Доктар Юзаф Касцялкоўскі
Доктар Юзаф Касцялкоўскі. Фота з адкрытых крыніц.

30 снежня 1894 года плошча перад гродзенскім фарным касцёлам напоўнілася людзьмі, санкамі, коньмі. Апошнія прывезлі вялікую колькасць вяскоўцаў з блізкіх і далёкіх ваколіц. Такое ў Гродне назіралася рэдка — ні забавы, ні важныя грамадскія справы не збіралі настолькі шматлікіх натоўпаў. Прынамсі, наступны раз гэта здарыцца праз пятнаццаць гадоў. З кім цяпер прыйшлі развітацца так, як будуць потым развітвацца з Элізай Ажэшкай?

 

Ён быў варты яе пяра

 

І менавіта яе пяро ўжо студзеньскім вечарам, пасля навагодніх святаў, якія прайшлі ў жалобе і смутку, застыла над аркушам. Пасля «аблітага слязьмі развітання з добрым сябрам» Эліза Ажэшка выводзіла словы, якія надрукуе сталічная прэса. Пісьменніца назвала іх данінай павагі чалавеку незвычайных заслуг.

 

Радок за радком — спрэс эпітэты і метафары, параўнанні то са стаўпом, які падпірае гмах, то з рыцарам, які пад жалезным панцырам волі носіць чуллівае сэрца. Суцяшальнік людскіх пакут, разумны дарадца ў хвіліны няпэўнасці, страху, сумнення, адкрыты і смелы вораг марнатраўства і пыхі, прыгожы і целам, і духам. Згадваючы прычыну смерці гэтага чалавека, пісьменніца крыху іншымі словамі фармулюе тое, што потым напішуць і пра яе: частыя і сур’ёзныя перажыванні правакуюць паталагічныя змены ў такой дзівоснай мышцы, якая завецца сэрцам.

 

«Мае асабістыя стасункі з памерлым былі такія, якія чужых людзей злучаюць вузламі роднасці, — піша далей Ажэшка. — Дваццаць гадоў мы выконвалі разам сваё прызначэнне і не думалі не толькі пра тое, каб як-небудзь ад яго адысці, але і пра тое, ці не было б нам дзе-небудзь выгодней або весялей. І таму растанне робіць слёзы такімі балючымі, і тым мацнейшая горыч страты».

 

Яны не былі калегамі. Яна была яго пацыенткай, ён быў яе ўрачом, а разам яны займаліся дабрачыннасцю, аднолькава ставячы грамадскія інтарэсы па-над уласнымі.

 

Яны ратавалі гродзенцаў ад галечы і ран пасля пажару ў 1885-м, не толькі стварыўшы камітэт дапамогі пацярпелым, але і намагаючыся пераканаць пэўныя колы ў тым, што ніхто ў камітэце не вылучаецца ні нацыянальным, ні рэлігійным фанатызмам, і таму сродкі размяркоўваюцца аднолькава паміж усімі незалежна ад таго, хто гэтыя сродкі ахвяраваў. «Камітэт працуе рупліва, сумленна, шчыра, памыляцца ў сваёй дзейнасці ён можа, але не можа быць несправядлівым, — пісала яна рэдактару, якога прасіла давесці гэты факт да чытачоў, здольных дапамагчы. — Што праўда, тое праўда, і трэба, каб гэту праўду публічнасць ведала, бо ад даверу ці недаверу вельмі залежыць памер ахвяраванняў».

 

Санітарны стан горада, якасць вады і паветра, фабрычных і жылых памяшканняў, лад і ўзровень жыцця насельніцтва, яго харчаванне і ўмовы працы — усё аднолькава моцна непакоіла доктара Юзафа Касцялкоўскага, які пасяліўся ў Гродне адразу, як толькі стала магчымым вярнуцца бліжэй да радзімы.

 

Яго ўніверсітэты

 

Гэта неспакойнае жыццё пачалося 23 верасня 1833 года на Ковеншчыне. Панявежская школка, Віленская гімназія, Кіеўскі імператарскі ўніверсітэт. Указ аб адкрыцці апошняга быў падпісаны імператарам той жа восенню, калі Юзаф Касцялкоўскі нарадзіўся. Каб паступіць вучыцца ва ўстанову-равесніцу, ён мусіў здаваць дыктоўку з баек Крылова, экзамен па літаратуры і сачыненне на зададзеную тэму.

 

Секцыйны зал анатамічнага тэатра, які адкрыўся пры Кіеўскім імператарскім універсітэце акурат у год паступлення Касцялкоўскага.

 Yuzaf Kascyalkoўski 2

 

Можа падацца, што выпускніку гімназіі гэта было лёгка, але аўтары мемуараў такую думку аспрэчваюць: экзамены, маўляў, вызначалі лёсы, а здаць іх было няпроста з-за слабага валодання рускай мовай. Юзаф Касцялкоўскі экзамены вытрымаў годна — і паступіў на медыцынскі факультэт. Зноў нехта скажа, што вучыцца там было досыць лёгка, бо экзаменаў пры пераходзе з курсу на курс не існавала, а быў адзін так званы паўкурсавы экзамен, які здаваўся пасля двух гадоў вучобы, хаця мог быць здадзены і разам з выпускным. Не вучоба, а мара! Але што гарантавала добрыя веды?

