Валенцій Сухадольскі. Фота з архіва Пятра Шарэйкі, надрукаванае ў яго даведніку ўрачоў 19-га стагоддзя.

Аляксандр Ізмайлаў, аўтар першай поўнай біяграфіі Чэхава, сцвярджаў, што біёграф мае ў сваім распараджэнні ўсе правы гісторыка і цалкам вызвалены ад асабістага стаўлення да таго, пра чыё жыццё піша. Пры гэтым дадаў, што лепшым біёграфам чалавека з’яўляецца ён сам — калі жадае расказаць пра сябе праўду. Іншыя, маўляў, могуць толькі прыблізна ўгадваць ісціну па тых дакументах, якія пасля яго засталіся.

 

А калі чалавек нічога пра сябе не пісаў? Калі і дакументаў ужо не знайсці, і нават імя пачало сцірацца з магільнага каменя? Тады правамі гісторыка, дадзенымі табе як біёграфу, трэба карыстацца напоўніцу — апантана і фанатычна. Але асабістага стаўлення да таго, пра чыё жыццё пішаш, пазбавіцца немагчыма. Бо не проста так ты шукаеш звесткі пра чалавека, якога ўжо нават сама гісторыя пачала забываць.

 

На старых фарных могілках у Гродне стаіць помнік з надпісам, які сведчыць, што пахаваны пад ім Валенцій Сухадольскі. Шэры камень коратка паведамляе, што гэта лекар, які жыў 48 гадоў, памёр 14 сакавіка 1875-га, і просіць ад імя родных памерлага: «Паклапаціся аб вечным спачыне душы яго, Госпадзі»...

 

Хто ты, доктар?

 

Нібыта звычайны выраз, адна з варыяцый эпітафіі, распаўсюджанай у пазамінулым стагоддзі, і нічога больш не напісана на гэтым помніку, і можна ісці далей, міма іншых старых магіл, кожная з якіх у гэтым горадзе мёртвых па-свойму адметная, бо стары некропаль заўсёды трошкі музей, — але нешта прымусіла затрымацца каля гэтага помніка, надпіс на ім перачытаць, імя, прозвішча, дату смерці — зафіксаваць. Невядома адкуль узнікла ўстойлівае адчуванне, што за гэтай смерцю стаіць гісторыя, пра якую варта даведацца...

 

Форум радоў Гродзеншчыны на старонцы, прысвечанай старым пахаванням, коратка паведамляе: Валенцій Сухадольскі быў гродзенскім доктарам, заразіўся ад пацыента ў шпіталі сыпным тыфам і, нягледзячы на хваробу, блізкі ўжо да выздараўлення, не адмовіў прыяцелю-памешчыку, які папрасіў тэрміновай медыцынскай дапамогі. Паездка за некалькі міль у снежную буру пагоршыла яго стан здароўя, і праз тыдзень доктар сканаў.

 

Гэтая першая даступная інфармацыя толькі спачатку здавалася сціплай. За прыведзенымі радкамі ідзе хоць і кароткая, але ёмкая вытрымка з некралога, якая пацвярджае недарэмнасць разбуджанай цікавасці да незнаёмай магілы. Увесь некралог яшчэ трэба было знайсці, бо ў гэтай інфармацыйнай крынічцы няма ўказання на тое, дзе ён друкаваўся, але зачэпка для пошуку ўжо была: яго аўтарства. Асоба, якая напісала пра нястомную, жалезную (!) працу, што не ведала адпачынку і была галоўным сэнсам гэтага жыцця ды прычынай яго заўчаснага заканчэння, у сваім і нашым часе аднолькава добра вядомая.

