Кенігсберг, медсанбат. Май 1945 года.
Кенігсберг, медсанбат. Май 1945 года. Фота з архіва Дзмітрыя Давідоўскага.

— Ішлі б вы адсюль, дзяўчаткі. Ну, якая ад вас карысць? — прамовіў стомлены дзядзька ў гімнасцёрцы.

 

Разгубленыя дзяўчаткі, учарашнія школьніцы Іра і Ліза, выйшлі з ваенкамата і панура пабрылі па пыльным спякотным горадзе. То тут, то там ім трапляліся пункты мабілізацыі: стол і стул, на стале чарнільніца і палявая сумка з паперамі, на стуле — чарговы стомлены дзядзька ў гімнасцёрцы. Людзі вакол мітусяцца, нешта распавядаюць, запісваюцца на фронт. Яны таксама спрабуюць запісацца, але ім, учарашнім школьніцам, адмаўляюць.

 

— Ды што ж такое! — абурылася Іра, закінуўшы назад прыгожыя косы.

 

— Давай, Іра, вернемся ў ваенкамат і запатрабуем, — прапанавала Ліза. — Вось проста грукнем кулаком па сталу: так і так, мы павінны ўдзельнічаць.

 

Вярнуліся. І грукнулі. Ваенкам паглядзеў на іх строга, але спрачацца не стаў. Крутнуў «вяртушку».

 

— Бальніца? Тут у мяне дзве дзяўчынкі. Кажуць, што хочуць удзельнічаць у вайне…

 

[Не саладжавая міласэрнасць]

 

«Сястра... Якая кранальная назва ў гэтай медыцынскай прафесіі! Сястра — гэта не проста медыцынскі работнік, гэта блізкі, родны, свой чалавек».

 

67-гадовы прафесар Сямашка, былы наркам аховы здароўя СССР, эвакуіраваны разам з 1-м Маскоўскім медінстытутам за паўтары тысячы кіламетраў на ўсход, піша натхняльны артыкул пра вобраз медыцынскай сястры на вайне. 

 

«Праўда, раней да слова «сястра» дадавалася «міласэрная», — друкуе ён на машынцы, згадаўшы ў папярэдніх радках подзвігі сясцёр яшчэ Крымскай кампаніі, часоў «незабыўнага Пірагова». — Але для развіцця гэтай «міласэрнасці» сясцёр, як манашак, замыкалі ў абшчыны. У старыя часы ў шэрагі сясцёр міласэрнасці прасочвалася нямала барынек, якія сваёй «міласэрасцю» імкнуліся загла-дзіць грахі барскага жыцця...»

 

Бязлітасна шальмуючы «барынек» і «авантурыстак» (якіх усё ж называе «выключэннем са шматлікай сям’і сясцёр, сапраўдных працаўніц, што зрабілі догляд за хворымі і параненымі мэтай свайго жыцця»), Мікалай Аляксандравіч то згушчае фарбы, то іх кан’юнктурна разводзіць — калі сцвярджае, што медсястру яго часу вядзе на подзвіг не «саладжавая міласэрнасць», а «лютая нянавісць» да ворага, і што подзвігі яна здзяйсняе «свабодна і лёгка — як натуральнае і неабходнае».

 

Як усё напісанае мовай патэтыкі і афіцыёза, усё тое, што мае мэтай заклікаць, натхніць, мабілізаваць, тэкст аўтарытэтнага арганізатара медыцыны, падрыхтаваны ў пачатку 1942 года ў новазаснаваны часопіс «Медицинская сестра», яго першы выпуск, не пазбаўлены нестыковак і супярэчнасцей. Зрэшты, часткова яны відавочна наўмысныя, дапушчаныя згодна з законам жанра. 

 

Подзвіг, які «здзяйсняецца лёгка», за пяць радкоў да гэтага быў названы «цяжэзным».

 

«Сястра, якая ідзе здзяйсняць свой цяжэзны подзвіг на фронце, — піша вышэй Сямашка, — гэта не старая сястра міласэрнасці, якой рухалі філантропія і напаўрэлігійнае пачуццё».

