыялістаў. Тут галоўнае — не спазніцца…

 

Выручае інфарматызацыя. Калі пацыенты здаюць аналізы ў 6-й паліклініцы, доктар у Парэцкай амбулаторыі бачыць іх вынікі. Анлайн можна пракансультавацца са спецыялістамі абласнога цэнтра. Многія маніпуляцыі, якія выконвалі раней вузкія спецыялісты, цяпер можна зрабіць у амбулаторыі: тут ёсць атаскоп, афтальмаскоп, кардыёграф…

 

А калі раптам надараецца няпростая сітуацыя, Алёна Аляксандраўна тэлефануе маме — свайму найпершаму дарадцу, вопытнаму ўрачу агульнай практыкі. Яна заўсёды парадзіць, падтрымае.

 

Алёна Мядзведзева:

 

Самае галоўнае, чаму навучыла мяне мама, — уважліва ставіцца да пацыентаў. Як да родных людзей.