 

Вось адзін сказ з працытаванага на форуме некралога: «Факт смерці, які не патрабуе каментарыяў, павінен выклікаць вялікую павагу да памяці памерлага, а разам з тым служыць доказам таго, як навука і суровае паняцце абавязку, які з яе вынікае, спрыяюць павелічэнню колькасці мужных і высакародных учынкаў, якія, часта невядомыя і не ацэненыя належным чынам, ствараюць гонар і наймацнейшую падтрымку чалавецтву». Гэтыя словы напісала 33-гадовая гродзенка Эліза Ажэшка, чые magnum opus’ы яшчэ чакалі пяра і паперы. А пра навуку, якая, маўляў, спрыяе высакароднасці ўчынкаў, гаворку яна вяла нездарма…

 

Калі медыцына зрабілася магіяй

 

За тыдзень да трагедыі з доктарам была прыгода, праз якую імя маладой пісьменніцы трапіла і на перадавіцы сур’ёзных газет, і ў фельетоны сатырычных часопісаў, — яна выступіла перад шырокай публікай з лекцыяй акурат з такой назвай: «Уплыў навукі на развіццё міласэрнасці». Ёй тады надта хацелася трансляваць суайчыннікам — а аднаму асабліва! — свае прыродазнаўчыя і медыцынскія веды, якімі яна паспела да таго часу насыціцца, спачатку пакахаўшы гэтага аднаго — доктара Зыгмунда Свянціцкага, — а потым шукаючы выйсця свайму каханню, займаючыся яго сублімацыяй — трансфармуючы энергію пачуцця ў энергію творчасці.

 

І вось на лекцыі пра ўплыў навукі на развіццё міласэрнасці пісьменніца красамоўна расказвае пра стаўленне грамадства да душэўна хворых людзей — якім яно было ў старажытнасці, сярэднявеччы і сучаснасці. Прыве-дзены тут кавалак яе выступлення перапыняе гісторыю доктара Сухадольскага, але ён таго варты.

 

«У старажытным свеце, а менавіта ў Грэцыі, — так пачала Ажэшка ціхім голасам, на які пачула з залы «грамчэй!», — побач з фантастычнымі ўяўленнямі і прымхамі павольна, але няўхільна развівалася, старанна збіраючы светлячкі ісціны, здаровая чалавечая думка. Прыродазнаўчыя навукі, а значыць і медыцына, выбраўшыся з першабытных кайданоў забабонаў і невуцтва, пачалі ўчытвацца ў слова найважнейшай загадкі. Адзін з галоўных прадстаўнікоў тагачаснай навукі — Гіпакрат — імкнуўся пераканаць сучаснікаў, што хваробы розуму маюць такое ж паходжанне, што і іншыя фізічныя адхіленні чалавечага арганізма. Рэха вучэння гэтага мудраца старажытнасці дакацілася аж да першых стагоддзяў хрысціянскай эры. У тую пару Гален абвясціў, што парушэнне разумовай дзейнасці пахо-дзіць ад навярэджанасці органаў мыслення, якія знаходзяцца ў мозгу. Арэтэй з Кападокіі і Павел з Эгіны выказалі меркаванне, што адзіным сродкам прадухілення прыступаў хваробы з’яўляецца лагоднае абыходжанне пры добра наладжаным лячэнні. Але гэта былі ўжо апошнія іскры, якія луналі над пажарышчам здаровай навукі.

 

