Калектыў 38-ай гарадской паліклінікі Мінска
Фота Таццяны Русаковіч, «МВ».

Гісторыя 38-й гарадской паліклінікі горада Мінска пачалася ў кастрычніку 1922 года. Тады адкрылі паліклінічны аддзел чыгуначнай бальніцы. У даваенныя часы на чыгуначных станцыях Негарэлае, Пухавічы і Барысаў працавалі ўрачэбныя амбулаторыі для аказання медыцынскай дапамогі чыгуначнікам, якія жылі на лініі. На жаль, Вялікая Айчынная прыпыніла развіццё медыцыны. Медперсанал эвакуіравалі ў Сярэднюю Азію. Тыя, хто не з’ехаў, пайшлі ў партызанскія атрады, працавалі ў падполлі. Вярнуўшыся да мірнага жыцця, медыкі дапамагалі аднаўляць бальніцу і паліклініку.

 

Сённяшнія паліклінічныя будынкі на Варанянскага, 50/1 маюць сучасны і велічны выгляд, кіруе тут Вікторыя Лук’янец. Прыйшла сюды ў снежні 1997 года ўрачом-тэрапеўтам участковым і вяла мінскае аддзяленне беларускай чыгункі. Пасля загадвала тэрапеўтычным аддзяленнем № 2 і была намесніцай урача па медыцынскай частцы. З лютага 2014 года — галоўны ўрач паліклінікі.

 

38 poliklinika02 141122

 

Вікторыя Вітальеўна, пакуль ішла да вас, заблукала паміж карпусамі. Раскажыце пра паліклініку, калі ласка, чаму тут два будынкі?

 

Будынак, у якім мы знаходзімся, — гэта былая дзіцячая паліклініка, узведзеная ў эксплуатацыю разам з дарослай у 1988 годзе. Яго нам аддалі, калі прайшла рэарганізацыя чыгуначнай медыцыны. Тут на трэцім паверсе адміністрацыйна-кіраўнічы апарат, а на другім пазабюджэтныя аддзяленні па прафілактычных аглядах трох раёнаў Мінска: Кастрычніцкага, Ленінскага, Партызанскага. Рамонт зроблены практычна ва ўсёй установе, паліклініка інфарматызавана, супрацоўнікі працуюць у электроннай сістэме.

 

А ў чым сутнасць рэарганізацыі паліклінікі?

 

Да перайменавання паліклінікі мы апекаваліся супрацоўнікамі чыгункі і іх сем’ямі, а цяпер аказваем меддапамогу жыхарам Кастрычніцкага раёна. Таксама ў нашай структуры засталося аддзяленне па бяспецы кіравання — пацыенты-чыгуначнікі, звязаныя з перавозкамі: машыністы, памочнікі машыністаў. Для гэтай катэгорыі ў нас працуе ўрачэбна-экспертная камісія. Ёсць аддзяленне па забеспячэнні бяспекі руху, а таксама Рэспубліканскі цэнтр медыцынскага забеспячэння бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту агульнага карыстання, які знаходзіцца ў суседнім, новым сяміпавярховіку. У цэнтры праходзяць агляд і атрымліваюць заключэнні аб прыдатнасці да працы чыгуначнікі з усёй рэспублікі.

 

Бачыла, тут у будынку ёсць вялікая аранжарэя…

 

Так, сярод наведвальнікаў паліклінікі гэта любімае месца для фатаграфавання. Яна засталася нам разам з дзіцячай паліклінікай. Калі зробім там рамонт, можна будзе праводзіць школы здароўя або круглыя сталы з пацыентамі старэйшага ўзросту, абсталяваць там фітабар.

 

Вікторыя Вітальеўна, вы галоўны ўрач. Як вучыліся быць ім? З чаго ўсё пачалося?

 

Я з дзяцінства хацела стаць урачом. Мама — стаматолаг, дзядуля — ветэрынар. Скончыла Пінскае медвучылішча, год адпрацавала медыцынскай сястрой у рэанімацыйным аддзяленні пінскай бальніцы і паступіла вучыцца ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут на лячэбнае дзела. А ў Мінск пераехала да мужа-хірурга. Наша медыцынская дынастыя працягваецца ў дзецях, дачка — ўрач-афтальмолаг.