 

Сястра-сучасніца па той прычыне ідзе на подзвіг, што яна для байца менавіта «сястра» — чалавек, родны духам, і, знаходзячыся з ім побач, яна жадае дапамагаць яму…

 

[Як пісаць дыягназ на вайне]

 

—  Дзяўчынак высылай да мяне! — адказала ваенкаму тэлефонная трубка. — У мяне тут работы процьма, а персанал разышоўся.

 

У жаху першых ваенных дзён людзі кідаліся ратаваць свае сем’і, і персаналу ў бальніцы сапраўды не хапала. А параненыя прыбывалі і прыбывалі, іх размяшчалі ўжо на падлозе, паслаўшы саломы, — коек на ўсіх не ставала.

 

Дзяўчатак, не паспелі яны ступіць на парог бальніцы, адразу ж задзейнічалі: папрасілі перапісаць пацыентаў.

 

— А як іх пісаць?

 

— Пішыце прозвішча і дыягназ.

 

— А як пішацца дыягназ?

 

kj0dyd666Ірына Галубовіч— А што гэта такое?

 

На пытанні пра дыягназ, прамоўленыя адначасова, прыгожая дакторка адказала з усмешкай:

 

— Ну, пішыце, чым паранены і ў якое месца.

 

Кінуліся выконваць — распытваць параненых і запісваць за імі медыцынскія, як ім здавался, фармулёўкі: «Іваноў Фёдар Пятровіч, паранены мінай у галаву». Потым аказалася, што перапісаных параненых з такімі мудрагелістымі дыягназамі трэба эвакуіраваць, і яны, Іра Галубовіч і Ліза Дукар, учарашнія школьніцы з палескай вёскі Юравічы, якія немавед як трапілі ў Беразіно, паехалі з параненымі ў бок Магілёва.

 

Ім адным давялося суправаджаць эшалон — не было больш каму. Гэта можа падацца непраўдападобным — дзве нявопытныя дзяўчынкі і цэлы эшалон з параненымі на іх адных, — але так было…

 

[Прыклад сястрынскага клопату]

 

«Вось Лена Жаваранкава, — піша аўтар артыкула «Сестра» для амаль што аднайменнага часопіса 1942 года. — Ёй даручылі суправаджаць эшалон з параненымі байцамі. У дарозе эшалон быў адрэзаны ад сваёй часці, і на руках у Лены засталося 130 чырвонаармейцаў, 130 жыццяў».

 

Былы наркамздраў апісвае, як на працягу пяці дзён Лена Жаваранкава «ахоўвала вагоны і карміла байцоў. Калі харчовыя запасы скончыліся, яна знайшла калгасніц і з іх дапамогай забяспечвала параненых малаком, пірагамі, ягадамі». «Прыкладаў такога сапраўдна сястрынскага клопату і гераізму можна прывесці нямала», — піша прафесар Сямашка, прывёўшы імёны трох медыцынскіх сясцёр, падрабязна апісаўшы іх подзвігі. Тамара Калніна, Лена Жаваранкава, Каця Абрамава…

 

Пакуль Іра і Ліза спраўляліся з пастаўленай перад імі задачай, яны адчувалі сябе «ў гэтай вайне» патрэбнымі: яны дапамагаюць ратаваць байцоў, а значыць — бароняць Айчыну. Але пасля высветлілася, што яны ні да чаго не прымацаваныя і нікому не падпарадкаваныя, а значыць, нікому зноў не патрэбныя.

 

«І мы зноў ішлі пешкі невядома куды — так, як ішлі ўсе людзі, — распавядала потым Ірына Антонаўна Галубовіч. — Усіх спынялі заградатрады і прыцягвалі да розных часовых работ: то на пагрузку на таварнай станцыі, то на нешта яшчэ, дзе тэрмінова патрэбна людская сіла. Нешта мы некуды пагрузілі — і далі нам за гэта па булцы хлеба. Свята!»