А потым фантазіі ўсіх плямён зляцеліся, як каляровыя птушкі, у фантастычную хмару — і рушыла сярэднявечча ў свой змрочны паход. На зямлі і ў нябёсах пачалі адбывацца рэчы, якія да мозгу касцей праціналі чалавецтва жахам. Раслінны свет, гэтае шчаслівае царства пахаў і колераў, ператварыўся ў чашу, напоўненую атрутай па самыя берагі, зоркі пачалі рваць і блытаць ніткі чалавечых лёсаў, памерлыя ўставалі з магіл і выпраўляліся ў злавесныя адведзіны да жывых, жывыя апраналіся жывёламі і з фасфарычным бляскам у вачах вылі і блюзнерылі, блукаючы па лясах, узгорках і могілках. Над светам з яго страшнымі снамі навісла найстрашнейшае — прывід густа намаляванага пекла, і з гэтай бездані сыпануў на зямлю лівень усемагутных духаў, варожых роду людзей, у агідных і жахлівых абліччах. Ад страху і болю розум чалавечы шалеў, сэрцы дранцвелі. Тады сярод гэтых жахлівых ордаў, складзеных з ведзьмаў, атрутнікаў, чарадзеяў, прывідаў, пярэваратняў і шайтанаў, узнялася бадай самая жахлівая і агідная для тых, хто жыў тады, і самая сумная для тых, хто жыве сёння, постаць вар'ята. З памяці чалавечай ужо пасціраліся апошнія сляды навуковай традыцыі, яна засталася ў старым свеце. Калі астраномія перарадзілася ў астралогію, а хімія выступіла ў абліччы алхіміі, тады і медыцына стала магіяй. Далёка ў мінулым засталіся вучэнні Арэтэя з Кападокіі і Паўла з Эгіны пра сродкі лячэння хвароб. Вучоны 7-га стагоддзя раіў ратавацца ад іх, носячы пры сабе кавалак скуры, садранай з аслінага чэрапа, або п’ючы віно, змяшанае з попелам вопраткі параненага ў баі гладыятара. Далёкімі былі ўжо заклікі гіпакратавых вучняў лагодна абыходзіцца з душэўна хворымі. У вачах запалоханай сярэднявечнай грамады яны сталі саюзнікамі духа цемры.

 

Іх клеймавалі чарадзеямі, на іх збалелыя непрытомныя галовы звальвалі адказнасць за ўсе пакуты і бедствы, якія абрынваліся на зямлю, іх рукам, якімі рухала сіла неўсвядомленага інстынкту, прыпісваўся доўгі шэраг цёмных і змрочных спраў. Паўзвяры, паўшайтаны, яны, на думку людзей, атручвалі воды крыніц, забівалі немаўлят, апаганьвалі трупы, пазбаўлялі палі ўра-джаю, спраўлялі дзікія оргіі, яднаючыся з насельнікамі пекла, каб здзекавацца над целамі і весці душы да згубы...».

 

З вялікім намаганнем мушу спыніцца ў цытаванні гэтай прамовы, якую крытыкі, што сядзелі ў лекцыйнай зале, ацанілі па-свойму. Яны абсмяялі і лектарку, і яе слухачоў у сатырычных заметках, дзе было і абмеркаванне аксамітнай сукенкі з карункамі, і бедаванне з нагоды таго, што жанчына выйшла за кафедру, паставіўшы пад пагрозу мужчынскія абеды і бялізну, якая застанецца нецыраванай.

 

Абіраючыся ад нападаў прэсы, агаломшаная смерцю доктара Сухадольскага, чыёй пацыенткай напэўна была, Ажэшка піша некралог, у які ўкладае ўвесь адчуваны боль. Піша, што не мае яшчэ грамадства такой колькасці людзей навукі і працы, каб заўчасная смерць аднаго з іх, абудзіўшы пачуццё горкай страты, не выклікала думак, поўных чуллівага жалю.

 

Заблытаная гісторыя

 

Вось ён, гэты некралог, які давялося-такі пашукаць. Ён трохі пярэчыць інфармацыі з форума родаў Гродзеншчыны, прымушае прасякнуцца гэтай сумнай гісторыяй і цалкам тлумачыць інтарэс, раптоўна ўзніклы перад простым, нічым не адметным помнікам.

