Нашыя прадзеды жылі не ў лінейным часе, а ў цыклічным. Для іх новы год вёў адлік з пачаткам сельскагаспадарчых работ. У традыцыйнай беларускай вёсцы замест навагодняга свята было тры куцці. Дый традыцыйны святочны стол таксама вельмі адрозніваўся ад сучаснага. Як аднавіць сувязь з продкамі і нашай спрадвечнай культурай, распавядае Таццяна Валодзіна, загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук.
Ад куцці да журу
Беларусь — вялікая краіна, дзе жывуць не толькі прадстаўнікі розных этнасаў, але і канфесій. Так склалася, што святочны цыкл мае дзве даты правядзення, а не адну. Каталікі і пратэстанты адзначаюць Божае Нараджэнне 25 снежня, а вігілію, традыцыйную вячэру, маюць напярэдадні. У праваслаўных жа ў гэты час пост і да святаў яшчэ далёка. Аднак фактычна беларусы могуць пачаць святкаванне 24 снежня, а скончыць 21 ці 22 студзеня провадамі Каляды.
У большасці сусветных рэлігій нараджэнне вярхоўнага бога прымеркавана да нараджэння сонца, якое пачынаецца пасля сонцавароту 21–22 снежня. І нараджэнне Хрыста мы святкуем менавіта ў гэты пераломны час. Такім чынам, святкаванне Калядаў утрымлівае тры вялікія блокі: падтрыманне сонца ў яго нараджэнні, пачатак новага сельскагаспадарчага цыклу, і наймацнейшы — нараджэнне Хрыстова.
У беларусаў перад Калядамі піліпаўскі пост. Што дазвалялі сабе ў гэты перыяд нашыя продкі?
Жыццё мяняецца. У нашых продкаў пост — гэта ўстрыманне ад скаромнай ежы: ніякага мяса, масла і малака, нічога тлустага. Для сучасніка, які можа абыходзіцца без гэтых прадуктаў, пост — гэта ўтрыманне ад смачнай ежы. Я, напрыклад, у пост не ем цукеркі, што для мяне ў разы складаней, чым абысціся без смятаны ці без мясных страў. Але пост, насамрэч, не пра ежу. Гэта час, калі спявалі псалмы, а не фрывольныя прыпеўкі, гэта час устрымання ад весялосці і празмернасці, з думкамі пра Бога, бліжніх і вечнае.
І пацверджанне гэтаму ўспаміны Ганны Заяц, 1922 года нараджэння, з вёскі Бяланавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці: «Бацькі пост саблюдалі. Было с канаплі смятана і грэчневыя ладкі. Ужэ мы таго Ражаства ждалі, як Бога з неба. А таго, што на Ражаство ўжэ будуць там і булкі, і студзень будзе, і ўсе прысмакі. Думаю ўжэ — наемса на цэлую нядзелю. Раз, два з’еў — і ўжэ не хочацца <смяецца>».
Наогул і ў католікаў, і ў праваслаўных калядны цыкл вылучае тры важныя падзеі, у якіх свае і стравы, і рытуалы. Гэта не адзін дзень, як зараз мы святкуем Новы год. Першая падзея — Раство Хрыстова. Першая куцця ладзіцца 6 студзеня ўвечары, стол больш рэгламентаваны, чым у каталікоў. Самае важнае — застолле поснае, без гарэлкі, урачыстае, стрыманае, нечым падобнае да Дзядоў, бо згадваюць памерлых. На вячэру рыхтуюць селядзец, боршч, кісель, агародніну ў самых розных варыянтах: агуркі, памідоры, капусту. Гэты вечар называецца «бедная куцця», «посная куцця» ці «галодная куцця». Галоўная страва тут — менавіта куцця, каша з тоўчанага зерня пшаніцы ці жыта, якое замочвалі ў вадзе.
Пра такую куццю захаваліся ўспаміны Анастасіі Раманавец, 1932 года нараджэння, з вёскі Новы пуць Брагінскага раёна Гомельскай вобласці: «Куцця была перад Ражаством: варылі кашу ячную, называлася гушча. І ставілі яшчэ ігрушы ў печ, такі кампот варылі. Эта абязацельна нада было есці на первую куццю, яна называлася галодная куцця».
Пра грушы ўзгадвала і Марыя Баярчук, 1925 года нараджэння з вёскі Баршчоўка Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці: «Навараць юшкі з грушаў да туда заліваюць <у куццю> і ядзяць усё ложкамі разам, не аддзельна. Куцця посная, яе залівалі юшкаю і елі, а грушы аддзельна».