 

Зараз ёсць настаўніцтва, а ў пачатку майго прафесійнага шляху такога не было. Я хацела б падзякаваць загадчыцы другога тэрапеўтычнага аддзялення

 

Лідзіі Мачнёвай. Яна адзін з яскравых прыкладаў таго, якім мусіць быць настаўнік у маладых спецыялістаў. Яна заўжды дзялілася сваімі ведамі, досведам, вучыла арганізацыйным момантам. Я ўдзячная гэтаму чалавеку.

 

Ваша прафесія, якая яна?

 

Прафесія складаная, адказная, часам патрабуе самаахвярнасці. Але я вельмі люблю сваю працу. Нягледзячы на кіруючую пасаду, застаюся практыкуючым урачом. Мне падабаецца камунікаваць з пацыентамі, спасцігаць штосьці новае ў медыцыне. І самая вялікая радасць, калі пацыент вяртаецца са словамі: «Дзякуй, доктар, мне стала лягчэй!» Да мяне на прыём па зваротах грамадзян прыходзяць пацыенты і кажуць, што прыйшлі не дзеля таго, каб паскардзіцца — маўляў, прыйшлі не да галоўнага ўрача, а проста да доктара, каб атрымаць рэкамендацыі. Гэта мая галоўная ўзнагарода за доўгую працу ў медыцыне.

 

Вікторыя Вітальеўна, што пажадаеце калегам з нагоды 100-годдзя паліклінікі?

 

Вельмі даражу сваімі супрацоўнікамі. Мы перажылі свіны і птушыны грып, некалькі хваляў каранавіруснай інфекцыі. Таму жадаю ўрачам і іх сем’ям здароўя, міра, матэрыяльнай абароненасці, каб доўга-доўга працавалі ў паліклініцы. Я ганаруся людзьмі, якія выбіраюць прафесію ўрача. 

 

Урач — свой чалавек

 

Святлана Васільеўна Тузіна, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні работнікаў чыгуначнага транспарту агульнага карыстання, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра медыцынскага забяспечання бяспекі руху і эксплуатацыі чыгуначнага транспарту агульнага карыстання.

 

38 poliklinika26 141122 

На працу ў паліклініку прыйшла цэхавым тэрапеўтам ў лютым 1991 года. Цікава, што нашыя адносіны з пацыентамі былі блізкія, цёплыя і душэўныя. Цэхавы ўрач быў сваім чалавекам, якому давяралі, з якім дзяліліся радасцю і горам.

 

Як далей развівалася ваша кар’ера ў паліклініцы?

 

У 1991 годзе атрымала асновы чыгуначнай медыцыны на курсах ў Маскве. У 1999-м стала намесніцай галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі. Працаваць у паліклініцы было вельмі цікава і пазнавальна. На цяперашняй пасадзе з 2013 года. У нас вельмі добры і дружны калектыў.

 

Адкуль пачаўся ваш прафесійны шлях?

 

З участковай бальніцы. Уз-дзенскі раён, вёска Лоша — менавіта там я прайшла сапраўдную школу жыцця. У вясковай бальніцы так: умееш ці не ўмееш, а робіш, бо абавязаны аказаць медыцынскую дапамогу. Інстытуцкія веды па накладванні швоў прыдаліся яшчэ як! Хоць я і тэрапеўт, але ў экстранай сітуацыі ўмею мабілізавацца і зрабіць тое, што мушу. У гарадской паліклініцы, зразумела, іншы рытм, без надзвычайных сітуацый.

 

За што вам дзякуюць пацыенты?

 

Я займаюся медэкспертызай прафпрыдатнасці чыгуначнікаў. Здараецца, прыходзяць людзі на цэнтральную ўрачэбна-экспертную камісію і дзякуюць за тое, што мы, урачы, змаглі прадбачыць змены ў здароўі, прапанавалі лячэнне, каб пацыент захаваў прафесійнае даўгалецце і прадоўжыў працаваць.

 

Што дае вам сілы?

 

Прырода, зямля, фізічная праца — для мяне гэта найлепшы адпачынак.

 

Чаму абралі працу ўрача?

