Мікалай Іванавіч Арынчын у Iнстытуце фізіялогіі. Мінск, 1970-я гг.

«Я ўспомніла пра акадэміка Арынчына і патэлефанавала вам», — тлумачыць перадгісторыю гэтага нарыса вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі метабалічнай дыягностыкі БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук Ніка Грэсь. Арынчын не быў акадэмікам, ён афіцыйна член-карэспандэнт, але гэта звычайная справа і распаўсюджаны факт — членкара абавязкова назавуць акадэмікам.

 

Пераключаю тэлефон на гучную сувязь, націскаю чырвоную кнопку на дыктафоне — і з першых слоў разумею, які захапляльны аповед чакае.

 

«Нядаўна ў прыяцельскай кампаніі мы абмяркоўвалі ўсплёск у прэсе, на тэлебачанні і радыё інфармацыі пра неабходнасць умеранай фізічнай нагрузкі — такой, як хадзьба і практыкаванні — для людзей нашага ўзросту. Так памяць вярнула мяне болей чым на паўстагоддзя назад, у канец 1950-х. Я тады толькі скончыла школу і паступіла вучыцца ў новаствораны Гродзенскі медінстытут. У 1959-м у нас пачынае выкладаць прафесар з Ленінграда. Мы адразу яго так называлі, хоць прафесарам ён стаў крыху пазней. Так ці іначай, але з Ленінграда ў Гродна прыязджае вучоны выкладаць фізіялогію…»

 

Маральны вал

 

Доктар біялагічных навук Мікалай Іванавіч Арынчын прыязджае ў новы медінстытут Беларускай ССР з галоўнай святыні савецкай медыцынскай навукі — Інстытута эксперыментальнай медыцыны, знакамітага ІЭМ, асвечанага вядомымі кожнаму фізіёлагу імёнамі Паўлава і Арбелі.

 

Mikalaj Arynchyn2У 1950-х Івана Пятровіча Паўлава ўжо няма на свеце, а яго любімы вучань Леон Абгаравіч Арбелі трапляе ў апошнюю хвалю рэпрэсій. Доўгія тлумачэнні лёгка замяніць адным фактам: у 1951 годзе рачны буксір «Акадэмік Арбелі» пераіменаваны ў «Акадэмік Лысенка». Вучоных, у ліку якіх і Арынчын, прымушаюць выступаць супраць Арбелі пад страхам застацца без лабараторыі, даследаванняў, імя ў навуцы, працоўнага месца, заробку, свабоды… Сам Арбелі за гады яшчэ даваенных рэпрэсій выратаваў ад іх не менш як сотню чалавек — лісты заступніцтва за вучоных ён пісаў літаральна ўсім, ад Молатава да Варашылава, і лічыў гэты бок сваёй дзейнасці найважнейшым, за што пасля смерці ў 1958 годзе быў названы «вартавым маральным валам у навуцы».

 

Мікалай Арынчын і яго калега Іван Булыгін заступаюцца за Арбелі. У выніку Булыгін ратуецца ад горшай долі тым, што едзе ў Мінск, дзе неўзабаве ствараецца Інстытут фізіялогіі, які ён бярэцца ўзначаліць. Арынчыны застаюцца ў Ленінградзе, але Таіса Васільеўна, жонка Мікалая Іванавіча, апошняя аспірантка Леона Арбелі, уздрыгвае ад кожнага начнога гуку ў іх доме на Кіраўскім праспекце, у адным двары з будынкам ІЭМ.

 

Маленькі правінцыйны гарадок

 

— Мама расказвала, — успамінае старэйшы сын, доктар медыцынскіх навук Уладзімір Арынчын, — як толькі грукнуць дзверы ліфта — яна прачынаецца з адной думкай: гэта прыйшлі па нас. І так да той пары, пакуль не прапанавалі тату ехаць у Гродна ўзначальваць кафедру.