Таццяна Васільеўна, а як правільна варыць куццю?
Крупы ў горшчыку ставілі ў печ 6 студзеня і доўга іх варылі, пасля яшчэ яны прэлі і таміліся. Гэтае зерне — сімвал адраджэння і вечнага жыцця ў часы, калі сонца закацілася-завалілася, а ў доўгую ноч, здаецца, вылазяць усе нячысцікі і цемра накрывае нас. Бо колькі б зерне ні ляжала, яно не губляе ўрадлівай моцы. На калядны стол на Раство прыносілі жменьку сена ў памяць пра нараджэнне Ісуса Хрыста і накрывалі яго белым абрусам, на які ставілі чыгунок з куццёй. Сямейныя сядалі за стол і цягнулі саломінкі. Лічылася, што доўгая прынясе дабрабыт на цэлы год.
Куццю не чапалі пасля таго, як паставілі ў печ. Па тым, якой яна атрымаецца, варажылі. Калі крупы зробяцца адным цэлым, куцця не прыгарыць, вады ў ёй не застанецца, ці яшчэ што ні зробіцца з ёй — сям’я будзе жыць разам і ўсё будзе добра.
З печы яна была са скарыначкай, верх зразалі і аддавалі дзецям, каб раслі, былі здаровымі і паслухмянымі! Куцця станавілася такім моцным сімвалам дабрыні, здароўя і багацця, што ёю дзяліліся нават з хатняй жывёлай. І самае галоўнае — пакідалі кавалачкі ў гонар продкаў.
Наогул, калі мы гаворым пра дзяды, а тут іх моцны ўплыў, важныя тры элементы: крупы, кіслае і салодкае. Колькасць страваў дванаццаць ці сем. Варылі кіслую капусту, каб яна была гарачая (пара — гэта для дзядоў). А салодкае, так званая сыта, гэта вада, засалоджаная мёдам, у якую кідалі клёцачкі.
Як весяліліся продкі?
Куцця перад Раством больш строгая, а вось Шчодрая вячэра, Шчадрэц — максімальна вясёлая. 7 студзеня хадзілі звездары з зоркай, спявалі псалмы ды іншыя рэлігійныя песні. Хто б ні прыйшоў у хату з песняй, яму абавязкова давалі пачастунак.
Ці былі адметнасці прыгатавання куцці ў розных раёнах Беларусі?
У кожнай мясцовасці свой набор звычаяў. Напрыклад, цэнтральная Беларусь, частка, што бліжэй да Палесся, Слуцкі і Капыльскі раёны Мінскай вобласці маюць цікавую асаблівасць: там посную куццю падавалі з грушовым узварам. Увогуле, кампот з сушаных груш лічыўся абавязковай стравай. Яго варылі ў печы, грушы атрымліваліся мясістымі, разварыстымі. Палеская традыцыя — дадаваць да куцці малачко з маку. Яго доўга расціралі ў адмысловай драўлянай ступцы, трошачкі разводзілі чымсьці вадкім, напрыклад, тым жа ўзварам. Атрымлівалася запраўка для аладак і для куцці. Для Докшыцкага раёну Віцебскай вобласці абавязковай была вараная квашаная капуста з сушанымі грыбамі. Спарадычна ў розных раёнах Беларусі сустракаецца жур — аўсяны кісель. Гэта незаслужана забытая страва, якая, на думку спецыялістаў беларускай кухні, забяспечвае здароўе і добрую фігуру.
А што елі каталікі?
У іх галоўная страва — аплатка. Яе прыносілі з касцёла і дзялілі паміж усімі прысутнымі. У тых мясцовасцях, дзе касцёлаў у савецкі час не было ці яны былі зачыненыя, пяклі адмысловае печыва, якое называлася ламанцы. Фактычна гэта тая самая аплатка, блінок, высушаны такім чынам, каб яго можна было паламаць рукамі, бо рэзаць забаранялася.
«Ішла Каляда, калядуючы…»
У традыцыйным уяўленні беларусаў ідэю цыклічнага каляндарнага часу спарадзіў зменлівы месяц. У адрозненні ад сонца ён то расце, то ўбывае. Пра квадры кажуць: чорт змагаецца з месяцам, грызе яго, імкнучыся знішчыць, але той усё роўна перанараджаецца і свеціць. Беларусы нават ведаюць рэцэпт аднаўлення месяца, вось ён: «Бог, калі месяц састарэе, крышыць яго на зоры. Адзін кавалачак кладзе ў дзяжу, на закваску. Зоры ападаюць туды, з іх пачынае рабіцца росчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край. Гэтак і нараджаецца месяц».
