Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Заяц — адзін з самых распаўсюджаных персанажаў у міфалогіі і фальклоры народаў свету. Вобраз гэтага звера шырока прадстаўлены і ў культуры беларусаў, гэта адзін з вельмі папулярных і супярэчлівых персанажаў беларускай міфалогіі. У народных уяўленнях заяц паўстае як адмоўным і дэманічным вобразам, так і сімвалам плоднасці і вялікай жыццёвай сілы.

 

Чаму ў зайца сэрца маленькае?

 

У сучаснай масавай свядомасці вобраз зайца прысутны перадусім як увасабленне баязлівасці і як персанаж народных казак, у якіх ён фігуруе безабароннай істотай. Паказальныя ў гэтых адносінах выразы «палахлівы як заяц, дрыжаць як заяц, заячае сэрца, заячая душа, уцякаць як заяц».

 

6b9f6169e025461e02389365cfacb6dbБеларуская легенда тлумачыць баязлівасць зайца тым, што ў яго занадта маленькае сэрца. Бог выляпіў яму даўгія вушы, а на сэрца не хапіла гліны. Тады Бог адарваў яму хвост, пакінуўшы толькі маленькі адростачак, які потым аброс поўсцю, і зрабіў маленькае сэрца. Вось чаму заяц усіх баіцца, а яго ніхто.

 

Пра капусту і не толькі

 

У беларускіх народных уяўленнях зайцу прыпісваюць мужчынскую і эратычную сімволіку, а таксама дэманічныя рысы. На Палессі ў гульнявых песнях да яго звяртаюцца заюхна-бацюхна. А ў беларускай дзіцячай прыпеўцы спяваюць:

 

«Ой ты, баба старая, чаму не йдзеш замуж за зая?» Дзявочая жартаўлівая песня ў Клецкім раёне: «За гарою зайчыкі трубяць, чаму мяне хлопцы любяць?»

 

Заяц згадваецца ў казках і прыказках як сімвал урадлівасці. Калі маленькія дзеці пыталіся, адкуль яны ўзяліся, ім адказвалі, што іх прынёс заяц і паклаў у капусту.

 

Бясплодным жанчынам раілі есці як мага больш зайчаціны, асабліва самцоў.

 

На Палессі, калі выпякалі вясельны каравай, яго ўпрыгожвалі рознымі фігуркамі з цеста, у тым ліку і выявай зайца. Гэта павінна было паўплываць на нараджэнне ў маладых вялікай колькасці дзяцей. А пры дзяленні караваю гэтую выяву ўручалі жаніху з жартаўлівым пажаданнем… У заходнім Палессі сон пра злоўленага зайца азначае для жанчыны цяжарнасць і нараджэнне сына. Беларусы Ваўкавыскага раёна даюць курам заячы памёт, каб яны лепш несліся.

 

«Касы» сон выклікае

 

Нездарма зайца ў народзе завуць «касым», уважаюць, што яго касавокасць можа ўплываць на чалавека. Таму, відаць, цяжарным жанчынам забаранялася есці зайчаціну, іначай можа нарадзіцца дзіцёнак з касымі вачыма. З зайцам таксама звязаны шэраг іншых забарон для цяжарнай жанчыны. Калі такая жанчына шкадуе забітага зайца, то дзіця будзе мець парослыя заячай поўсцю плямы. А зласліўцы могуць зрабіць так, што дзіця народзіцца з заячай губой.

 

Народная традыцыя звязвае зайца са сном. Прычыну ўплыву зайца на сон чалавека таксама бачаць у асаблівых вачах зайца, здольных выклікаць як бессань, так і дрымотнасць. Распаўсюджана ўяўленне, што заяц спіць з расплюшчанымі вачыма. «Спіць як заяц» — кажуць пра таго, у каго неспакойны, чуйны сон.

 

Каб пазбегнуць дзіцячай бессані, імкнуліся не згадваць зайца і не зваць дзіця зайчыкам, калі ўкалыхвалі яго ці калі ён прачынаўся.

 

Аднак зайцу нярэдка прыпісвалася і супрацьлеглая здольнасць — выклікаць сон. Так, існавала павер’е: каб вылечыць дзіцёнка ад бессані і начнога крыку, яго трэба было выкупаць у заячай капусце.

 

Што лячылі заячымі мазгамі?

 

У народнай медыцыне зайчаціну выкарыстоўвалі для лячэння розных захворванняў. Напрыклад, яна дапамагала пры анеміі, бо насамрэч змяшчае вялікую колькасць жалеза. Адвар з зайчаціны з цыбуляй ужывалі для лячэння прастудных захворванняў. Гэты адвар павышае імунітэт.

 

Зайчаціну выкарыстоўвалі пры лячэнні апёкаў і ран. Мяса змяшчае вялікую колькасць бялку, што дапамагае паскорыць працэс загойвання.

 

Старадаўнія лячэбнікі раілі лекі з заячых частак, асабліва з вантробаў. Шкуркай зайца, якога задрала сава, абкручвалі хворае горла дзіцяці. Адвар костак выкарыстоўвалі пры праблемах з суставамі і косткамі. Таксама ад ламаты хворае месца мазалі мядзвежым салам і пакрывалі заячай шкуркай.

 

f9846b43ce0e6ff2086792643dby charms talismans amulets the witch s soap is overpowered 768x511

 

Попел ад заячай галавы, змешаны з мёдам ці мядзвежым салам або воцатам, выкарыстоўвалі супраць выпадзення валасоў. Лёгкае, вымачанае ў салёнай вадзе цэлы месяц сакавік, давалі пры ўдушшы і пры падучай хваробе.

 

Ад дрыжэння рук і ног лячэбнікі раілі падсмажаны або вымачаны ў віне заячы мозг.

 

У выпадку ліхаманкі заячае сэрца разразалі на чатыры часткі, высушвалі, таўклі ў парашок і адразу ужывалі. Высушаныя ныркі ў выглядзе парашка выкарыстоўвалі ад камянёў у нырках і ад нетрымання мачы. Папулярным быў парашок з заячай крывёй. Зайца доўга ганялі, і калі той стамляўся, то калолі, збіралі кроў і высушвалі яе ў парашок. Ад падучай (радзімца) такі парашок штодня давалі дзіцёнку па дзве лыжкі з вадой ці з грудным малаком. Высушаную кроў выкарыстоўвалі пры паносах, у тым ліку пры крывавых. Заячай крывёю зводзілі з твару вяснушкі і розныя плямы.

 

Увогуле заячую кроў лічылі самым дзейсным сродкам павышэння патэнцыі. Заячым тлушчам змазвалі палавыя органы парадзіхам падчас цяжкіх родаў. Заячы памёт выкарыстоўвалі пры лячэнні венерычных захворванняў.

 

Заячае сала прымянялі ад нарываў, бяльма і зубнога болю — ім мазалі за вушамі. Жоўцю з цукрам лячылі вочы, а таксама пускалі ў вушы ад глухаты. Для лячэння хвароб вачэй выкарыстоўвалі заячую мачу.