 

«Памерлы належаў да той шматлікай, на шчасце, катэгорыі ўрачоў, якія, нягледзячы на ўжо заслужанае пачэснае і выгаднае сацыяльнае і фінансавае становішча, не дазваляюць сабе ні адпачываць на лаўрах, ні ахутваць сябе туманамі недаступнай велічы. Багатыя і бедныя, шчаслівыя і няшчасныя ў любую пару года, у любую гадзіну дня і ночы знаходзілі дзверы яго дома адчыненымі, а яго самога поўнага сілы і прагі іх ратаваць. Заразіўшыся тыфознай ліхаманкай, якая панавала ў шпіталі, дзе ён працаваў ардынарным лекарам, ужо аслаблы, адчуваючы набліжэнне страшнай хваробы, на раптоўны выклік аднаго з памешчыкаў ваколіцы доктар Сухадольскі падняўся з ложка і вячэрняй парой, у снежную буру паехаў за некалькі міль. Праз тыдзень пасля гэтага ён памёр».

 

Уяўленне малюе сцэнкі з аповесці Пушкіна «Метель» і гміннай гавэнды «Паштальён», пачутай і запісанай нашым Уладзіславам Сыракомлем у карчомцы мястэчка Мір і з перакладам на рускую мову ператворанай у вядомы раманс «Когда я на почте служил ямщиком». Сумны матыў снежнай буры, рамантызаваны літаратурай 19-га стагоддзя, надзяляе гісторыю доктара Сухадольскага адценнем прадвызначанасці. Чые сані і коні чакалі яго каля брамы, пакуль ён збіраў сілы падняцца з ложка, на які яго паваліла хвароба? Які памешчык мог выклікаць яго на гэты фатальны шпацыр? Хто меў сядзібы, аддаленыя ад Гродна на гэтыя ракавыя «некалькі міль»?

 

Куды ён мог выправіцца ў тую завею той сакавіцкай вечаровай парой? У Верцялішкі да Біспінгаў? Да Азнобішаў у Пагараны? Да Станіслава Сільвестровіча, які акурат тады вярнуўся з сібірскай ссылкі ва ўласны маёнтак у Гожы? Да Казлоўскага ў Індуру? У Русоту да Выганоўскага? Да графа Курлава ў Навасёлкі? У Лікоўку да Веймернаў? Да Пуслоўскіх? Валіцкіх? Дзеконскіх? Белабалоцкіх? У Баяры? У Прыгодзічы? У Копцеўку? У Балю?.. Карта Гродзеншчыны, лінейка, цыркуль і самы падрабязны даведнік старых сядзіб з іх уладальнікамі — з гэтым наборам я цэлы вечар нагадвала сама сабе то місіс Хадсан з яе самым падрабязным атласам Брытаніі і томам, у якім можна знайсці Дзеваншыр, то містара Шэрлака Холмса, які, адшукаўшы ў ваколіцах Баскервіль-хола цісавую алею, Грымпенскую багну і Прынстаўнскую катаржную турму, прамовіў «глухое месцейка», то доктара Ватсана, які на ўсё гэта прамаўляў: «Заблытаная гісторыя…».

 

Гісторыя падаецца тым больш заблытанай, што ў трэцяй са знойдзеных крыніц пададзена трэцяя версія стадыі хваробы доктара Сухадольскага.

 

Ахвяра прафесіі

 

Каб лічыць расследаванне паўнавартасным да такой ступені, да якой гэта ўвогуле магчыма, заставалася звярнуцца да яшчэ аднаго падрабязнага даведніка — слоўніка ўрачоў 19-га стагоддзя, складзенага гісторыкам медыцыны Пятром Шарэйкам. Ураджэнец Ваўкавыска, ён быў урачом-гінеколагам і на працягу паўстагоддзя па кроплях збіраў архіў. Вынік — 5 642 біяграфіі, змешчаныя ў шасці тамах, апублікаваных у 1990-х і пачатку 2000-х.