Калі ладзілася другая куцця?
У каталікоў другая куцця святкуецца з 31 снежня на 1 студзеня, у праваслаўных з 13 на 14 студзеня. Раней свята называлася «Шчодры вечар» альбо «Шчодрык», а куцця была «шчодрай», «багатай», «ласай», «вялікай». На стале было ўсё: мачанка, заскваранае сала, каўбасы, крывянкі, сальцісоны. Гатавалі максімальна тлуста, каб добра пад’есці. З салодкага пяклі здобныя бліны ў печы, аладкі, пампушкі. Разнастайнасць мясных страў для селяніна была сапраўдным багаццем на той час, і парсючка калолі менавіта да Калядаў.
На багатую куццю рабілі магічныя рытуалы для павышэння ўрадлівасці. Захаваўся ўспамін Яўгеніі Гулецкай 1920 года нараджэння з вёскі Фалькі Вілейскага раёна Мінскай вобласці: «На багатую куцьцю мама бліны пячэ, маслам мажа і кладзе ў стопку такую. Мы бліны гэтыя ў тарэлцэ бяром з братам, і трэба каля кажнай ябланкі абыйсці: адзін з гэтымі блінамі каля ябланкі лётае, а другі перавеслам з саломы вяжэ: гэту, гэту — усе ябланкі. І тады там абкруцішся — з’ясі гэны блін. Патом ідзеш да другога дрэўца. Елі ўдваіх бліны».
На маёй Гомельшчыне такіх рытуалаў няма, а песні калядоўшчыкаў і варажбу добра памятаю яшчэ з дзяцінства. Напэўна, і шчодры вечар у Беларусі святкавалі па-рознаму, у залежнасці ад раёну?
Калі казаць пра абраднасць, калядаванні пачынаюцца 13 студзеня. Па ўсёй тэрыторыі Беларусі яны розныя. Зараз мы чакаем падарункаў пад ялінку, але
ў беларускай традыцыі падарункаў не было. Найвялікшым сямейным падарункам на Каляды быў прыход калядоўнікаў з выкананнем пэўнай песні. Прыйшоўшы гурт сімвалічна ўяўляў сабою і продкаў, і Бога. Выкананнем песні ён мог забяспечыць здароўе, дабрабыт, лад на наступны год. Калі ў сям’і была дзяўчына на выданні і ёй спявалі песню, дзе яна ідзе замуж, значыць так і станецца! Калі калядоўнікі не прыходзілі, людзі крыўдавалі, бо лічылася, што цябе абышоў Бог. Калядоўнікам давалі каўбасы, сала, жменю зерня — хто што меў. Але не грошы і не гарэлку!
Таццяна Васільеўна, раскажыце, калі ласка, пра адметнасці калядавання.
Сярод незвычайных — Куры, дзіцячы абрад калядавання ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Дзяўчаткі хадзілі ўдзень і выконвалі песню «Ой рана-рана куры папелі». У вёсцы Восава Салігорскага раёна Мінскай вобласці калядны абыход здзяйснялі з маскай для дзеда, зробленай з бяросты. Больш нідзе ў Беларусі няма такой маскі. Самы разгульны і вясёлы на сёння Шчодрык у Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Там вершнік на імправізаваным кані, за якім ходзяць самыя розныя маскі: Фрэдзі Кругер, Верка Сярдзючка, Чабурашка ды іншыя персанажы. Вёска Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці вядомая Каляднымі Царамі. Гэты звычай мае статус культурнай каштоўнасці ЮНЕСКА. Увогуле, калядаванне больш уласцівае для паўднёвай Беларусі. Паўночная частка краіны на Раство жэніць Цярэшку, гэта абрадавая інсцэніроўка вяселля.
Вадзіца-царыца...
Беларусы здаўна з пашанай ставіліся да вады, нават звярталіся да яе як да царыцы, да багіні-жанчыны. У крыніцы не плююць і не забруджваюць іх, каб не ўгнявіць Бога. Людзі вераць, што менавіта з вады пачаўся свет, і яна дае духоўнае ачышчэнне. Асабліва на Вадохрышча, калі перанароджаная вада ацаляе. На гэты сакральны час прыпадае трэцяя куцця.