 

«І вось пасля Ленінграда мы трапляем у маленькі правінцыйны гарадок. Я быў тады хлапчуком, вучнем 4-га класа, але першае сваё ўражанне помню як сёння. Наш адрас — вуліца Дарвіна, дом 16, кватэра 17. Побач крамка. Зайшлі мы ў яе з мамай і бабуляй — і аслупянелі: стаяць радком латочкі з ікрой — чорная, чырвоная, зярністая, паюсная… Асятрына салёная, асятрына вэнджаная… Яблыкі штрыфель па 10 капеек… А пра смятану бабуля маме казала: «Тая, глядзі, лыжка не падае!» Такія ў Гродне былі прадуктовыя крамы. У Ленінградзе так не было».

 

Медыцынскі Гродна па сёння ганарыцца тым, што ў ім працаваў і жыў такі чалавек — Арынчын. І па сёння на першай лекцыі па фізіялогіі гродзенскім студэнтам-медыкам паказваюць вялікі партрэт Мікалая Іванавіча, а кароткая даведка пра яго суправаджаецца шматкроць ужытым эпітэтам «першы»: першы загадчык кафедры нармальнай фізіялогіі, першы прарэктар па навуковай рабоце, першы з супрацоўнікаў інстытута, у каго выйшла манаграфія, першы, хто стварыў лабараторыю, першы, хто правёў сімпозіум…

 

— Ён быў такі кампанейскі, такі, як гаворыцца, свой у дошку, — працягвае ўспамінаць Ніка Грэсь. — Да яго можна было падысці, каб задаць любое пытанне. І сам ён запраста падыхо-дзіў да студэнтаў: «Ну што, як справы?»

 

Але больш за ўсё студэнтаў першага набору ўразіла лекцыя пра сасуды і сэрца.

 

Як цікавую лекцыю можна перанесці ў аўтобус

 

Мікалай Іванавіч, стоячы за трыбунай, працяжна прамаўляе: «Сардэчна-сасудзістая сістэма. Гэта значыць, што ёсць сэрца і яно ў ёй галоўнае. Разам з сасудамі яно складае сістэму, а гэта значыць, што мусіць быць яшчэ нешта важнае. Так і ёсць: акрамя галоўнага сэрца ёсць яшчэ мноства сэрцаў. Іх тысячы!»

 

Пра тое, як працуе чалавечы арганізм, Арынчын расказваў настолькі цікава і зразумела, што студэнцкі навуковы гурток па нармальнай фізіялогіі быў ці не самы шматлікі. Тысячамі сэрцаў вучоны вобразна назваў шкілетныя мышцы з іх нагнятальнай функцыяй, якую акурат і даследаваў.

 

— Сэрца працуе без перапынку, чаго нельга сказаць пра тысячы памагатых: каб яны працавалі таксама, трэба іх уключаць. Што можа іх запусціць? Толькі актыўныя рухі. Чалавек сам павінен клапаціцца пра тое, каб у яго арганізме забяспечваўся добры кровазварот. Так гаварыў Мікалай Іванавіч, — расказвае далей Ніка Грэсь. — Вось вы, кажа, едзеце ў аўтобусе. Ехаць доўга, вам сумна. Дык вы, кажа, з карысцю правя-дзіце гэты час: патапчыцеся нагамі, перакуліцеся з наска на пятку, з пяткі на насок — запусціце мікранасосы. Ад гэтага сэрцу будзе карысць, а вам хоць якая забава. Прачытаў ён нам гэту лекцыю, а на наступную трэба было нам ехаць з цэнтра Гродна за Нёман. Набілася студэнцкага люду ў аўтобус нямала. Аўтобус рушыў. І раптам гучыць аднекуль ціхая каманда: «Запускаем мікранасосы». Пасажыры насцярожыліся. Далей чуецца: «На насок. А цяпер на пятку. Зноў на насок. Зноў на пятку». Так мы пад здзіўленыя позіркі даехалі да патрэбнага корпуса і са смехам выкуліліся з аўтобуса. Дзяліліся ўражаннямі пра тое, як пасажыры азіраліся па баках, выглядваючы, дзе якія мікранасосы мы запускаем.