 

Яны знайшлі бляшанкі ад кансерваў, пакінутыя салдатамі, дайшлі да бліжэйшай калонкі з вадой, селі пры ёй на ўзбочыне — і так сілкаваліся: елі хлеб, запівалі вадою з калонкі. А міма праходзілі людзі, і нехта з іх крыкнуў:

 

— Сёстры! Што ж вы тут расселіся? Там жа ідзе пагрузка параненых у таварняк. Дапамагаць жа трэба!

 

Узрадаваліся, пабеглі на станцыю. А там сапраўды стаіць эшалон. Усхваляваная брунетка, як пасля аказалася, урач, мітусіцца ўздоўж вагонаў. Параненых падвозяць і падвозяць, а як з усімі справіцца? Тут падыходзяць дзяўчаткі. Тая, што з косамі, дзелавіта пытаецца:

 

— Чым вам дапамагчы?

 

— Перапішыце мне ўсіх параненых, — з палёгкай у голасе адказала брунетка.

 

Ну, гэта яны ўжо ўмеюць! Тут ім вопыту не займаць!

 

[Дзейнасць маленькіх людзей]

 

«Прыкладаў сапраўдна сястрынскага клопату на вайне нямала, — працягвае Мікалай Сямашка артыкул для першага нумара «Медицинской сестры». — Калі наша медыцына заслужана ганарыцца высокім працэнтам байцоў, якія ачуньваюць і вяртаюцца на фронт, дык у гэтым ёсць вялізная палітычная абаронная заслуга медыцынскіх сясцёр».

 

Канечне, прафесар Сямашка помніць, як яшчэ на пасадзе наркама аховы здароўя выступаў супраць гэтага слова — «сястра», як называў яго буржуазным перажыткам, як патыхала яму ад гэтага слова рэлігіяй, з якой у савецкага чалавека нічога агульнага быць не можа, у рэшце рэшт, як яно «не адпавядала задачам савецкай аховы здароўя» і як неабходна было шукаць на замену іншае слова. Шукалі — і не знайшлі.

 

З перайменаваннем школ, дзе вучылі сярэдні медперсанал, у медыцынскія тэхнікумы ўзнікла прапанова называць такіх мед-работніц медыцынскімі тэхнікамі. Не прыжылося. Як і часовыя альтэрнатывы, якія на хвалі ўсеагульнага скарачэння слоў гучалі як здзек: «помврач», «замврач»…

 

Тут як ілюстрацыя ў дапаўненне: у тыя самыя 1920-я, у экзатычны з лінгвістычнага пункту гледжання час, настаўнікі сталі называцца школьнымі работнікамі, і гэты выраз, які азначаў «нешта большае, чым настаўнік», тут жа «трапіў пад скарачэнне» — ператварыўся ў «шкраб». Так і пісалі настаўнікі пра сябе ў анкетах у графе «прафесія»: шкраб. І толькі незадаволенасць Леніна перашкодзіла гэтаму слову замацавацца.

 

«Гісторыя аховы здароўя паказвае, што сястра цалкам апраўдала сваю інтымную, дарагую назву», — надпісвае Сямашка над радкамі пра сясцёр легендарнага Пірагова.

 

«І да нашых дзён лепшыя прадстаўніцы сярэдняга медыцынскага персаналу апраўдалі сваю сардэчную назву», — дадае ён.

 

Вось і часопіс, у які ён рыхтуе гэты артыкул, мае ў назве гэтае слова — «сястра». І слова «сястра» ў тым артыкуле, які заняў усяго тры старонкі, сустракаецца тры дзясяткі разоў.

 

Вайна, на якую спяшаліся трапіць, каб паспець здзейсніць подзвіг, бо былі літаральна ўпэўненыя, што доўга яна не прабудзе — месяц-другі і скончыцца, — разраслася, увабралася ў сілу і набыла размах. Патрабаваўся адпор не толькі фізічны, але і такі, які можна даць не свінцом кулі, а свінцом тыпаграфскага шрыфту. І не толькі адпор — патрабавалася і падтрымка: бадзёрае друкаванае слова і асвятленне дзейнасці «маленькіх людзей».

 

Аднаго разу ў рэдакцыю газеты «Боевая красноармейская» пазванілі з Ваенсавета.