 

Па-першае, колькасць студэнтаў на курсе: прадпісвалася прымаць не больш чым 25 чалавек. Па-другое, аўтарытэт і ўзровень выкладчыкаў. Універсітэт у Кіеве адкрылі пасля таго, як закрылі Віленскі, і ў нейкім сэнсе першы быў працягам другога, у тым ліку і ў традыцыях выкладання. Акрамя таго, выкладаць медыцынскія і прыродазнаўчыя дысцыпліны ў Кіеў прыехалі лепшыя прафесары з універсітэта ў Дэрпце або яго выпускнікі, якія прайші стажыроўкі ў лепшых клініках Германіі і Францыі…

 

Новы 1863 год 29-гадовы доктар Юзаф Касцялкоўскі сустракаў у Ігнацагрудзе — у сядзібе публіцыста Якуба Гейштара, з якім пазнаёміўся, калі вярнуўся пасля вучобы ў Кіеве на Ковеншчыну. Займеў тут прыватную практыку, лячыў і сямейства Гейштараў, у якім ні дарослыя, ні дзеці не вылучаліся моцным здароўем. За навагодні стол ледзь паспеў: прымчаў з Нова-Аляксандраўскага павету (выклікалі да хворага) літаральна ў поўнач, і ў гонар яго з’яўлення гаспадары і госці не адзін раз узнялі келіхі. Быццам ад прадчування, што гэта апошняе свята ў старой сядзібе, і ў такім блізкім, прыязным, прыемным коле…

 

Наступны год і Гейштар, і Касцялкоўскі сустрэнуць ужо ў ссылцы.

 

Бліжэй да радзімы

 

Станіслаў Тамковіч, які адбывае пакаранне ў Омску, называе прозвішчы ссыльных калег у лісце да Міхала Жабы. «Хочаш іх ведаць? Клімовіч, Жасткоўскі, Касцялоўскі і я». Тамковіч прапускае літару ў прозвішчы, але ж гэта наш Касцялкоўскі. Паўсюль яго запаміналі і хоць дробна, i хоць увогуле ні пра што, але згадвалі.

 

Здавалася б, вышукваць інфармацыю пра асобу з мала вывучанай біяграфіяй у вялікіх морах нечых успамінаў ці ліставанняў — як шукаць іголку ў стозе сена, але гэты артыкул спрэс шыты такімі «іголкамі», і ад таго ён крыху, так бы мовіць, лапікавы.

 

Наступны шматок — аповед Элізы Ажэшкі пра святкаванне 25-годдзя яе творчай дзейнасці 28 чэрвеня 1891 года. Чытаеш — і быццам патрапляеш у Панямунь, дзе пісьменніца правяла тое лета: «…чую на ганку галасы, шоргат крокаў — і паўстаюць перад маімі вачыма першай парай пад руку доктар Бянецкі з пані Грунберг, другой парай — доктар Замкоўскі з пані доктаравай Касцялкоўскай, трэцяй — доктар Касцялкоўскі з пані Ашкеназы…»

 

Пані доктараву Касцялкоўскую завуць Людвіка, яна сястра жонкі таго самага Якуба Гейштара, колішняга пацыента з Ігнацагруды. Людвіка і Юзаф пажаніліся ўжо ў Гродне, дзе доктар пасяліўся ў 1875-м, адразу, як толькі стала магчымым вярнуцца бліжэй да радзімы. У Касцялкоўскіх два сыны — Станіслаў і Вацлаў (першы стане вядомым гісторыкам) — і дачушка Ядвіся. Жыццё ідзе сваім парадкам, доктара паўсюль паважаюць і любяць, ён шчаслівы ў шлюбе і паспяховы ў прафесіі, вось толькі сэрца пад моцным панцырам часта, вельмі часта баліць. Быццам іголкамі коле…

 

Апошняя іголка

 

Яшчэ адзін лапік пра доктара Касцялкоўскага — у звестках пра вянчанне Элізы Ажэшкі з адвакатам Нагорскім у фарным касцёле 2 лістапада 1894 года. Хто тады мог ведаць, што ў гэтым касцёле ўжо менш чым праз два месяцы з ім будуць развітвацца… А потым пяро Элізы Ажэшкі выведзе ў лісце да аднаго са шматлікіх яе сяброў балючыя і трывожныя словы: «У асобе доктара Касцялкоўскага мы страцілі адну са сваіх нямногіх, на жаль, апор, адзін са сваіх гонараў. Нас тут меншае, нам замены няма. Робіцца пуста і шэра».

 

Доктар Юзаф Касцялкоўскі ў сваім завяшчанні прасіў, каб яго пахаванне было вельмі сціплым — каб усе патрэбныя на гэта выдаткі раздалі бедным людзям.

 

«Пакрытую вянкамі труну везлі на могілкі простым вясковым возам, — піша Эліза Ажэшка. — За простым возам, які вёз яго цела, сунулася працэсія непранікальна шчыльная, складзеная з людзей усіх сфер грамадства, сунулася ціха ў снежны зімовы дзень, без святла і паходняў, без помпы і бляску, а толькі з вялікім, агульным уздыхам па тым, хто быў для зямлі гэтай сынам, а для людзей — лепшым братам».

 

Секцыйны зал анатамічнага тэатра, які адкрыўся пры Кіеўскім імператарскім універсітэце акурат у год паступлення Касцялкоўскага.