 

Пасажыры павінны былі разумець, што ў горадзе дадалося вясёлага люду — студэнтаў, ды прытым такіх, якія перад усімі навукамі аддалі перавагу таму, што ратуе жыццё і здароўе.

 

Дзе ў Мінску вуліца Дрэваабдзелачная?

 

— Мы выйшлі з інстытута ўрачамі і згубілі Мікалая Іванавіча на гады, — працягвае Ніка Грэсь. — Радыя былі, што навучыліся ад яго важнаму і можам гэтыя веды выкарыстоўваць, а за яго далейшым навуковым шляхам не сачылі. Ён жа неўзабаве пераехаў у Мінск, стаў членкарам, узначаліў лабараторыю ў Інстытуце фізіялогіі. Але і ў нас былі свае клопаты і дасягненні.

 

— Пераезд у Мінск помню цудоўна, — расказвае Уладзімір Арынчын. — У член-карэспандэнты Акадэміі навук татаву кандыдатуру прапанаваў Булыгін, на той час ужо акадэмік. Тата махнуў рукой: маўляў, куды там, я не прайду. І прайшоў! Патэлефанаваў маме з Мінску: «Мяне выбралі. Прыязджайце на банкет». А грошай на банкет не было, і мы, пакуль ішлі на вакзал, пазычалі ў кожнага сустрэтага знаёмага. Тата ў Мінску сустракае і кажа: «Кватэру нам ужо далі. На вуліцы Дрэваабдзелачнай». Такая смешная назва. Вы ведаеце, дзе такая вуліца ў Мінску? А гэта сённяшні бульвар Мулявіна. У доме, наступным за банкам, на чацвёртым паверсе нас чакала чатырохпакаёвая кватэра. Тата адразу ўзначаліў лабараторыю кровазвароту ў Інстытуце фізіялогіі, мама таксама на працу ўладкавалася, я быў пераведзены з гродзенскага медінстытута ў мінскі. Але мне было вельмі шкада пакідаць Гродна, дзе прайшло маё дзяцінства. І з кафедрай нармальнай фізіялогіі шкада было развітвацца, яна была для мяне як родны дом, я хлапчуком там бываў кожны дзень…

 

Дысертацыя ў двух тамах

 

Уладзімір Арынчын з гонарам у голасе і са слязьмі эмоцый на вачах канстатуе: у Мікалая Іванавіча два сыны — і абодва дактары медыцынскіх навук. А пры гэтым бацька ніводнага ў медыцыну і навуку не скіроўваў.

 

«Ён нас вельмі цікава выхоўваў. Не панукваў, не паганяў, не прымушаў рабіць тое ці гэтае. На нас уздзейнічаў яго прыклад. Мы бачылі, як ён, прыйшоўшы з працы, не перад тэлевізарам сядае, а працягвае працаваць. Я з дзяўчатамі гуляю, міма нашага дома прахо-дзім, падымаю галаву — акно свеціцца, гадзіна ночы — тата яшчэ працуе. З трэцяга курса я пачаў займацца навукай. У таты толькі спытаў, як тэзісы пішуцца. Тата займаўся кровазваротам — і я ўсё жыццё прысвяціў кровазвароту, але ў педыятрыі».

 

Малодшы сын Мікалая Іванавіча доктар медыцынскіх навук Аляксандр Арынчын прыезд сям’і ў Беларусь не памятае — ён тады быў немаўляткам. Таму на ўсе пытанні, звязаныя з развіццём навуковай кар’еры бацькі, адказ у яго быў адзін: гэта раскажа брат. Аляксандра Мікалаевіча ўразіла доктарская дысертацыя бацькі, якую ён трымаў у руках.