 

— Таварыш рэдактар? Гаворыць Жданаў.

 

Першы сакратар Ленінградскага абкама і гаркама ВКП(б), член Галоўнага Ваеннага Савета Чырвонай арміі, член камісіі Бюро СНК СССР па ваенных справах Андрэй Аляксандравіч Жданаў сказаў рэдактару, што хоча заступіцца за «незаўважных людзей».

 

— Мы на старонках газет паказваем артылерыстаў, лётчыкаў, танкістаў, пехацінцаў, але вы зусім не звяртаеце ўвагі на адну катэгорыю вельмі маленькіх людзей. Я вам заяўляю, што гэтыя маленькія людзі праяўляюць не меншую самаадданасць. Калі толькі гэта магчыма, трэба сёння ж даць ім месца ў газеце. Калі ў вас няма матэрыялу, я скажу — вам прынясуць… Скажу вам прама — гаворка ідзе пра медыцынскіх сясцёр, урачоў і чыгуначнікаў, якія працуюць самааддана. Паўтараю: самааддана.

 

Пасля таго званка ў бліжэйшым жа нумары «Боевой красноармейской» выйшла цэлая паласа з загалоўкам, які гучаў нібы заклік: «Медыцынскія работнікі! На полі боя вы ўвасабляеце любоў нашай радзімы да байцоў. Служыце аддана і мужна, як і належыць грамадзянам краіны сацыялізма».

 

[У медыцыну — экстэрнам]

 

Эшалон з параненымі байцамі даехаў да Масквы, там выгрузілі «цяжкіх», астатніх павезлі далей, да Мурама. А ў Мураме Іра з Лізаю зноў без справы, зноў непатрэбныя. Кінуліся ў ваенкамат:

 

— Жадаем пайсці на вайну, ратаваць Айчыну!

 

А ім:

 

— Што вы, дзяўчаткі? Якая ад вас карысць?

 

З зусім яшчэ юнымі тварыкамі, невысокія ростам, худзенькія — ніхто ў іх не бачыў дарослых, ды і насам-рэч дарослымі яны яшчэ не былі. Хіба толькі духам, рашучасцю. Ім гаварылі:

 

— Спатрэбіцеся — мы вас знойдзем.

 

Потым неяк ім трапілася медсястра з Ленінграда.

 

— Добра, вазьму вас. Пакуль санітаркамі, — сказала яна. 

 

«Так мы ўжо некім сталі, былі ўжо не проста бежанцы з Беларусі», — згадвала Ірына Антонаўна Галубовіч праз тры чвэрці стагоддзя пасля тых падзей, у 2016-м.

 

Летам 1942-га яна была залічана ў Чырвоную армію. Вайна разлучыла яе з сяброўкай Лізай Дукар, чый далейшы лёс застаўся невядомым. Дзяўчынка з косамі (якія берагла ўсю вайну), Іра стала старшыной медыцынскай службы, займала пасаду старшай аперацыйнай медыцынскай сястры ў складзе асобнага медыцынскага батальёна спачатку на Заходнім, а потым на Другім Беларускім фронце. Медыцынскай сястрой яна стала, здаўшы экстэрнам экзамены за двухгадовую медсястрынскую школу. Памятаю, яна разглядвала, паказваючы мне, гэты свой дакумент — аб прысваенні ёй кваліфікацыі медсястры — і здзіўлялася: як яна магла стаць медыцынскай сястрой без вучобы ў адпаведнай установе?

 

«Відаць, здала нейкі экзамен — і выпісалі. Але памілуйце, адкуль веды? У мяне ж не было ніякай адукацыі, акрамя чыста практычных навыкаў!» — так яна экспрэсіўна рэагавала на тое, што за даўнасцю часу для яе самой ператварылася ў акрыццё.

 

«Ну, былі там вакол урачы, былі медыцынскія сёстры, канечне, былі і падручнікі, і я іх, як чалавек адукаваны, канечне ж, чытала, — успамінала яна далей. — Па гэтых падручніках напэўна нешта накшталт экаменаў і здала... І выйшла, што я медсястра... Ну, але гэта дзіўна... У медыцыне хіба магчыма экстэрнам?»

