Фото автора.
Фото автора.

Што такое народная медыцына ў сучасным уяўленні беларусаў? Цемрашальства альбо вялікі абагульнены вопыт не аднаго пакалення? Якім было стаўленне да яе ў мінулым стагоддзі і што варта было б змяніць у сучасным успрыняцці? Гутарым з даследчыкам народных традыцый Таццянай Валодзінай.

 

Таццяна Валодзіна — доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Фалькларыст, этналінгвіст. Шмат гадоў даследуе народны каляндар і народную медыцыну, міфалогію, традыцыйную карціну свету беларусаў, замовы. Аўтар кніг «Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў», «Народная медыцына. Рытуальна-магічная практыка», «Цела чалавека: слова, міф, рытуал» ды іншых.

 

Спадарыня Таццяна, чаму вы абралі для сваёй доследнай дзейнасці менавіта народную медыцыну?

 

Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы. І калі падчас навучання на філалагічным факультэце БДУ, рускім яго аддзяленні, трапіла на навуковы семінар па этналінгвістыцы і культуры, была дужа ўражана. Наколькі натхнёна вучоныя людзі абмяркоўваюць тое, чым вёска жыла штодня! І бачаць у гэтым вялікую каштоўнасць.

 

Для мяне тое сталася адкрыццём і дзівам. Памятаю, як зараз, што да жалезнай забароны ў нашай сям’і класці хлеб дагары нагамі падводзіўся цэлы міфалагічны светапоглядны падмурак. Затым я пачала ездзіць у экспедыцыі. І да гэтага часу лічу: экспедыцыі — найлепшае, што мае кожны фалькларыст. Гэта калі ты наўпрост сутыкаешся з мудрасцю, паэтыкай, якімі жылі нашыя продкі... Але да народнай медыцыны мой шлях быў доўгім.

 

I менавiта якім жа?

 

Я займалася каляндарнымі святамі. Затым зацікавілася, якое значэнне мае кожны з прадметаў. Наступны крок — сімволіка цела чалавека. Нават быў такі штрых, як эратычны фальклор. А займаючыся целам (тэма маёй доктарскай дысертацыі), немагчыма не выйсці на праблемы здароўя і хваробаў. Тым больш што ў народнай медыцыне вельмі важнае значэнне надаецца ўсяму акружэнню чалавека. У традыцыйным вясковым лекаванні задзейнічана ўсё хатняе начынне: патэльні, лыжкі, свечкі, вугалькі… Усё, што побач! Іголка, нож, вострае, калючае. Зёлкі, жывёлкі, камяні. Усё ўключана ў сістэму традыцыйнай медыцыны. І вось, набраўшы пэўную колькасць матэрыялаў…
DSC 0049 копия

А набралі дзе?

 

У бабуль. Самае каштоўнае — ад іх. Вядома ж, напачатку перабрала ўсю літаратуру па тэме. Запісы пачынаюць сустракацца дзесьці з пачатку 19-га стагоддзя. Раней — адзінкі. А вось 19-е стагоддзе — гэта час цікавасці да народа, яго мудрасці, у тым ліку і да народнай медыцыны. Калі ўзяць той блок запісаў, якія рабілі вучоныя мужы, дык выразна прасочваюцца два падыходы. Першы — «Ах, якая народная мудрасць! Які народ захавальнік!» Другі — «Ах, якія цемрашалы! Неадукаваныя, цёмныя, забітыя. Паглядзіце, якія дзікуны! Перапякаюць дзіця ў печцы на хлебнай лапаце!» Але асноўны матэрыял — палявыя экспедыцыі па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

 

Толькі ж распавесці пра сакрэты народнага лекавання, відаць,можа не кожная бабуля? Тая, якая сапраўды лечыць… Знахарка?

 

Справа ў тым, што першаснымі ведамі валодала абсалютная большасць вясковых жанчын. Гэта ў асноўным дзіцячыя хваробы, так званыя першасныя болькі — урокі, спалох, звіх, крывацёк, панос, запор, апёк… Тое, на што трапляе практычна кожны чалавек. Дык вось пэўнай базай валодалі ці не ўсе жанчыны. А затым ужо… Фактычна ў кожнай вялікай вёсцы быў асобны спецыяліст, чалавек зацікаўлены, здольны ўспрымаць і трымаць у галаве вялікую колькасць ведаў. А што да шаптух… За час размоў з імі я пераканалася, што гэта Боскі дар. Талент, іскра — можна называць па-рознаму. Гэта сапраўды людзі, пазначаныя пэўнымі здольнасцямі.