 

— Шэсць ці сем соцень старонак, у двух тамах. А вось маю доктарскую бацька не бачыў: ён памёр у 1999-м, а я абараняўся ў 2001-м. У сваім заключным слове на абароне я падзякаваў яму за ўсё, што ён для мяне зрабіў. Гэта быў бацька-мужчына. Мяне і брата ён навучыў вельмі многаму. Ад яго ў нас любоў да прыроды, захапленне збіраннем грыбоў, рыбалкай і паляваннем. Ён прывёў мяне ў секцыю па стэндавай стральбе. Мы з ім бегалі пастаянна, штовечар. І бясконца пра нешта размаўлялі — пра самыя розныя рэчы. Тата быў вельмі адукаваны, ведаў адказы на ўсе мае пытанні. І я любіў яго, я вельмі-вельмі любіў свайго бацьку.

 

— Ён быў адораны многімі талентамі, — працягвае старэйшы з сыноў. — Іграў на акардэоне, які ў яго быў з вайны, добра спяваў, пісаў карціны маслам, займаўся садаводствам…

 

— Вельмі любіў сад і агарод, — пацвярджае малодшы сын. — Займаўся прышчэпкамі, палоў градкі, цягаў на іх гной вёдрамі — усё рабіў, як звычайны чалавек, не было ў яго ніякай фанабэрыстасці, як гэта бывае з тымі, хто прафесар, акадэмік, вядомы чалавек. Але ён не быў мяккі, і калі нешта было не так, то гаварыў гэта прама, канкрэтна. І мама была такая ж…

 

Наконт той самай дысертацыі ў двух тамах, якую Мікалай Арынчын абараняў яшчэ ў Ленінградзе, сын Уладзімір прывёў паказальны факт.

 

— Доктарскую тата абараняў з адмоўным водгукам. Быў такі прафесар Слонім, якому ў ёй нешта не спадабалася. Тата нічога не перарабляў, не перапісваў — усё пакінуў як ёсць. Абарона ішла больш за 6 гадзін. Тата настаяў на сваім меркаванні — і абараніўся.

 

«Ён быў такі чалавек: калі нешта лічыў правільным, яго немагчыма было пераканаць у адваротным. І заўсёды сваё адстойваў».

 

— Магу расказаць, як ён адстойваў сваю гіпотэзу перыферычных сэрцаў, — гаворыць Аляксандр Арынчын. — У Маскве была магутная фізіялагічная школа, тамтэйшыя акадэмікі напіралі тады на біяхімічны аспект працоўнай гіперэміі мышц, і бацька, часта ездзячы ў Маскву, з імі сутыкаўся канкрэтна, упарта даводзіў сваё. Вяртаўся з Масквы і казаў: «Зноў у нас былі дэбаты, і зноў яны засталіся пры сваім меркаванні, а я пры сваім». Сёння я б сказаў яму: «Бацька, паслухай сябе і іх і аб’яднай усё сказанае — бо ўсе маюць рацыю». Здавалася б, хто такі фізіёлаг з Мінска ў параўнанні са сталічнымі акадэмікамі? А ён не ніякавеў, не тушаваўся, ён з імі ваяваў, ён ім даказваў сваю правату.

 

Парады амерыканскаму прэзідэнту

 

— І вось у 1990-х я аднекуль даведваюся, што Арынчын, прапагандуючы актыўны лад жыцця, сцвярджаючы, што сэрцу трэба дапамагаць і што можна гэта рабіць вельмі простымі метадамі, прачытаў, што ў амерыканскага прэзідэнта з сэрцам праблемы, і напісаў яму ліст з парадамі. Падрабязнасцей я не ведаю, але гэта было досыць гучна. Так я першы раз пасля заканчэння інстытута ўспомніла Мікалая Арынчына. А другі раз — цяпер, калі ў коле сяброў абмяркоўвалася тэма фізічнай нагрузкі.

 

З іншага боку гледзячы, можна сказаць, што Ніка Грэсь пра яго ніколі не забывала. На той лекцыі пра сэрца, сасуды і мікранасосы — множныя сэрцы, якія залягаюць у мышцах і якія трэба запускаць у працу, Мікалай Іванавіч сказаў яшчэ так: «Прачнуўшыся раніцай, не пакідаючы гарызантальнага стану, зрабіце комплекс практыкаванняў, бо сэрца трэба напоўніць. Зрабіце рухі рукамі, нагамі, расцяжкі і павароты. А ўстаўшы, зрабіце яшчэ і глыбокія прысяданні».

