Медыкі Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы прымаюць удзел у акцыі «Кожная пятніца — роднае, сваё», што папулярызуе беларускія традыцыі і служыць захаванню культурнай спадчыны.
Мерапрыемства для супрацоўнікаў зладзіў прафкам установы. Разам з галоўным урачом Таццянай Кавалёвай медработнікі наведалі музей мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава. Медыкі пазнаёміліся з унікальнымі экспанатамі, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускай мастацкай школы, а таксама даведаліся пра дасягненні віцебскіх мастакоў.
Зацікавіў удзельнікаў майстар-клас па саломапляценні. Наша рамяство — аб’ект нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і адзін з самых вядомых сімвалаў Беларусі. Пад кіраўніцтвам вопытных майстроў супрацоўнікі бальніцы асвоілі традыцыйную тэхніку і паспрабавалі стварыць вырабы з «беларускага золата».
— Акцыя «Кожная пятніца — роднае, сваё» стала для нашага калектыву магчымасцю вярнуцца да вытокаў той культуры, якая жывіць нас сілай. Медыцына патрабуе поўнай самааддачы, і таму так важна шукаць час для духоўнага ўзбагачэння. Знаёмства с народнымі традыцыямі, гісторыя роднага краю дапамагае нам адчуць адзінства з вялікім культурным скарбам і спадчынай Беларусі, — падкрэсліла старшыня ППА бальніцы Наталля Варанцова.