У Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў сямейны фэст «Букідс. Прафесія». На вялізнай тэрыторыі размясцілася больш за 70 пляцовак з гульнямі і майстар-класамі. Сапраўдны аншлаг быў на пляцоўцы холдынгу «Белфармпрам». Тут дзеці маглі паспрабаваць сябе ў прафесіі хіміка-тэхнолага.
Чэргі на імправізаваны «завод» па вытворчасці медпрэпаратаў не сканчаліся на працягу двух дзён фэсту. Зрэшты, дзецям было цікава не толькі хімічыць самім, але і паназіраць за працэсам з боку.
Павел Мацюта, маркетолаг прадпрыемства «Белмедпрэпараты»:
Спачатку дзеці праходзяць на стойку рэгістрацыі, дзе атрымліваюць «працоўную кніжку» і картку хіміка-тэхнолага для наведвання ўсіх лабараторый. Далей яны пераапранаюцца ў белыя халацікі і адпраўляюцца «на вытворчасць». Нашы хімікі дэманструюць дзецям розныя доследы, а некаторыя даследаванні хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць самі.
Напрыклад, у адной з лабараторый дзеці пад мікраскопам разглядаюць розныя таблеткі. Многія дзівяцца, выяўляючы, як прыгожа і незвычайна яны выглядаюць пры шматразовым павелічэнні. У кожнай свой непаўторны малюнак. І калі ў рэальным жыцці непадпісаныя таблеткі можна пераблытаць, то хімік-тэхнолаг дакладна ведае, як іх адрозніць.
У лабараторыі па вырабе лекаў наогул усё па-даросламу: дзеці праводзяць сапраўдныя хімічныя рэакцыі. Вадкасці ў колбах і прабірках афарбоўваюцца ў розныя колеры. Спецыялісты тлумачаць дзецям, чаму так адбываецца і як важна, працуючы з хімічнымі прэпаратамі, выконваць інструкцыю. Малыя адчуваюць сябе сапраўднымі хімікамі-тэхнолагамі. У іх працоўнай кніжцы з’яўляецца адпаведны запіс. Усе, хто асвоіў новую прафесію, атрымліваюць падарункі і пачастункі ад холдынгу «Белфармпрам».
Лізавета Данэйка, маркетолаг Барысаўскага завода медпрэпаратаў:
Дарэчы, бацькі на нашай пляцоўцы таксама не сумуюць. Пакуль дзеці занятыя хіміяй лекавых прэпаратаў, бацькі знаёмяцца з прадукцыяй «Белфармпрама», гутараць са спецыялістамі холдынгу. Прыемна, што людзі ведаюць і цэняць нашу прадукцыю.
Фармацэўтычныя арганізацыі, аб’яднаныя холдынгам «Белфармпрам», вырабляюць больш за 95 % аб’ёму айчынных лекавых сродкаў.
— Свята ў батанічным садзе атрымалася вельмі цікавым, — дзеліцца ўражаннямі Павел Мацюта. — Нядаўна да нас падышлі прадстаўнікі аднаго са сталічных прадпрыемстваў, азнаёміліся з нашым стэндам, а потым шчыра прызналіся: хацелі таксама паўдзельнічаць у фэсце, але не змаглі прыдумаць канцэпцыю. Вырашылі паглядзець, як працуюць іншыя, каб абавязкова ўзяць удзел у наступным годзе. Мне здаецца, гэта здорава — зрабіць штосьці добрае і карыснае для дзяцей.
Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».