 

І з тых студэнцкіх часоў па сёння яго былая студэнтка, ініцыятарка гэтага нарыса, не ўстае з ложка, пакуль не зробіць практыкаванні, пра якія ён тады гаварыў.

 

Пра змест ліста Мікалая Арынчына да прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага расказвае сын Аляксандр.

 

— Бацька даведаўся, што Буш любіць бегаць і робіць гэта кожную раніцу, пры тым, што гэта супраць нармальнай фізіялогіі: адразу пасля ночы арганізм да такой нагрузкі яшчэ не гатовы. Ён напісаў ліст з рэкамендацыяй перанесці бег на больш позні час для прафілактыкі інфаркта. Патлумачыў гэта з пункту гледжання фізіялогіі. Атрымаў з адміністрацыі прэзідэнта ветлівы адказ.

 

Розніцу паміж бегам ранішнім і вячэрнім тлумачыць сын Уладзімір.

 

— Бегаць раніцай — вялікая памылка: ноччу арганізм адпачывае, і кроў, якой не трэба так сілкаваць клеткі, як пры актыўнай дзейнасці днём, часткова сыходзіць у дэпо — селязёнку, печань і скуру. Што адбываецца, калі чалавек пасля ночы адразу падскоквае і бяжыць? Клеткі просяць сілкавання, бо на іх абрынулася нагрузка, а арганізм не можа ім яго забяспечыць, бо кроў яшчэ не паспела вярнуцца ў русла.

 

«На вядомы выраз “бегчы ад інфаркта” тата казаў: бегчы ад інфаркта трэба вечарам, а раніцай прыбяжыш да інфаркта. Дарэчы, тата ці не першы ўказаў на некарэктнасць дыягназа “гіпертанічная хвароба”. Цяпер гэтае захворванне называецца правільна: артэрыяльная гіпертэнзія. Ён аўтар больш чым дваццаці новых тэрмінаў, уведзеных у фізіялагічныя слоўнікі».

 

Чаму чалавеку недастаткова мець адно сэрца?

 

Кніга Мікалая Арынчына «Периферические “сердца” человека» адрасуецца шырокаму колу чытачоў — не адным толькі медыкам і біёлагам. Памочнікі цэнтральнага сэрца апісваюцца ў ёй у папулярнай форме — пра гэта спяшаецца запэўніць анатацыя. Там жа, у яе радках адразу паведамляецца, што чытачы даведаюцца, як павялічыць яго надзейнасць праз гэтых памочнікаў, якія заселі ў шкілетных мышцах і лімфатычнай сістэ-ме. Па сутнасці, галоўнае, што чытачам трэба ведаць, гэтым акурат і сказана. Але на наступных старонках разгорнуцца тлумачэнні і доказы таго, чаму чалавеку недастаткова мець адно сэрца. Радок за радком раскрываецца прыгодніцкая гісторыя: пра тое, як у пачатку 20-га стагоддзя тэрапеўт боткінскай школы Міхаіл Яноўскі выклікаў спрэчкі ў навуцы сваім меркаваннем пра «перыферычнае сэрца», назваўшы так аорту, як гэта было прызнана памылкай, бо пульсацыя аорты — вынік работы самога сэрца, і як тэрмін «перыферычнае сэрца» быў выключаны з лексікону фізіялогіі і медыцыны, але Арынчын вярнуў яго з множным лікам — перыферычныя сэрцы.

 

«На шляху пошукаў перыферычнага “сэрца” заставалася загадкавай шкілетная мышца — дзівосная “машына”, якая ператварае хімічную энергію ў механічную з найвялікшым каэфіцыентам карыснага дзеяння», — пісаў Мікалай Арынчын, калі акно яго кабінета было адзіным, што свяцілася ў начы…

 

Фота з сямейнага архіва Арынчыных.