 

Яна не задумвалася пра тое, што першыя ўрокі атрымала яшчэ тады, калі спрабавала ставіць дыягназы параненым — спачатку ў Бярэзінскай бальніцы, потым у маскоўскім цягніку. А колькі разоў прарабіць давялося ёй тыя маніпуляцыі, якія акурат медсястра і выконвае? У характарыстыцы пра яе напісана, што яна «праяўляе выключную энергію і ініцыятыву», «арганізавала дзейнасць медыцынскага пункта і забяспечыла рэгулярны прафілактычны агляд байцоў», «няспынна сочыць са станам санітарнай службы роты», праводзячы штодзённую работу па самых розных пытаннях, «паказала валоданне вялікімі ведамі і вопытам у медыцыне»,  і — галоўнае — «штодзённа павышае свае веды».

 

[Пра рамантыку цяжкасцей і палітычную адукацыю]

 

«Трэба пажадаць, каб сёстры працягвалі ўдасканальваць свае медыцынскія веды», — сказана ў тым артыкуле Мікалая Сямашкі. — «Сястра не толькі аказвае медыцынскую дапамогу, але і чытае байцам газеты, і піша па іх даручэнні лісты, уздымае іх маральны дух — словам, паводзіць сябе як сястра», — пісаў далей прафесар.

 

«Памятаю, ад стаўбняку паміраў маладзенькі нямецкі палонны салдат, — расказвала Ірына Антонаўна. —

 

І так балюча было ўсведамляць, што ён памірае сярод чужых людзей, не чуючы роднай яму гаворкі… І я пачала чытаць яму Гейнэ. Я не ведаю, як гэта выйшла. Гейнэ ў Германіі быў забаронены, бо яўрэй, але гэтаму нямецкаму салдату я чытала Гейнэ — ён павінен быў чуць сваю мову хаця б у час сыходу з жыцця».

 

«Але вучыцца трэба не толькі медыцыне, — працягваў прафесар Сямашка. — Трэба няспынна павышаць свой палітычны ўзровень. Удасканальваць палітычную адукацыю — гэта другая задача сястры».

 

«Мы, верагодна, неяк рамантычна ўспрымалі жыццё, але прынцып у нас быў такі: чым горш — тым лепш, — працягвала аповед пра сябе і вайну Ірына Антонаўна Галубовіч. — Мы не выбіралі лёгкіх і простых шляхоў, наша пакаленне — гэта пакаленне рамантыкаў, а цяжкасці — гэта заўсёды больш рамантычна, чым калі ўсё проста і лёгка».

 

Пасля вайны Ірына Антонаўна адвучылася ў Мінскім медыцынскім інстытуце і стала хірургам-анколагам, загадвала таракальным аддзяленнем Беларускага НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Пра яе вопыт і інтуіцыю складалі легенды…

 

[Трохі яшчэ пра сястру міласэрнасці]

 

kjh87У цёзкі Мікалая Аляксандравіча Сямашкі — мастака Мікалая Аляксандравіча Ярашэнкі, якога называлі сумленнем перадзвіжнікаў, ёсць партрэтная праца «Сястра міласэрнасці».

 

Гэты зборны вобраз, створаны яшчэ ў 1886 годзе, цудоўна ілюструе артыкул знакамітага аўтара лепшай у свеце сістэмы аховы здароўя, дапаўняе яго, але пры гэтым яшчэ і спрачаецца з ім. Бо не «барыньку» бачым мы ў гэтай стомленай постаці з рукою папярок жывата (тыповая поза жанчыны, якая доўгі час правяла на нагах). Яе позірк увабраў і жаль, і тугу, і надзею, і веру...

 

Не прызыўнымі словамі і не тыпаграфскім свінцом, а старым добрым пэндзлем і натуральнымі фарбамі, накладзенымі на зусім невялічкі холст, вывеў мастак усю праўду, што ўмяшчаецца ў гэтае сапраўды незвычайнае, шматаблічнае слова — сястра...

 

Фота з архіва Дзмітрыя Давідоўскага.