 

Але ж навукова гэта не вытлумачыш…

 

Натуральна — не! Я лічу, што на сёння навука яшчэ не дасягнула такога ўзроўню, калі б мы маглі гэта раскласці па палічках. Так, як хтосьці спрабуе патлумачыць, чаму здараецца цуд у вернікаў, якія ідуць у царкву, шчыра моляцца і атрымліваюць аздараўленне. Мы можам вытлумачыць з псіхалагічнага пункту гледжання, з міфалагічнага. Але з навуковага, з формуламі і заканамернасцямі — не.

 

Як мне падаецца, проста пэўны час таму навука, у тым ліку і традыцыйная доказная медыцына, настолькі ўпэўніліся ў сабе, у сваім развіцці, што вырашылі больш не выкарыстоўваць колішні падмурак, а ісці іншым шляхам.

 

Абсалютна згодна! І якраз гэты час, недзе ад 1930-х да 1980-х гадоў, — перыяд пераходу афіцыйнай медыцыны на рэйкі хімічнай прамысловасці. І ў першую чаргу вытворчасць і прымяненне антыбіётыкаў. Натуральна, мы не можам адмаўляць, што гэта быў вялікі крок наперад. Але вось гэты выключна медыкаментозны крок выявіў і свае хібы. Чалавек жа не толькі з костак, крыві, тканак… У нас ёсць штосьці большае…
DSC 0040 копия

Душа? Аўра?

 

Усё гэта разам. І дзесьці з 1980-х гадоў, калі знялі жорсткія цэнзурныя рамкі з навукі, калі скончыліся часы жорсткай атэізацыі, адбыўся рэзкі ўсплёск цікавасці да народнай медыцыны ў самых розных кірунках. Наогул, паняцце «народная медыцына» настолькі шырокае… Па вялікім рахунку яна ўключае і фітатэрапію, якую можна патлумачыць з пункту гледжання тых жа хімічных законаў. Народная медыцына ўключае і шэраг дзеянняў, скіраваных на змененыя станы свядомасці, розныя шаманскія практыкі…

 

Мяне заўсёды цікавіла: як жа атрымліваецца лекаваць у бабуляў?

 

На гэтае пытанне не магу адказаць. Нават не буду фантазіраваць… Я звычайна ў такіх выпадках кажу: «Штосьці ў гэтым ёсць…»

 

Тут патлумачыць, як мы ўжо зазначалі, нерэальна! Але рытуальна-магічная медыцына не скіраваная на лекаванне аднаго хворага органа: забалеў палец — яго і лечаць. Асноўнае правіла народнай медыцыны — лячыць усяго чалавека. Хвароба ў традыцыйным разуменні нашых продкаў — гэта збой, парушэнне гармоніі, уварванне, так бы мовіць, хаосу — у космас, беспарадку — у парадак. Таму асноўная стратэгія народнага лекавання — разбуранае скласці назад. Вось пабудавала дзіця домік з кубікаў, а хтосьці прыйшоў і дастаў адзін. З-за гэтага пасыпалася ўся канструкцыя. І таму народная медыцына не адзін гэты кубічак аднаўляе, а наноў складае ўвесь домік. У пэўнай ступені я яе выніковасць бачу якраз у гэтым…

 

А ці выкарыстоўваеце вы на практыцы штосьці з пачутага? Ці звярталіся калісь да народных лекараў?

 

Зноў жа паўтаруся, народная медыцына — гэта вельмі шырокае паняцце. Зёлкі выкарыстоўвала шмат разоў. У маім вясковым дзяцінстве ў нашай сям’і самым галоўным сродкам лекавання было несалёнае сала, натуральны тлушч. Ім лячылі ўсё. А што да бабуляў… Дык гэта тэма для асобнай гутаркі.

 

Што б вы як даследчык народнай медыцыны параілі зараз, падчас пандэміі каранавіруса, усім нам менавіта з пункту гледжання таго, як успрымалі хваробы, эпідэміі нашыя продкі?

 

Па вялікім рахунку галоўная парада — трымацца разумнай сярэдзіны. Абавязкова насіць маскі, дбайна мыць рукі, праветрываць памяшканні… Бяспека — так. Імунітэт — так. Але ў правілах народнай медыцыны, народнага светабачання — варта захоўваць рэальны, здаровы, без панікі погляд на рэчаіснасць. Трэба прыслухоўвацца да парадаў урачоў і ў той жа час мець аптымістычны погляд на жыццё. Вы ж памятаеце, як даўней жылі нашыя продкі? Сярод неверагоднай колькасці балячак, хваробаў, небяспекі… Калі б былі ў паніцы — проста не выжылі б. Мяркую, варта браць з іх прыклад.
DSC 0055 копия