 

Я ў сям’і першы медык. Бацька быў журналістам, а мама педагог, цяпер на пенсіі. Тата паміраў на маіх вачах ад інфаркту, а я, 17-гадовая школьніца, не магла дапамагчы яму. Я пабачыла смерць, разумееце... І гэта вельмі паўплывала на мой выбар прафесіі. Я паставіла сабе мэту — дапамагаць людзям.

 

Ваша прафесія творчая?

 

Камунікацыя з чалавекам — гэта творчасць. Трэба знайсці такі падыход да пацыента, які зможа матываваць яго да лячэння і здаровага ладу жыцця.

 

Мары здзяйсняюцца

 

Гэта гісторыя смелай дзяўчынкі Ліды з вёскі Новыя Шарабаі ў Глыбоцкім раёне. У дзяцінстве яна гуляла ў бальніцу, уяўляла сябе ўрачом. А скончыўшы школу, паехала ў госці да цёткі ў расійскі горад Арол, ды і засталася вучыцца на фельчара. Цяпер Лідзія Уладзіміраўна Кавалёва — загадчыца здраўпункта сталічнага лакаматыўнага дэпо 38-й гарадской паліклінікі. Працуе там з 2 студзеня 1970 года, усё сваё прафесійнае жыццё.

 

38 poliklinika14 141122

 

Здраўпункт лакаматыўнага дэпо знаходзіцца на вытворчасці. Раней тут  аказвалі шматлікія медыцынскія паслугі: даўрачэбную дапамогу, рабілі фізіяпрацэдуры. Дадаткова прыязджалі ўрач з медсястрой, праводзілі прафагляды. Яшчэ мы займаліся пытаннямі грамадзянскай абароны, рыхтавалі санітарныя пасты і сандружыны для аказання даўрачэбнай дапамогі, праводзілі паміж імі спаборніцтвы. Былі і дні донара. Пра адзін з такіх дзён у мяне захаваўся чорна-белы фотаўспамін. На ім я з сяброўкай у якасці донараў, гэта быў мой першы працоўны год, пачатак 1970-х…

 

А цяпер як працуецца?

 

Зараз у здраўпункце працуюць 7 чалавек. Мы робім допуск да працы: аглядаем лакаматыўныя брыгады — машыністаў і памочнікаў машыністаў, якія ідуць у рэйс. З маршрутным лістом яны праходзяць медагляд у нас на кругласуткавым здраўпункце ў дзяжурнага фельчара і атрымліваюць допуск. Праз фельчара, між іншым, за суткі праходзяць 165 чалавек.

 

Да таго ж мы працуем і па дамовах, аказваем платныя паслугі: робім допуск кіроўцам з іншых чыгуначных арганізацый, якія абслугоўваюць мінскае аддзяленне беларускай чыгункі. У месяц можа быць тысяча такіх аглядаў. Я вяду прыём пацыентаў і займаюся арганізацыйнымі момантамі, напрыклад, вырашаю пытанні, якія ўзнікаюць паміж вытворчасцю і паліклінікай.

 

Чаму выбралі прафесію медыка?

 

З дзяцінства паважаю медыкаў, памятаю акушэрку і фельчара з нашага ФАПа. Мая прафесія дапамагла мне даглядаць уласных бацькоў і дзяцей. Мама казала, што жыла менавіта дзякуючы своечасовай  медыцынскай  дапамозе. Між іншым, пражыла яна 92 гады. А тата — 85 год.

 

Ці былі ў вас на працы здарэнні?

 

Машыністу, які ішоў на працу, зрабілася дрэнна, і ён упаў. Я заўважыла яго і выклікала хуткую дапамогу. Прыехалі, дыягнаставалі інфаркт міякарда. Скончылася гісторыя выздараўленнем. Мужчына жыве і па сёння, яму 75 год. Прыходзіць на ветэранскія сустрэчы ў лакаматыўнае дэпо і заўжды называе мяне выратавальніцай. Увогуле, ветэраны часцяком паказваюцца мне на вочы, кажучы, што жывыя-здаровыя…

 

38 poliklinika11 141122

 

38 poliklinika33 141122

 

38 poliklinika42 141122