А трэцяя куцця зноўку посная?
Так, і гатавалі яе перад Вадохрышчам, з 18 на 19 студзеня. Гэта «бедная», «галодная» або «вадзяная» куцця. Яна паўтарае першую, праўда, тут ужо не згадваюць продкаў. Куцця перад Вадохрышчам — дзень, калі варажылі дзяўчаты. Выбягалі на скрыжаванне і слухалі, у якім баку забрэша сабака. Лічылася, што адтуль і прыедуць сваты. Альбо бралі кавалачак куцці са святочнага стала, клалі пад падушку і загадвалі, каб сасніўся жаніх.
Для мяне Вадохрышча найперш асацыюецца са святой вадой…
У народных уяўленнях Бог свеціць усю ваду: і ў вадаёмах, і ў калодзежах. І раненька, да сонца, 19 студзеня вада паўсюль святая.
Гаворачы пра традыцыйныя абрады і звычаі, ці заўжды трэба звязваць іх з міфалогіяй?
Нашыя продкі не былі бедныя, абмежаваныя і неадукаваныя. Іх духоўны свет быў вельмі багаты і разнастайны. З павагай ставіліся яны да расліннага і жывёльнага свету. І па сёння чалавека, які жыве згодна з традыцыямі, акружаюць увасобленыя ў чалавечым выглядзе абстрактныя паняцці: доля, шчасце, злыдні. З імі таксама можна камунікаваць, яны складнікі нашай карціны свету. Чалавек з маленства разумее, што ўсе існасці знаходзяцца ў непарыўнай сувязі. У іх можна прасіць спрыяння, дапамогі ці чаго заўгодна. Мне падаецца, мы сёння маем патрэбу ў нябачнай псіхалагічнай падтрымцы не менш за продкаў.
Але ж нас чакае год чорнага вадзянога трусіка па кітайскім календары…
Год трусіка — паспяховы камерцыйны праект, які супольнага з нашай культурай не мае. Каб жа з такой настойлівасцю і фінансавымі ўкладаннямі раскручвалі беларускія традыцыі!..
Напоі на святочны стол ад шэф-повара Алены Мікульчык
Збіцень
Спатрэбяцца: 1 літар вады, 3 сталовыя лыжкі мёду альбо цукру, 1/2 чайнай лыжкі карыцы, 2 бутоны гваздзікі, трошачкі нацёртага імбіру, 3–5 гарошын чорнага перцу, 1 сталовая лыжка сухой мяты, 2 капсулы кардамону, 1 зорачка бадзяну альбо крыху анісу.
Гатуем: у кіпень дадайце мёд альбо цукар, паменшыце агонь, але каб вада кіпела. Варыце так 10 хвілін. Пасля ўсыпце ўсе спецыі і мяту, варыце яшчэ 5 хвілін. Збіцень гатовы! Піце яго цёплым.
Аўсяны кісель
Для аўсянай закваскі спатрэбяцца: на 2,7 літры вады — 500 г аўсяных крупаў і 100 мл кефіру.
Гатуем кісель: найперш трэба змалоць зерне аўса ў кавамолцы, засыпаць яго у 3-літровы слоік ды заліць гарачай кіпячонай вадой (60–70 градусаў). Таксама дадайце кефір. Пакіньце на 2–3 дні ў цёплым месцы дзеля закісання. Напрыканцы адведзенага тэрміну закваска набудзе прыемны кіславаты пах. Вадкасць працадзіце праз некалькі слаёў марлі. Жмых выкіньце. Закваску захоўвайце ў лядоўні ў закрытым посудзе. Пастаўце закваску на пліту і, памешваючы, давядзіце да кіпення. Кісель пачне гусцець. Чым лепшая якасць аўса, тым гусцейшы кісель!
Для кактэйлю на основе аўсянага кісялю спатрэбяцца: 500 мл прыгатаванага кісялю, 200 мл вяршкоў (звыш як 20 % тлустасці), 3 сталовыя лыжкі мёду, 1/2–1 сталовая лыжка карыцы, мята.
Гатуем кактэйль: астудзіце кісель да 30–40 градусаў і дадайце вяршкі, мёд, карыцу. Узбіце блэндарам. Калі кісель вельмі густы, уліце трохі халоднай кіпячонай вады. Калі астыне, стаўце на стол, упрыгожыўшы мятай.