 

Першае, што напісаў пра доктара Сухадольскага доктар Шарэйка: «Ахвяра прафесіі». Далей у невялічкай зацемцы паведамляецца тое, чаго больш нідзе ўжо не знойдзеш: па атрыманні дыплома ўрача Валенцій Сухадольскі служыў на флоце. Гэта інфармацыя на 1854 год са спасылкай на «Российский медицинский список» — выданне Медыцынскага дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў, якое выходзіла ў Санкт-Пецярбургу і ўтрымлівала «Алфавитный списокъ находящихся въ России Медицинскихъ Чиновъ, имеющихъ полное право на производство врачебной практики». Нішто не перашкодзіла ў яго зазірнуць. Насупраць запісу «Суходольский Валентий» у графе «По какому ведомству служит» стаіць пазнака «М. Морск» — Марское міністэрства Расійскай імперыі.

 

Паводле іншага выдання — «Военного медицинского журнала» за 1872 год, на які спасылаецца доктар Шарэйка, — доктар Сухадольскі з 1 студзеня 1870-га да 16 кастрычніка 1872-га быў акушэрам Гродзенскай урачэбнай управы.

 

Да канца жыцця ён працаваў у гро-дзенскім шпіталі. Там і заразіўся сыпным тыфам. «Быў упэўнены ў дыягназе. Лячыўся дома і, нягледзячы на тое, што ведаў пра сваю сур’ёзную заразную хваробу, не адмовіў прыяцелю-памешчыку, які папрасіў тэрміновай медыцынскай дапамогі», — сведчыць даведнік Шарэйкі.

 

Высакародная памяць

 

Вяртаемся да ўспамінаў Элізы Ажэшкі: «Цела памерлага суправаджалі да месца вечнага спачыну натоўпы людзей не толькі ўсіх станаў, але і ўсіх вераванняў. Гэты факт быў адзначаны як незвычайны. У час адпявання гродзенскі фарны касцёл быў напалову запоўнены яўрэямі, якія, нягледзячы на адрознасць веравызнання, прысутнасцю сваёй складалі памерламу даніну ўдзячнасці і жалобы».

 

Услед за Элізай Ажэшкай Пётр Шарэйка паведамляе, што доктар Сухадольскі меў вялікую сям’ю, для якой быў узорным бацькам. Поўны склад гэтай сям’і, звесткі пра дзяцей і жонку я адшукала на генеалагічных рэсурсах. Доктар ажаніўся ў 1859 годзе з Зоф’яй Путвінскай 1838 года нара-джэння. Месцам вянчання названы… касцёл Францішка Ксаверыя ў Гродне! Выходзіць, што з гэтым горадам ён быў звязаны даўно. У 1862 годзе ў Сухадольскіх нарадзіўся сын. Як яго звалі, невядома, але вядома, што жыў ён да 1913-га. У 1869-м на свет прыйшла дачка, імя таксама невядомае, жыла да 1941-га. У 1871-м 1 красавіка — яшчэ адзін сын, які жыў да 1948-га. Імя малодшага сына вядомае — Казімір.

 

«Каб гэтае поўнае сэнсу жыццё асвятляла шлях яго дзецям высакароднай памяццю і добрым прыкладам!» — так гучыць апошні сказ некралога Элізы Ажэшкі на смерць доктара Валенція Сухадольскага.

 

Яго малодшы сын, якому было тады няпоўныя 4 гады, пераняў прафесію бацькі — стаў урачом-гінеколагам і акрамя гэтай практыкі «ахвярна і бескарысліва дапамагаў гарнякам і беднякам Дамброўскага вугальнага басейна». Жыў і працаваў у горадзе Сасновец — буйным цэнтры Верхнесілезскай прамысловай акругі.

 

Невядома, калі сям’я Валенція Сухадольскага з’ехала з Гродна. Удава яго памерла 20 студзеня 1918 года ў Варшаве.

 

На тым партале з пералікам радоў Гродзеншчыны, дзе знайшлася самая першая інфармацыя, сказана, што Валенцій Сухадольскі — дзядуля прафесара Богдана Сухадольскага, знакамітага польскага філосафа і педагога. Так і ёсць, Богдан Сухадольскі (1903–1992) — сын доктара Казіміра Сухадольскага.